Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Прышлы (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Ларин Михаил / Прышлы (на белорусском языке) - Чтение (стр. 1)
Автор: Ларин Михаил
Жанр:

 

 


Ларин Михаил
Прышлы (на белорусском языке)

      Мiхась Ларын
      Прышлы
      Пераклад: Мiхась Шупенька
      1. Салдаценкаў
      На турбазе ўжо пяты дзень запар роў архаiчны рэпрадуктар. Я ўжо пракляў усё на свеце i еў сябе поедам. Паддаўся, iдыёт, на ўгаворы супрацоўнiкаў нашага канструктарскага аддзела. Асаблiва Светка Нiкiшова, капiроўшчыца, распiналася.
      - Дык вы яшчэ зусiм не былi на нашай турбазе, Мiкалай Мiкалаевiч?
      - Не быў, - адказваю.
      У яе - вялiзныя здзiўленыя вочы.
      - Як жа гэта так, Мiкалай Мiкалаевiч? Шэсць гадоў робiце ў аддзеле i нi разу... Шмат страцiлi. Там райскiя мясцiны, скажу вам. Я ўжо была двойчы. Як у казцы! А якая рыбалка! Шашлыкi - аб'ядзенне!
      Добрая цаца! Паехаў у гэтую iдыёцкую глухамань. Гадзiны чатыры цягнулiся сюды ў спякоту на аўтобусе. Можа, Нiкiшова думала, што я на яе вока кiнуў? Першы дзень ад мяне нi на крок не адыходзiла. Ну i дурнiца. Цi, можа, я дурань - не ведаю. Потым адчапiлася яна. У яе кавалер з'явiўся з суседняга аддзела. Шуры-муры круцяць. Ну i няхай сабе. Гэта iх iнтэрас. Усе на турбазе парамi. Адзiн я лiшнiм аказаўся. Напэўна, таму, што характар такi, не вельмi каб. А можа, што няўдачлiвы. Вось i сёння спазнiўся на прычал. Лодкi ўсе разабралi, i мне не было больш чаго рабiць, як тупаць пасля снедання да драўлянага домiка душыць падушку. Павалiўся на рыпучы металiчны ложак дапатопнай канструкцыi. Звёў павекi, але сон не iшоў. Паспрабуйце заснуць, калi ледзь не над вухам дзень пры днi адны i тыя ж песнi равуць. Нудота страшэнная.
      Пакруцiўшыся на панцырнай сетцы з гадзiну, я падняўся з цвёрдым намерам альбо заткнуць на гэты раз звану "рот", альбо падацца ад гэтага кашмару куды вочы глядзяць. Няхай лепш з мяне камары здзекуюцца. А камароў у гэтым годзе тут безлiч. У, крывапiўцы!
      Каменданта турбазы Канстанцiна Iванавiча Фiлiпоўскага дык i шукаць не трэба было. У пастаўленага непадалёк ад кухнi мангала ён адчытваў памочнiцу паварыхi Клаву. Мiнiяцюрнае стварэнне стаяла, апусцiўшы вочы перад загарэлым ледзь не да чарнаты жывоцiкам Канстанцiна Iванавiча. Утаропiўшы поўныя слёз вочы ў зямлю, Клава штосьцi малявала на вiльготным пяску кончыкам амаль дзiцячага туфлiка. Я разумеў, што абыходжуся не па-джэнтльменску, але iдыёцкая музыка так мяне злавала, што я не стрымаўся. Пагрэбаваўшы правiламi прыстойных паводзiн, я падышоў да Фiлiпоўскага i Клавы.
      - Прабачце, што перапыняю вас, Канстанцiн Iванавiч, - сказаў я.
      Ён, схамянуўшыся, неяк адразу падцягнуў свой жывоцiк, якi расплыўся паверх рэменя ад джынсавых штаноў.
      - Так, так, слухаю вас, Мiкалай Мiкалаевiч. А ты, Клава, - Фiлiпоўскi адразу ж перайшоў на мiрны лад, - iдзi, i каб... зразумела?
      Клава, убачыўшы мяне, зачырванелася, потым кiўнула галавой i затэпала сваiмi таненькiмi ножкамi ў бок кухнi.
      - Цi нельга, Канстанцiн Iванавiч, каб гэты "звер" змоўк? - спытаўся я.
      - Чаму нельга? Усё можна. Толькi iнструкцыя, Мiкалай Мiкалаевiч, не дазваляе. У мяне распараджэнне наконт гэтага ёсць. Яго Кандрат Мiхайлавiч падпiсаў.
      - А калi я вельмi папрашу?
      - Цяпер, - Фiлiпоўскi глянуў на гадзiннiк, - палова дванаццатай. Будзем круцiць да паловы трэцяй. Там гадзiна на адпачынак. Няхай турысты паспяць. А потым, прабачце, iзноў. Такое распараджэнне.
      Я слухаў яго гаворку i лавiў сябе на тым, што менавiта такiмi катэгорыямi думае i наш намеснiк дырэктара. Вось ужо выбраў сабе памочнiка!
      Я нiчога не адказаў каменданту. Гэтага шасцiдзесяцiгадовага бюракрата, у якога ёсць Папера, не пераканаеш, што калi трэба - i мыш задам поўзае. Таму моўчкi прайшоў праз адчыненую брамку турбазы i накiраваўся па няпэўнай сцежцы ў бок лесу.
      Каб я ведаў, што траплю ў такi пераплёт, дык лепш застаўся б на рыпучым ложку.
      - Абед у нас роўна ў трынаццаць сорак пяць, - дагнаў мяне голас Фiлiпоўскага. - Калi ласка. Не спазняйцеся, - перакрычаў "звон" камендант.
      Цi то натура ў яго была злая, цi яшчэ паводле якiх прычын, але я часта назiраў падобныя карцiны. Мне было шкада ўсiх, хто працаваў на турбазе пад кiраўнiцтвам Фiлiпоўскага. Асаблiва Клаву, якая мне спадабалася фактычна з першага позiрку. Аднак ужо праз колькi хвiлiн гэта адышло на другi план - я ступiў у лес. Шпацыр мой быў тым больш прыемны, што чым далей я адыходзiў ад турбазы, тым цiшэйшая станавiлася музыка. Я паступова акунаўся ў свет цiшынi i сасновага водару.
      Да турбазы, мяркуючы па тым, што пратупаў я нямала, бо падышоў да крынiчкi, было гадзiны з паўтары хуткай хады. Цеплыня ўжо прабiлася ўнiз, i праз нячастыя вершалiны соснаў праглядвалi сонечныя блiкi. Вырашыў адпачыць менавiта тут. Лёг на спiну каля велiзарнай сасны, расслабiўся. Заплюшчыў вочы. Сон, якi, здавалася, вiсеў нада мной, як невядомасць, нечакана прайшоў. На душы было лёгка i радасна. Напэўна, таму, што практычна злiўся з прыродаю. У вершалiнах сосен выў вецер.
      Я не глядзеў на гадзiннiк i не ведаю, колькi прайшло часу. Сказаць, што я спаў, - не магу. Хутчэй драмаў. Апамятаўся ад таго, што стала неяк няўтульна, золка. Расплюшчыў вочы. Сонца схавалася за ствол велiчэзнай ялiны, якая, нiбы панi, стаяла на невялiчкiм адхоне. Устаў з хваёвай посцiлкi i нечакана ўцямiў: заблудзiўся. Знiкла сцежка, па якой я столькi часу iшоў. Напэўна, не звярнуў увагi, як збочыў з яе. Калi гэта здарылася - не ведаю. Разгублена азiраючыся па баках, я лавiў сябе на тым, што мой погляд абавязкова натыкаўся толькi на цёмныя, сырыя, непрыветныя сукаватыя ствалы соснаў, вялiзныя лапы елак. Я пачаў кiдацца па паляне. Мне здалося, што нiколi не знайду дарогу назад.Усе дрэвы былi быццам на адзiн выгляд. Стала страшна, але затым развага i самавалоданне ўсё ж такi ўзялi верх. Пайшоў, як некалi вучыў мой школьны сябра Федзя Слонаў, ад вялiзнай елкi па спiралi, якая ўсё пашыралася. Як я ўзрадаваўся, калi пасярод лесу нарэшце натрапiў на вузкую малаходжаную сцяжынку. Яна паступова адыходзiла ў бок ад ракi i павiнна была куды-небудзь мяне прывесцi.
      Iшоў па знойдзенай сцяжынцы ўжо дзве гадзiны. Хацеў быў павярнуць назад, але сцяжынка, зрабiўшы невялiкае паўкола, нечакана абарвалася перад непраходнымi двухметровымi зараснiкамi. Гэта былi шыпшына, глог i яшчэ нейкае незнаёмае мне, аднак вельмi ўжо калючае кустоўе з вузкiмi, амаль чырвонымi лiстамi.
      "Дарога ў нiкуды? - здзiўлена падумаў я тады. - Але ж такога не можа быць!" - вырашыў я.
      I тут я ўбачыў невялiкi, соткi на тры, добра дагледжаны агародзiк. "Добранька, - мiльганула думка, - падпольны гарод. Але чый? I навошта ў лесе? Далей ад вачэй людскiх? Што ж тут вырошчваюць? Наркотык мо якi?"
      Цiкаўнасць перамагла. Прайшоў я ў гарод. Зямля на iм даўно ўжо не палiвалася, але, нягледзячы на гэта, на вялiзных плецях з ярка-зялёным лiсцем, быццам бананавыя банчы, вiселi, сабраныя ў гронкi, агуркi. У такую глухамань забрацца, каб вырошчваць агуркi? Цiкава...
      Моцна хацелася пiць ужо даўно. Я сарваў некалькi зялёненькiх агуркоў з невялiчкiмi цёмнымi пухiркамi. Агурок прыемна захрумсцеў у мяне на зубах. Жаданая прахалода адразу ж разлiлася па целе. Я адкусваў ад яго за раз амаль палову, а ён, здавалася, не меншаў. Быццам бы за той час, пакуль я жаваў, адкушаны агурок паспяваў адрасцi зноў. Гэтая дзiўнасць крыху азадачыла мяне. Выходзiла, што гэта былi незвычайныя агурочкi.
      Нечакана збоку пачуўся лёгкi шоргат. Быццам нехта цiха ступаў босымi нагамi па ўшпiлянай глыбокiмi трэшчынамi, сухой, як каменне, зямлi. Я азiрнуўся на шоргат, але нiкога не ўбачыў. Пазапiхаўшы ў кiшэнi тыя сарваныя агуркi, што засталiся, я, нiбы шкадлiвы школьнiк, паспрабаваў выскачыць з агародзiка. I тут раптоўна зразумеў, што хтосьцi мяне злавiў. Цi не было ўжо гэта маё сумленне?
      Ды не, пры чым тут сумленне? Хтосьцi толькi што несумненна быў за маёй спiнай, там, на агародзiку. Не мог я памылiцца! Мне нават здалося, што гэты, нябачны, перарывiста дыхаў мне ледзьве не за каўнер. I тая затуманеная галiнка, якая гайданулася...
      Неспадзеўкi на маiх вачах, немаведама скуль узяўшыся, густы туман адразу схаваў агародзiк i блiзкiя дрэвы. Быццам адрэзаў ад майго позiрку. Дзiўны, скажу я вам, быў той туман. Няправiльны. Не расцякаўся клубамi па лагчынцы, а сваёй трохi блакiтнаватай непразрыстай сцяной спынiўся за метр ад мяне.
      У страху я падаўся назад, але ўжо праз хвiлiну наткнуўся на непраходныя зараснiкi. Азiраючыся то на дзiўны калматы туман, то на суцэльную сцяну калючых кустоў, я стаў кiдацца, як упаляваны звер.
      Так, мне было страшна. Як, напэўна, кожнаму, хто б трапiў у падобную гiсторыю. Гэтая iдыётка Нiкiшова прывалакла мяне к чорту на рогi. Забаўляецца сабе на ўцеху, а мне - мардавацца цяпер. Хоць я павiнен не лаяць Светку, а дзякаваць ёй. Тут, на турбазе, я Клаву сустрэў... Нечакана. Нечакана сярод калючага хмызняковага засiлля я ўбачыў прасвет. Не раздумваючы, кiнуўся туды.
      2. Кароўская
      Ды што сёння за дзень такi шалёны i незразумелы! Думала - раней упраўлюся i дахаты. Дзень нараджэння ўсё ж такi. Ды хто пра гэта думае? Адна я i помню. Нават Колька, муж, забыўся. Ад ранiцы за шкарпэткi нявымытыя лаяўся. Хай сабе, да гэтага не прывыкаць. Шторанiцы да чаго-небудзь, а знойдзе прычапiцца. Вiдаць, у яго натура такая...
      Даша. Дачушка, вядома, успомнiла б, але яна ў бабулi. А потым... страшна нават успомнiць... Пошту Сашка з райцэнтра не ў пару прывёз. Пакуль разабралася - замучылася. Адных газет ды часопiсаў - цэнтнер. А лiстоў... I ўсё адна... А то з гэтымi пасылкамi замучылася. Як Лёлька ў дэкрэтны пайшла i пачалося. У вёсцы нiбы ўсе падурнелi. Адпраўляюць па ўсёй краiне. Дзе гэта вы бачылi, каб на чатырыста хат шэсцьдзесят пасылак штодзень. I на працягу тыдня запар. А дзе я столькi сургучу набяруся? Мне ж норму далi. Павылiваю на скрынкi, i пiшы прапала. I так на паўгода ўперад вымазала сургучу. Скрынкi ў мяне не купляюць, перайшлi на самаробныя. Дзед Васька iх кляпае. За шкляначку. Кулiбiн знайшоўся. А я ж з праданай скрынкi сургуч атрымлiваю. У мяне iх вунь - тры дзесяткi. Як стаялi ў куце, так i стаяць.
      А тут яшчэ за два днi трэцяя дзiўная тэлеграма Фiлiпоўскаму, каменданту турбазы "Заранiца". I адкуль яе адправiлi, нiяк не разбяруся. "Дрмацка". З Данецка, цi што? Напэўна, так. Нiбы тэлеграфiстка, якая перадавала тую тэлеграму, выпiўшы была. Як мой Карповiч пасля зарплаты. Цi то апарат там, у iх, звар'яцеў, не фурычыць. Значыць - запчастак няма, вось i робiць, небарака, абы дзень да вечара.
      Але пры чым тут мквацракi? I навошта Фiлiпоўскаму камандзiроўку ўкарочваць? Хiба ён тут у камандзiроўцы? Колькi жыву, ведаю яго як мясцовага. Вось няўдача, прыйдзецца самой несцi. Адсвяткавала дзень нараджэння!.. Адзiн раз у год думала дамоў раней патрапiць... I адказ ад Фiлiпоўскага патрабуюць неадкладна...
      Шостая гадзiна вечара. Мне па часе работы ўжо зачыняць пара. А Карповiча i след прастыў. Ну, дзед. Наб'ю заўтра. Вазьму звольню - i ўся гаворка. За прагул! Хiба я без сям'i? Дык не, смалi, Нюрка, у "Заранiцу". А гэта паўгадзiны туды ды хвiлiн сорак дахаты. Колька, мусiць, не зразумее. Ну ды добра. Муж. Хай хоць сёння сам капусту разагрэе. Пра Карповiча... Яму хоць не выдавай зарплату. Пакуль не прагуляе ўсё да капейкi - на рабоце не з'явiцца. I не звольнiш. Каго браць? Не магу знайсцi нават аператара на месца дэкрэтнiцы Лёлькi. А пра разносчыка тэлеграм... Хто ж на гэтыя грошы пойдзе? А да Фiлiпоўскага Карповiч другi раз адмовiўся несцi. Ледзьве ўгаварыла. Усё скардзiўся на ногi. Нябось як да каго з вясковых - уперад. Дзiва што кiлiшачак пададуць. Людзi ў нас гасцiнныя.
      Што ж рабiць? Зачынiць пошту i несцi тэлеграму гэтаму пузачу. Не падабаецца ён мне. Не наш ён чалавек. Якiсьцi непрыветны, падазроны. Хоць столькi гадоў яго ведаю, але ўсё роўна незразумелы нейкi. У яго, напэўна, шыз. А iсцi трэба...
      Я ўжо выйшла на ганак i зачынiла пошту. Гляджу, з-за вугла паказалася баба Стэпа. Пад пахаю нешта нясе. Загарнула ў хустку. У такую слоту паперлася. На пенсii, магла б iншым разам. Увесь дзень лясы з сяброўкамi тачыла, а пад ноч уздумала. Ды я б на яе месцы дома ля печы сядзела альбо дрыхнула ў гэты час на ложку.
      - Нюр, а Нюр! Ты што, iсцi, гляджу, уздумала? - крычыць. - Я вось толькi сабралася пасылачку ўнучцы паслаць.
      - Заўтра, - кажу, - прыходзь. Пакiнь пасылку ў Сiльцовых, я ранiцай да iх зайдуся i адпраўлю.
      - Добра, каб сёння, Нюр, - упарта прашамкала старая.
      - Сёння ўсё роўна адвозiць не будуць, Сцепанiда Максiмаўна, - кажу так стрымана, пераканаўча. - Машына ўжо пайшла. А ты б iшла дахаты, адагрэлася б.
      Яна так на мяне зiрнула, нiбы я вiнаватая ёй мiльён. Не менш.
      - Мусiць, прамокла ўся? Заходзь ужо. - Мне чамусьцi шкада стала бабку Сцепанiду. Забрала я ў яе пасылку, зноў адчынiла пошту, кiнула пасылку ў кучу, падрыхтаваную да заўтрашняй адпраўкi, квiтанцыi выпiсала.
      - Ты дахаты, Нюр? - пацiкавiлася бабка Сцепанiда, калi мы былi з ёй зноў на ганку пошты.
      - Ды не, яшчэ ў "Заранiцу" трэба тэлеграму занесцi.
      - Як трэба - то ты нясi. А я дахаты праз лог. Так зручней.
      - Асцярожна, не паслiзнiся, - сказала я наўздагон.
      - Вось дзiва! Не ўпершыню, - памаладзелым голасам бадзёра адказала бабка Сцепанiда i, падхапiўшы рукой даўжэзную цёмную спаднiцу сваю, стала спускацца па пратаптанай i размоклай ад дажджу сцежцы ўнiз.
      3. Фiлiпоўскi
      Ванна была поўная цёплай вады. Я ўжо плюхнуў у яе паўфлакона крцэну. Адзiнага, чаго вадзе не ставала, - лiстоў дма. Але i на Зямлi не было з чаго сiнтэзаваць. З гэтым я павiнен быў мiрыцца.
      Нарэшце можна плюхнуцца ў ванну. Усе падначаленыя занятыя сваiмi справамi. "Iнструкцыя дазваляе адпачыць, - падумаў я, акуратна павесiўшы на вешалку штаны. - Не дома, дык хоць такi камфорт. У Моцы i такога няма. Пакутуе, бядак. Сам вiнаваты. У пустыню напрасiўся, дурань. Няхай наракае на сябе."
      Падышоў да ванны. Вада была - цуд. Крыху блакiтнаватая роўнядзь яе, зацягнутая вясёлкавымi мудрагелiстымi лiнiямi, улагоджвала мой засмучаны позiрк. Над ваннай, амаль каля нiзкай пабеленай столi, вiсела ледзь прыкметнае туманнае воблачка.
      Я ўдыхнуў прыемны водар крцэну i ступiў у ваду. Асеў, расплываючыся, амаль адразу, як толькi вада пяшчотна паглынула мае ногi.
      Усё было добра, калi б я не адчуў спачатку пякоты, а потым i непрыемнага паколвання ў перапонках. Я жахнуўся: няўжо захварэў? Гэтага яшчэ толькi не ставала. У мяне ўсё атрафiруецца! Напэўна, хутка не змагу ўжо пераходзiць у нармальны стан! Але гэта ж страшна! У душы, схаванай пад пенiстым пагорачкам, пахаладзела. Не, гэта не абяцанае перад камандзiроўкай райскае жыццё. А як Дорненц распiнаўся ў лагуне для выбраных! Палову лагуны пасля паспяховага завяршэння назiранняў наабяцаў. Распiсваў, што Зямля, маўляў, адна з з тых цудоўных планетаў, дзе вады нашмат болей, чым сушы. У гэтым яго праўда. А ў астатнiм...
      Так, мквацракi растуць тут на сушы цудоўна. Але ж патрэбны яшчэ i плывучыя дма. А яны ператвараюцца тут чорт яго ведае ў што. На блiжэйшым возеры нейкая тонкая бязлiстая водарасць. Цi то так падзейнiчала на дма паўтарачнае зямное прыцягненне, цi то само свяцiла? Дый вада на Зямлi халодная для нас. Трываць, вядома, можна, калi адаптуешся...
      Адно не зразумею, навошта назiраць за зямлянамi? Зразумела, дома ўстаноўка была такая, разлiкi вучоных... Але хiба нам суша патрэбная? Толькi пару невялiкiх агародзiкаў для мквацракаў. Вада! Шмат вады! Вада гэтая ёсць. Што яшчэ?
      Забруджаная, праўда, даволi моцна. Ды гэта можна выправiць. Фiльтры ачысткi, i праз зямных гадоў пяцьдзесят вада стане цудам. Нашы баяцца, што зямляне, даведаўшыся пра нас, зжывуць усiх са свету. Таму i назiраем, вывучаем, як той казаў. Цяжка мне тут упраўляцца. Пераўвасобiцца ў iх зямное аблiчча - паўбяды. А вось зразумець iх... Адбыць бы гэтую ссылку чортаву ды дадому.
      Якое гэта хараство - дом! Жонка, мусiць, замаркоцiлася. Я ўжо не кажу пра дзяцей. Больш за шаснаццаць гадоў у гэтай зямной глухаманi гiбею. Назiральнiк з мяне тут нiякi. А мяркуючы па пасланнях з Цэнтра, увогуле дрэнны. Узялi б ды адклiкалi дадому. Дык не. Мучуся ў гэтым чортавым аблiччы з гэтымi сентыментальнымi зямлянамi. Толькi хоць што не па-iхняму - адразу ў амбiцыю. А якiх намаганняў мне каштуе форму трымаць! Па мне дык лепей распластацца кiсялём ды паплёхацца ў роднай лагуне. Яны, зямляне, нейкiя дзiўныя. Паспрабуй iх зразумець. Столькi гадоў тут, а зруху а нi на грош. Хутчэй самому звiхнуцца можна, з глузду з'ехаць, чым ключык да кожнага падабраць. Хiба толькi што навучыўся па-iхняму гаварыць. Узяў бы ды парачку сваiх парад iм падкiнуў. Дык умешвацца ў зямное жыццё нельга...
      4. Фiлiпоўскi i Кароўская
      Настойлiвы працяглы грук у дзверы паўтарыўся.
      "Вось жа, святло ў калiдоры забыўся патушыць, - пакрыўдзiўся на сябе Фiлiпоўскi. - Каго гэта нясе ў такi час? Толькi думаў паўтары зямныя гадзiны адпачыць, дык не", - незадаволена праплюхаў ён у ванне перапонкамi. Пусцiўшы пару вясёлкавых бурбалак, ён яшчэ iмгненне любаваўся iмi. Потым матэрыялiзаваў зямное цела i вылез з ванны, вырваў злiўны корак, каб не пакiнуць рэчавых доказаў. Са шкадаваннем паглядзеў на раствор.Ён, якi толькi што напамiнаў часцiнку роднай лагуны, мерна вылiваўся праз злiўную адтулiну. Уздыхнуўшы, Фiлiпоўскi адвярнуўся ад ванны i нацягнуў штаны. Басанож прашлёпаў у калiдор. Зняў з вешалкi пiнжак, накiнуў яго на мокрыя голыя плечы, адчынiў дзверы ў непагадзь.
      - Ганна Максiмаўна! Добры вечар, - адразу ж расплыўся ўсмешкай, убачыўшы Кароўскую. Але ўсмешка гэтая ўмомант выветрылася з яго твару. Ён зноў стаў сур'ёзны i быў трохi заклапочаны.
      "А божухна, што ж гэта я раблю? У якiм выглядзе з'явiўся перад Кароўскай? - падумаў ён. - Не, гэта вынiкi маёй працяглай камандзiроўкi. Ужываюся ў вобраз? Але мне гэтага нельга рабiць! Я ж толькi назiральнiк!"
      - Добры дзень, Канстанцiн Iванавiч, - як з небыцця пачуўся тонкi голас Кароўскай. - Вам тэлеграма зноў прыйшла, напэўна, з Данецка. - Кароўская адчула, што чырванее. Чаму, яна i сама не ведала. Можа, таму, што яе нiхто ў вёсцы, акрамя Фiлiпоўскага, не называў па iмi i па бацьку.
      - Божа мой, Ганна Максiмаўна, выбачайце, што я ў такiм выглядзе да вас выйшаў... А вы ў такую гразь...
      - Дык жа тэлеграма, Канстанцiн Iванавiч. Тэрмiновая...
      - Пачакала б да заўтра, - мякка сказаў Фiлiпоўскi. - Дарэчы, з днём нараджэння вас, Ганна Максiмаўна. Даруйце, што падарунка не прызапасiў, прабачальна сказаў Фiлiпоўскi.
      - Дзякуй, Канстанцiн Iванавiч, - радасна вымавiла Кароўская i запунсавела яшчэ мацней. - А адкуль вы ведаеце, што ў мяне сёння дзень нараджэння? зацiкаўлена спыталася.
      Фiлiпоўскi ўжо набраў поўныя лёгкiя паветра, каб расказаць, як раптам увесь падцягнуўся:
      - Але, але, Ганна Максiмаўна, тэлеграма. Дзякуй, - распiсваючыся на адарваным ад тэлеграмы карашку, ён раптам прамармытаў: - Атрыманая ў 15.34. Значыць, па iнструкцыi сюды яе павiнны былi даставiць не ў 18.27, а ў 16.04. Ён узняў на Кароўскую здзiўленыя вочы...
      - Я не магла раней, работы было многа, Канстанцiн Iванавiч, апраўдваючыся, пралепятала Кароўская.
      - Так, так, - няўважлiва вымавiў ён, чытаючы тэлеграму.
      - Да пабачэння, - пакрыўджана сказала Кароўская, утаропiўшыся ў яго дзiўны, незразумелы твар, якi расплываўся, бы чарнiльная пляма ад аўтаручкi. Сказала i, рэзка павярнуўшыся, пайшла праз брамку турбазы.
      "Адзiн павiншаваў з днём нараджэння, дый той не па-чалавечы. Бюракрат чортавы! Параграф растлусцелы", - ужо iдучы назад, думала Ганна. Крыўда душыла яе ўсё мацней i мацней. А на турбазе ўсё яшчэ драла горла нейкая рок-спявачка, голас якой заглушаў час ад часу ўдарнiк.
      5. Фiлiпоўскi
      I колькi яны будуць дэпешы слаць? Кароўская нешта не тое заўважыла. Так на мяне падазрона глядзела, што страшна стала - не распазнала б у мне назiральнiка. А нашы не разумеюць. Iм добра дома. Сачыць ды камандаваць, кiраваць. Выдумаюць чарговае бязглуздае заданне, паспрабуй не выканай. А тое, што тут, на Зямлi, цяжка, - i верыць не хочуць. I цела гэтае чалавечае трэба абавязкова трымаць у спраўным стане. Не дай божа расслабiцца хоць на хвiлiну умомант расплывешся. Дый соўгацца перад усiмi... Круцiцца, выдыгаць, на пальчыках хадзiць... Я са скуры вылузваюся. Каб усё было па-чалавечы. Але чалавекi - яны i ёсць чалавекi. Як таго яны сваiмi дакументамi, указамi, загадамi, распараджэннямi патрабуюць.
      Апошнюю тэлеграму з Цэнтра нiяк не зразумею. Чаго гэта шэфы ад мяне хочуць? Справаздачы па зробленай рабоце дасылаю ў пару. Стараюся з усiх сiл. А ўсё паварочваецца не на маю карысць. Напэўна, трэба прасiць дазволу згарнуць тут пачатую справу. Ну i што, калi не зацвердзяць камандзiроўку? Па самыя зямныя вушы сыты ўсiм. Кiслароднае галаданне мне на карысць не iдзе. Пастарэў во як. Жонка не пазнае. Толькi мквацракi - лясныя агурочкi - дапамагаюць трымацца. За гэты гародзiк у лесе вымову ўжо атрымаў. Паведамiў, нiбы ўсё знiшчыў. Але ж цi мог я так зрабiць? Растуць жа як! Цуд! Паспрабуй у нас iх вырасцiць - намарнуешся. А тут кiнуў зернейка ў ямку, зямлёй прысыпаў - самi лезуць. Ды яшчэ якiя. Можа, сонца iм падышло лепш цi зямля... Дый ворагаў у iх няма. Зярняты стэрыльныя прывёз... Не, з агародзiкам усё роўна трэба будзе развiтацца. Можа адбыцца непрадбачанае. А раптам людзi навучацца мквацракi вырошчваць? Што будзе, калi двайнiкi на Зямлi пойдуць? Куды iх падзець? Адзiн, два - i тое праблема. Зразумела, хутка вырашальная. А калi двайнiкоў будзе сотня цi болей? Якi жах! Гэта хаос!
      Я сутаргава набраў чалавечыя лёгкiя паветра i ўздыхнуў. Усё роўна мозг затуманены недахопам кiслароду. Трэба iсцi пiсаць адказ. Буду прасiцца дадому. Няхай шлюць сюды, на назiральны, кандыдата маладзейшага, больш кемлiвага.Божа, як я засумаваў па сваёй роднай лагуне. Няхай i другараднай, але такой жаданай.
      6. Салдаценкаў
      Завал. Заблудзiўся ў дзвюх соснах. Ну i Колька! Нягледзячы на тое, што рэпрадуктар на турбазе мне абрыдаў, як горкая рэдзька, мне хацелася пачуць хоць бы яго камарыны пiск, каб зарыентавацца на мясцовасцi. Ды дзе там! Вiдаць, я зайшоў ад турбазы занадта далёка. Вярнуцца ж на сцежку, якая вяла да агародзiка, я не асмельваўся. Але куды ж iсцi? Я зiрнуў на гадзiннiк. Палова сёмай. Як бы вярнуцца на турбазу да цемнаты? Я разгубiўся. Вакол быў лес. Дапякалi камары. Ужо не менш за гадзiну накрапваў непрыемна халодны, амаль, асеннi дождж. Нечакана ён прыпусцiў. Яго толькi не ставала! Умомант змокшы, я схаваўся пад вялiзнай яловай лапай. Зноў зiрнуў на гадзiннiк. Прайшло яшчэ дзесяць хвiлiн. У мяне ж не выспела i намёку на выратаванне. Я ўзненавiдзеў сябе за бездапаможнасць. Цела дрыжала. Цi то ад стомы, цi то ад холаду. Я разумеў, што трэба iсцi далей, бо пад елкай было нязвыкла цёмна i непрыемна пахла перапрэлай хвояй.
      Не падабалася мне тут. Ды я i не ведаў, куды iсцi. Дождж нечакана спынiўся, i я, вызвалiўшыся з-пад не зразумелай апекi кагосьцi нябачнага (а можа, мне здавалася, што хтосьцi апякае мяне), вырашыў яшчэ раз паспытаць шчасця. Пайшоў наўздагад. Лес то радчэў, то месцамi мне даводзiлася абыходзiць гушчар i невялiчкiя балотцы.
      На ўтаптаную сцежку наткнуўся зноў-такi выпадкова. Ведалi б вы, як я ўзрадаваўся на гэты раз! Сцежка, выгiнаючыся памiж векавымi стваламi, жвава бегла наперад, губляючыся на чарговым павароце. Я паскорыў хаду. На душы ад смутку i падсвядомага страху амаль нiчога не засталося. Гадзiны праз паўтары ўбачыў, што сцежку перагарадзiла дрэва. Не збаўляючы хуткай хады, пераскочыў цераз ствол i быццам правалiўся ў прорву. Дзiўна, але я не бачыў, што за дрэвам - яма. Яна была даволi глыбокая, i пад нагамi непрыемна чвякала. Вiдаць, налiло вады пасля лiўню. Падняў галаву - метраў за два нада мной, нiбы драпежныя шчупальцы, навiсалi павыварочваныя каранi. Як дацягнуцца да iх? Паспрабаваў вылезцi - дзе там! Ужо пасля другога кроку ногi з'язджалi ўнiз, у халодную рэдкую мешанiну, i пальцы пакiдалi толькi тонкiя раскоўзаныя сляды.
      Хутка цямнела, а я нiяк не мог выбрацца з пасткi. I трэба ж - гэтак пашэнцiла. Няўжо начаваць мне прыйдзецца тут? Хацелася крычаць, клiкаць на падмогу, але каго? Хто ў гэты час можа быць у лесе? Не, трэба спадзявацца толькi на сябе. Быў бы нож. Але ў мяне пад рукой не было нiчога. Ужо амаль у поўнай цемры, страцiўшы надзею, я раптам натыкнуўся на абломак галiнкi. Гэта было хоць штосьцi. Да зняможання дзёўб у гразкiм грунце прыступкi, па сантыметры пасоўваючыся да запаветных каранёў дрэва, за якiя можна было ўхапiцца. Толькi тады, калi, ледзь жывы, увесь у гразi, выкiнуў сябе з пасткi, я, знясiлены, павалiўся на хваёвую посцiлку i забыўся ў трывожным сне.
      7. Фiлiпоўскi
      Чаму я ўвесь час трапляю ў незразумелыя сiтуацыi?
      Тутэйшыя жыхары набрылi на мквацракi? Клаўдзя нажэрлася iх да непрытомнасцi... Цяпер гэты iдыёт Салдаценкаў трапiў на другую зону. I як гэта яму ўдалося? Паеўшы мквацракаў, альбо, па-тутэйшаму, лясных агурочкаў, Салдаценкаў, як i Клаўдзя, раздвоiўся. Што мне цяпер рабiць з iмi? Ну добра, Клаўдзя. Яна недарэка. З ёй было лягчэй. Сказаў, што сястра ў яе знайшлася Паверыла, дурнiца. Адправiў яе двайнiка калясiць па лесе, i канцы ў ваду. Страгач, праўда, за яе атрымаў ад старэйшага назiральнiка. Ну, добра. Але Салдаценкаў... Яму так проста мазгi не ўставiш. Ды я ўжо i страгачом не абыдуся. Перарвуць камандзiроўку, i пiшы прапала - нi табе сутачных, нi адпачынку... Хопiць з мяне i таго, што на ўскраiну Галактыкi загналi. Нi табе лагуны, нi больш-менш прыдатнага возера з цёплай вадой. Адна ванна... А з якой цяжкасцю я яе дастаў... Куды нi звяртаўся - не прызначана, i ўсё. А як пераплацiў - калi ласка. На месца прывезлi, самi паставiлi. I даволi нiшто сабе. Праўда, за гэта вымову ад старэйшага назiральнiка атрымаў. Але цi справа ў вымове? Хоць гэтая прадуха, а ёсць у мяне... Ну што ж, няхай Салдаценкаў адзiн пакуль паблукае па Зоне. Але каго я сюды вярну? Першага, значыць, сапраўднага Салдаценкава, цi яго копiю? Калi копiю - скандалу не прамiнуць. А iдзi ж ты разбярыся, дзе сапраўдны Салдаценкаў, а дзе яго копiя. Праўда, гэты, што тупае сюды, на турбазу, спакойны такi, цiхi. А той, якога я пакуль у лесе пакiнуў, жвавы. Усё яму не сядзiцца... Няхай пакуль пазмагаецца ў лесе з траўкай i туманам. А калi ён прарвецца праз зоны? Знiшчыць нельга. Каб не забiць сапраўдны экземпляр. Як бы замяць усё гэта? I трэба ж было яму набрысцi на мой агародзiк! Няма нiякай карысцi ад нашых старажоў тут, на Зямлi. На ўсiх планетах яны спраўлялiся, а тут... Мне ж - разлiчвайся...
      Што рабiць? Сустрэць таго Салдаценкава, якi вяртаецца, ды ў яго выпытаць усё? Ну i што з таго? А што б зрабiў у такой сiтуацыi галоўны? Не, пра гэта лепш не думаць! Падагрэць ваду, зрабiць ванну i плюхнуцца ў яе... Каб усе нягоды растварылiся. Галоўны яшчэ не ведае пра копiю Салдаценкава. Зразумела, вартаўнiкi паведамяць яму. Але праз суткi. Не раней. Што будзе тады са мной? Звольняць з работы на Зямлi. Няхай сабе!
      * * *
      ...Вада прыемна зажурчала ў газавай калонцы i ўжо гарачым струменьчыкам палiлася ў ванну. Праз паўгадзiны я, скiнуўшы з сябе абрыдлую адзежу Фiлiпоўскага, ступiў у прывабны пенны раствор i расплыўся, наколькi дазволiў аб'ём ванны, утапiўшы ў пене нават свой думаючы бугарок. У вершалiнах сосен выў вецер. Ён закалыхваў мяне, i я, не ўважаючы на заклапочанасць будучыняй, заснуў.
      8. Клаўдзя
      Мяне толькi што нехта нябачны падштурхнуў да акна. А можа, гэта так здалося? Ведаю, што павiнна была iсцi на кухню - праз дзесяць хвiлiн пачыналася раздача вячэры, але я нiбы прыкiпела каля шкла. Убачыла, як Мiкалай вяртаўся з лесу, i зразумела, чаму цалюткi дзень месца сабе не знаходзiла. Я хацела яго ўбачыць. Хоць мелькам. У мяне ад учарашняга вечара быў голад па iм. I тут мяне нiбы прарвала радасць, калi ўбачыла, як ён мерна крочыў па дарожцы да турбазы. Мне стала душна, i я, стоячы ля акна, стала важдацца з застаўкай. Акно нарэшце з рыпеннем расчынiлася, i халаднаватае, пахучае сасновае паветра ўварвалася ў пакой. Спалохана грукнула клямка на веснiчках.
      Пакiнуўшы расчыненае акно, выбегла з хацiнкi. Мiкалай iшоў проста на мяне. Схавалася за сасну. Праз хвiлiну ўбачыць! Няўжо сапраўды закахалася? Думала, што гэта так, дарэмныя размовы. Але ж не, прыйшоў i мой час!
      - Коля! - я, смеючыся, выскачыла адразу перад iм з-за сасны. - Прывiтанне!
      Ён паглядзеў на мяне быццам на пустое месца! Мне здалося, што густыя бровы яго жаласна заламалiся i рэзка палезлi ўверх. На момант спынiўся. Пакруцiў пальцам ля скронi i, абышоўшы мяне, яшчэ радасную, моўчкi пайшоў далей, да свайго домiка.
      - Ко-ля! - з надрывам у голасе паклiкала я яго, адчуваючы, як усё далей i далей ён аддаляецца ад мяне.
      Мiкалай павярнуў галаву i, груба вылаяўшыся, пхнуў нагой трухлявы пень, якi стаяў побач, зноў пакрочыў наперад.
      Не вытрымала i заплакала. Недарэка я, неадукаваная. Зразумела, iнстытутаў, як Мiкалай, не канчала. Так, сельская дзесяцiгодка. Толькi атэстат атрымала. А ў вёсцы якое вучэнне? То пасадка, то праполка, то збор ураджаю... I ўся навука... Пабегла да яго, а ён... Быццам ад пракажонай шарахнуўся. Вось i вер iм, гарадскiм. Учора ўвечары ледзьве што ў каханнi не прызнаваўся, два разы пацалаваў, а сёння... Лепш i не ўспамiнаць. У яго толькi твар высакародны, а душа... Цёмная-цёмная. Вядома, што крыўдна. Я думала, што ён сапраўды ўсё... Як з цацкай, што надакучыла, - ён са мною...
      Толькi паварыха цётка Моця вывела мяне з трансу. Спачатку штосьцi гаварыла супакойлiвае, сваёй вялiкаю, шурпатаю ад працы рукою гладзiла мяне па галаве, а потым, узяўшы за руку, павяла за сабою ў харчблок.
      9. Кароўская
      Нарэшце Сашка сёння прыехаў у пару. Усё нейкiя прычыны знаходзiў. Вясёлы-вясёленькi.
      - Здароў, Нюр! I сёння закiдаеш машыну пасылкамi?
      - I сёння, - уздыхнула я.
      - Нябось план па пасылках на лета ўперад выканала? Прэмiю вялiкую атрымаеш.
      - Бач, прэмiю! А пацягай iх.
      - I што яны пасылаюць, усё хачу папытацца.
      - Арэхi нейкiя, у шакаладзе.
      - Што? - здзiвiўся Сашка.
      - Вось табе i што. Арэхi ў шакаладзе.
      - Шакалад зараз нат у Маскве дэфiцыт. А тут... Дзе ж яго тут бяруць? спытаўся быў Сашка, ды я, аддаўшы апошнюю пасылку, рэзка абарвала, каб не прыставаў:
      - Тлумач усiм, што ды чаму. Скуль я ведаю? Пасылаюць, i ўсё. I я пашлю. Вось толькi трэба схадзiць у лес, а мне няма калi.
      Сашка, зразумела, пакрыўдзiўся, ляпнуў дзвярыма i паехаў. Ну дык усiм не будзеш любы. Тут учора такi скандал муж закацiў, што няма продыху. Хтосьцi напаiў яго самагонам. Ён дык у мяне ўмелец. Гэта яго i губiць. Ну ды што пра гэта гаварыць. Выбiрала. Сама пайшла...

  • Страницы:
    1, 2