Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Казкi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Андерсен Ганс / Казкi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 18)
Автор: Андерсен Ганс
Жанр:

 

 


      - Ужо надыходзiць халодная зiма, - сказала ластаўка, - i я адлятаю далёка-далёка, у цёплыя краi. Хочаш ляцець са мной? Сядай да мяне на спiну, толькi прывяжы сябе мацней поясам, i мы паляцiм з табой ад брыдкага крата, паляцiм далёка, за сiняе мора, дзе сонейка свецiць ярка, дзе заўжды лета; цвiтуць дзiвосныя кветкi. Паляцiм са мной, мiлая крошка! Ты ж мiлая крошка! Ты ж выратавала мне жыццё, калi я замерзла ў цёмнай халоднай яме.
      - Так, так, я хачу з табой! - сказала Дзюймовачка.
      Яна села ластаўцы на спiну i моцна прывязала сябе поясам да самага вялiкага пёрка.
      Ластаўка ўзвiнулася стралой i паляцела над цёмнымi лясамi, над сiнiмi марамi i высокiмi гарамi, пакрытымi снегам. Тут было вельмi холадна, i Дзюймовачка ўся схавалася ў цёплыя пёркi ластаўкi i высунула толькi галаву, каб дзiвiцца цудоўнымi месцамi, над якiмi яны праляталi.
      Але вось i цёплыя краi! Тут сонца ззяла значна ярчэй, неба было ўдвая вышэй, чым у нас, а каля канаў i платоў вiўся цудоўны зялёны вiнаград. У лясах раслi лiмоны i апельсiны, пахла мiртамi i духмянай мятай, а па дарожках бегала вясёлая дзятва i лавiла вялiзных стракатых матылёў. Але ластаўка ляцела ўсё далей.
      На беразе цудоўнейшага блакiтнага возера сярод зялёных кучаравых дрэў стаяў старадаўнi белы мармуровы палац. Вiнаградныя лозы абвiвалi яго высокiя калоны, а наверсе, пад дахам, ляпiлiся птушыныя гнёзды. У адным з iх i жыла ластаўка.
      - Вось мой дом! - сказала ластаўка. - А ты выберы сабе самую прыгожую кветку ўнiзе, я пасаджу цябе туды, i ты будзеш жыць цудоўна.
      Дзюймовачка ўзрадавалася i ад радасцi запляскала ў далонi.
      Унiзе ляжалi кавалкi белага мармуру - гэта звалiлася верхняя частка адной калоны i разбiлася на тры кавалкi, - памiж мармуровымi абломкамi раслi вялiкiя белыя кветкi. Ластаўка спусцiлася i пасадзiла дзяўчынку на шырокi пялёстак. Але што за дзiва! У чашачцы сядзеў маленькi чалавечак, беленькi i празрысты, нiбыта ён быў са шкла. За плячыма ў яго дрыжэлi лёгкiя крылцы, а на галаве блiшчэла маленькая залатая карона. Ростам ён быў не больш за нашу Дзюймовачку. Гэта быў кароль эльфаў.
      Калi ластаўка падляцела да кветкi, эльф зусiм перапалохаўся. Ён быў такi маленькi, ластаўка такая вялiкая! Але ён вельмi ўзрадаваўся, калi ўбачыў Дзюймовачку, - ён нiколi яшчэ не бачыў такой прыгожай дзяўчынкi. Ён нiзка пакланiўся ёй i спытаў, як яе завуць.
      - Дзюймовачка, - адказала дзяўчынка.
      - Мiлая Дзюймовачка, - сказаў эльф, - цi не хочаш ты быць маёй жонкай?
      I Дзюймовачка адразу згадзiлася.
      Тады з кожнай кветкi вылецелi эльфы i прынеслi Дзюймовачцы падарункi. Самым лепшым падарункам былi празрыстыя крылцы, зусiм як у страказы. Iх прывязалi Дзюймовачцы на спiну, i яна таксама магла цяпер лётаць з кветкi на кветку. Вось было радасцi i весялосцi!
      А ластаўка сядзела наверсе, у сваiм гняздзечку, i спявала песнi, як магла.
      Яна спявала эльфам вясёлыя песнi пра цёплую зiму, а калi ў халодныя краiны прыйшла вясна, ластаўка пачала збiрацца на радзiму.
      - Бывай, бывай! - прашчабятала ластаўка i зноў паляцела з цёплых краёў у Данiю.
      Там у яе было маленькае гняздзечка, якраз над акном чалавека, якi ўмеў добра расказваць казкi. Ластаўка расказала яму пра Дзюймовачку, а ад яго i мы даведалiся пра ўсю гэту гiсторыю.
      ШЧАСЛIВАЯ СЯМЕЙКА
      Самы вялiкi лiст мае, вядома ж, лiст лопуху: прымацуеш яго да грудзей вось табе i фартушок, а пакладзеш у дождж на галаву - маеш парасончык! Гэтакi лапушысты ён, гэты лопух! I, каб ведалi, нiколi не расце па аднаму, а заўсёды як ужо адзiн вырас, то вакол шмат такiх лопухаў уздымаецца - гэтакая шыракалiстая раскоша! I ўся гэта забуялая зелянiна - прыдатны харч для смаўжоў! А самiх смаўжоў, белых, вялiкiх, спажывае ў якасцi ежы з далёкiх часоў важнае панства; са смаўжоў заўсёды гатавалi фрыкасэ, i паны, ласуючыся iм, задаволена цмокалi: "Ах, як смачна!" Яны i папраўдзе ўцямiлi сабе, што гэта страшэнна смачна i спажыўна. Дык вось, гэтыя вялiкiя белыя смаўжы сiлкавалiся лопухам, таму i пачалi гэту раслiну сеяць людзi.
      Была адна старая панская сядзiба, дзе ўжо даўно не спажывалi смаўжоў, i яны ўсе павывелiся. А лопух застаўся; ён сабе рос ды рос - i нiчым яго нельга было заглушыць; усе алеi, усе градкi пазарасталi лопухам, ды так, што нават сад зрабiўся не садам, а лапушыстым лесам; нiхто б нават не здагадаўся, што некалi тут расла садавiна, калi б там-сям не тырчалi заглушаныя забуялай травой i кустоўем то яблынька, то калючая слiўка. Вось у гэтым лапушыстым лесе i жыла апошняя пара вельмi ўжо старых смаўжоў.
      Яны i самi не ведалi колькi iм гадоў, але добра памяталi, што раней iх было багата, што яны вельмi старой замежнай пароды i што ўвесь гэты лес быў пасаджаны прынамсi для iх i для iх родзiчаў. Старыя смаўжы нiводнага разу не выходзiлi са свайго лесу, але ведалi, што дзесьцi побач ёсць нешта такое, што называецца панскай сядзiбай; там смаўжоў вараць да тае пары, пакуль яны не пачарнеюць, а пасля кладуць на срэбраную талерку. Што было далей, яны не ведалi. Не ведалi яны таксама i нават уявiць сабе не маглi, што значыць зварыцца i ляжаць на срэбранай талерцы; ведалi толькi тое, што гэта так цудоўна i, галоўнае, арыстакратычна! I нi майскi жук, нi жаба, нi дажджавы чарвяк - нiхто з тых, у каго яны пыталiся, нiхто нiчога не мог пэўнага сказаць пра гэта: нiкому з iх яшчэ не даводзiлася быць звараным i ляжаць на той срэбранай талерцы!
      Што тычыцца самiх сябе, то смаўжы выдатна ведалi, што яны самыя першыя ў свеце, што ўвесь лес расце толькi для iх, а сядзiба iснуе толькi для таго, каб яны маглi некалi зварыцца i ляжаць на срэбранай талерцы.
      Жылi смаўжы цiха, мiрна i вельмi шчаслiва. Дзяцей у iх не было, i яны ўзялi на выхаванне смоўжыка з простых. Але малы нiяк не хацеў расцi - быў жа ён звычайны, простай пароды, але старым, асаблiва смаўжысе-мацi, усё здавалася, што ён прыкметна падрастае, i яна прасiла смаўжа-тату, калi ён не бачыць гэтага так, то няхай абшчупае ракавiнку малога! Бацька шчупаў i ўрэшце згаджаўся з мацi.
      Аднойчы лiў моцны дождж.
      - Бач, як барабанiць па лiсцi! - сказаў смоўж-тата.
      - Лiе i лiе! - сказала смаўжыха-мацi. - Вось як пацякло па сцяблу! Будзе тут вiльгацi! Адна ўцеха, што ў нас i ў нашага сыночка такiя трывалыя хаткi! Не, што нi кажы, а нам даўно больш гадоў, чым каму iншаму на гэтым свеце! Цяпер добра бачна, што мы найпершыя ў свеце! I ў нас з дня нараджэння ёсць свае ўтульныя хаткi, для нас пасаджаны гэты лапушысты лес! А ўсё ж хацелася б дазнацца, цi далёка ён раскiнуўся i што там за iм?
      - Нiчога! - сказаў смоўж-тата. - Ужо лепш, як у нас, нiдзе не будзе; я ва ўсялякiм разе лепшага i не шукаю.
      - А мне, - сказала мройна смаўжыха-мацi, - хацелася б трапiць на сядзiбу, зварыцца i ляжаць на срэбранай талерцы. Такiм гонарам былi ашчаслiўленыя ўсе нашы продкi, i ў тым, згадзiся, ёсць нешта асаблiвае!
      - Сядзiба, напэўна, даўно разбурылася, - сказаў смоўж-тата, - або зарасла лопухам, то i людзям адтуль не выбрацца. Ды чаго так спяшацца? А ты вечна спяшаешся i сынок наш следам за табой. Ён вунь трэцi дзень паўзе ўверх па сцяблу; ажно галава кружыцца, як глянеш!
      - Ну, не бурчы, стары! - сказала смаўжыха-мацi. - Ён асцярожненька паўзе. Ён жа наша адзiная ўцеха на старасцi гадоў, нам, старым, толькi дзеля яго i застаецца жыць. Але цi думаў ты дзе нам знайсцi сыночку жонку? Ты думаеш там, у лопуху, не знойдзецца хто-небудзь з нашага высакароднага роду?
      - Бяздомныя чорныя смаўжы ёсць, вядома, - сказаў смоўж-тата, - але ж гэта просталюдзiны! Ды i вельмi яны самi сабой занятыя! Можна, урэшце, даручыць гэту справу мурашам: яны вечна шнуруюць то туды, то сюды i, напэўна ж, ведаюць, дзе трэба шукаць жонку для нашага малога гадаванца.
      - Ведаем, ведаем адну прыгажуню, - сказалi мурашы. - Але наўрад цi падыдзе яна вам, бо тая прыгажуня, калi хочаце ведаць, каралева!
      - Гэта нiчога! - сказалi старыя. - А цi ёсць у яе дом?
      - Ёсць! Нават палац! - запэўнiлi мурашы. - Выдатны мурашнiк, а ў iм семсот хадоў!
      - Дзякаваць вам! - сказала смаўжыха-мацi. - Нашаму сыну няма чаго лезцi ў мурашнiк! Калi вы не маеце на прыкмеце нiкога лепшага, то мы даручым гэту справу камарам: яны лётаюць i днём i ноччу, i пад сонцам i пад дажджом, ведаюць лопухавы лес уздоўж i ўпоперак.
      - У нас ёсць нявеста для вашага сына! - затрубiлi камары. - На агрэставым кусце сядзiць у сваёй хатцы адна маленькая смаўжыха. Крокаў сто адсюль, не больш будзе. Яна жыве зусiм адна i мае ўзрост, калi трэба выходзiць замуж. Усяго сто чалавечых крокаў адсюль да яе!
      - То няхай паўзе сюды! - сказалi старыя. - У сына вунь увесь лопухавы лес, а ў яе ўсяго толькi адзiн агрэставы куст.
      Па смаўжыху-нявесту паслалi. Яна пакiравала ў дарогу i паспяхова дабралася да лопухаў на восьмы дзень падарожжа. Вось што значыць чысцiня пароды.
      Адсвяткавалi вяселле. Шасцёра светлячкоў свяцiлi на ўсю моц, а наогул вяселле было вельмi цiхае: старыя не любiлi шуму. Затое смаўжыха-мацi сказала цудоўную прамову. Бацька гаварыць не здолеў, бо моцна быў узрушаны! I вось старыя аддалi маладым у валоданне ўвесь лопухавы лес, пры гэтым адзначылi тое, што ўсё жыццё гаварылi - лепшага, чым гэты лес, ва ўсiм свеце няма нiчога, i што, калi маладыя будуць сумленна i высакародна жыць i нагадуюць дзяцей, то некалi iм або iхнiм дзецям пашчасцiць трапiць на сядзiбу: там iх павараць да чарнаты i пакладуць на срэбраную талерку.
      Пасля старыя запаўзлi ў свае домiкi i больш ужо не паказвалiся.
      А маладыя смаўжы пачалi цараваць у лесе i пакiнулi пасля сябе багата нашчадкаў. Трапiць жа на сядзiбу i легчы на срэбраную талерку iм так i не давялося! Таму яны вырашылi, што сядзiба зусiм разбурылася, а ўсе людзi на свеце павымерлi. Нiхто iм не пярэчыў, - значыць, так яно i выйшла. I вось зноў барабанiў дождж па лопуху, забаўляючы смаўжоў, а сонца ззяла, каб зелянеў гэты лопух, i яны былi шчаслiвыя, шчаслiвыя! I ўся iх сям'я была шчаслiвая, - вось так!
      РАМОНАК
      Слухайце ды на вус матайце, чаму казка вучыць.
      Непадалёк ад дачы, каля самай канавы, рос у мяккай, зялёнай траве рамонак. Сонечныя промнi грэлi i лашчылi яго гэтак жа, як i раскошныя дачныя кветкi ружы, пiвонi, цюльпаны.
      Адным цудоўным ранкам рамонак расцвiў. Жоўтае, круглае, як сонейка, сэрца яго было акружана ззяннем белых промняў-пялёсткаў. Кветку не бянтэжыла, што яна расла ў густой траве, а не каля дачы. Яна была задаволена ўсiм. Прагна цягнулася да сонца, мiлавалася iм i слухала, як высока-высока ў небе спявае жаўрук.
      Рамонак быў такi вясёлы i шчаслiвы, быццам у дзень, калi ён расцвiў, была нядзеля, а не панядзелак. Ён, як вучнi ў класе, смiрна сядзеў на сцяблiнцы i вучыўся ў яснага сонейка i ва ўсёй навакольнай прыроды. Нават не зайздросцiў жаўруку ў небе, якi бясконца лятаў i спяваў. Рамонку здавалася: ён шчаслiвы!
      Нiхто з дачных, ганарлiвых кветак не прыкмячаў рамонка, якi рос каля канавы. Затое ён часта заглядваўся на iх i думаў: "Якiя яны прыгожыя! Да iх абавязкова прыляцiць у госцi нябесны пяюн. Добра, што я расту побач, хаця ўбачу яго зблiзку".
      Раптам пачулася вельмi блiзка "квiр-квiр-вiт!" Жаўрук апусцiўся не ў дачны сад да пiвоняў i цюльпанаў, а проста ў траву, да сцiплай кветкi. Рамонак зусiм разгубiўся ад радасцi, не ведаў, што думаць, як быць!
      Птушка скакала вакол рамонка i спявала:
      "Ах, якая слаўная мяккая траўка! Якая мiленькая кветачка ў срэбранай сукенцы, з залатым сэрцайкам!"
      Жаўрук пацалаваў кветку, праспяваў ёй сваю песню i зноў узвiўся ў сiняе неба. Рамонак не ведаў, што i рабiць ад шчасця. А дачныя кветкi, якiя ўсё бачылi i чулi, гатовы былi лопнуць ад зайздрасцi i злосцi.
      У гэты час у сад выйшла дзяўчына з вострым нажом у руках. Яна пачала зразаць цюльпаны. Рамонак перажываў за iх. Але ж i радаваўся, што расце ў густой траве.
      З захадам сонца рамонак згарнуў пялёсткi, заснуў. Снiўся яму дзiўны сон пра мiлую птушку i чырвонае сонейка.
      Ранiцай кветка зноў выпрамiла пялёсткi i працягнула iх, як дзiця ручкi, да светлага сонейка. У той жа мiг пачуўся голас жаўрука. Але сёння ён быў нейкi сумны. Што здарылася?
      Птушка трапiла ў палон. Цяпер яна сядзела ў клетцы, якая вiсела каля расчыненага акна. Жаўрук спяваў пра высокае неба, пра свежую зелянiну палеткаў, пра волю.
      Рамонак засумаваў: "Як дапамагчы птушцы, чым?" Усё наўкол нiбыта патухла, нiчога не радавала.
      Раптам з сада выйшлi два хлопчыкi. У аднаго з iх быў вялiкi i востры нож. Яны наблiзiлiся да рамонка, пачалi гаварыць памiж сабой:
      - Вось тут можна выразаць кавалак дзёрну для нашага жаўрука.
      - Давай спачатку вырвем кветку.
      - Не, хай застанецца. Так прыгажэй!
      Яны запусцiлi нож у зямлю i выразалi чатырохвугольны кавалак дзёрну.
      Так рамонак трапiў у клетку да жаўрука.
      Спявак скардзiўся ўсё ранне на сваю няволю, бiўся грудкай аб жалезнае пруцце клеткi. А бедны рамонак не ўмеў гаварыць i не мог усцешыць яго нi слоўцам. А як хацелася дапамагчы сябру!
      А жаўрук скардзiўся:
      - Тут няма вады!.. Яны забылiся даць мне папiць. Пайшлi i не пакiнулi нi глыточка вады. У мяне зусiм перасохла ў горлачку. Тут - духата! Ах, я памру. Не ўбачу болей нi чырвонага сонейка, нi свежай зелянiны, нi ўсяго божага свету...
      Каб хоць як-небудзь асвяжыцца, жаўрук глыбока ўсунуў дзюбкў ў прахалодны дзёран... Убачыў рамонак, кiўнуў яму галавой, пацалаваў i сказаў:
      - I ты завянеш тут, бедны!.. Цябе ды вось гэты кавалачак зялёнай травы далi яны мне ўзамен усяго вольнага свету. Ты нагадваеш мне, чаго я пазбаўлены...
      "Ах, чым мне суцешыць яго?" - думаў рамонак. Ён не мог пашавялiць нi лiсцiкам i толькi ўсё мацней i мацней прыемна пахнуў. Жаўрук адчуў гэта i не крануў кветку, хаця ад смагi павышчыкваў усю траву.
      Наступiў вечар. А беднай птушцы так нiхто i не прынёс вады. Яна ў адчаi расправiла свае кароткiя крыльцы, сутаргава затрымцела i яшчэ некалькi разоў працiўкала:
      - Пiць!.. Пiць!..
      Раптам галоўка жаўрука схiлiлася набок. Сэрцайка яго разарвалася ад смутку i пакутаў.
      Рамонак не мог той ноччу згарнуць свае пялёсткi i заснуць, як раней. Ён зусiм захварэў, стаяў сумны, з панiклай галавой.
      Толькi на другую ранiцу падбеглi да клеткi хлопчыкi. Убачылi мёртвага жаўрука i горка-горка заплакалi.
      Хавалi птушку па-царску. Паклалi ў прыгожы чырвоны карабок. Выкапалi магiлку, упрыгожылi яе кветкамi. Бедны жаўрук! Пакуль ён жыў i спяваў, хлопчыкi забылiся пра яго, пакiнулi ў клетцы памiраць ад смагi. А цяпер пралiвалi горкiя слёзы над яго магiлкай.
      Не лепш яны аднеслiся i да рамонка. Разам з дзёрнам выкiнулi кветку на пыльную дарогу. А рамонку, якi больш за ўсiх любiў жаўрука, так хацелася быць разам з iм. Хаця б на яго магiлцы.
      ЛЁС ЛОПУХУ
      Перад багатаю сядзiбай быў разбiты дзiвосны сад з рэдкiмi дрэвамi i кветкамi. Госцi, якiя наязджалi ў маёнтак, уголас захаплялiся садам; гараджане i навакольныя сельскiя жыхары знарок прыязджалi сюды ў нядзелi i святы прасiць дазволу агледзець яго; з'яўлялiся сюды з тою ж мэтай i вучнi розных школ са сваiмi настаўнiкамi.
      За металiчнай агароджай сада, якая аддзяляла яго ад поля, вырас лопух; ён быў такi вялiкi, густы i раскiдзiсты, што па ўсёй справядлiвасцi заслугоўваў назвы лопухавага куста. Але нiхто не любаваўся на яго, акрамя старога асла, якi вазiў каламажку малочнiцы. Ён выцягваў сваю доўгую шыю i казаў лопуху:
      - Якi ты прыгожы! Так бы i з'еў цябе!
      Але вяроўка была кароткая, i аслу не ўдавалася дацягнуцца да лопуху.
      Неяк у садзе сабралася вялiкая кампанiя: да гаспадароў прыехалi знатныя госцi са сталiцы, маладыя людзi, цудоўныя дзяўчаты, i мiж iмi адна паненка здалёку, з Шатландыi, славутага роду i вельмi багатая. "Зайздросная нявеста!" - казалi халастыя маладыя людзi i iх матулi.
      Моладзь забаўлялася на лужку, гуляла ў кракет, затым усе накiравалiся ў сад; кожная паненка сарвала кветку i ўваткнула яе ў пятлiцу аднаго з маладых людзей. А юная шатландка доўга азiралася вакол, выбiрала, выбiрала, ды так нiчога i не выбрала; нi адна з садовых кветак не прыйшлася ёй да густу. Але вось яна глянула за агароджу, дзе рос лопух, убачыла яго сiнявата-чырвоныя пышныя кветкi, усмiхнулася i папрасiла сына гаспадара дома сарваць ёй адну з iх.
      - Гэта кветка Шатландыi! - сказала яна. - Яна красуецца ў шатландскiм гербе. Дайце мне яе!
      I ён сарваў самую прыгожую кветку, укалоўшы сабе пры гэтым пальцы, быццам яна расла на калючай шыпшыне.
      Паненка прасунула кветку маладому чалавеку ў пятлiцу, ён быў вельмi задаволены гэтым, ды i кожны з астатнiх маладых людзей ахвотна б аддаў сваю шыкоўную садовую кветку, каб толькi атрымаць з ручак цудоўнай шатландкi хоць лопух. Але ўжо калi быў усцешаны гаспадароў сын, то што ж адчуў сам лопух? Яго як быццам акрапiла расою, асвяцiла сонейкам.
      "Аднак я важней, чым думаў! - сказаў ён пра сябе. - Месца ж маё, бадай, у садзе, а не за дратамi. Вось, праўда, як дзiўна iграе намi лёс! Але цяпер хоць адно з маiх дзяцей перабралася за агароджу, ды яшчэ трапiла ў пятлiцу!"
      I з таго часу лопух расказваў аб гэтай падзеi кожнаму бутону, якi толькi што распускаўся. Не прайшло затым i тыдня, як лопух пачуў навiну - не ад людзей, не ад шчабятлiвых пташак, а ад самога паветра, якое ўспрымае i разносiць паўсюдна найменшы гук, што пачуўся ў самых глухiх алеях сада або ва ўнутраных пакоях дома, дзе вокны i дзверы адчынены насцеж. Вецер паведамiў, што малады чалавек, якi атрымаў з цудоўных рук шатландкi кветку лопуху, удастоiўся нарэшце атрымаць i руку i сэрца прыгажунi. Слаўная выйшла парачка, упаўне прыстойная партыя.
      - Гэта я iх сасватаў! - вырашыў лопух, успамiнаючы сваю кветку, якая трапiла ў пятлiцу. I кожная кветка, якая толькi распускалася, павiнна была выслухаць гэтую гiсторыю.
      "Мяне, канечне, перасадзяць у сад! - думаў лопух. - Можа быць, нават пасадзяць у гаршчок; цеснавата будзе, ну, ды затое ганарова!"
      I лопух так захапiўся гэтай марай, што ўжо з поўнаю ўпэўненасцю казаў: "Я траплю ў гаршчок!" - i абяцаў кожнай сваёй кветачцы, якая паяўлялася зноў, што яна таксама трапiць у гаршчок, а можа быць, нават i ў пятлiцу, - вышэй за гэта ўжо трапiць не было куды! Але нi адна з кветак не трапiла ў гаршчок, не кажучы ўжо аб пятлiцы. Яны ўбiралi ў сябе паветра i святло, сонечныя промнi ўдзень i кропелькi расы ноччу, цвiлi, прымалi вiзiты жанiхоў - пчол i восаў, якiя шукалi пасагу, кветкавага соку, атрымлiвалi яго i пакiдалi кветкi.
      - Разбойнiкi гэткiя! - казаў пра iх лопух. - Так бы i пракалоў iх наскрозь, ды не магу.
      Кветкi панiкалi галоўкамi, бляклi i завядалi, але на змену iм распускалiся новыя.
      - Вы з'яўляецеся якраз своечасова! - казаў iм лопух. - Я з хвiлiны на хвiлiну чакаю перасадкi туды, за агароджу.
      Нявiнныя рамонкi i макрычнiк слухалi яго з глыбокiм здзiўленнем, шчыра верачы кожнаму яго слову.
      А стары асёл, якi цягаў каламажку малочнiцы, стаяў на прывязi каля дарогi i любоўна касавурыўся на квiтучы лопух, але вяроўка была кароткая, i ён нiяк не мог дацягнуцца да куста.
      Лопух так многа думаў аб сваiм родзiчы, шатландскiм лопусе, што пад канец паверыў у сваё паходжанне з Шатландыi i ў тое, што iменна яго бацькi i красавалiся ў гербе краiны. Вялiкая гэта была думка, але чаму б такому вялiкаму лопуху i не мець вялiкiх думак?
      - Iншы раз паходзiш з такой славутай сям'i, што не асмелiшся i здагадвацца аб тым! - сказала крапiва, якая расла непадалёк, у яе таксама было нейкае цьмянае адчуванне, што пры належным доглядзе i яна магла ператварыцца ў кiсяю!
      Лета прайшло, прайшла i восень, лiсце з дрэў асыпалася, кветкi набылi больш яркую афарбоўку, але амаль страцiлi свой пах. Вучань садоўнiка распяваў у садзе з таго боку металiчных прутоў:
      Уверх на горку,
      Унiз пад горку
      Хуткi час бяжыць!
      Маладзенькiя елачкi ў лесе пачалi ўжо мардавацца перадкалядным сумам, але да каляд было яшчэ далёка.
      - А я ўсё яшчэ тут стаю! - сказаў лопух. - Нiкому як быццам i справы да мяне няма, а я ж наладзiў вяселле! Яны заручылiся, ды i пажанiлiся вось ужо тыдзень таму назад! Што ж, сам я кроку не зраблю - не магу!
      Прайшло яшчэ некалькi тыдняў. На лопусе красавалася ўжо толькi адна кветка, апошняя, але вялiкая i пышная. Вырасла яна амаль каля самых каранёў, вецер абвяваў яе холадам, фарбы яе звялi, i чашачка, такая вялiкая, быццам у кветкi артышоку, нагадвала цяпер высерабраны сланечнiк.
      У сад выйшла маладая парачка, муж i жонка. Яны iшлi ўздоўж садовай агароджы, i маладая жанчына зiрнула праз яе.
      - А вось ён, вялiкi лопух! Усё яшчэ стаiць! - усклiкнула яна. - Але на iм няма больш кветак!
      - Не, бачыш вунь марны цень апошняй! - сказаў муж, паказваючы на высерабраныя рэшткi кветкi.
      - А яна ўсё-такi прыгожая! - сказала жонка. - Трэба загадаць выразаць такую ж на рамцы вакол нашага партрэта.
      I маладому мужу зноў давялося пералезцi цераз агароджу i сарваць кветку лопуху. Кветка ўкалола яму пальцы - малады ж чалавек абазваў яе "марным ценем". I вось кветка трапiла ў сад, у дом i нават у залу, дзе вiсеў партрэт маладажонаў, напiсаны маслянымi фарбамi. У пятлiцы ў маладога была адлюстравана кветка лопуху. Пагаварылi i аб гэтай кветцы, i аб той, якую толькi што прынеслi; яе вырашана было выразаць на рамцы.
      Вецер падхапiў гэтыя размовы i разнёс iх далёка-далёка па ўсёй ваколiцы.
      - Чаго толькi не прыходзiцца перажыць! - сказаў лопух. - Мой першынец трапiў у пятлiцу, мой паследак трапiў у рамку! Куды ж траплю я?
      А асёл стаяў каля дарогi i касавурыўся на яго:
      - Падыдзi ж да мяне, салодкi мой! Я не магу падысцi да цябе - вяроўка кароткая!
      Але лопух не адказваў; ён усё больш i больш акунаўся ў думы. Так ён прадумаў амаль да каляд i нарэшце расцвiў думкай: "Калi дзеткi ўладкаваны добра, бацькi могуць прастаяць i за металiчнымi прутамi!"
      - Вось гэта высакародная думка! - сказаў сонечны прамень. - Але i вы зоймеце ганаровае месца!
      - У гаршку цi ў рамцы? - спытаў лопух.
      - У казцы! - адказаў прамень.
      Вось яна, гэтая казка!
      АНЁЛ
      Кожны раз, калi памiрае добрае, мiлае дзiця, з неба спускаецца божы анёл, бярэ дзiця на рукi i аблятае з iм на сваiх вялiкiх крылах усе яго любiмыя мясцiны. Па шляху яны набiраюць цэлы букет розных кветак i бяруць iх з сабою на неба, дзе яны расцвiтаюць яшчэ ярчэй, чым на зямлi. Бог прыцiскае ўсе кветкi да свайго сэрца, а адну кветку, якая здасца яму мiлей за ўсе iншыя, цалуе; кветка атрымае тады голас i можа далучыцца да хору блажэнных духаў.
      Усё гэта апавядаў божы анёл мёртваму дзiцёнку, узносячы яго ў сваiх абдымках на неба; дзiця слухала анёла, як скрозь сон. Яны праляталi над тымi мясцiнамi, дзе так часта гулялi дзецi пры жыццi, праляталi над зялёнымi садамi, дзе расло мноства цудоўных кветак.
      - Якiя ж узяць нам з сабою на неба? - спытаўся анёл.
      У садзе стаяў цудоўны, стройны ружовы куст, але нейчая злая рука надламала яго, так што галiны, усыпаныя буйнымi, напаўраспушчанымi бутонамi, амаль завялi i сумна павiслi.
      - Бедны куст! - сказала дзiця. - Возьмем яго, каб ён зноў расцвiў там, на небе.
      Анёл узяў куст i так моцна пацалаваў дзiця, што яно злёгку прыадкрыла вочкi. Потым яны нарвалi яшчэ шмат яркiх кветак, але, акрамя iх, узялi i сцiплы грымотнiк i просценькiх браткоў.
      - Ну вось, цяпер i хопiць! - сказала дзiця, але анёл пакiваў галавой, i яны паляцелi далей.
      Ноч была цiхая, светлая; увесь горад спаў; яны праляталi над адной з самых вузкiх вулiц. На маставой валялася салома, попел i ўсякi хлам: чарапкi, абломкi алебастры, анучы, старыя донцы ад капелюшоў, словам, усё, што ўжо адслужыла свой век або згубiла ўсякi выгляд; напярэдаднi якраз быў дзень пераезду.*
      * У Капенгагене кватэры здымалiся звычайна на паўгода, з 1 сакавiка да 1 верасня i з 1 верасня да 1 сакавiка; гэтыя два днi i былi днямi агульнага пераезду з кватэры на кватэру.
      I анёл паказаў на разбiты кветачны гаршчок, якi валяўся сярод гэтага хламу i з якога вывалiўся камяк зямлi, увесь аплецены каранямi вялiкай польнай кветкi; кветка звяла i нiкуды больш не была вартая, яе i выкiнулi.
      - Возьмем яе з сабою! - сказаў анёл. - Я раскажу табе пра гэтую кветку, пакуль мы ляцiм!
      I анёл пачаў расказваць.
      - На гэтай вузкай вулiцы, у нiзкiм падвале, жыў бедны хворы хлопчык. З самых раннiх гадоў ён ляжаў у пасцелi; калi ж адчуваў сябе асаблiва добра, то праходзiў на мылiцах па сваёй каморцы разы два назад i ўперад, вось i ўсё. Бывала, летам сонейка заглядвала на паўгадзiны i ў падвал; тады хлопчык садзiўся на сонейку i, трымаючы рукi супраць святла, любаваўся, як прасвечваецца ў яго тонкiх пальцах кроў; такое сядзенне на сонейку замяняла яму прагулку. Пра багатае асенняе ўбранне лясоў ён ведаў толькi таму, што сын суседаў прыносiў яму вясною першую ў кветках букавую галiнку; хлопчык трымаў яе над галавой i пераносiўся думкай пад зялёныя букi, дзе блiшчала сонейка i спявалi птушкi.
      Аднойчы суседаў сын прынёс хлопчыку польных кветак, памiж iмi была адна з карэньчыкамi; хлопчык пасадзiў яе ў кветкавы гаршчок i паставiў на акне каля свайго ложка. Мусiць, лёгкая рука пасадзiла кветку: яна прынялася, стала расцi, пускаць парасткi, кожны год цвiла i была для хлопчыка цэлым садам, яго маленькiм зямным скарбам. Хлопчык палiваў яе, даглядаў i клапацiўся пра тое, каб яго не абмiнуў нiводзiн прамень, якi прабiваўся ў каморку. Дзiця жыло i дыхала сваёй любiмiцай: яна ж цвiла, пахла i прыгажэла для яго аднаго. Да кветкi павярнуўся хлопчык нават у тую апошнюю хвiлiну, калi яго клiкаў да сябе гасподзь Бог... Вось ужо цэлы год, як хлопчык у Бога; цэлы год стаяла кветка, усiмi забытая, на акне, завяла, засохла i была выкiнута на вулiцу разам з iншым хламам. Вось гэтую бедную, завялую кветку мы i ўзялi з сабой: яна дала нам куды больш радасцi, чым самая яркая кветка ў садзе каралевы.
      - Адкуль ты ведаеш усё гэта? - спытала дзiця.
      - Ведаю! - адказаў анёл. - Я ж сам быў тым бедным калекам хлопчыкам, якi хадзiў на мылiцах! Я пазнаў сваю кветку!
      I дзiця шырока-шырока адкрыла вочкi, углядаючыся ў прывабны, радасны твар анёла. У тую ж самую хвiлiну яны апынулiся на небе ў Бога, дзе пануюць вечныя радасць i шчасце. Бог прыгарнуў да свайго сэрца мёртвае дзiця - i ў таго выраслi крылы, як у iншых анёлаў, ён паляцеў разам з iмi. Бог прытулiў да сэрца i ўсе кветкi, пацалаваў жа толькi бедную, звялую польную кветку, i тая далучыла свой голас да хору анёлаў, якiя акружалi Бога; адны ляталi каля яго, другiя - трошкi далей, трэцiя - яшчэ далей, i так да бясконцасцi, але ўсе былi аднолькава шчаслiвыя. Усе яны спявалi - i малыя, i вялiкiя, i добрае, толькi што памершае дзiця, i бедная польная кветачка, выкiнутая на маставую разам са смеццем i хламам.
      БУСЛЫ
      На даху самага крайняга дамка ў адным маленькiм мястэчку знайшла прытулак буслянка. У ёй сядзела матуля з чатырма птушанятамi, якiя высоўвалi з гнязда свае маленькiя чорныя дзюбы, - яны ў iх яшчэ не паспелi пачырванець. Непадалёку ад буслянкi, на самым каньку даху, стаяў, выцягнуўшыся ў струнку i падцiснуўшы пад сябе адну нагу, сам татухна; нагу ён падцiскаў, каб не стаяць на варце без справы. Можна было падумаць, што ён выразаны з дрэва, такi ён быў нерухомы.
      "Вось важна дык важна! - думаў ён. - Ля буслянкi маёй жонкi стаiць вартавы! Хто ж ведае, што я ейны муж? Могуць падумаць, што я выпраўлены сюды ў каравул. Вось жа важна!" I ён па-ранейшаму стаяў на адной назе.
      На вулiцы гуляла дзятва; убачыўшы бусла, самы гарэзлiвы з хлапчукоў зацягнуў, як умеў ды памятаў, старадаўнюю песеньку пра буслоў; за iм падхапiлi ўсе астатнiя:
      Бусел, бусел белы,
      Што стаiш дзень цэлы
      На назе адной?
      Дом пiльнуеш свой?
      Можа, хочаш гэтак
      Зберагчы ты дзетак?
      Смешна з клопатаў тваiх,
      Мы ўсё роўна зловiм iх!
      Аднаго мы - на шнурок,
      А другога - у ставок,
      Трэцяга - заколем,
      Меншага - зняволiм
      Ды ў вогнiшча кiнем,
      Там ён i загiне!
      - Паслухай, што пяюць хлапчукi! - сказалi птушаняты. - Яны кажуць, што нас павесяць ды ўтопяць!
      - Не трэба звяртаць на iх увагi! - сказала iм мацi. - Толькi не слухайце, нiчога i не здарыцца!
      Але хлапчукi не сунiмалiся, спявалi ды пацвельвалiся з буслоў; толькi адзiн з хлопчыкаў, якога звалi Петар, не схацеў далучыцца да таварышаў, гаворачы, што грэшна цвелiцца з жывёлы. А мацi суцяшала птушанят.
      - Не звяртайце ўвагi! - казала яна. - Глядзiце, як спакойна стаiць ваш бацька, i гэта на адной толькi назе!
      - А нам страшна! - сказалi птушаняты i глыбока-глыбока схавалi галоўкi ў буслянку.
      На другi дзень хлапчукi зноў высыпалi на вулiцу, убачылi буслоў ды зноў заспявалi:
      Аднаго мы - на шнурок,
      А другога - у ставок...
      - Дык нас павесяць ды ўтопяць? - зноў спыталiся птушаняты.
      - Ды не ўжо, не! - адказала мацi. - А вось неўзабаве мы распачнем навучанне! Вам трэба навучыцца лятаць! Калi ж навучыцеся, мы выправiмся з вамi на лугавiну ў госцi да жабак. Яны будуць прысядаць перад намi ў вадзе ды пяяць: "ква-ква-ква!" А мы з'ямо iх - вось будзе весела!
      - А потым? - спыталiся птушаняты.
      - А потым усе мы, буслы, збярэмся на асеннiя манеўры. Вось тады ўжо трэба ўмець лятаць як мае быць! Гэта вельмi важна! Таго, хто будзе лятаць дрэнна, генерал праткне сваёй вострай дзюбай! Дык вось, старайцеся з усяе сiлы, калi навучанне пачнецца!
      - Дык нас усё-ткi заколюць, як сказалi хлапчукi! Паслухай, яны зноў спяваюць!
      - Слухайце мяне, а не iх! - сказала мацi. - Пасля манеўраў мы паляцiм адсюль далёка-далёка, за высокiя горы, за цёмныя лясы, у цёплыя краi, у Егiпет! Там ёсць трохкутныя каменныя дамы; верхавiнамi яны ўпiраюцца ў самыя аблокi, а завуць iх пiрамiдамi. Яны пабудаваныя даўным-даўно, так даўно, што нiводзiн бусел нават i ўявiць сабе не можа! Там ёсць таксама рака, якая разлiваецца, i тады ўвесь бераг пакрываецца глеем! Ходзiш сабе па глеi ды частуешся жабкамi!
      - О! - сказалi птушаняты.
      - Так! Вось асалода! Там цалюсенькi дзень толькi i робiш што ясi. А вось у той час, як нам там будзе гэтак хораша, тут на дрэвах не застанецца анiводнага лiсточка, надыдзе такая халадэча, што воблакi застынуць кавалкамi ды будуць ападаць на зямлю белымi крошкамi!
      Яна хацела распавесцi iм пра снег, ды не ўмела растлумачыць як след.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20