Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Салярыс (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Лем Станислав / Салярыс (на белорусском языке) - Чтение (стр. 13)
Автор: Лем Станислав
Жанр:

 

 


      У пачкаваннi, росце, распаўсюджваннi гэтага жыватвору, у яго рухах - у кожным паасобку i ва ўсiх разам - выяўлялася нейкая, так бы мовiць, асцярожная, але не палахлiвая наiўнасць, калi ён спрабаваў аж да самазабыцця, паспешна зведаць, ахапiць новую, нечакана сустрэтую форму i на паўдарозе вымушаны быў адступiцца, бо гэта пагражала парушэннем межаў, вызначаных таямнiчым законам. Якi неверагодны кантраст уяўляла яго някiдкая цiкаўнасць з невымернасцю, што блiшчала ад гарызонту да гарызонту. У мерным дыханнi хваляў я ўпершыню так выразна адчуваў велiканскую прысутнасць, магутную, неадольную маўклiвасць. Захоплены сузiраннем, скамянелы, я апускаўся ў недасяжныя глыбiнi i, губляючы самога сябе, злiваўся з вадкiм сляпым гiгантам. Я дараваў яму ўсё, без малейшага намагання, без слоў, без думак.
      Увесь апошнi тыдзень я паводзiў сябе так прыстойна, што недаверлiва блiскучыя вочы Снаўта ў рэшце рэшт перасталi за мной сачыць. Знешне спакойны, я ўсё-такi нечага чакаў. Чаго? Вяртання яе? Як я мог? Кожны з нас ведае, што ўяўляе з сябе матэрыяльная iстота, якая падуладна законам фiзiялогii i фiзiкi, i што моц усiх нашых пачуццяў, нават аб'яднаных, не можа супрацьстаяць гэтым законам, а можа толькi ненавiдзець iх. Адвечная вера закаханых i паэтаў ва ўсемагутнасць кахання, якое перамагае смерць, стагоддзямi неадлучныя ад нас словы "finis vitae sed non amoris" ("каханне мацней за смерць") - усё гэта падман. Але гэты падман не смешны, ён не мае сэнсу. А вось быць гадзiннiкам, што адлiчвае бег часу, гадзiннiкам, якi то разбiраюць, то збiраюць нанава, у механiзме якога, ледзь толькi канструктар закране маятнiк, нараджаюцца адчай i каханне, ведаць, што ты толькi рэпетытар пакут, тым мацнейшых, чым больш смешнымi яны становяцца ад iх шматкратнасцi? Паўтараць чалавечае iснаванне, але паўтараць яго так, як п'янiца паўтарае звыклую мелодыю, кiдаючы ўсё новыя i новыя медзякi ў музычную шафу? Я нi хвiлiны не верыў, што вадкi гiгант, якi нясе ў сабе смерць сотням людзей, да якога дзесяткi гадоў уся мая раса марна спрабавала звiць хоць нiтачку паразумення, што ён, якi бязмэтна гонiць мяне, як пылiнку, будзе ўзрушаны трагедыяй двух людзей. Але яго дзеяннi мелi нейкую мэту. Праўда, нават у гэтым я не быў цалкам перакананы. Аднак проста сысцi, саступiць - азначала закрэслiць тую, няхай сабе iснуючую толькi ва ўяўленнi мажлiвасць, якую даруе прышласць. Дык што ж урэшце - гады сярод мэблi i рэчаў, да якiх мы разам датыкалiся, у паветры, якое яшчэ захоўвае яе дыханне? У мяне не было надзеi. Але я жыў чаканнем, гэта было апошняе, што засталося ад яе. Якiя здзяйсненнi, кпiны, якiя пакуты яшчэ чакалi мяне? Я нiчога не ведаў, але па-ранейшаму верыў, што не мiнуў яшчэ час нязвыкла суровых цудаў.
      Закапанэ, Чэрвень 1959 - чэрвень 1960

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13