Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Чорны замак Альшанскі

ModernLib.Net / Исторические детективы / Караткевіч Уладзімір / Чорны замак Альшанскі - Чтение (стр. 22)
Автор: Караткевіч Уладзімір
Жанр: Исторические детективы

 

 


— Так, — ён глядзеў некуды праз мяне сваімі доўгімі вачыма.

— І не пасаромеліся звязацца з імі. З трайнымі здраднікамі свайго краю. І тут была ваша апошняя спроба зрабіць з гэтых вялых паасобных пальцаў адзін кулак. Яны цягнулі ў розныя бакі. Вам былі патрэбныя толькі радавыя клейноды. Ну і, калі я не памыляюся, акрамя гэтых радавых грамат, была патрэбная. Словам, было патрэбнае нешта, каб легенда пра двух князёў Альшанскіх так і засталася легендай. Як назаўсёды засталася легендай гісторыя пра кляты богам замак Алелькавіча-Слуцкага на Князь-возеры… Што гэта было?

— Хроніка. Бязлітасная да нашага дому. Хранілася, каб ведалі і не дапускалі да яе нікога. Пра яе казала тая частка тэксту ў кнізе, якую вы так і не расшыфравалі.

— Угм. Ад забойства Валюжынічаў да клятвы князя на Евангеллі.

— Што яму было Евангелле? — паціснуў ён плячыма.

— Ён кляўся, што яны жывыя.

— Яны і сапраўды яшчэ два тыдні былі жывыя.

— Ну так. Што яму было да Евангелля? Як некаторым нашым сучаснікам да сумлення. Яму і дзіркі ў кнізе, перад якой сучаснікі трапяталі, было, як н… матцы ў вочы.

— Вы кажаце нечаканую праўду. Гэта здагадкі?

— Гэта думка. І памяць. І веданне тых людзей. І некаторых нашых. Дык вось, вам патрэбна было гэта. А бандзюкам, кожнаму паасобку, былі патрэбны каштоўнасці і архіў. На вочнай стаўцы вам гэта давядуць. І я не здзіўлюся, што яны збіраліся шантажаваць адзін другога і, магчыма, вас.

— Было.

— І яшчэ было тое, што была яшчэ адна група. Праўдзівей, падгрупа. Ад вас.

— Якая?

Я дастаў пачак «БТ», надрэзаў яго і працягнуў Лыганоўскаму-Альшанскаму:

— Закурвайце.

— Ясна, — сказаў ён, — занадта я тады звярнуў увагу вашу на Пахольчыка. Тады, падчас бяседы ля тытунёвай крамнічкі.

— І гэта было. І яно каштавала некаторым нават жыцця.

— Я не мачаў у гэта пальцаў.

— Так, вы не мачалі. Проста ваша пачвара пачала жэрці сама сябе. Па частках.

Шчука і Хілінскі пераглянуліся.

— Ці не досыць? — спытаў Шчука.

— Нашто, — сказаў Альшанскі, — я ж магу або разваліць яго разумовыя збудаванні-практыкаванні, або прызнаць іх. Мне ўсё адно. Трэба больш мужнасці прайграць, чым выйграць.

— Высоцкага вы зналі па сувязях яго з вашым бацькам. І іхняй агульнай сувязі з…

— Гэта вядома з кім. Не будзем выклікаць нябожчыкаў.

— Вы не разлічвалі на іхні мозг, толькі на грубую сілу. Але Высоцкі, бываючы ў горадзе, не губляў надзеі на свае мазгі. Яму нічога не каштавала выведаць у Мультана, што «нейкі з горада» ўзяў кнігу, нават прапаноўваў грошы, ды дзед не ўзяў. І таму тып з трайной мордай наведваў усе выстаўкі кнігі, старых гравюр і іншага такога, на якія ён здолеў натрапіць, бываючы ў горадзе. І аднойчы яму нечувана пашанцавала. Ён сутыкнуўся з Пташынскім і напаў на след кнігі. Я здагадаўся, што гэта быў ён па словах Мар'яна: «сумесь вясковага і гарадскога».

— Не толькі ён бачыў. Гутнік, вядомы вам, бачыў. А самі ўпэўніліся, чысты як шкельца. І антыквар.

— І ў абодвух ёсць язык, — сказаў я. — Яны — ложны след. Але Гутнік быў добра знаёмы з тым маладзёнам… ну, што з вядром да смецця. А антыквар і вы — з мастакамі з майстэрань у нашым жа пад'ездзе.

— Адкуль гэта?… Ага, масайскія дзіда і шчыт. «Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць».

— І гэта была зручная акалічнасць, тое, што Гутнік і антыквар таксама бачылі кнігу. Зручна было намовіць кнігалюба, каб званіў, нерваваў і без таго ўстрывожанага чалавека. А яшчэ зручна нібы шантажаваць і маладога са смеццем, і гэтых.

— Я не шантажаваў, — цвёрда сказаў Альшанскі.

— Правільна, — сказаў Шчука, — відаць, хапала на тое асоб і без вас.

— Я бы вас папрасіў, палкоўнік, не перашкаджаць зараз Космічу. Мне проста цікава, да чаго і як ён дайшоў. Дамысліўся. Гэта, можа, адна з апошніх маіх здагадак па псіхалогіі. А потым… потым я цалкам у вашым распараджэнні.

Шчука вымушана ўсміхнуўся.

— Я адразу здагадаўся: мая кніга, — сказаў лекар. — Я ўжо гаварыў, бацька апісваў мне яе перад уцёкамі. Заставацца яму — не выпадала. Застаўся я. Пераехаў з Кладна ў Менск… Ну апісаў ён. Акрамя таго, гэтае апісанне кнігі перадавалася ў нашым родзе з пакалення ў пакаленне. Мне трэба было знайсці сапраўдныя граматы. Пасля мяне — каму ж? І потым, без гэтага лепей памерці. Як зраблю гэта я. Скора.

— Ну не так ужо скора.

— А пра гэта не вам меркаваць, Косміч.

— Чаму? — спытаў маўклівы, з пачатку размовы нават чымсьці ўражаны Хілінскі.

— Я не з тых, каму прызначаюць дзень і час згону. Я іх выбіраю сам. Давайце далей, Антон. Мне проста цікава, як гэта вы пры вашым псіхічным стане здолелі да сяго-таго дакапацца.

— А вы — не здолелі, нягледзячы на тое, што былі адной з прыступак тых сходаў, якімі я спускаўся ў вар'яцтва. Вы шукалі кнігу ў Мар'яна, нават калі яе ў Пташынскага ўжо не было. Не падумалі, што кнігу вынеслі з ягонай хаты. Сардэчны друг Пахольчык меў рацыю: адзін Пташынскі не пасмеліўся б несці кнігу. Нейкае падсвядомае прадчуванне прымусіла яго купіць віно і кефір і паставіць мне ў партфель. Прымітыўная маскіроўка, але ў нас з прадаўцом была з гэтай прычыны нават уратавальная бяседа дзеля душы. Аб чым ён вам паспяхова і данёс. І, да пэўнага часу, спроб улезці ў маю кватэру ніхто не рабіў. Гэта — пасля.

— Так. Дагэтуль усё дакладна… Герард быў калісьці слугою і айца і мяне, і я прасіў яго назіраць за вамі. Пры ягонай цікаўнасці яму гэта было проста дарам нябесным.

— Ясна, чаму кожны мой крок быў вядомы. І гэта яшчэ адна з прычын, чаму я не тое што западозрыў вас, а ўжо не мог ставіцца з ранейшым даверам. Я не звязваў вас з Высоцкім аж да таго самага дня, калі Пахольчыка забілі. Высоцкі забіў, бо заўважыў, што вы баіцеся: прадавец зашмат ведаў і перавысіў меру вашага даверу да яго. Вы ж давалі яму проста слабы наркотык, уласна кажучы, сродак на сон, а ён так павысіў дозу, што сродак на сон стаў сродкам на вечны сон.

— Высоцкі загінуў, — хутчэй сцвярджальна сказаў доктар.

— Так.

— Н-да, я крыху нарабіў глупстваў. І недаацаніў сяго-таго… Прынамсі, застаўся б неапазнаным, каб не вы.

— Не засталіся б.

— Проста мэты няма. Таму я і гуляю ў паддаўкі. Ну добра, гісторыя з легендай пра даму і манаха.

— Часткова сасніў. Неадрыўна думаў пра яе цэлымі днямі і таму часткова сасніў. Не без уплыву вашага сродку. І ўмення раскопваць у той пагарджанай многімі гісторыі розныя дзівосныя рэчы. Вось так. Скарбы Галконды, фантастычнае багацце роду, якое раптам знікла са смерцю старога Вітаўта, болей не вернецца ў род.

Альшанскі сядзеў нібы сшэрхлы. Анямела і нібы безуважна глядзеў на постаць нейкага ўсходняга бажка.

— А ведаеце, — нечакана сказаў ён, — я ўпэўнены, што прычынай смерці майго двайніка з магільні быў жах перад праклёнам Валюжыніча. Жах і чаканне. Ды яшчэ цені жонкі і манаха. Ён баяўся. Як дзікун баіцца праклёну чараўніка з суседняй вёскі. Ды яны і былі дзікуны. Нават гэты, вальнадумца, які ні ў шэлег не ставіў Евангелле, які прысвоіў грошы стогадовай даўнасці і грошы сваіх сучаснікаў, грошы радзімы. Скраў, і канцы ў ваду. Ды, відаць, далёка цягнуліся тыя канцы і плыткая была тая вада.

— І дарэмна было хаваць. І скарб, які нават трыста год таму каштаваў шэсцьсот тысяч золатам ды сем мільёнаў каштоўнымі камянямі. А якую лічбу ён зараз складзе — невядома. Астранамічную… І яшчэ скарб асабісты вашага бацькі і скарб айнзацкаманды. Ну і архіў, які дасць бяспеку тысячам і законнае пакаранне адзінкам з крывавымі рукамі.

— Мяне гэта не абыходзіць. Мяне датычылася тое, што з пляменнікаў старога Вітаўта пакеплівалі. А значыць, і з мяне, непасрэднага нашчадка. Цяпер не абыходзіць і гэта. Нават ганьба рэвізіі з тым Станкевічам на чале ўжо не абыходзіць нашага роду. Усё вярнулася на кругі свая.

— Зою вы мне таксама падсунулі?

— Ну не, спачатку яна сама.

Шчука ў непаразуменні абводзіў нас позіркам. Хілінскі паціснуў плячыма, нібы моўчкі сказаў мне: «Ну вось бачыш, усё так ці йначай выплыла».

— Я не збіраюся нічога хаваць ад следства, палкоўнік, — сказаў я. — Дзе вінаваты, там вінаваты. Прашу толькі, каб гэтую справу пакінулі ў таямніцы. Дзеля дабра аднаго мужчыны (не мяне) і адной дзяўчыны. Сам я гатовы адказваць, калі мяне ў нечым прызнаюць вінаватым. Чым вы яе ўзялі? Была вам абавязаная?

— Так. Многім.

— Грашыма? Зберажэннем добрага імя? Вы лічыце — гэта ўсё?

— Для многіх жанчын — усё.

— Ну, ясна. І калі мы парвалі ўжо з ёю, вы прымусілі яе ўсё ж заходзіць зрэдку. Правяраць на ўсякі выпадак, ці тут кніга, ці ў мяне? Якая ж у гэтым яе віна? Што шантажавалі знаёмствам са мной і іншымі? Годны, проста княскі ўчынак.

— Учынак Пахольчыка.

— Усё адно. Ён — ваша параджэнне… А яна, ужо не хочучы, магчыма, сапраўды кахаючы мяне, хлусіла. Завяла размову пра «Хванчкару», каб я пакінуў яе адну ў кватэры… І данесла вам, што ў Мар'яна — сэрца і што ён, тым не менш, не кінуў курыць.

— Ужо мне гэтыя памятлівыя на дробязі.

— Не толькі на іх. Вы падазравалі, ну на адну тысячную працэнта, што а раптам кніга можа быць і ў мяне, тым больш што той, са смеццем, падслухаў нашу размову з Мар'янам на сходах. І пасля па-суседску расказаў вам (памятаеце, я сведкам быў, як вы пра нешта гаварылі).

— Было, — лянотна сказаў ён.

— І вы, мяркую, можа, не ў той вечар, але папрасілі яго, каб дастаў яе ў маю адсутнасць. Абяцалі грошы. І гэта выклікала пазней спробу ўзлому маёй хаты.

Маўчаў. Ясна было і без слоў, што так. Урэшце азваўся:

— Ну тады яшчэ сумненні толькі былі. Усе — пераважна — думалі, што кніга яшчэ ў Пташынскага.

— І таму вы вырашылі ўсыпіць яго. Ці ж вы ведалі, што ўсё гэта аж так скончыцца? І вось Мар'ян сам купіў у вашага халуя пачак атручанай «Шыпкі»… Уся бяда была ў тым, што ваша правая рука не ведала, што робіць левая. Пахольчык падсоўваў «Шыпку» і ўсыпіў праз замочную шчыліну сабак, разлічваючы пагаспадарыць у кватэры падчас адсутнасці гаспадара. А ў гэты ж самы час Мар'ян ехаў на возера. Па запісцы на маёй паперы, здабытай Зояй і падробленай пад мой почырк кімсьці з вас… Вамі асабіста, Альшанскі.

— Зноў праўда. Што яшчэ?

— Ды ваша дзейнасць як атрутніка.

— Ого-го. Ды вы што, перакваліфікаваліся?

— Не, — сказаў я, — гэта мне падарунак зрабілі. А справай вашай…

— А справай іхняй і вашай цяпер зоймецца не ён, — сказаў Шчука. — І нават не я. На жаль. А можа, як падумаеш, што непасрэдна ваша, гм… аблічча… бачыць буду куды радзей, то не на жаль. Хутчэй, на радасць. Кажыце далей, Косміч.

— Вам трэба было выбіць мяне з сядла, Альшанскі. Былі ў мяне, на ваша няшчасце, дзве размовы. Амаль адначасова. Адна з вамі, калі вы, памятаеце, жываплот садзілі. Аб адхіленні ў псіхіцы кавалера. І з Пахольчыкам, ля будкі. Ён дужа пільна назіраў, як я пачак ускрываю. І абодва вы тады заўважылі дзеля сябе, што нават не ўвесь пачак труціць трэба, як Мар'яну, які курыць рэдка. І прыстасавалі вы тады Пахольчыка і на гэтую работу з «метадычным старым кавалерам». Дзве-тры цыгарэты збоку, дзе надразае. І дзейнічаць будзе не адразу… Ну вось. А цяпер будзеце гаварыць і вы. Як? Якім сродкам?

— Так, тут ужо гаварыць мне. Я тады не падумаў, што мая здагадка пра паўночна-заходнюю Індыю можа не адвесці, а навесці на пэўныя думкі. Што ж, даліна Нарбады пралягае па пласкагор'і. Невялікія судны ходзяць толькі па ніжняй плыні. Рака парожыстая, вельмі. І даліна яе гэта не савана, а амаль трапічны па дзікасці і гушчыні лес. Часам толькі скалы выходзяць да ракі і абрываюцца ў яе. І часцей за ўсё там пчаліныя мегаполісы, на многія кіламетры. Соты шматметровай таўшчыні і вышыні, мёд многіх стагоддзяў, унізе зусім чорны… Урэшце добрае апісанне ў «Кнізе джунгляў» Кіплінга… Мне зараз не да паэзіі… Чырвонае дрэва, чорнае дрэва, сандал, бог ведае што яшчэ. І ўсё гэта перавіта ліянамі, а на найбольш высокіх камянях у парогах растуць у вадзяным пыле архідэі. Кветкі — велічынёй з чалавечую галаву. Часам на тых камянях узнікаюць запруды з дрэў, і лісцяў, і іншага, і тады рака разліваецца па нізінах, калі яны ёсць, і ўтварае балоты колеру чорнай гарбаты.

Ён закурыў са свайго пачка:

— Мне давялося блукаць там доўга. І з насільшчыкамі і самому, калі яны кінулі мяне. Я ўсё адно ішоў. Мне добра плацілі і ў Ахмадабадзе, і ў Бамбеі, і яшчэ лепей у Джайпуры, і нават у Дэлі за расліны: і лекавыя, і атрутныя, і… наркатычныя… Там, недзе між Бурханпурам і… А, ды ці не ўсё адно?! Я і пачуў пра кветкі расліны Ваё і яе зерні, наркотык рэдкасны і небывалы. Рэдкасны, бо водзіцца толькі там (можа, калісьці арэал быў шырэйшы, ды там расліну звялі). А ў мегаполісах, у гэтай недаступнай пчалінай краіне «ваё» збераглася. Зрэдку вецер заносіць яе зерне, яе слёзы… да людзей…

Твар ягоны нібы пацяжэў.

— І чаго мяне зноў панесла назад, на так званую бацькаўшчыну?… Стаміўся ў блуканнях?… Паваліў цень багацця?… Вось я маю яго зараз… А там я мог бы быць манапалістам, зрабіцца мільярдэрам… Толькі пляваць мне на гэта… Проста нідзе я не быў такі шчаслівы, як там… Ну добра, хопіць пра гэта.

Сеў выгадней, нібы сеў на ўлюбёнага канька і сабраўся чытаць лекцыю. Ды так яно і было.

— Вы, мабыць, не задумваліся, што чалавеку (я маю на ўвазе чалавека вытанчанага, а не прыземленую свінню) з часам усё абрыдае. Свіння так і будзе да смерці лыгаць сівуху і задавальняцца гэтым. Вытанчаны — вынаходзіць. Усё вастрэй, усё з большай выдумкай — сапсаванасцю, ненармальнасцю.

— Пра сябе? — спытаў Шчука.

— Не, — сказаў Хілінскі, — ён не з тых. Ягоная ненармальнасць — назіраць за адхіленнямі іншых. Ён як пісьменнік. Нашто яму хапацца за нож, выбівацца ў Напалеоны? Без усякай рызыкі можна рабіць што хочаш, рухаць арміямі, эпохамі, сумленнямі… Добры вядзе выдуманыя легіёны да дабрыні і дабра. Злосны…

— Правільна, — згадзіўся Альшанскі, — пісьменнік распусты і зла. Чорная сіла. Самушчальнік. Злы дух Жэневы… То вось, спачатку быў мак, Марфей, бог сну з макавай кветкай у руцэ, опій, а ў ім такія простыя рэчы, як марфін або морфій, папаверын, кадэін і іншае. І пачалося гэта ў Грэцыі, а не Індыі ці Кітаі. Фалангі Македонскага прынеслі яго на ўсход. Так яно было. І… задурманены край. Але опіум нібыта выжыў сябе, як нішчыцель. І не законы прыпынілі яго. Проста прыеўся. Ну што? Нешта каля трохсот тысяч з гакам курыльшчыкаў. У Ганконгу — дзесятая частка мільёна. Абрыднуў, як і чыстая жвачка з чыстых лісцяў кокі ў Амерыцы. І яна абрыдла, як і індыйскія каноплі, мексіканскі мескалін — гэты з кактусаў, галюцынагенныя грыбы. Словам, бядота.

Чалавек упарта ідзе ў дурман, у загібель. Адбяруць адну атруту або абрыдне яна — з'явяцца сотні новых. Марыхуана, гераін, хат… З'явіліся, ды і былі заўсёды, і ўвогуле страшныя рэчы. Чалавек набывае дзікую сілу на некаторы час. Пройдзе там, дзе і мурашка не пройдзе. Натоўп адзін раскідае. І праявы дзівосныя вакол. А пасля галаўны боль, а то і паралюш мінімум на пару месяцаў. Звыкання няма. Хто два разы ўзапар выпіў — скончыўся. І ўсё гэта дактары і вучоныя стваралі па-за прыродай, паклікаўшы на дапамогу хімію. І вось штампавалі, узважвалі, дазавалі. Усё каб пайсці ад Нясцерпнага ў свет Вялікай Ілюзіі. У свет усеабдымнай Асалоды, пры якой што табе тваё цела і цела жанчыны, твой мозг і мазгі ўсіх людзей, дзеці свае і сам Род Чалавечы? Асалода без бою за авалоданне ёю. Асалода раптоўная, як тарпеда ў днішчы карабля. Толькі тут карабель — мозг. Выбух — яго салодкая агонія. Радасная смерць сябе самога і сусвету ад сваёй жа рукі. І… знішчэнне ворага, адзін ён супраць цябе ці ў мільярдзе асоб.

— І ўрэшце знішчэнне сябе? — спытаў я. — Зямны шар населены ідыётамі? Чалавецтва, якое сядзіць і раскашуецца, пускаючы сліну з рота?

— Не. Не зусім так. Вучоныя шукаюць у гэтай кампаніі сяброў. І знаходзяць іх. Рэдка. І толькі ў памяркоўным ужытку.

Хілінскі раптам сказаў, і такім журботным тонам, якога я ані разу яшчэ ад яго не чуў:

— Людзі, нават геніяльныя, не стварылі анальгезікаў, што не ўваходзяць у склад абмену рэчываў арганізма, і таму не даюць звыкання. Наркаманіі.

— Я знайшоў, — проста сказаў Альшанскі. — Я выдзеліў такое рэчыва з майго Ваё. Я яго сінтэзаваў.

— Гэта немагчыма па ўсіх законах… Як вы гэта зрабілі?

— Вы не зведаеце гэтага. І, мабыць, не даведаецеся ніколі. Ён не шкодзіць, амаль не шкодзіць. Дае чалавеку Ілюзію больш рэальную, чым Рэальнасць. І вось я думаю, што гэта будзе дрэнны падарунак людзям. Хай знікне са мной… Пахольчык з Высоцкім папрасілі ў мяне крыху экстракту. Першы, каб збіць з панталыку, пазбавіць пэўнасці вас. Другі, каб усыпіць Пташынскага. І вось іхнія шляхі сутыкнуліся адразу і на ім, і на вас. Не непакойцеся, вы не паспелі звыкнуць да гэтага сродку. Але маглі. Я не здолеў здабыць канчаткова чыстае рэчыва. Патрэбныя былі гады і лабараторыі — не ў пару маім. І сродак усё ж дзейнічаў, і адмоўна. Ці не адчувалі вы пасля гэтых вашых «відзенняў» і кароткатэрміновай дэпрэсіі пачуцця ўзнёсласці і працаздольнасці? Ясна, ненадоўга. Урэшце, калі вы прыйшлі да мяне са скаргамі, я зразумеў, куды ўжыў Пахольчык сваю частку. І зразумеў, што звыканне ўсё ж павінна ўзяць вас у лапы. А калі ты ў кагосьці ў лапах — гэта ўжо распад асобы. Але на такое патрэбны былі гады. Нічога, застанецеся здаровы.

— Друг мой памёр.

— І гэта другая прычына таго, што сакрэт памрэ. Амаль бясшкодны сродак, і раптам чарада, лавіна смерцяў. Атрымоўваецца, гэта я выпусціў іх.

— Атрымоўваецца так. Ды яшчэ і гулялі з агнём і Пахольчык і вы. Умаўлялі кінуць курыць. Гэта ўразіла мяне, хутчэй падсвядома, яшчэ тады. Гэткае супадзенне. І парады аднолькавыя. І на тое, як «БТ» распячатваў, аднолькава глядзелі. Адно хачу ведаць, чаму не заўсёды дзейнічала?

— Шпрыцам уводзіўся, відаць, сродак толькі ў пару цыгарэт на пачак. І тое не на кожны.

— Нашто вам было гэта?

— Вы ішлі па слядах. Трэба было пазбавіць вас упэўненасці. І потым, нават калі б напалі на мой след, калі б паверылі вашым прадчуванням — ніхто не паверыў бы паказанням вар'ята.

— А Мар'яну зарадзілі цэлы пачак. І ў той жа час перадалі запіску. Так што заснуў ён не ў кватэры, ачысціўшы вам поле пошуку. Ён з'ехаў, і вы маглі, усыпіўшы сабак, шукаць колькі вам хацелася. А ён пачаў марыць і бачыць розныя з'явы і ўпаў у дрэму ў чаўне. І ніхто ўжо не зведае, аб чым апошнім ён марыў.

Зноў усталі на краі паляны дробныя, бязгучныя ўсплёскі, якія зрэдку лізалі пясок, і зноў я зразумеў, што гэта не паляна, а возера, густа ахутанае імглой. А на дне гэтага апошняга возера мой больш за ўсіх улюбёны (а болей няма і не будзе) друг.

Забіты не праз нейкія там меркаванні, а проста дзякуючы дурному супадзенню, таму што «так атрымалася». А гэтыя жывуць, і няма ў іх сэрцах майго тагачаснага прадчування нейкай вялікай бяды. Нічога, я ўсё ж не паверыў у інфаркт, я прымусіў не паверыць і іншых.

Сэрцы вось гэтых таксама захлынуцца ў апошняй тузе, і гэта адзін з нешматлікіх маіх учынкаў, за якія я папрашу ў цябе ўзнагароды, госпадзі.

— Вось так, — сказаў я, — і ў хату нябожчыка вы некалькі разоў залезці хацелі. Раз — вахцёрка перашкодзіла. Другі раз — нічога не знайшлі і вырашылі як толькі можна пільна сачыць за мной. Каб я вас прывёў да мэты. Не ведалі вы толькі пра запавет, які на мяне цень кінуў. Слаба ведалі гісторыю з карцінамі, але пад удар антыквара і Гутніка не пасаромеліся падставіць. Пешкі! І тут я пачаў расшыфроўку. І першыя ж крокі прымусілі мяне падумаць, што, можа, тут не проста спекуляцыя, што ёсць у кнізе ініцыялы Пятра Давыдавіча ды Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскіх. А значыць, гэта фамільная каштоўнасць і гэта азначае, што павінен нейкі сваяк і спадчыннік застацца. Хаця я і не думаў тады, што існуяце вы, сын.

— Ну пра сакрэт шыфроўкі ніхто з нас тады не ведаў, хаця я і чуў нешта ад бацькі (ён сам не ведаў цвёрда) пра нейкую папяровую істужку. І што нейкую ролю іграў таўкач, і, чамусьці, вішнёвы клей, і ступка. Ды што нам было з гэтага. Невядома, што з імі рабіць, і хрэн яго ведае, як з імі распарадзіцца. І тут пачалася спрэчка. Адны казалі, што трэба вас і надалей трымаць у сумненні наконт уласных мазгоў. А я лічыў, што гэтую справу з галюцынацыямі трэба канчаць.

— Праўдзівей, прыпыніць на час. І вы прыпынілі.

— Ясна. Трэба было даць магчымасць расшыфраваць вам, калі ўжо ў нас сваіх мазгоў і ведаў не хапае. А тады скарыстацца пладамі вашых намаганняў.

— З Мар'янам не прыпынілі, — жорстка сказаў я.

— Позна даведаўся, — сказаў ён. — Кажу не дзеля апраўдання. А калі даведаўся — было позна нешта рабіць. Трэба было ўжо прыбраць Пахольчыка. Сведку. А пасля зноў вас палохаць. А можа, вы, нават ужо трапіўшы на след, спалохаецеся ды пакінеце гэты занятак.

— А я не спалохаўся. І таму вашы бандзюкі мяне вырашылі напужаць… І аж да смерці.

— Адзінае, чаго мы недаацанілі, — ваша воля. І яшчэ тое, што вось ведамства пана Шчукі зацікавілася гэтым, хаця што яму было ў дакументах трохсотгадовай даўнасці.

— Мы і не цікавіліся, — буркнуў Шчука. — Занадта доўга не цікавіліся. Злачынна доўга, не пабаюся сказаць, не цікавіліся. Таму гэта і прывяло да такіх падзей.

— А гэта не ўваходзіла ў кампетэнцыю вашых. Што, можа, іх задача дапамагаць гісторыкам і літаратуразнаўцам? Дапамагаць пану К. у пошуках аўтара «Энеіды»? Ці пані С. у пошуках старых Альшан?

— Маўчыце пра яе, — сказаў я.

— А-а… ну, дай бог. Але памагаць ім усім ці не затлуста будзе?

— Дарэмна не дапамагалі, — сказаў Шчука. — Узаемны вопыт мог бы прыдасца.

Здавалася, перад намі сядзеў не чалавек, які чакаў арышту, і не тыя, што прыперлі яго, а проста ішла мілая бяседа на цікавую для ўсіх тэму.

— Дарэчы, ці не выпіць нам каньяку? — устаў Альшанскі.

Мы пераглянуліся. Гэта было ўжо занадта. Але з другога боку…

— У якасці ўзнагароды за тое, што я прайграў, і, як бачыце, мужна прайграў. Не ламаюся. Словаахвотлівы.

Ён прынёс з серванта непачатую бутэльку «Дзвіна».

— А што? — раптам папусціўся злосці я. — Можна. Спадзяюся, што ён не трымае ў буфеце дзесяць непачатых бутэлек з атрутай.

— Можна, — сказаў Хілінскі.

— Я не атручваю віно.

— А цыгарэты? — спытаў я.

— Прыпомніце, што я раіў вам патроху піць і абавязкова кінуць курэнне.

— Было, — прызнаў я.

— Я не хацеў бы атруціць вас і не хачу атручвацца сам. А вам дзякуй за ваша «можна», Хілінскі. — І ўзняў келіх. — Ну, чокацца не будзем, гэта ўжо занадта. — Закінуў ільвіную сівую галаву. Пасля сказаў: — Цалкам магчыма, што гэта апошняя бутэлька каньяку, якую я пачаў. Ці, можа, у якасці апошняга жадання яшчэ дадуць? Прынята гэта ў нас ці не?

— Хто вам сказаў, што вам давядзецца выказваць апошняе жаданне? — спытаў Шчука. — Вы ж пра многае не ведалі. Вядома, калі вы тут казалі праўду.

— Я казаў праўду… Але нават калі б давялося — не выказваў бы жаданняў і не наракаў бы… Так, шмат аб чым не ведаў… Але ёсць у падсонечнай іншы суд. Больш непрымірымы, больш жорсткі. І, здаецца, апошні з Альшанскіх якраз і падлягае гэтаму суду.

— Што, бог? — спытаў Хілінскі.

— Гэта вы пагаварыце з Леанардам Жыховічам, — сказаў гаспадар.

— Дзяўчыну якога ў ліку іншых выдаў немцам ваш Высоцкі.

— Спеліся, — іранічна перадражніў нас Альшанскі, — забойца і нашчадак забойцы.

— Патуральнік забойстваў, — сказаў я.

— Смерць Зоі, — хутчэй сцвярджальна сказаў ён.

— Так. Бо хаця яна і сама атруцілася, а ў рэшце рэшт атруцілі яе вы.

— Чаму?

— Не вытрымала. Сумленне здрады не вытрымала. Палічыла раптам, што адзін у яе сапраўдны і быў і яго яна аддала галавою ворагам… Ведаеце, як гэта балюча, хаця й коратка.

— Я тады яшчэ не ведаў пра гэта.

— «Тады» — гэта калі ўпэўніўся, што кнігі ў хаце Мар'яна няма, і паспрабавалі ўзламаць маю хату. Вось тут вам малады чалавек са смеццем і спатрэбіўся. Нехта адчыняе…

— Высоцкі.

— А другі на варце стаіць. І калі я Высоцкага спалохаў, ён паспеў у склеп пад павуцінне прапаўзці, а пасля, пакуль я бегаў на двор, скочыць на вуліцу. А малады чалавек, «п'яны, як бэля», шмыгнуў да дзяўчат ды прыкінуўся, быццам сп'яну прыпёрся.

— Што ж, і ім зоймемся, — сказаў Шчука.

— Тым больш што, думаецца мне, папаўзуць за ім і яшчэ сякія-такія грахі.

— А што нам застаецца, — сказаў Шчука. — Справай архіва ды айнзацштаба з Адальбертам фон Вартэнбургам ды Францам Кернам іншыя зоймуцца.

— А папіхачоў іхніх я тады ўпершыню ў двары замка заўважыў. Герояў. Вы думаеце, яны спалохаліся, што я фатаграфую разбураны мур? Чорта! Фота сваіх абліччаў яны спалохаліся. Я гэта досыць скора пачаў разумець.

— І маўчаў, — сказаў Шчука.

— Усе маўчалі. І вы былі не лепшы… Але добра, што я там прыдбаў не толькі ворагаў, але і сяброў.

— А ў мяне вось сяброў не было, — сказаў Альшанскі. — Паплечнікі.

— Дый хіба паплечнікі? Паплечнікі — гэта плячо да пляча. «Поплеч», «поруч». А калі людзі с… адзін да аднаго сядзяць, то як гэта называецца?

— «По…», — засмяяўся Шчука.

— Вось менавіта так. І не паплечнікі, а па…

— Гэта што, у вас у навуковым цяперашнім свеце заўсёды такія жарты?

— Жыццё прывучыла… Як былога самага асвечанага на ўвесь павет чалавека — Людзвіка Лапатуху.

— Так, выслізнуў ён тады, — сказаў Альшанскі. — Шанцаванне незвычайнае. Відаць, удалося на апошнім шляху туды заваліцца незаўважана ў хмызы. Варта не далічылася аднаго.

— Цяпер мы ўжо не даведаемся… — пачаў было я.

— Чаму не даведаемся, — сказаў Шчука. — Цудоўна даведаемся. Сведка, які пачаў прыходзіць да памяці. Варта было ўратавацца, жыць столькі год такім няшчасным. І каб на парозе прытомнасці сустрэла смерць. Вось вам і ўцёкі ад рэчаіснасці.

— І таксама не без вашай віны, — сцяўшы зубы, кінуў я. — Калі справа зайшла аб вашай шкуры і шкуры абяздоленага такімі вось, як… Вы выбралі сваю шкуру, а не шкуру няшчаснага чалавека. Што ён перад вышэйшымі меркаваннямі. Абстрактны гуманізм… А як наконт канкрэтнага чалавеканенавісніцтва?

— Не трэба занадта злаваць мяне, — сказаў Альшанскі.

— А колькіх вы з вашай абыякавасцю смяротна пакрыўдзілі?

— Не трэба яго перавыхоўваць, — сказаў Хілінскі. — Пустая справа.

— Пустая, — сказаў гаспадар, — я Альшанскі. А вы што думалі? Апошні. Іншых няма. Вывеліся. Неперавыхаваныя.

— А жылі. На жаль. Не як тыя, атручаныя вайной, што паміралі. Забойцы і ахвяры.

— У забойцаў, на жаль, была сіла і хітрасць. Подлая. Як той Ганчаронак-Боўбель спрытна свой «пабег ад самога сябе» ўладкаваў! Уцёк, пасядзеў у балоце, а іншым раструбіў, што напярэдадні разгрому з-пад бандыцкага расстрэлу збег. Яшчэ і ў героях хадзіў… А за таўкач свой як трымаўся! За грошы і за жыццё. Грошы здрады, грошы крыві — яны для вас скончыліся. Канец! Цяпер сапраўды канец.

— Канец, — сказаў Альшанскі. — Толькі ў мяне не такі, як вы, можа, мяркуеце. Я апошні, і я адыду, як сам захачу, і той сцежкай, якой захачу.

— І толькі не здолееце зрабіць так, каб быць высокай думкі пра свае ўчынкі, пра сваё жыццё. Наадварот, самаацэнка ў апошнія хвіліны будзе самая подлая. Пекла няверуючых. Горш за нейкія там апраметныя катлы.

— У маёй волі — перарваць успаміны. Нават калі б вы мяне не выкрылі — я адмовіўся б ад працягу гэтай камедыі.

— Чаму?

— Мне абрыдла жыць. Жыць абрыдла. Сярод гэтай вакханаліі забойстваў праз гэтых бандытаў. І Лапатуха. Баяліся, што выдасць — далоў яго. І Зоя, калі скеміла, што загінуў праз яе чалавек, — не вытрымала. Адна справа хлусіць, і зусім іншая — смерць, якой ты вінен.

— Боязь. І мяне спрабавалі перастрэць з нажамі, а калі не ўдалося — замураваць у падзямеллі. Продак ваш быў вялікі мастак — ну і вы недалёка ад яго пайшлі. Хаця і чужымі рукамі.

Сядзелі моўчкі, прыгнечаныя. Не магу паручыцца за іншых, але я адчуваў сябе так.

Гарэлі за акном шматлікія гарадскія агні, рознакаляровыя, ад саладжава-аранжавых да безжыццёва-зеленаватых. Згасалі адны, запальваліся іншыя, нібы нехта вельмі павольна граў кнопкамі на пульце невядомай волатавай машыны. І толькі сінія «дзённыя» агні вулічных ліхтароў ды чырвоныя трывожныя агні тэлевышкі наводдаль былі нязменныя.

А мне было ганебна, як заўсёды, калі трапляўся на маёй дарозе чалавек, які незваротна і не так распарадзіўся сабой.

Альшанскі глядзеў на іх нібы ў апошні раз, ды так яно, мабыць, і здавалася. І яму і мне.

— Жыць Шаблыкам? — спытаў ён. — Жыць сабой? Жыховічам?

— Космічам, — падказаў Хілінскі.

Не быў бы ён сабою, каб не паспрабаваў праверыць, а што яно атрымаецца і з такога супрацьпастаўлення.

— …Космічам яшчэ куды ні шло. Прынамсі, ведае мэту, умее ісці і ідзе. Праз небяспеку, падазрэнні, плёткі. Бачыце, якія я кампліменты вам кажу, Косміч? Закіньце там за мяне слоўца вашаму богу гуманнасці. Можа, гады на два раней выпусціць з катла… Або як там ваш пісьменнік, гісторык гэты пісаў… Ну, там яшчэ д'ябал пісаў дысертацыю: «Велічыня абсалютнага аптымальнага ціску ў катлаагрэгаце для прапарвання грэшнікаў…» Дык вось. Хілінскім, Космічам, іншымі такімі быць не магу, іншымі — не хачу. Я — Альшанскі. І памру як Альшанскі. Досыць, што ўсё жыццё жыў інкогніта.

— Ну добра, — сказаў я, — Пахольчыка вы прыбралі таму, што асноўны сведка вашай дзейнасці, што шмат ведаў, што ўтравіў вас у забойствы, што дысцыпліну парушыў, перавысіў «паўнамоцтвы». Нягледзячы на вашу забарону, усё ж распараджаўся рэшткамі наркотыку. А Кухарчыка? А дворніка нашто? Бясшкодны, з пытаннямі лезе паўсюль, дзе не трэба. І толькі.

— Вось за гэтае «толькі». Але я Пахольчыка пальцам не крануў.

— І тое верна, — сказаў я. — Нашто вам было? Вы праінфармавалі Высоцкага, а той, паколькі не пакідаў тады Альшанку, распарадзіўся жыццём прадаўца… ну, хутчэй за ўсе праз таго маладога чалавека са смеццем. Так? А Кухарчык, відаць, проста меў няшчасце быць сведкам, узлезці, на сваю галаву, у справу якраз тады, калі гэты, са смеццем, выконваў загад Высоцкага.

— Так.

— Той быў і без таго запэцканы. «Трэці» і «чацвёрты» падчас першага нападу на мяне гэта і былі яны, Пахольчык і будучы яго забойца. Са смеццем. Больш ад яго нічога і не застанецца.

— Разбяромся, хто, дзе, калі і ў што мачаў пальцы, — сказаў Шчука. — Тут ужо на высокім узроўні пойдзе справа.

— Пахольчыка мне было шкада, — сказаў Альшанскі. — Не кажучы пра духам віннага дворніка… Тады я і вырашыў, што калі нітка давядзе і да мяне — я не буду старацца адвесці ад сябе ўдар. Я нібы камень у гарах скрануў. І пайшла лавіна забойстваў. Шкада, што я запэцкаўся з гэтай свалатой.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23