Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Казкi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Андерсен Ганс / Казкi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 9)
Автор: Андерсен Ганс
Жанр:

 

 


      - Ну, а Кай жа, Кай? - спытала Герда. - Калi ж ён з'явiўся? I ён прыйшоў сватацца?
      - Пачакай! Пачакай! Вось мы якраз дайшлi i да яго!На трэцi дзень з'явiўся невялiчкi чалавечак, не ў карэце, не вярхом, а проста пяшком, i напрасткi ў палац. Вочы ззяюць, як твае, валасы доўгiя, вось толькi апрануты бедна.
      - Гэта Кай! - узрадавалася Герда. - Я знайшла яго! - I яна запляскала ў ладкi.
      - За плячыма ў яго была торба, - працягваў крумкач.
      - Не, гэта, пэўна, былi яго санкi! - сказала Герда. - Ён пайшоў з дому з санкамi.
      - Магчыма i так! - сказаў крумкач. - Я не асаблiва прыглядваўся. Дык вось, мая нявеста расказвала, як увайшоў ён у вароты палаца i ўбачыў гвардыю ў срэбры, а па ўсёй лесвiцы лакеяў у золаце, то нiколькi не разгубiўся, толькi галавой кiўнуў i сказаў: "Сумненька, вiдаць, стаяць тут на лесвiцы, увайду ж я лепш у пакоi!" А ўсе залы залiты святлом. Тайныя саветнiкi i iх правасхадзiцельствы пахаджваюць без ботаў, залатыя талеркi са стравамi разносяць, - больш урачыста i немагчыма. Боты яго жахлiва рыпяць, а яму хоць бы што.
      - Гэта, напэўна, Кай! - усклiкнула Герда. - Я ведаю, ён быў у новых ботах. Я сама чула, як яны рыпелi, калi ён прыходзiў да бабулi.
      - Так, яны вельмi рыпелi, - працягваў крумкач. - Але ён смела падышоў да прынцэсы. Яна сядзела на жамчужыне памерам з кола калаўрота, а вакол стаялi прыдворныя дамы са сваiмi служанкамi i служанкамi служанак i кавалеры са слугамi i слугамi слуг, а ў тых зноў прыслужнiкi. Чым блiжэй хтосьцi стаяў да дзвярэй, тым вышэй задзiраў нос. На прыслужнiка слугi, якi прыслужваў слузе i стаяў каля самых дзвярэй, нельга было i зiрнуць без дрыжыкаў - такi ён быў важны!
      - Ну i страхоцце ж! - сказала Герда. - А Кай усё ж такi ажанiўся з прынцэсай?
      - Калi б я не быў крумкачом, я б сам ажанiўся з ёю, хоць я i заручаны. Ён завёў з прынцэсай размову i размаўляў не горш, чым я па-крумкачынаму, - так, прынамсi, сказала мне мая нарачоная. Трымаўся ён свабодна i мiла i заявiў, што прыйшоў не сватацца, а толькi паслухаць разумную прынцэсу. Ну i вось, яна яму спадабалася, ён ёй таксама.
      - Так-так, гэта Кай! - сказала Герда. - Ён жа такi разумны! Ён ведаў усе чатыры дзеяннi арыфметыкi, ды яшчэ з дробамi! Ах, правядзi ж мяне ў палац!
      - Лёгка сказаць, - адказаў крумкач, - цяжка зрабiць. Пачакай, я пагавару з маёй нявестай, яна што-небудзь прыдумае i параiць нам. Ты думаеш, што цябе вось так прама i пусцяць у палац? Не, не вельмi i пускаюць такiх дзяўчынак!
      - Мяне пусцяць! - сказала Гёрда. - Калi Кай пачуе, што я тут, ён адразу ж прыбяжыць па мяне.
      - Пачакай мяне тут каля агароджы, - сказаў крумкач, страсянуў галавой i паляцеў.
      Вярнуўся ён ужо зусiм пад вечар i закаркаў:
      - Кар! Кар! Мая нявеста шле табе тысячу паклонаў i вось гэту булачку. Яна ўкрала яе на кухнi - там iх многа, а ты, пэўна, галодная!.. Ну, у палац табе не трапiць: ты ж босая - гвардыя ў срэбры i лакеi ў золаце нiзашто не прапусцяць цябе. Але не плач, ты ўсё ж такi будзеш там. Нявеста мая ведае, як прайсцi ў спальню прынцэсы з чорнага ходу i дзе дастаць ключ.
      I вось яны ўвайшлi ў сад, пайшлi па доўгiх алеях, дзе адно за адным падала асенняе лiсце, i калi агнi ў палацы патухлi, крумкач правёў дзяўчынку ў прачыненыя дзверы.
      О, як бiлася сэрцайка Герды ад страху i нецярплiвасцi! Нiбы яна збiралася зрабiць штосьцi дрэннае, а яна ж толькi хацела даведацца, цi не тут яе Кай! Так, так, ён, пэўна, тут! Герда так выразна ўяўляла сабе яго разумныя вочы, доўгiя валасы, i як ён усмiхаўся ёй, калi яны, бывала, сядзелi побач пад кустамi ружаў. А як узрадуецца ён цяпер, калi ўбачыць яе, пачуе, на якi доўгi шлях рашылася яна дзеля яго, даведаецца, як бедавалi з-за яго ўсе сваякi! Ах, яна была проста сама не свая ад страху i радасцi!
      Але вось яны на лесвiчнай пляцоўцы. На шафе гарэла лямпа, а на парозе сядзела ручная варона i азiралася на бакi. Герда прысела i пакланiлася, як вучыла яе бабуля.
      - Мой жанiх расказваў мне пра вас столькi добрага, паненка! - сказала ручная варона. - I ваша жыццё таксама вельмi жаласлiвае! Цi не возьмiце вы лямпу, а я пайду наперадзе. Мы пакiруем напрасткi i тут нiкога не сустрэнем.
      - А мне здаецца, за намi хтосьцi iдзе, - сказала Герда, i ў тую ж хвiлiну мiма яе з лёгкiм шумам пранеслiся нейкiя ценi: конi з трапяткiмi грывамi i тонкiмi нагамi, паляўнiчыя, дамы i кавалеры конна.
      - Гэта сны! - сказала ручная варона. - Яны з'яўляюцца сюды, каб думкi высокiх асоб паляцелi на паляванне. Тым лепш для нас, зручней будзе разгледзець спячых.
      Тут яны ўвайшлi ў першую залу, дзе сцены былi абабiты ружовым атласам, вытканым кветкамi. Мiма дзяўчынкi зноў пранеслiся сны, але так хутка, што яна не паспела разгледзець коннiкаў. Адна зала была прыгажэйшая за другую, так што было ад чаго збянтэжыцца. Нарэшце яны дайшлi да спальнi. Столь напамiнала верхавiну вялiзнай пальмы з каштоўным крыштальным лiсцем; з сярэдзiны столi спускалася тоўстае залатое сцябло, на якiм вiселi два ложкi ў выглядзе лiлей. Адзiн быў белы, у iм спала прынцэса, другi - чырвоны, i ў iм Герда спадзявалася знайсцi Кая. Дзяўчынка злёгку адхiнула адзiн з чырвоных пялёсткаў i ўбачыла цёмна-русую патылiцу. Гэта Кай! Яна гучна назвала яго па iменi i паднесла лямпу да самага яго твару. Сны з шумам адляцелi прэч; прынц прачнуўся i павярнуў галаву... Ах, гэта быў не Кай!
      Прынц быў падобны на яго толькi з патылiцы, але быў такi ж малады i прыгожы. З белай лiлеi выглянула прынцэса i запытала, што здарылася. Герда заплакала i расказала ўсю сваю гiсторыю, упамянуўшы i пра тое, што зрабiлi для яе крумкач i варона.
      - Ах ты небарака! - сказалi прынц i прынцэса, пахвалiлi крумкача i варону, аб'явiлi, што нiколькi не злуюцца на iх - толькi няхай яны не робяць гэтага ў далейшым, - i захацелi нават узнагародзiць iх. - Хочаце быць вольнымi птушкамi? - запытала прынцэса. - Цi жадаеце заняць пасаду прыдворных варон, на поўным забеспячэннi з кухонных рэшткаў?
      Крумкач з варонай пакланiлiся i папрасiлi пасады пры двары. Яны падумалi пра старасць i сказалi:
      - Добра ж мець надзейны кавалак хлеба на старасцi год!
      Прынц падняўся i ўступiў свой ложак Гердзе - больш ён пакуль нiчога не мог для яе зрабiць. А яна склала ручкi i падумала:"Якiя добрыя ўсе людзi i жывёлы!" - заплюшчыла вочы i салодка заснула. Сны зноў прыляцелi ў спальню, але цяпер яны везлi на маленькiх саначках Кая, якi кiваў Гердзе галавою. На жаль, усё гэта было толькi сном i знiкла, калi дзяўчынка прачнулася.
      На другi дзень яе апранулi з ног да галавы ў шоўк i аксамiт i дазволiлi заставацца ў палацы колькi яна пажадае.
      Дзяўчынка магла жыць ды пажываць тут прыпяваючы, але прагасцявала ўсяго некалькi дзён i пачала прасiць, каб ёй далi павозку з канём i чаравiкi - яна зноў хацела адправiцца па белым свеце на пошукi свайго пабрацiма.
      Ёй далi i чаравiкi, i муфту, i прыгожую сукенку, а калi яна развiталася з усiмi, да варот пад'ехала карэта з чыстага золата, з зiхоткiмi, як зоркi, гербамi прынца i прынцэсы; у фурмана, лакееў, фарэйтараў - далi ёй i фарэйтараў - красавалiся на галовах маленькiя залатыя кароны.
      Прынц i прынцэса самi пасадзiлi Герду ў карэту i пажадалi ёй шчаслiвай дарогi.
      Лясны крумкач, якi паспеў ужо ажанiцца, праводзiў дзяўчынку першыя тры мiлi i сядзеў у карэце побач з ёю - ён не мог ехаць, седзячы спiнаю да коней. Ручная варона сядзела на варотах i лопала крыламi. Яна не паехала праводзiць Герду, таму што ў яе балела галава, з таго часу як атрымала пасаду пры двары i занадта шмат ела. Карэта была бiтком набiта цукровымi крэндзелямi, а скрыня пад сядзеннем садавiнай i пернiкамi.
      - Бывай! Бывай! - закрычалi прынц i прынцэса.
      Герда заплакала, варона - таксама. Праз тры мiлi развiтаўся з дзяўчынкай i крумкач. Сумнае было развiтанне! Крумкач узляцеў на дрэва, махаў чорнымi крыламi да таго часу, пакуль карэта, зiхатлiвая, як сонца, не знiкла з поля зроку.
      Гiсторыя пятая
      Маленькая разбойнiца
      Вось Герда ўехала ў цёмны лес, у якiм жылi разбойнiкi. Карэта гарэла як жар, яна сляпiла разбойнiкам вочы, i яны проста не маглi яе прапусцiць.
      - Золата! Золата! - закрычалi яны, схапiўшы коней за аброцi, забiлi маленькiх фарэйтараў, фурмана, слуг i выцягнулi з карэты Герду.
      - Бач якая слаўненькая, тлусценькая! Арэшкамi кармiлi! - сказала старая разбойнiца з доўгай шорсткай барадой i махнатымi, навiслымi брывамi. Тлусценькая, як баранчык! Ану, якая на смак будзе?
      I яна выцягнула востры зiхоткi нож. Якi жах!
      - Ай! - ускрыкнула яна раптам: разбойнiцу ўкусiла за вуха яе ўласная дачка, якая сядзела ў старой за спiнай i была такая нястрымная i свавольная, што проста дзiва! - Ах, ты паганая дзяўчынка! - закрычала мацi, але забiць Герду не паспела.
      - Яна будзе гуляць са мной, - сказала маленькая разбойнiца. - Яна аддасць мне сваю муфту, сваю прыгожую сукенку i будзе спаць са мной на маёй пасцелi.
      I дзяўчынка зноў так укусiла мацi, што тая падскочыла i закруцiлася на месцы. Разбойнiкi зарагаталi.
      - Бач як скача перад сваёй дзяўчынкай!
      - Хачу ў карэту! - закрычала маленькая разбойнiца i дамаглася свайго - яна была вельмi распешчаная i ўпартая.
      Яны ўселiся з Гердай у карэту i памчалi па пнях i купiнах у лясны гушчар.
      Маленькая разбойнiца была ростам з Герду, але здаравейшая, шырэйшая ў плячах i больш смуглая. Вочы ў яе былi зусiм чорныя, але нейкiя сумныя. Яна абняла Герду i сказала:
      - Яны цябе не заб'юць, пакуль я не раззлуюся на цябе. Ты, пэўна, прынцэса?
      - Не, - адказала дзяўчынка i расказала, што давялося ёй перажыць i як яна любiць Кая.
      Маленькая разбойнiца сур'ёзна паглядзела на яе, злёгку кiўнула i сказала:
      - Яны цябе не заб'юць, нават калi я i раззлуюся на цябе, - я лепш сама заб'ю цябе!
      I яна выцерла слёзы Гердзе, а потым схавала абедзве рукi ў яе прыгожую, мяккую, цёплую муфтачку.
      Вось карэта спынiлася: яны ўехалi на двор разбойнiцкага замка.
      Ён быў увесь у вялiкiх расколiнах; з iх выляталi крумкачы i вароны. Аднекуль выскачылi вялiзныя бульдогi, здавалася, кожнаму з iх хоць бы што праглынуць чалавека, але яны толькi высока падскоквалi i нават не брахалi гэта было забаронена. Пасярод вялiкай залы з напаўразбуранымi закуродымленымi сценамi i каменнай падлогай палала вогнiшча. Дым падымаўся да столi i сам павiнен быў шукаць сабе выхаду. Над вогнiшчам кiпеў у вялiзным катле суп, а на ражнах смажылiся зайцы i трусы.
      - Ты будзеш спаць разам са мной вось тут, каля майго маленькага звярынца, - сказала Гердзе маленькая разбойнiца.
      Дзяўчынак накармiлi, напаiлi, i яны пайшлi ў свой куток, дзе была паслана салома, накрытая дыванамi. Вышэй сядзела на жэрдках больш за сотню галубоў. Усе яны, здавалася, спалi, але калi дзяўчынкi падышлi, злёгку заварушылiся.
      - Усе мае! - сказала маленькая разбойнiца, схапiла аднаго голуба за ногi i так страсянула яго, што той залопаў крыламi. - На, пацалуй яго! - крыкнула яна i сунула голуба Гердзе проста ў твар. - А вось тут сядзяць лясныя ашуканчыкi, - працягвала яна, паказваючы на двух галубоў, якiя сядзелi ў невялiкiм заглыбленнi ў сцяне, за драўлянымi кратамi. - Гэтыя абодва - лясныя ашуканчыкi. Iх трэба трымаць пад замком, бо хутка знiкнуць! А вось i мой мiлы старыкан! - I дзяўчынка тузанула за рогi прывязанага да сцяны паўночнага аленя з блiскучым медным ашыйнiкам. - Яго таксама патрэбна трымаць на прывязi, iнакш уцячэ! Кожны вечар я казычу яго пад шыяй сваiм вострым нажом - ён да смерцi гэтага баiцца.
      Затым маленькая разбойнiца выцягнула з расколiны ў сцяне доўгi нож i правяла iм па шыi аленя. Няшчасная жывёлiна пачала брыкацца, а дзяўчынка зарагатала i пацягнула Герду да пасцелi.
      - Няўжо ты i спiш з нажом? - запыталася ў яе Герда.
      - Заўсёды! - адказала маленькая разбойнiца. - Мала што можа здарыцца! Ну, раскажы мне яшчэ раз пра Кая i пра тое, як ты адправiлася падарожнiчаць па белым свеце.
      Герда расказала. Лясныя галубы ў клетцы цiха буркавалi; iншыя галубы ўжо спалi. Маленькая разбойнiца абвiла адной рукой шыю Герды - у другой у яе быў нож - i захрапла, але Герда не магла заплюшчыць вачэй, не ведаючы, заб'юць яе цi пакiнуць жывой.
      Раптам лясныя галубы прабуркавалi:
      - Курр! Курр! Мы бачылi Кая! Белая курыца несла на спiне яго санкi, а ён сядзеў на санях Снежнай каралевы. Яны ляцелi над лесам, калi мы, птушаняты, яшчэ ляжалi ў гняздзе. Яна дыхнула на нас, i ўсе памерлi, акрамя нас дваiх. Курр! Курр!
      - Што вы кажаце! - усклiкнула Герда. - Куды ж паляцела Снежная каралева? Ведаеце?
      - Напэўна, у Лапландыю - там жа вечны снег i лёд. Запытайся ў паўночнага аленя, якi прывязаны тут.
      - Так, там вечны снег i лёд. Дзiва як добра! - сказаў паўночны алень. Там скачаш сабе на волi па вялiзных зiхатлiвых раўнiнах. Там стаiць летнi шацёр Снежнай каралевы, а сталае яе прыстанiшча - палац каля Паўночнага полюса, на выспе Шпiцберген.
      - О Кай, мой мiлы Кай! - уздыхнула Герда.
      - Ляжы цiха, - сказала маленькая разбойнiца, - бо пырну цябе нажом!
      Ранiцай Герда расказала ёй, што чула ад лясных галубоў. Маленькая разбойнiца сур'ёзна паглядзела на Герду, кiўнула галавой i сказала:
      - Ну, няхай будзе так!.. А ты ведаеш, дзе Лапландыя? - запыталася яна пасля ў паўночнага аленя.
      - Каму ж i ведаць, калi не мне! - адказаў алень, i вочы яго заззялi. - Там я нарадзiўся i вырас, там скакаў па снежных раўнiнах.
      - Дык слухай, - сказала Гердзе маленькая разбойнiца. - Бачыш, усе нашы пайшлi, дома засталася адна мацi; трохi счакаўшы яна глыне са сваёй вялiкай бутэлькi i задрэмле, тады я штосьцi зраблю для цябе.
      I вось старая глынула са сваёй бутэлькi i захрапла, а маленькая разбойнiца падышла да паўночнага аленя i сказала:
      - Яшчэ доўга можна было б здзеквацца з цябе! Занадта ж ты пацешны, калi цябе казычыш вострым нажом. Ну, ды няхай будзе так! Я адвяжу цябе i адпушчу на волю. Можаш бегчы ў сваю Лапландыю, але за гэта ты павiнен адвезцi да палаца Снежнай каралевы гэту дзяўчынку - там яе пабрацiм. Ты ж, канешне, чуў, што яна расказвала? Яна гаварыла гучна, а ў цябе заўжды слых на семярых.
      Паўночны алень так i падскочыў ад радасцi. А маленькая разбойнiца пасадзiла на яго Герду, моцна прывязала для пэўнасцi i нават падсунула пад яе мяккую падушку, каб ёй зручней было сядзець.
      - Няхай будзе так, - сказала яна затым, - вазьмi назад свае футровыя боцiкi - холадна ж будзе! А муфту ўжо я пакiну сабе, вельмi ж яна прыгожая. Але мерзнуць я табе не дам: вось вялiкiя рукавiцы маёй мацi, яны дойдуць табе да самых локцяў. Засунь у iх рукi! Ну вось, цяпер рукi ў цябе, як у маёй пачварнай мацi.
      Герда плакала ад радасцi.
      - Цярпець не магу, калi хныкаюць! - сказала маленькая разбойнiца. - Ты павiнна радавацца. Вось табе яшчэ два боханы i кумпяк, каб не давялося галадаць.
      I тое i другое было прывязана да аленя.
      Потым маленькая разбойнiца адчынiла дзверы, заманiла сабак у дом, перарэзала сваiм вострым нажом вяроўку, якою быў прывязаны алень, i сказала яму:
      - Ну, хутчэй! Ды беражы мне дзяўчынку.
      Герда працягнула маленькай разбойнiцы абедзве рукi ў вялiкiх рукавiцах i развiталася з ёю. Паўночны алень пабег што меў сiлы праз пнi i купiны па лесе, па балотах i стэпах. Вылi ваўкi, каркалi вароны.
      - Ух! Ух! - пачулася раптам з неба, i яно быццам пачало чхаць агнём.
      - Вось маё роднае паўночнае ззянне! - сказаў алень. - Глядзi, як гарыць.
      I ён пабег далей, не спыняючыся нi ўдзень, нi ўночы. Хлеб быў з'едзены, вяндлiна таксама, i нарэшце яны апынулiся ў Лапландыi.
      Гiсторыя шостая
      Лапландка i фiнка
      Алень спынiўся каля ўбогай хацiны. Дах спускаўся да самай зямлi, а дзверы былi такiя нiзенькiя, што людзям даводзiлася прапаўзаць у iх на карачках.
      Дома была адна старая лапландка, якая смажыла рыбу пры святле тлушчавай лямпы. Паўночны алень расказаў лапландцы ўсю гiсторыю Герды, але спачатку паведаў сваю ўласную - яна здавалася яму больш важнай.
      Герда ж так скалела на холадзе, што i гаварыць не магла.
      - Ах вы небаракi! - сказала лапландка. - Доўгi ж у вас яшчэ наперадзе шлях! Давядзецца пераадолець сто з лiшнiм мiль, пакуль дабярэцеся да Фiнляндыi, дзе Снежная каралева жывё на дачы i кожны вечар запальвае блакiтныя бенгальскiя агнi. Я напiшу некалькi слоў на сушанай трасцэ - паперы ў мяне няма, - i вы аднясеце пасланне фiнцы, якая жыве ў тых мясцiнах i лепш за мяне здолее навучыць вас, што патрэбна рабiць.
      Калi Герда сагрэлася, паела i напiлася, лапландка напiсала некалькi слоў на сушанай трасцэ, наказала Гердзе вельмi берагчы яе, потым прывязала дзяўчынку да спiны аленя, i той зноў памчаўся.
      - Ух! Ух! - пачулася зноўку з неба, i яно пачало выкiдваць слупы дзiвоснага блакiтнага полымя. Так дабег алень з Гердай i да Фiнляндыi i пастукаўся да фiнкi ў комiн - у яе хацiне i дзвярэй нават не было.
      Ды затое, якая цеплыня ў жыллi! Сама фiнка, нiзенькая тоўстая жанчына, хадзiла напаўголая. Жвава сцягнула яна з Герды вопратку, рукавiцы i боты, iнакш дзяўчынцы было б горача, паклала аленю на галаву кавалак лёду i затым пачала чытаць тое, што было напiсана на сушанай трасцэ.
      Яна прачытала ўсё ад слова да слова тры разы, пакуль не вывучыла напамяць, а потым сунула траску ў кацёл - рыба ж была прыдатная для ежы, а ў фiнкi нiчога дарэмна не прападала.
      Тут алень расказаў спачатку сваю гiсторыю, а потым гiсторыю Герды. Фiнка мiргала сваiмi разумнымi вачыма, але не гаварыла нi слова.
      - Ты такая мудрая жанчына... - сказаў алень. - Цi не прыгатуеш для дзяўчынкi такое пiтво, якое б дало ёй моц дванаццацi асiлкаў? Тады б яна адолела Снежную каралеву!
      - Моц дванаццацi асiлкаў! - сказала фiнка. - Ды цi многа ў тым карысцi!
      З гэтымi словамi яна ўзяла з палiцы вялiкi скураны скрутак i разгарнула яго: ён быў увесь спiсаны нейкiмi дзiўнымi пiсьмёнамi.
      Фiнка пачала чытаць яго i чытала датуль, пакуль пот градам не пакацiўся з яе iлба.
      Алень зноў пачаў прасiць дапамагчы Гердзе, а сама Герда глядзела на фiнку такiмi ўмольнымi вачыма, што тая зноў замiгала, адвяла аленя ўбок i, мяняючы яму на галаве лёд, шапнула:
      - Кай сапраўды ў Снежнай каралевы, але ён цалкам задаволены i думае, што лепей яму нiдзе i быць не можа. Прычынай жа ўсяму асколкi люстэрка, якiя сядзяць у ягоным сэрцы i ў воку. Iх трэба дастаць, iначай Снежная каралева захавае над iм сваю ўладу.
      - А цi не можаш ты даць Гердзе што-небудзь такое, што зробiць яе дужэйшай за ўсiх?
      - Дужэйшай, чым яна ёсць, я не магу яе зрабiць. Не бачыш хiба, якая вялiкая ў яе сiла? Не бачыш, што ёй служаць i людзi i звяры? Яна ж босая абышла паўсвету! Не ў нас займаць ёй сiлу, яе сiла ў яе сэрцы, у тым, што яна бязвiннае мiлае дзiця. Калi яна сама не зможа прабрацца ў палац Снежнай каралевы i дастаць з сэрца Кая асколак, то мы i тым больш ёй не дапаможам! Праз дзве мiлi адсюль пачынаецца сад Снежнай каралевы. Аднясi туды дзяўчынку, пакiнь каля вялiкага куста, абсыпанага чырвонымi ягадамi, i, не марудзячы, вяртайся назад.
      З гэтымi словамi фiнка пасадзiла Герду на спiну аленя, i той кiнуўся бегчы з усiх ног.
      - Ай, я без цёплых ботаў! Ай, я без рукавiц! - закрычала Герда, апынуўшыся на марозе.
      Ды алень не мог спынiцца, пакуль не дабег да куста з чырвонымi ягадамi. Тут ён апусцiў дзяўчынку, пацалаваў яе ў вусны, i па ягоных шчоках пакацiлiся буйныя блiскучыя слёзы. Затым ён стралой паляцеў назад.
      Няшчасная дзяўчынка засталася адна на траскучым марозе, без чаравiкаў, без рукавiц.
      Яна пабегла наперад на ўсю моц. Насустрач ёй ляцеў цэлы полк снежных камякоў, але яны не падалi з неба - неба было зусiм яснае, i ў iм палымнела паўночнае ззянне, - не, яны беглi па зямлi проста на Герду i станавiлiся ўсё буйнейшымi i буйнейшымi.
      Герда прыгадала вялiкiя прыгожыя камякi пад павелiчальным шклом, але гэтыя былi значна большыя, страшнейшыя, i ўсе жывыя.
      Гэта былi перадавыя дазорныя войскi Снежнай каралевы.
      Адны нагадвалi сабой вялiкiх пачварных вожыкаў, другiя - стогаловых змеяў, трэцiя - тоўстых медзведзянят з узлахмачанай поўсцю. Але ўсе яны аднолькава зiхацелi белiзной, усе былi жывымi снежнымi камякамi.
      Аднак Герда смела iшла ўсё наперад i наперад i нарэшце дабралася да палаца Снежнай каралевы.
      Паглядзiм жа, што адбывалася ў гэты час з Каем. Ён i не думаў пра Герду, а ўжо менш за ўсё пра тое, што яна вельмi блiзка ад яго.
      Гiсторыя сёмая
      Што здарылася ў палацы Снежнай каралевы i што адбылося потым
      Сценамi палаца былi завiрухi, вокнамi i дзвярыма - вятры. Больш за сто залаў цягнулася тут адна за адной так, як намятала iх завiруха. Усе яны асвятлялiся паўночным ззяннем, i самая вялiкая распасцiралася на мноства мiль. Як холадна, як пустэльна было ў гэтых белых, ярка ззяючых пакоях! Весялосць нiколi не заглядвала сюды. Нiколi не праводзiлiся тут мядзведжыя балi з танцамi пад музыку буры, на якiх маглi б вызначыцца зграбнасцю i ўменнем хадзiць на заднiх лапах белыя мядзведзi; нiколi не гулялi ў карты са спрэчкамi i бойкай, не збiралiся паразмаўляць за кубкам кавы беленькiя кумкi-лiсiчкi.
      Холадна, пустэльна, грандыёзна! Паўночнае ззянне ўспыхвала i гарэла так размерана, што можна было дакладна разлiчыць, у якую хвiлiну святло ўзмацнiцца, у якую пацямнее. Пасярод самай вялiкай пустэльнай снежнай залы знаходзiлася замёрзлае возера. Лёд патрэскаўся на iм на тысячы кавалкаў, такiх аднолькавых i правiльных, што гэта здавалася, якiмсьцi фокусам. Пасярод возера сядзела Снежная каралева, калi бывала дома, сцвярджаючы, што сядзiць на люстэрку розуму, на яе думку, гэта было адзiнае i лепшае люстэрка ў свеце.
      Кай зусiм ссiнеў, амаль счарнеў ад холаду, але не заўважаў гэтага пацалункi Снежнай каралевы зрабiлi яго неадчувальным да холаду, ды i само сэрца яго было ўсё роўна як кавалак лёду. Кай поркаўся каля плоскiх востраканцовых iльдзiн, укладваючы iх на разнастайныя лады. Ёсць такая гульня - складванне фiгур з драўляных дошчачак, - якая называецца кiтайскай галаваломкай. Вось Кай таксама складваў розныя забаўныя фiгуры, толькi з iльдзiн i гэта называлася ледзяной гульнёй розуму. У ягоных вачах гэтыя фiгуры былi цудам мастацтва, а складванне iх - заняткам першараднай важнасцi. Гэта здарылася таму, што ў ягоным воку сядзеў асколак чароўнага люстэрка.
      Складваў ён i такiя фiгуры, з якiх атрымлiвалiся цэлыя словы, але нiяк не мог скласцi таго, што яму асаблiва хацелася, - слова "вечнасць". Снежная каралева сказала яму: "Калi ты складзеш гэта слова, ты будзеш сам сабе пан, i я падару табе ўвесь свет i новыя канькi". Але ён нiяк не мог яго скласцi.
      - Цяпер я палячу ў цёплыя краiны, - сказала Снежная каралева, - зазiрну ў чорныя катлы.
      Так яна называла кратэры агнядышных гор - Этны i Везувiя.
      - Пабялю iх трошкi. Гэта карысна для лiмонаў i вiнаграду.
      Яна паляцела, а Кай застаўся адзiн у неабсяжнай пустэльнай залё, глядзеў на iльдзiны i ўсё думаў, думаў, аж у галаве ягонай трашчала. Ён сядзеў на месцы, такi бледны, нерухомы, быццам нежывы. Можна было падумаць, што ён зусiм змерз.
      Якраз у гэты час у вялiзныя вароты, якiмi былi парывiстыя вятры, уваходзiла Герда. I перад ёю вятры сцiхлi, нiбы паснулi. Яна ўвайшла ў велiзарную пустэльную ледзяную залу i ўбачыла Кая. Адразу пазнаўшы яго, дзяўчынка кiнулася яму на шыю, моцна абняла i ўсклiкнула:
      - Кай, мiлы мой Кай! Нарэшце ж я знайшла цябе!
      Але ён сядзеў усё такi ж нерухомы i халодны. I тады Герда заплакала; гарачыя слёзы яе пацяклi яму на грудзi, пранiклi ў сэрца, растапiлi ледзяную кару, расплавiлi асколак. Кай зiрнуў на Герду i раптам залiўся слязамi i плакаў так моцна, што асколак выцек з вока разам са слязамi. Тады ён пазнаў Герду i ўзрадаваўся:
      - Герда! Мiлая Герда!.. Дзе ж гэта ты была так доўга? Дзе ж быў я сам? - I ён агледзеўся вакол. - Як тут холадна i пустэльна!
      I ён моцна абняў Герду. А яна смяялася i плакала ад радасцi. I гэта было так цудоўна, што нават iльдзiны пусцiлiся ў скокi, а калi стамiлiся, то ўлеглiся i склалi тое самае слова, якое задала скласцi Каю Снежная каралева. Склаўшы яго, ён мог стаць сам сабе панам ды яшчэ атрымаць ад яе ў падарунак увесь свет i новыя канькi.
      Герда пацалавала Кая ў абедзве шчокi, i яны зноў запунсавелi, як ружы; пацалавала яго ў вочы, i яны заблiшчалi; пацалавала яго рукi i ногi, i ён зноў стаў бадзёрым i здаровым.
      Снежная каралева магла вярнуцца невядома калi - яго адпускная ляжала тут, напiсаная блiскучымi ледзянымi лiтарамi.
      Кай з Гердай поплеч выйшлi з ледзянога палаца. Яны iшлi i размаўлялi пра бабулю, пра ружы, якiя квiтнелi ў iх садку, i перад iмi сцiхалi парывiстыя вятры, праглядвала сонца. А калi дайшлi да куста з чырвонымi ягадамi, там ужо чакаў iх паўночны алень.
      Кай i Герда накiравалiся спачатку да фiнкi, адагрэлiся ў яе i даведалiся пра дарогу дамоў, а потым - да лапландкi. Тая пашыла iм новае адзенне, адрамантавала свае санi i паехала iх праводзiць.
      Алень таксама праводзiў юных падарожнiкаў аж да самай гранiцы Лапландыi, дзе ўжо прабiвалася першая трава. Тут Кай i Герда развiталiся з iм i лапландкай.
      Вось перад iмi i лес. Заспявалi першыя птушкi, дрэвы пакрылiся зялёнымi пупышкамi. З лесу насустрач падарожнiкам выехала вярхом на прыгожым канi маладая дзяўчына ў ярка-чырвонай шапачцы, з пiсталетамi за поясам.
      Герда адразу пазнала i каня - ён быў калiсьцi запрэжаны ў залатую карэту i дзяўчыну. Гэта была маленькая разбойнiца.
      Яна таксама пазнала Герду. Колькi было радасцi!
      - Бач ты, валацуга! - сказала яна Каю. - Хацела б я ведаць, цi варты ты таго, каб па цябе бегалi на край свету.
      Але Герда пагладзiла яго па шчацэ i запытала пра прынца i прынцэсу.
      - Яны паехалi ў чужую краiну, - адказала маладая разбойнiца.
      - А крумкач? - пацiкавiлася Герда.
      - Лясны крумкач памёр; ручная варона засталася ўдавой, ходзiць з чорнай шарсцiнкай на ножцы i скардзiцца на лёс. Ды ўсё гэта дробязi, а вось ты лепш раскажы, што з табой было i як ты адшукала яго.
      Герда i Кай расказалi ёй пра ўсё.
      - Ну, вось i казцы канец! - сказала маладая разбойнiца, пацiснула iм рукi i паабяцала наведаць iх, калi заедзе ў горад.
      Затым яна накiравалася сваёй дарогай, а Кай i Герда - сваёй.
      Яны iшлi, i на iх шляху расцвiталi вясновыя кветкi, зелянела трава. Нарэшце пачуўся перазвон, i яны пазналi званiцы свайго роднага горада. Яны паднялiся па знаёмай лесвiцы i ўвайшлi ў пакой, дзе ўсё было па-старому: гадзiннiк вызвоньваў "цiк-так", стрэлкi рухалiся па цыферблаце. Але, праходзячы ў нiзенькiя дзверы, яны заўважылi, што сталi зусiм дарослымi. Квiтнеючыя ружавыя кусты пазiралi з даху ў адчыненае акенца; тут жа стаялi iх дзiцячыя крэслiцы. Кай з Гердай селi кожны на сваё, узялiся за рукi, i халоднае, пустэльнае хараство пакояў Снежнай каралевы забылася, як цяжкi сон.
      Так сядзелi яны побач, абое ўжо дарослыя, але дзецi сэрцам i душою, а на дварэ было лета, цёплае цудоўнае лета.
      ЕЛКА
      У лесе стаяла цудоўная елачка. Месца ў яе было добрае, паветра i святла ўдосталь; наўкол раслi сяброўкi больш старэйшыя - i елкi, i сосны. Елачцы страшэнна хацелася як найхутчэй вырасцi; яна не думала нi пра цёплае сонейка, нi пра свежае паветра, не было ёй справы i да балбатлiвых сялянскiх дзяцей, што хадзiлi ў лес па сунiцы i малiну; i, назбiраўшы поўныя кубачкi, альбо нанiзаўшы ягады, быццам пацеркi, на тонкiя пруткi, прысаджвалiся пад елачку адпачыць i заўсёды казалi:
      - Вось слаўная елачка! Прыгожанькая, маленькая!
      Такiх размоў дрэўца i слухаць не хацела.
      Мiнуў год - i ў елачкi прыбавiлася адно каленца, мiнуў яшчэ год прыбавiлася яшчэ адно: так па колькасцi каленцаў i можна было даведацца колькi гадоў елцы.
      - Ах, калi б я была гэткай жа вялiкай, як iншыя дрэвы! - уздыхала елачка. - Тады б i я шырока развiнула сваё голле, высока падняла галаву, i мне вiдаць было б далёка-далёка наўкол! Птушкi звiлi б у маiм голлi гнёзды, а калi дзьмуў бы вецер, я гэтаксама важна кiвала б галавою, як iншыя!
      I нi сонейка, нi спевы птушак, нi ружовыя ранiшнiя i вечаровыя аблокi не давалi ёй анiякага задавальнення.
      Стаяла зiма, зямля была заслана ззяючым снежным дываном; па снезе не-не ды прабягаў заяц i часам нават пераскокваў цераз елачку - вось крыўда! Але прайшло яшчэ дзве зiмы, i да трэцяй дрэўца падрасло ўжо настолькi, што зайцу даводзiлася абмiнаць яго.
      "Так, расцi, расцi i хутчэй зрабiцца вялiкiм, старым дрэвам - што можа быць лепш за гэта!" - думалася елачцы.
      Кожную восень у лесе з'яўлялiся дрывасекi i секлi самыя вялiкiя дрэвы. Елачка ўсялякi раз трэслася ад жаху пры выглядзе агромнiстых дрэў, што з шумам падалi на зямлю. Iх ачышчалi ад голля, i яны валялiся на зямлi такiмi голымi, доўгiмi i тонкiмi. Ледзь можна было пазнаць iх! Пасля iх клалi на калёсы i вывозiлi з лесу.
      Куды? Навошта?
      Вясною, калi прыляцелi ластаўкi i буслы, дрэўца запыталася ў iх:
      - Цi не ведаеце вы, куды павезлi тыя дрэвы? Цi не сустракалi вы iх?
      Ластаўкi нiчога не ведалi, але адзiн з буслоў падумаў, кiўнуў галавою i сказаў:
      - Магчыма! Я сустракаў на моры, на шляху з Егiпта, шмат новых караблёў з дзiвоснымi, высокiмi мачтамi. Ад iх пахла елкаю i сасною. Вось дзе яны!
      - Ах, хутчэй бы i мне вырасцi ды пусцiцца на мора! А якое гэтае мора, на што яно падобнае?
      - Ну, гэта доўга расказваць, - адказаў бусел i паляцеў.
      - Радуйся свайму юнацтву! - казалi елачцы сонечныя промнi. - Радуйся свайму здароваму росту, сваёй маладосцi i жыццёвым сiлам!
      I вецер цалаваў дрэва, раса пралiвала над iм слёзы, але елка нiчога гэтага не цанiла.
      Перад Калядамi ссеклi некалькi зусiм маладзенькiх елак; некаторыя з iх былi нават меншымi, чым наша елачка, якой так хацелася хутчэй вырасцi. Усе ссечаныя дрэўцы былi на дзiва прыгожанькiмi; iх не ачышчалi ад голля, а проста паклалi на санкi i павезлi з лесу.
      - Куды? - запыталася елка. - Яны не большыя, чым я, адна нават меншая. I чаму на iх пакiнулi ўсё голле? Куды iх павезлi?
      - Мы ведаем! Мы ведаем! - працырыкалi вераб'i. - Мы былi ў горадзе i заглядвалi ў вокны! Мы ведаем, куды iх павезлi! Яны трапяць у такую пашану, што i сказаць нельга! Мы заглядвалi ў вокны i бачылi! Iх паставiлi пасярод цёплага пакоя i ўпрыгожылi дзiвоснымi рэчамi - залочанымi яблыкамi, мядовымi пернiкамi i мноствам свечак!

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20