Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Чорны замак Альшанскі

ModernLib.Net / Исторические детективы / Караткевіч Уладзімір / Чорны замак Альшанскі - Чтение (стр. 8)
Автор: Караткевіч Уладзімір
Жанр: Исторические детективы

 

 


— Тут, ці што, сутарэнні? — даляталі галасы.

— Тут паўсюль сутарэнні. Як бы катора не правалілася.

— Не. На вякі будавалі. Лупась, хлопцы.

І тут я адчуў, што нешта мяняецца. Да групы дбайнікаў набліжалася два чалавекі ў атачэнні чародкі дзяцей і падлеткаў чалавек на дваццаць.

Наперадзе крочыў невысокі худы мужчына ў дужа акуратным чорным гарнітуры і белай сарочцы з чорным гальштукам. Аблічча вясковага інтэлігента, простае і нічым не адметнае, хіба што шнарам, які перасякаў левае брыво. За акулярамі разумныя і раздумлівыя вочы. Валасы моцна сівыя на скронях.

Другі быў высокі і плячысты і вельмі нагадваў нейкага амерыканскага каўбоя з фільмаў пра дзікі Захад. Саламяныя валасы, аблічча, прадубленае сонцам і ветрам да адцення цёмнага золата. Шырокі і высокі лоб, нос просты і нядоўгі, рот цвёрды, шчокі прыемна праваленыя.

І ўсё гэта асвятлялі вочы такой глыбокай сіні, што рабілася радасна на душы.

— Стой! Што вы гэта робіце? — яшчэ здалёк закрычаў «каўбой». — Якое… па якім праве?!

— А ты не будзь у гарачай вадзе купаны, Змагіцель, — сказаў чалавек у сінім гарнітуры. — Трэба — значыць трэба.

— Вы, Нічыпар Сяргеевіч, хаця і старшыня калгаса, — сказаў інтэлігент, — а і вам бы не шкодзіла ўсё ж паразважаць крыху над тым, што робіце.

— А вы мне, Рыгор Іванавіч, таварыш Шаблыка, не ва ўсіх выпадках загадвайце, як мне гэтым калгасам кіраваць і што і як мне на яго карысць рабіць.

— Небяспека супрацьпажарная патрэбна? — спытаў той, з партфелем, і «наставіцельна» ўзняў палец. — Патрэбна. Другі выхад патрэбен? Патрэбен.

— Ды чаму тут гарэць? — спытаў нехта.

— Не кажыце. І камень часам гарыць. І стрэльба раз на год сама страляе.

— Гэта помнік, — спакойна сказаў Шаблыка. — Помнік культуры, помнік гісторыі нашай. І потым, хто вас прымушаў у ім загон для быдла рабіць? Зрабілі б убаку.

— На гэта затраты трэба, — сказаў апартфелены.

— Помнік. Пад аховай, — тлумачыў Шаблыка.

— Які помнік? Адкуль відаць, што помнік?! — пачаў нервавацца чалавек з партфелем.

— Вы не нервуйцеся, Тодар Ігнатавіч, — сказаў Шаблыка. — Вы бухгалтар, вы можаце і не ведаць, што гэта — другая палова XVІ стагоддзя.

— Адкуль відаць?

— Дошка была.

— Дзе яна, дошка? — спытаў Тодар Ігнатавіч.

— Здзерлі дошку! — узвіўся раптам крыкам «каўбой». — У бур'яне яна валяецца! А ўсё ты, канторская скрэпка! Ты, Ганчаронак! Ты, чарнільная твая душа! Ты людзей падцкоўваеш, нібы гэты замак галоўны твой вораг.

— Ціха, Міхась, — сказаў яму Шаблыка, але «каўбой», відаць, зусім не ўмеў сябе трымаць і ўжо зусім азвярэў.

— Скардзіцца на вас будзем. А табе, Ганчаронак, я дам дыхту. Я табе неяк так прыму ў кулакі, так з морды мяса…

Вочы Ганчаронка былі б страшнаватыя, каб не былі такія дурныя.

— Я, між іншым, не толькі бухгалтар. Я і член пасялковага Савета.

— А-а, — іранічна працягнуў Шаблыка. — Ну-у, калі член пасялковага Савета — тады абавязко-ова трэба бурыць.

— Ды супакойцеся, — сказаў старшыня.

— Вы яго паклічце да спакою, Альшанскі, — сказаў старшыні Шаблыка.

«Альшанскі? Адкуль Альшанскі? З тых? Ды быць не можа. Апошні з немцамі ўцёк і памёр. Ідыёт. Мала, ці што, Альшанскіх. Адзін Гаўрыла ў Полацку?»

— Кажу вам, зрабіце загон наводдаль, Альшанскі, — сказаў Шаблыка. — Іначай будзем скардзіцца.

— Ну і валіце, — сказаў старшыня, — вам жа горай будзе.

— Ты! Ты! — узбеляніўся «каўбой»-Змагіцель. — Ты… віслюк.

— Пра новае думаць трэба, — сказаў старшыня, не пакрыўдзіўшыся на «віслюка», бо не зразумеў.

Я ўсміхнуўся. Я добра ведаю ўкраінскую мову і ведаю, як часам зручна абазваць другога такім чынам. Тыпова беларуская хітрынка. Спецыяльна ўжываць у якасці лаянкі замест нашай — лаянку з іншых славянскіх моў. І душу адвёў, і аблаяў, а той ніц не ўтаропае.

«Віслюк» па-ўкраінску — «асёл».

— Так! Сапраўдны віслюк! Толькі віслюкі робяць такое.

Затое Ганчаронак Тодар Ігнатавіч, бухгалтар і член пасялковага Савета, чамусьці асабліва пакрыўдзіўся на, відавочна, невядомае яму слова «віслюк».

— Ану, паўтары! Ану, паўтары, паўтары!

— Я табе паўтару! — «каўбой» схапіў Ганчаронка за грудкі.

— Высоцкі! — заблажыў той. — Чаго глядзіш на бандыцкае адроддзе?

І тут ад натоўпу аддзяліўся высокі, выключна складзены і збіты мужчына год сарака з нечым. Валасы цёмна-русыя, светлыя вочы прыжмураны. У рухах лянівая грацыя, па якой відаць: можа быць нечакана рухлівы. Нос прамы, рот няўлоўна ўсміхаецца. У вялізнай далоні маленькая пужка.

— Пастарайцеся, Ігнась Якаўлевіч, — сказаў ён сам сабе. — Ну што, сапраўды, за безабразія робіцца?

І лёгка, як кацянят, развёў Ганчаронка і Змагіцеля, трымаў іх выцягнутымі рукамі.

— Ну, няхораша. Ну, бойка будзе, — ляніва ўмаўляў ён. — Ну, міліцыя. Ну, пятнаццаць сутак. Ну, неба ў буйную клетку. Бухгалтар вялікага калгаса, член пасялковага Савета — і пятнаццаць сутак. Непрыгожа… Настаўнік роднага слова — і тратуар перад школай падмятае. Непрыглядна, экзамены скора. Вучні пра Сымона Скарыну слухаць хочуць, а вы…

Чамусьці не паверыў я ягоным словам пра Сымона Скарыну. «Прыдурваецца, здзекваецца», — падумаў я. Таму што была ў ім гэткая старасялянская ветлівасць і выхаванасць, але было і нешта дужа інтэлігентнае.

— Ігнась! — гарлаў Ганчаронак. — Пусці, дай дарвацца.

— Ды не пушчу, — ляніва сказаў Высоцкі.

— Сука ты! Пусці! Пусці, адроддзе свінскае! Пусці, чорт смалены, дымны!

І тут Высоцкі невядома чаму азвярэў:

— Ты за брата… Колькі м-мож… Ты, гадзяня… Ты, выпоўзіна.

Адштурхнуўшы Змагіцеля, ён схапіў Ганчаронка, выдзер у яго партфель, схапіў за карак і за руку і моўчкі пачаў карэжыць. Так, што стала страшна за жыццё таго.

— П-пусці!… П-пусці.

Настаў час умяшацца і ратаваць усіх ад гарачнасці.

Я пачаў наводзіць апарат, выбіраць пазіцыю. Нехта сыкнуў, і паступова авантура пачала сціхаць. Апошні выпусціў бухгалтара Высоцкі. Выгляд ва ўсіх быў збянтэжаны, а ў некаторых — спалоханы. Я нават не чакаў.

— Вы хто такі? — першым ачомаўся Альшанскі.

— А ці не ўсё адно?

— А нашто вы гэта робіце?

— А будзе харошая ілюстрацыя на тэму: «Правілы і нормы сацыялістычнага супольнага жыцця ў Альшанскім наваколлі».

І я шчоўкнуў яшчэ і мур з юнакамі на ім.

— Гэй! Гэта яшчэ нашто? — крыкнуў здалёк старшыня Альшанскі,

— Я Антон Косміч. Прыехаў даследаваць Альшанскі замак і касцёл. Маю адносіны да арганізацыі па ахове помнікаў, між іншым, і гэтага вось вашага замка. Застаў прыемную карціну разбурэння. І «запечатлел». Да ведама сучаснікаў і на памяць нашчадкам. Удзячным нашчадкам.

Дзеці вакол Шаблыкі зарагаталі. І гэты смех вывеў старшыню з цярпення:

— Выньце плёнку.

— І не падумаю.

Ён кінуўся да мяне з грацыяй і спрытам бегемота. За ім Ганчаронак і Высоцкі. За імі Змагіцель і Шаблыка.

— Падумалі б вы, Нічыпар Сяргеевіч, што гэта адна з прыкрас краю, — паказаў старшыні на замак Шаблыка.

— Ты мне радзіму за мой кошт не ратуй, — кінуў яму старшыня.

Да мяне падступілі Ганчаронак з Высоцкім:

— Ты… ты адкуль… — вось-вось узялі б загрудкі. У гэты момант чалавек у мучным пыле, з кепкай казырком назад і з поўным картэжам беспародных сабак наблізіўся да нас, прайшоў між нас, як разжараны нож праз брус масла, стаў і ўтаропіў дзікаватыя ўважлівыя вочы ў нашы абліччы. Разглядаў, лунатычна хілячы галаву то на адно плячо, то на другое, і вочы былі нерухомыя, і я заўважыў, як усе нібы звялі, апусцілі рукі і адсунуліся. Чалавек паглядзеў, пакруціў адмоўна галавою і адышоў крокі на чатыры.

— Н-не а. А? А-а-не! — ціха сказаў ён.

Спрэчка зноў была пачала разгарацца.

— Не смейце больш рабіць гэтага, — сказаў я.

— Хто гэта тут такі яшчэ? — падлез Ганчаронак.

— Змоўч, а то я табе.

— А вы не крычыце на мяне, як нейкі афрыканскі папуас, — налязаў ён.

— Новагвінейскі бушмен, — паправіў я.

Чым бы гэта ўсё скончылася — невядома. Але ў гэты момант ад мура даляцеў крык двух дзесяткаў галасоў. Туды спяшаліся дзеці, і мы таксама кінуліся туды.

На зямлі ляжаў, нязручна падкруціўшы левую руку, юнак год семнаццаці. Адзін з тых, што толькі-толькі былі наверсе і там дзяўблі ламамі. Гэты чарнявы юнак адзін з тых «кладзенцаў-гракоў», як іх справядліва называюць.

— Што з табой, Бронік? — з непрыхаванай трывогай спытаў Шаблыка.

— Разбіўся? — гэта старшыня.

— Здаецца, не, — юнак сеў, моршчачыся і падтрымліваючы правай левую руку.

— Вывіх, — сказаў Ганчаронак. — Пацягніце за руку.

— Не. — Шаблыка абмацваў хлопцаву руку. — Пералом. Хутчэй у бальніцу.

Ведаю, я рабіў жорстка, не па-чалавечы, але трэба было стрымаць тую малпу, якая вырашыла рабіць такое з замкам, ды яшчэ і з рызыкай. Ну а каб не рука, а шыя. І таму я шчоўкнуў і гэтую сцэну.

— Ну і вось, — ледзь не заплакаў Высоцкі, паказваючы на тое месца, дзе, відаць, хлопец пераламаў руку і дзе пінжак быў прадзёрты. — Во і пінжак раздзёр.

— Падумаеш, адзін пінжак, — з пагардай адказаў мужны Бронік. — Мне гэта ўсё адно як Радзівілу, калі б у яго ў адным з маёнткаў парсючок здох.

— Малі, хлопча, бога аб здароўі, бо маліць аб розуме табе позна, — сказаў я.

Старшыня, Ганчаронак і Высоцкі відавочна сабраліся пакінуць поле бою. Але кінуць яго без слова азначала прызнаць сябе пераможанымі.

Таму Альшанскі спытаў:

— Гэта вы хаця дзеля чаго здымалі?

— Бачыце, не так даўно быў «Фіціль» пра аднаго такога, — я сказаў гэта, хаця і ведаў, што кажу пустую пагрозу. — Магчыма, здымкі ў будучым і прыдадуцца.

— Выньце плёнку, — сказаў Ганчаронак.

— Вы, здаецца, не ахова, а гэта не нумарны завод, — адрэзаў я. — Выму. У цёмным пакоі з праявіцелем.

Чаму так — не ведаю. Але ніколі не бачыў я чалавека, які б так усхваляваўся.

— Вы…

— Адставіць, — сказаў старшыня. — Сапраўды, пагарачыліся. Што нам, клінам сышоўся для загона гэты замак? Дый чаму тут, сапраўды, гарэць? Словам, будзе загон. Гэй, спускайцеся адтуль! — паглядзеў на дзяцей, што сачылі за сцэнай, і прыбавіў спецыяльна для мяне: — А з вамі пагаворым…

— Так, — падхапіў Ганчаронак, — з вамі, што тут без году тыдзень, а падкопваецца пад аўтарытэт кіраўнікоў, мы яшчэ пагаворым.

— Ахвотна. Тым больш што найболей падкопваюць аўтарытэт кіраўнікоў такія, як вы.

Альшанскі, відаць, хацеў быў вылаяцца, але махнуў рукой.

Яны пайшлі, і тут нечакана загаласіў ім услед чалавек ў кепцы задам наперад:

— Ага! Ага! Вось вам божая кара. Бурылі? Замак? А вы ведаеце, што тут было? Вось вам… Што тут было! Вось вам божая кара.

І рушыў за імі ў суправаджэнні картэжу сваіх псоў.

І толькі тут я зразумеў, што чалавек гэты — вар'ят.

— Змагіцель Міхась Іванавіч, — «каўбой» працягнуў мне руку. — Мясцовы выкладчык беларускай мовы.

— Шаблыка Рыгор Іванавіч, — сказаў другі. — Настаўнік гісторыі. Дзякуй вам, вы прыйшлі ў час.

— Два Іванавічы, — сказаў я. — Што ж, Косміч Антон Глебавіч. Гісторык.

— Мяркую, самая справа нам зараз накіравацца ў «Чайную», — сказаў Шаблыка. — Я не люблю, але пасля сённяшняга ў мяне ад хвалявання і палёгкі аж калені дрыжаць.

— І ў мяне, — сказаў «каўбой». — Дый за знаёмства.

Мы пакінулі ўрэшце запаскуджанае поле бою, зноў выйшлі ў парк, перайшлі мосцік, мінулі касцёл, аддыбалі метраў трыста ціхай вулачкай і ўвайшлі ў «Чайную», проста невялікі пакой са стойкай, дзесяткам столікаў, акном на кухню і трыма вокнамі на сонную ціхую вуліцу.

Маладая і надзіва свежая буфетчыца стаяла за стойкай і сумавала, бо народу яшчэ зусім не было: рана. «Каўбой» адразу па-каўбойску падкаціўся да яе:

— Данусечка… Р-радасць мая… Як я рад бачыць вас па-ранейшаму маладой, як усход, поўнай, як поўня, свежай, як раса.

— Гэ-э, ды ён помесь каўбоя з паэтам, — ціха сказаў я.

— Ды ну вас, Міхась Іванавіч…

— Я не Міхась. Я Змагіцель. Я ўсё змагу.

— І мяне.

— І вас, — люта адказаў настаўнік.

Зрабіў жахлівую міну і, паказваючы на бутэльку каньяку, чулліва праспяваў:

— «Дайте бедному шуту звездочку вон ту».

Тая засмяялася.

— А што яму, — сказаў Шаблыка. — Малады, кавалер, дурэе.

Мы селі за стол і выпілі за знаёмства.

— Ну, гэтая гісторыя з Бронікам ім цяпер надоўга ахвоту да такіх штучак адаб'е, — сказаў Шаблыка.

— Не кажы, — сказаў «каўбой-паэт». — Ганчаронак гэта такая свіння, што не адвяжацца. Як нянавісць у яго нейкая сядзіць і да замка, і да многага. Ён гэта Альшанскага падбіў. Нутром чую.

— Так, — Шаблыка круціў у руках акуляры. — Я б яго таксама лічыў, што гад паўзучы, каб мы разам з ім у гестапа не былі.

— У гестапа? — я здзівіўся.

— Ну так. Мяне ўзялі па падазрэнню за падполле, хаця прамых доказаў не было. Вядуць праз пакой, а ён стаіць рукамі ў сценку пад аховай сабакі. Убачыў — зрабіў выгляд, што не пазнаў, дай бог яму…

— І як жа вы адтуль выйшлі?

— Прадажныя яны былі. Нашага рэдка каго купіш. Аднаго-двух. А ў іх толькі аднаго-двух і не купіш. Выкупілі нас. Тым больш што доказаў не было. Ганчаронак, кажуць, трымаўся, язык праглынуўшы. А тое, што характар дзярмо, — справа дзесятая.

— І ўсё адно, — зноў ускіпеў «каўбой». — Я яму «бандыцкага адроддзя» не дарую.

— А чаму… — і я асекся, бо ледзь не сказаў нетактоўнасці.

Змагіцель торкаў відэльцам у катлету:

— Тут сакрэту няма. Усе ведаюць. Быў я па дурасці пасля вайны некалькі месяцаў у бандзе, шчанюк зялёны, непаўналетні. Р-рамантыкі захацелася. У філіяле банды Боўбеля-Куляша. Самога-та не бачыў. І добра, што трапіўся мне харошы чалавек. Шчука было яго прозвішча. Ён мне і давёў, што я такое. Ну, я сваю віну выкупіў. Дзякуючы яму і мне мой філіял загадаў доўга жыць, часткова здаўшыся, а асноўную частку з самім Куляшом да Палінскага балота прыціснулі і знішчылі да апошняга чалавека. І сам Кулеш зранены ў багне патануў. А ён мне: «Бандыцкае адроддзе». С-сука!

— Ладна, супакойся, — паклаў яму руку на плячо Шаблыка.

— Слухайце, а гэты хто, у кепцы казырком назад?

— А-а. Людвік Лапатуха, — сказаў сумна Шаблыка. — Вар'ят. Ціхі. Часам толькі незразумелае гаворыць. Ну і кепка. І сабакі яго страшэнна любяць. Бачылі? Табунамі ходзяць. Нямецкіх аўчарак толькі баіцца і кідае ў іх камяні.

— Адкуль жа ён такі, няшчасны чалавек?

— У нас тут у сорак чацвёртым немцы нейкую работу вялі, а пасля рабочых чалавек чатырыста, палякаў ды нашых, расстралялі ў паўкіламетры адсюль. Ды помнікі вы пасля самі ўбачыце, у парку стаяць. Наш помнік, агульны і польскі. Мы з адным польскім раёнам тут сябруем, то яны прыязджалі ды паставілі яшчэ сваім, — Змагіцель уздыхнуў. — Страшная была гісторыя.

— А Лапатуха тут пры чым? — спытаў я.

— Кажуць, што ці не яму аднаму ўдалося з-пад расстрэлу неяк уцячы, — задуменна сказаў Шаблыка. — Ці ён быў адзіным выпадковым сведкам. І крануўся, гледзячы на ўвесь гэты жах. Але цяпер ад яго ўжо ніхто нічога і ніколі не даведаецца. І быў жа добры, культурны чалавек. Скончыў гімназію і адзіны тады скончыў з усяе Альшанскай акругі ўніверсітэт. Пражскі. Некалькі моў ведаў. А цяпер, бачыце, як яго скруціла. Толькі і можна дабіцца, што вартуе ён тут магілы. Прапаў чалавек. Мяхі на млыне цягае. Шкадуюць яго.

Гаварыць далей на гэтую тэму было непрыемна і цяжка, і таму я перавёў размову на іншае:

— Слухайце, а што гэта ў вас кажуць нібыта пра нейкую жанчыну з нейкім там чорным манахам?

— Аа-а, працяг легенды з XVІІ стагоддзя, — скептычна ўсміхнуўся Шаблыка. — Валюжыніч і Ганна Альшанская. Чу-улі.

— Ну не, — узвіўся «каўбой-паэт». — Вы можаце смяяцца, казаць, што я ёлуп, а я веру: ёсць нешта такое. І за апошнія некалькі год зноў з'явілася. Ужо чалавек шэсць казалі. Людзі дарма шоргаць языкамі не будуць, і дыму без агню не бывае.

— Дык што?

— Кажуць, сапраўды, у некаторыя ночы з'яўляюцца. І калі прыйдзеш у такую ноч і падыдзеш добра, то ідуць. Часам па касцельнай галерэі, часам па замкавай. Часам па той і па другой. Размытыя, туманныя. Ідуць і знікаюць і нічога не гавораць.

— Ты каньяку болей пі, — сказаў Шаблыка.

— Ды я амаль і не п'ю. Як ты. Але веру, ёсць нешта такое. Праходжваюцца, ідуць.

Мы глядзелі на ціхую і добрую вясковую вуліцу, на бярозы, якія рыхтаваліся зазелянець, на бялюткія стаўбуры яблынь на вугальна-чорнай ільснянай зямлі.

— Н-на, — сказаў я, — гляджу я, у вас тут ідылія.

— Ідылія, — сказаў Шаблыка. — З кантрастамі.


РАЗДЗЕЛ XІ БЕЛАЯ ГАРА

Мінулі святы, звычайныя, усім вам вядомыя святы ў маленькім пасёлку. З трыбунай, абцягнутай чырвоным, з самаробнымі сцягамі і з сонцам і першымі, нясмелымі яшчэ намёкамі на зелень, з дэманстрацыяй, якая складаецца пераважна са школьнікаў, і з цікаўным парсюком, які вылез на вуліцу на агульнае ажыўленне, акурат на дарозе дэманстрацыі: людзей паглядзець і сябе паказаць.

А потым рыпае сям-там гармонік, перад клубам танцуюць пары. І закрадаецца ў сэрца сум, што табе гэтага ўжо зусім не хочацца, што твае балі адшумелі і пракаціліся.

Прайшоў з настаўнікам і вучнямі, проста каб не быць аднаму, каб паглядзець на ажыўленне іншых, а вечарам уцёк з вячоркі ад Вячоркі (сапраўды, почасту яны ў яго бывалі) да Змагіцеля ў яго кавалерскую хату (бацькі памерлі), куды скора з'явіўся й Шаблыка, і хораша мы з імі праводзілі свята, хаця нічога асабліва смажанага, печанага ў нас і не было.

Чысла трэцяга я заўважыў за рэчкай, на ўзвышшы, што ляжала наўскос ад замка, чалавечыя фігуркі і зразумеў, што археолагі, разведка якіх з'ехала незадоўга да майго прыезду, прыехалі ўжо экспедыцыяй.

Вырашыў ісці да іх. Трэба ж было пазнаёміцца з будучымі «калегамі» па рабоце. Тым больш што як давядзецца лазіць — усё адно заўважаць і спатрэбяцца тлумачэнні. Хісткім мостам перайшоў рэчку, адразу зразумеў: узгорак, які ляжыць перада мной, — гарадзішча. Старое, адно з ранніх славянскіх у гэтых краях. Пазней стаяла на гэтым месцы, магчыма, і крэпасць недзе XІ-XІІ стагоддзяў.

Я ўскараскаўся наверх, убачыў звычайную карціну: няроўны квадрат метраў сто пяцьдзесят на дзвесце з узвышэннямі па краях і лёгкім прагібам пасярэдзіне, россып чарапкоў, драбнюткіх, з пазногаць мезенца, вымытых з восені дажджамі, велізарны, зусім яшчэ голы дуб у адным з рагоў пляцоўкі і людзей, якія сядзелі пад ім між раскіданага майна, розных там скрынак, пакункаў, бочак і бог ведае чаго яшчэ.

Было там трое дзяўчат ва ўзросце год дваццаці і хлопец гады, можа, на два старэйшы за іх, якога я адразу пазнаў, бо сустракаліся ў нейкай сям'і. Сядзеў з гітараю ў руках белазубасты, худы, цёмна-хваліставалосы і «большие надежды подающий» будучы археолаг Генка Сядун уласнай персонай. А за яго спінаю ўзвышаліся дзве чатырохмесныя жылыя палаткі і дзве палаткі пад інструмент і іншае. На такім фоне Генка ў сваіх страшэнна пацёртых, але сапраўдных тэхасах з мустангам на азадку, у чырвонай чорнаклятчастай каўбойцы выглядаў — «заскучаешь». А дзяўчаткі былі звычайныя, толькі што мілыя па маладосці, з той пароды студэнтак-лабарантак, справа якіх шыфраваць, апрацоўваць матэрыялы, сядзець на раскопе і займацца расчысткай.

— «О, сустрэчы ў джунглях ці на моры», — убачыўшы мяне, заспяваў Генка.

Быў ён слаўны, між іншым, песнямі ўласнага сачынення, хаця голасу, як большасць сучасных спевакоў, зусім не меў. Але бог з імі, уважаючы на адсутнасць голасу і слыху, сучаснаму спеваку амаль беспамылкова можна прадказаць бліскучую будучыню.

І, дзіўна, чым больш да таго ж дурнейшая была Генкава песня, тым большым поспехам яна карысталася сярод равеснікаў. А так што ж, хлопец як хлопец. Вось і зараз… імправізуе.

О сустрэчы ў джунглях і на моры…

Качка, шторм — гары яно агнем.

На Басфоры ж гэнай гары мора -

Ты меня не спр-рашивай о нем.

— Антону Глебавічу Космічу прывітанне, — ускочыў ён, калі я падышоў.

— Прывітанне і таварышу Генадзю, які імя па бацьку пакуль што не заслужыў.

— Знаёмцеся, — звярнуўся прахвост Генка да дзяўчат, — прыва-т дацэнт Косміч. А гэта Таня Салей, Тарэса Гайдучык, Валянціна Волат. Наша таўстуха.

«Волат» быў самы худзенькі і малы і таму засаромеўся горш за ўсіх, а ўсе аж заліліся чырванню: як «вузкія» спецыялісты яны крыху ведалі пра мяне. Трэба іх было ратаваць.

— Ну і вы з ім пазнаёміліся, дзяўчаты. Наш дурань.

Дзяўчаты захіхікалі: напружанне было хоць і грубасцю, а знята.

— А хто ж у вас тут начальнік?

— Ну а чаму не я? — абурыўся Генка.

— Такіх шалапутаў начальнікамі не прызначаюць.

— Яшчэ як часта, — зрабіў жаласную міну Генка. — Толькі тады яны адразу перастаюць… шалапутамі. А мне майго шалапуцтва шкада.

— Цябе, ясна, са студэнтамі працаваць паставілі. З такімі ж прайдзісветамі.

— Мы про-ойдзем… Нас дваццаць будзе на раскопе, ды трыццаць школьнікаў наймём, — ён напяваў. — Усе гарадзішчы ўсёй Еўропы мы раскапаем… кетмянём. У прыватнасці, гэтае гарадзішча ранняга сярэдневякоўя.

— Стася Рэчыц у нас начальнік, — ледзь не шэптам сказала «таўстуха», Валя Волат, удзячная мне за дапамогу. — Зараз яна прыйдзе.

Рэчыц? Я, вядома, чуў гэтае імя па некаторых публікацыях, але асабіста яе не бачыў. Ні студэнткай, бо якраз тады часова адышоў ад выкладчыцкай работы, ні ў апошнія тры гады. Па чутках, яна была ў аспірантуры ў Ленінградзе. А спецыяліст, зноў жа па чутках, добры.

— Унь… падымаюцца, — сказала бялявенькая, кірпаносенькая, жывенькая Таня Салей. — З кім жа гэта?

— Дзед Мультан, — сказала Тарэса, вельмі падобная на Таню, толькі што чарнявая і крыху болей строгая. (Верхавод сярод трох, але сапраўды не «гайдук», а толькі «гайдучык».)

Па колішняму ўз'езду на гарадзішча (а я, дурань, пёрся схілам, ледзь не ўторкнуўшыся носам у зямлю) ішлі два чалавекі. Адзін год сямідзесяці, але яшчэ магутны і вузлаваты, як корч. Калісь, пэўна, высокі, а зараз крыху сагнуты, так што рукі звісалі. А побач з ім ішла лёгкай хадою жанчына ў сіняй сукенцы і такой самай сіняй хусцінцы на галаве.

— Дзень добры, — сказаў дзед. — Мультан маё прозвішча.

— Станіслава Рэчыц.

— Антон Косміч.

— Той?

— Сорамна, але выходзіць, што той. А вы тая?

— Ну, калі заўважылі дзесь, дык тая.

Цяпер я мог разгледзець іх лепей. У дзеда былі сінія, зусім не выцвілыя, вочы, сівая кучма валасоў, доўгія сівыя вусы пры дужа кепска голенай барадзе, нос тоўсты, рот усмешлівы і іранічны.

І пры гэтым мядзведжым абліччы ён яшчэ і гаварыў то тэнарком, то хрыплаватым басам і ўвесь час збіваўся са старэчай саліднасці на нейкую мітуслівасць, нібы ніяк не мог забыць, што ў юнацтве быў шалапутам. Стараўся, і часам атрымоўвалася, але да канца не мог.

Жанчыне, а можа, дзяўчыне — дваістае ўражанне, — магло быць год дваццаць пяць. На дзесяць з гакам маладзейшая. Калі я загінаўся ў вагоне для быдла на перагоне Баранавічы — Слонім, была яшчэ зусім дзіцем.

Тонкія яшчэ рукі з вострымі локцікамі, але развітыя высокія грудзі і ногі доўгія, мускулістыя. Мабыць, шмат хадзіла.

Рухі дакладныя, гожыя. Выраз аблічча і голас прыемныя, мяккія.

І — рыжая. Але была гэта не тая бясколерная, апельсінавая рыжына, што здараецца часцей за ўсё, а быў гэта колер цёмнага чырвонага дрэва, што заўсёды адлівае глыбінным золатам. І скура чыстая, без рабаціння, малочна-белая, зусім без блакітнага адцення, што часта ўласцівае скуры рыжых. Ніякай касметыкі нідзе, ды яна «ў полі», пад ветрам і сонцам, і непатрэбная. І тым больш здзіўлялі натуральна цёмныя бровы і веі ў кантрасце з вялікімі вачыма зялёна-блакітнай глыбіні.

«Ну, досыць пяліцца, Косміч. Гэты пірог не для нас, дый не такая ўжо стаіць цаца перад табою. Бывалі лепшыя».

— Зайдзіце на хвіліну да нас, — паказала на палатку.

— Куды мне туды, — забасіў Мультан. — Я яе звалю.

У палатцы было вельмі чыста і прытульна. Чатыры засланыя тапчаны, чатыры спальныя мяхі ў галовах, галінка ядлоўцу ў вазачцы, брызент падлогі пасыпаны аерам.

— Што ў вас — сёмуха?

— У нас заўсёды — сёмуха.

Я амаль адразу заўважыў у яе прыстрасць да парадку, а пасля, па меры знаёмства, і слабасць да грунтоўных і прыгожых рэчаў. Прычым — танна. Замовіць, напрыклад, мясцоваму ганчару дакладную копію старажытнага збана, гаршка, місы. Аблітых падобнай паліваю. Проста каб прыемна стаялі на стале.

— Ну што ў вас, Антон Глебавіч?

Я расказаў. Без падрабязнасцей, без гісторыі расшыфроўкі. Проста сказаў, што павінна быць пад знакам карабля, недзе пад другой вежай ад кутняй вежы падзямелле. Яна не здзівілася — мала для чаго нейкае там падзямелле можа быць патрэбна гісторыку.

Яна ўзяла шчуп і сказала:

— Ну што ж, хадзем, паглядзім.

Выйшлі на пляцоўку. Мультан — невядома чаго прыцёгся сюды, рабіць, ці што, не было чаго — паплёўся за намі. Часам згінаўся і падбіраў нешта. Заразіўся падчас разведкі чалавек.

— Што за шчуп у вас такі цікавы?

— Паглядзіце.

Шчуп, востраканечны прут, якім зручна мацаць грунт на пясках, быў зроблены ў выглядзе паморскай шпількі-заколкі. Куты і адзін канец закручаны ў папярочны авал. Каб якраз пралезла рука і добра трымалася ў стальной пятлі. Канчаўся авал вытанчаным завітком.

У другім шчупе канец пятлі-ручкі змыкаўся і, як стужка, тройчы абвіваўся вакол штыра шчупа.

— Сама замовіла. Вось бярыце пакуль гэты. У абодвух па метру даўжыні. Можна мераць глыбіню ў раскопе. І на пясках мацаць зручна, — уздыхнула з усмешкай. — Але галоўным чынам для сабак.

Яны пайшлі па краі гарадзішча. У спіну ім Генка заспяваў прачулым, дураслівым голасам на матыў «Степь да степь кругом»:

В той степи глухой

И-сто-рик у-мирал.

І пасля невялікай паўзы (як на гэта адрэагуюць):

Перешли жане

Вещи тощие,

Передай ключи

От жилплощади…

А другой жане

О том промолчи,

От жилплощади

Не давай ключи.

Я нагнуўся і падняў камень, але Генка ўжо слізгануў за палатку.

— Што, і сапраўды другой не даваць ключоў? — засмяялася яна.

— Дзякуй богу, не маю такога шчасця ні ў другі, ані ў першы раз.

— Чаго ж «дзякуй богу»?

— А так.

— Чаго ж так?

— Спакайней. Я ўжо гады за плячыма маю.

— Якія там гады, — здалёк, дачуўшы, сказаў Мультан, — якія вашы гады? Унь я, вы думаеце, чаму такі зарослы? Неахайны? Брытвы не маю? Маю. І ў лазню два разы на тыдзень хаджу. А шчэць, як у кабана, бо жонка загадала галіцца раз на месяц. Бо яшчэ раўнуе, зараза.

Ён наблізіўся, і так мы падышлі да краю гарадзішча, адкуль замак наводдаль было відаць, як на плане. Адсюль і разбурэнні было відаць лепей.

— Бураць, — ціха сказала яна. — Паступова.

— І дошка здзёртая, — сказаў я. — Валяецца унь у бур'яне.

— Куды яна ўцячэ? — буркнуў Мультан.

— А хто яе ўкрадзе?

— Удзячныя жыхары і ўкрадуць.

— Не дам, — сказаў Мультан. — Я ж вартаўнік. Касцёла. І заадно замка.

— Ну, дзед, вы навартуеце, — сказаў я.

— Ого-го, ды яшчэ як. А дошка? Прыбіць дошку, і як быццам усю справу зрабілі. А дошка — сёння яна ёсць, заўтра няма, буры, Ванюха!

— Мае рацыю, — сказала яна. — Унь была дошка на Ружанах, на беларускім Парфеноне, валяліся ў двары бочкі з-пад мазуты. Няма яе — тыя ж бочкі. Ну дык дзе там кажаце?

— «Другая ад кута».

— Ад якога кута? Дзе той кут?

— І праўда, куты чатыры. Так што практычна пад кожным…

— Практычна на псы твая работа, хлопец, — сказаў Мультан.

— А далей S ступ пад знакам карабля, — безнадзейна сказаў я.

— Восем ступ пад знакам карабля, — паўтарыла яна, палічыўшы па пальцах. — Н-на, нягуста. Мультан калупаў наском бота зямлю.

— Вось што, — буркнуў ён урэшце. — Так ты тут нічога не знойдзеш. Я вось што зраблю. Я табе ўнука свайго малодшага, Стасіка, прышлю. Ён сапраўдны Мультан. І ён з Васільком Шубайлам, сябрам сваім, такія сарвігаловы, што ўвесь замак з галавы да пятак аблазілі. Можа, яны табе ў нечым памогуць.

— Дзякуй, дзед. Ад дзяцей у такіх выпадках сапраўды можа быць болей карысці, чым ад дарослых.

— То ж бо.

— Што ж, — спытаў я ў Сташкі. — Вы капаць пачынаеце? Але ж яшчэ мокра.

— Падрыхтоўка. Пачнём па-сапраўднаму, калі вучняў, у якіх экзаменаў няма, адпусцяць і як крыху падсохне.

— Шаблыка тут ім памог, — сказаў дзед.

— Угу. Варта капаць. У выпадку чаго і вам дапаможам. І заходзьце да нас.

— Што ж, буду рад.

Мы стаялі над адкосам. Вецер ляцеў, з боку замка, ад невялікай ракі. Відаць былі справа і злева ставы, і на левым з іх лялечны адсюль будынак млына. Было шырока-шырока.

— А гарадзішча гэта завецца Белая Гара, — сказала яна.

— Так. Белая Гара, — сказаў дзед.

Да касцёла нам з дзедам было па дарозе. Ішлі, мянцілі языкамі пра тое-сёе. Ля плябаніі кінуўся нам у ногі рыжы пёс, сумесь дварнягі з ірландскім сетэрам. Прыціснуўшы вушы, пачаў ласкава скуголіць.

— Кундаль. Кундаль, — трапаў яго дзед. — Бач ты, бач ты, які тлусты. Як мех. Нічога, на паляванне з табой пойдзем. Скінеш тады тлушч. Пойдзем на паляванне?

Сабака аж скакаць пачаў ад радасці.

— Верыце, прызвычаіўся, зараза, каб яму здароўе, рыбу лавіць. Часам такую здаравенную прынясе. І не ведаю, ці ён нырае пад яе, як вадалаз, ці як. Зайдзіце да мяне, — сказаў Мультан. — Паглядзіце на вартоўню. Вось так кожную ноч. Жонка, дзеці ды ўнукі ў хаце, а я тут. Таму баба галіцца часта і забараніла… Раўнуе, халера.

Вартоўня была самай незвычайнай з вартоўняў, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Цэлыя два пакоі. І вялікія.

— Тут уваход асобны, — сказаў дзед. — І ні к сялу ні к гораду гэты асобны ўваход. Кліру паменела, то аддалі пад вартоўню мне. А рэчаў столькі, што ўсе непрыгодныя, ды яшчэ некаторыя з былога палаца таксама ўсе сюды знеслі і скінулі.

Гэта было сапраўды так. У першым пакоі былі грубка, тапчаны, стол і табурэткі, але акрамя таго яшчэ і зламаная фісгармонія, і крэсла з высокай «біскупскай» спінкай, і стары буфет чорнага дрэва (шклы ў ім адсутнічалі, і на паліцах было відаць конаўкі, шклянкі, імбрык, бульбу і цыбулю россыпам).


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23