Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Грабал Богумил / Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Грабал Богумил
Жанр:

 

 


Аўстрыi муж адказваў за душу свае жонкi непасрэдна перад Богам, i так прыкладам Тонiк Воплетал, той, што ўсадзiў нож Фэрдзюшку ў галаву, калi сварылiся, хто трапiць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне i тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любiў выпiць, калi меў за што, адну кварту гарэлкi перад абедам, другую пасьля абеду, i яшчэ адну нанач, сёньня людзi з глузду зьехалi б або зрабiлi б рэвалюцыю, калi б мусiлi працаваць да поўначы як за Аўстрыi, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калi ты смалiш пiпку з драгунам! i лясь бабу капылом, за Аўстрыi людзi мелi досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумнiка як i сам, Траўнiчка, i яны адразу купiлi сабе лiтар жытнёўкi ў Фiдлераў, у той час налiвалi гарэлку ў такi чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкi, значыць, мой тата сядзеў з Траўнiчкам на могiлкавым муры, а як што былi начытаўшыся Гаўлiчка i "Сьветагляду", мiжнароднае становiшча так iх засмучала, што не пайшлi на працу i вялi падрыўныя гутаркi пра сацыяльную несправядлiвасьць, а калi ўжо набралiся, засьпявалi песьню "Калi я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк", ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, i крычыць, а каб цябе трасца, Траўнiчак, што гэта за фокусы замiнаюць мне падчас багаслужбы? iдзi ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнiчкам сьпявалi далей, i тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб iменем закону яны разыйшлiся, дык пайшлi, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купiў сабе жавальнай табакi, але як ужо быў добра налiзаўшыся, мама ўзяла пута i адлупiла яго, бо калi хто хоча напiцца, дык павiнен мець рэсурсы, iнакш шал кiнецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабiў дзяўчатам дзецi на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур i падсьпеўваў, "Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...", а калi шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў "Усе чэрцi на свабодзе, усе чэрцi пад замком", людзi глядзелi на яго нейкi час, а потым адправiлi ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхiнам у ратушы i быў начальнiкам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгi, а можа i ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, якi не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вiсеў у iх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзi i надалей несьвядомыя i схiльныя да трагедыi, заўсёды калi хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцiнгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала "Уладальнiкаў гуты", але да яе хадзiў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана i засьпеў iх у ваньне i так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваiм творы аб палавой гiгiене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддавалiся сваёй жарсьцi, сама больш тры разы папалуднi, а каталiком чатыры разы папалуднi, каб потым ня мелi грэшных думак, бо iнакш можна прыйсьцi да сумных наступстваў, гэта ўваходзiць у кроў i да гэтага маюць нахiл султаны, якiя потым надрываюцца, калi-нiкалi нават папы i каралi ня мелi ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаiць дагары нагамi празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзiць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусiць, што там вясельле, забава, увесь той гармiдар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё? адзiн мясьнiк мне сказаў, што ажанiцца гэта як усё жыцьцё несьцi каровiну скуру па тонкiм лёдзе, ёсьць выпадкi, калi жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабiрае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу i як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, iдэалы хiстаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарцiка, гэта люба, калi двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукi, а потым за што толькi можна схапiцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у iх кiшэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянцiць языком колькi хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красунi, а калi б не памёр ад запаленьня лёгкiх, пэўна меў бы ахвоту i на пятую, такi зь яго быў спэцыялiст па жанчынах, трэба ведаць, калi ёсьць сапраўдная жарсьць, а калi толькi прыхамаць, як гэта апiсвае ў сваiм творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзiцяцi, а iншая анiводнага, хоць бы й комiн ад бровару на яе звалiўся, такi мужчына мусiць мець не абы якi ворган, нават у соньнiку, панна, знойдзеце, што вялiкi ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пiлi i цягалiся за чубы на лесьвiцы, але калi выйшлi на вулiцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхнi, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на каленi i божкаецца, я зьела толькi адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другi раз яна, за вакзалам жыў Каўра, якi ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, i таму што яна красьцi ня ўмела нi трохi, ён узяў i павесiўся ад сораму на бэльцы, або той Хыцiл! яна, ягоная жонка, хадзiла па дамох i прадавала кашулi, а прытым крала, ну i раз яе прывялi жандары, дык яму таксама не засталося нiчога як толькi павесiцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзiць доктар Карафiят на кантроль i кажа, спадар Корац, людзi скардзяцца, што не атрымлiваюць дапамогi па хваробе, што гэта за парадкi? тады Корац раскалоўся i прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма нiякай справы, дык Корац узяў касу i быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыi выпiў лiтар рому за клуняй i падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзецi вучацца задарма, а бацькi ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў iх, вось маеце, за Аўстрыi ў ялавiчным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамiтай прыправы з Малой Азii, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блiзьнят i ахрысьцiлi яго Вiнцакам, а таго другога блiзьнюка ахрысьцiлi Людвiчкам, а калi iм было па годзiку, мамуля купала iх у начоўках i на хвiлiнку адбегла да суседкi, калi вярнулася праз паўгадзiнкi, адно з дваiх утапiлася, а як што тыя двайняты былi падобныя, дык ня ведалi, каторы зь iх утапiўся, Людвiчак цi Вiнцак? кiнулi манэту, арол быў Людвiчак, а рэшка Вiнцак, выпала, што ўтапiўся Людвiчак, але мой стрыечны брат Вiнцак, калi вырас, пачаў сабе ламаць галаву, ён быў беспрацоўны, дык меў даволi часу, хто насамрэч утапiўся, цi абы на сьвеце не жыве Людвiчак, а ён, Вiнцак, цi не ўтапiўся? i пачаў пiць, потым хадзiў каля вады i шмат купаўся ў рэчцы, потым i ў лазьнi, хiба хацеў спраўдзiць, бо наканец утапiўся, каб упэўнiцца, цi не ўтапiўся тады ў начоўках, было яшчэ й тое, што за Аўстрыi людзi шукалi працы, а сёньня праца шукае людзей, так што яны ня маюць зашмат часу на глупствы, пацьвердзiў мне гэта i паэт Бонды, калi прывёз у гасподу двое сваiх дзяцей у возiку, ужо Сакрат, кажа Бонды, сьцьвердзiў, што курвельства ёсьць заняткам людзей бязь iншага занятку, Тонiк з кавярнi даў нам кiлбасы, каб мы патаўклi яму каменьне, дык таўчэм i таўчэм, а тут насоўваецца хмара, пацямнела як на пагiбель, загрымеў гром i блiснула маланка, мы мусiлi схавацца ў рове, а тут раптам зноў ясна, вяртаемся вечарам дахаты, а мама кажа, ведаеце, дзецi, што сталася? Карасак павесiўся якраз у тым лесе, дзе вы таўклi каменьне, таму што ягоная баба бегала за iншымi, я, панна, быў асьцярожны, там дзе я шаўцаваў, мелi дачку Мажэну, пуза як бубен, грудзi як у Марыi Тэрэзы, а азадак як сьвiронак або студня, кажуць мне раз, сёньня ў нас заначуеш, паслалi мне каля плiты, а над раньнем тая Мажэна мацнула мяне за твар i паклала мне на грудзях тыя свае цыцкi, а я кумiльгам адтуль, таму што ўжо тады быў далiкатны як саксонскi курфюрст, i рассадзiў сабе галаву аб плiту, адмочваю тую рану ў вядры, а цэлая сям'я выскачыла з пасьцелi i цешыцца, маўляў, будзем гуляць вясельле, але я ня даўся, сказаў як Гётэ, што я слабы ў грудзях i хутчэй схiльны да вершаў, дык яны таго зьлякалiся, Мажэна потым купiла мне гальштук i нiкеляваны пярсьцёнак, але я ўжо прачытаў твор спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, дык прыкiнуўся, што цiкаўлюся музыкай, а яе ўзяў нехта Етрудка, нажылi разам бяду i шасьцёра дзяцей, той Етрудка ўвесь час хадзiў набраны, хапала, каб толькi перад Мажэнай чыхнуў, а яна ўжо была пры надзеi, палова тых дзяцей звар'яцела, а другая палова, калi гэта даразумела, павесiлася, i як тут верыць соньнiку Анны Новакавай, нованароджанае дзiцятка пеставаць значыць радасьць! хiба адно стараста можа сабе нарабiць столькi дзяцей, але калi дзецi плачуць, дык нiякая гэта ня радасьць, старая Аўстрыя любавалася вайсковымi парадамi, але з другога боку, калi вы йшлi на шпацыр, дык штохвiлi зачаплялiся за выцягнутыя куксы жабракоў, i замест таго каб заглядацца на нейкую дзявочую цыцачку, я мусiў лiтавацца над тымi няшчаснымi, раз iду сам адзiн, а тут красуня, жыдоўка, нос крукам як чапяла, сядзiць на мяжы i выглядае першай суботняй зоркi, ня мела на сабе майтак, дык я адным вокам зiрк туды, куды любiў паглядзець Гётэ, пакуль пачне пiсаць вершык, загаварыў зь ёю i пачалi памiж намi ткацца даверлiвыя адносiны, яна мне распавяла, што ўмее езьдзiць на ровары бяз рук, на той час гэта была рэвалюцыя, а я ёй распавёў пра аднаго жандара, якi недзе вынайшаў пастанову аб грамадзкай гiгiене i паводле тае пастановы хадзiў асабiста мыць маладых цыганак да пятнаццацi гадоў, старыя цыганы павiнны былi грэць ваду i потым iсьцi прэч, жандар зьнiмаў унiформу i закасваў рукавы, а ягоны начальнiк падглядваў празь дзiрку ад ключа, як выконваецца тая пастанова аб гiгiене, а потым паставiў таго жандара перад судом i сам хадзiў абмываць тых маладых цыганак, а старыя цыганкi зьдзiўлялiся, чаму ён ня мые i iх? тая жыдоўка, што сядзела на мяжы i чакала першай суботняй зоркi, пачырванела i шапнула мне, што яна таксама не занадта каб чыстая, i я на той мяжы адчуваў сябе зноў пераможцам, iншым разам я хадзiў з дачкою махляра, мала хто мог вадзiць зь ёю знаёмства, мы гулялi разам у дыябалё i калi яна нахiлялася, я заглядваў ёй у дэкальтэ, называлася гэтае махляровае дзiцятка Галенкай, мела такiя гожыя цыцачкi, што доўга яшчэ згадваючы iх я заiкаўся i рабiў правапiсныя памылкi, такiм чынам я захаваў тую самую iлюзiю, што й Госпад Хрыстос, хадзiць з прыгожымi дзеўкамi, але не прыпускаць iх занадта блiзка да сябе i быць вольным, як быў доктар Карафiят, якi дрыжаў ад страху, каб ня стрэць бабы ў кашулi нават у сьне, гэта звалiла б з ног нават i пiсьменьнiка, а тыя ж прывыклi бачыць i не такiя рэчы, бацька тае махляровае дачкi мяне цягнуў на службу, але я ведаў, што ў яго два сыны, фарсуны з маноклямi, адзiн сынок украў грошы з касы i згодна з модай таго часу застрэлiўся з браўнiнга, з браўнiнга стралялiся толькi члены кайзэравай сям'i, а жонка таго другога сынка, Нiна, вялiзазная й гладкая як аксамiт, любiла папiваць лiкёры i калi цягнула ваду са студнi, закруцiлася ёй у галаве i яна туды паляцела, знайшлi яе праз тыдзень, бо думалi, як гэта тады было ў звычцы, што яе выкраў нейкi студэнт, а яна ўжо была набрынялая й агiдная, ах, Сьвятая Багародзiца, гэтае жыцьцё ўсё роўна халерна прыгожае! я не хацеў iсьцi ў прымы ў iхную сям'ю, бо ейны дзядзька быў закаранелы рэлiгiйны фанатык, багамольнiк нашых гор, якi цалаваў зямлю i валiў платы вакол дамоў, бо калi, маўляў, на небе няма платоў, дык i на зямлi iх не павiнна быць, ужо ў тым часе ён быў першапраходцам у заворваньнi межаў мiж людзьмi, няўпынна ставаў на каленi на пляцы i крычаў, што платы мiж людзьмi зьнясе любоў, аднак людзi меркавалi iнакш, таму адразу йшлi дахаты i лягалi з жанкамi на канапе, дык той дзядзька ўрэшце павесiўся на могiлках на крыжы над магiлай свае маткi i ксёндз сварыўся, што яшчэ раз мусiць асьвячаць могiлкi, я дзiвiўся, як у соньнiку Анны Новакавай мог зьявiцца сказ, у сьне ў царкве быць павешаным, хутка станесься саноўнiкам Царквы, калi ж бо самагубца мае быць пахаваны ўначы, у поўнай цiшынi i ў асаблiва далёкiм месцы, або той натарыюсаў штабс-лекар, ягоная жонка была чысты скарб, той самы мадэль, што i вы, панна, калi прыходзiла да нас па малако, казала мне, цi вы не зайшлi б на хвiлiнку да нас, выглядаеце як нябожчык Штраўс у маладых гадох, яе матка паходзiла з замку за Пшэмыславiцамi, замак называўся Глохаў i належаў Бохнэру, а яе бацька, таксама натарыюс, езьдзiў чатырма белымi жарабцамi, а шэсьць стракатых догаў беглi з высалапленымi языкамi за павозкай, сын меў сурдут блакiтны як неба, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, якое яшчэ войска пакажа такую красу для вачэй, сёньня жаўнеры ходзяць як парабкi, а тады кожны жаўнер быў сьцiснуты ў поясе як панна, а калi прыяжджаў у водпуск, дык дзеўкi сiкалi ў майткi, бо жаўнеры насiлi гарсэты, а такi штабс-лекар меў два рады гузiкаў i залаты каўнер, нiбыта з чыстага золата, каўнер з шаўковай падкладкай наўкруг, генэрал-лекар меў зьмейку на каўняры цэлым у золаце, ну, нешта цудоўнае, адно прырода, калi хоча пахвалiцца, што нешта дакажа, стварае дзеля канкурэнцыi такога зiмародка або папугу, толькi што Аўстрыя апрача гэтага параду i жабракоў мела яшчэ дысцыплiну, якая часта даводзiла жаўнераў да роспачы, таму што зь iх зьдзеквалiся i бiлi, тыя арышты, аковы, канцэнтрацыйны лягер, але той натарыюсавы штабс-лекар быў фанабэрысты як пава, у войска йшоў як красуня на шпацыр, а сталася яму такая бяда, што адзiн жаўнер забiў другога i ўкраў у яго грошы, якiя матка прыслала яму ў войска, а той забойца налiў забiтаму ў рот гарэлкi, а штабс-лекар яшчэ таго няшчасьнiка таўхаў нагою, бо думаў, што ён напiўся на службе, але адзiн спрытнюк убачыў гэта i данёс, дык штабс-лекара замкнулi i ён павесiўся на ручнiку ў каталажцы, а калi яго хавалi дома, дык мацi так рыдала, што ледзь касьцёл не развалiўся, заплацiла каму трэба, то й пахавалi яго на могiлках, хоць павiнны былi пахаваць уначы, у асаблiва глухiм месцы i бяз розгаласу, так яно бывае, панна, на фронце вас пахавалi б невядома дзе, усё роўна як бы згубiць хустачку, Анна Новакава ў сваiм соньнiку пiша, адпяваць нябожчыка гэта на шлюб, а сьнiць вар'ятню, вялiкага шчасьця чакай! во што прыдарылася начальнiку станцыi ў нас, якi гадаваў iндыкi i дрыжэў, каб яму дзяжурны добра пераводзiў стрэлкi, калi йшоў хуткi цягнiк, таму хадзiў сам кантраляваць, а хуткi яму ўехаў у тыя iндыкi, гэта было вiдовiшча, такi хуткi цягне за сабою паперыны й галiнкi, калi iмчыць, дык пацягнуў i пер'е iндыкаў ды iхнiя ашмёткi, на дзяжурнага на наступнай станцыi ўпалi тры сьцягнякi, на начальнiка яшчэ наступнай станцыi пасыпалася пер'е нiбыта зь якой пярыны, хуткi цягнiк гэта ня жарты, калi праяжджае праз станцыю, начальнiку зь Лiбiцы скразьняк за цягнiком вырваў з рук павышэньне i начальнiк ня мог адзець новы мундзiр, пакуль праз два тыднi не знайшлi тое павышэньне пяць станцый далей, адна жанчына йшла па шпалах, каб хутчэй зайсьцi дахаты, несла сьвiную юшку i разьехаў яе цягнiк, махам выцягнуў зь юшкi крупы i апырскаў iмi дзяжурнага на суседняй станцыi, на чыгунцы ёсьць людзi, абходчыкi, якiя апускаюць шлягбаўмы, вакол iхных дамкоў адно голае поле, ноччу нiхто iх ня бачыць, але яны ўсё роўна ваксуюць боты i выбiваюць мундзiры, а потым стаяць ля апушчаных шлягбаўмаў i казыраюць, цягнiк пралятае мiма iх уначы, пылiць на iх i пырскае, нiхто тых абходчыкаў ня бачыць, але яны стаяць на зважай i казыраюць начному хуткаму цягнiку, такiя во людзi засталiся ад колiшняе Аўстрыi, таму Лукас з гарнiзон-iнспэкцыёну ня бiў i не караў, затое Зэлiкоўскi быў сьвiньня, малацiў жаўнераў i загадваў iх прывязваць да дрэва, перш за ўсё капралаў, каб ведалi, як яно мае выглядаць, калi ён едзе на канi, i войска павiнна было расьцягнуцца ў швармлiнiю або вiкльтэлiнiю i зараз потым падвойную тупльшварм i допльрай, i паставiцца чатырохкутнiкам, i раптам рассыпацца, як бы хто стрэлiў у вераб'iную чараду, каб зноў самкнуць шыхт, камарад пры камарадзе, а калi генэрал падыме шаблю вастрыём угору, капралы павiнны ведаць, што гэта значыць, бо ж генэрал ня будзе крычаць да шаснаццацi ротаў войска, так як i дырыгент ня будзе крычаць на музыкантаў, ты ёлупню! ня бачыш там тае фэрматы? ён жа мае палачку не дзеля таго, каб сьвiснуць каму па вушах, але каб дырыгаваць, падаваць знакi, такi маршал, зразумела, мусiць клапацiцца, каб выйграць бiтву i каб не загiнула зашмат людзей, мяне рабiлi фрайтэрам, але я не схацеў, бо тады без упыну пасылаюць чалавека на варту або на патрулi i ўсё высылаюць у вайсковае вучылiшча, на ўскраiне лесу паручнiкi ўсё крэсьляць на дошцы i крычаць, падафiцэры zu mir! а як хто хоча пасцаць, дык мусiць прасiцца, потым едзеце на фронт i ўздоўж шашы пачынаюць зьяўляцца беспамылковыя знакi, амунiцыя, гарматы i параненыя, адзiн жаўнер дастаў ад вады срачкi або дыярэi, добрая ў мяне памяць, панна, што? i той жаўнер сядзеў у рове з папругай на карку, а тут генэрал Зэлiкоўскi саскочыў з каня i верашчыць, што гэта за войска такое засранае! i як вытне таго ваяку шабляй па сьпiне, а потым перада мною зьявiўся фронт, тая сумятня, дзе адзiн аднаго пыраў штыхом праз памылку, сьлепату або слабату, каб толькi далей наперад i наперад, каб вораг не пасьпеў акапацца, нэрвовыя афiцэры, швадроны залiтыя крывёю разам з коньмi, усё палала, дрэвы лёталi ў паветры, санiтары адвозiлi параненых на павозках кудысьцi ў лес, але дзяўчатам нельга было на фронце, яны заставалiся ў Пярэмышлi i Кракаве, пахаваныя па публiчных дамох, там у дзьвярах ёсьць вакенцы, я калiсьцi зазiрнуў, адна зь iх адчынiла i пытаецца, ну што, ваяка? некаторыя за гэта хацелi толькi хлеба, паручнiк Гаворка раiў нам, каб мы лепш заляцалiся да паннаў з прыватных дамоў, такой хопiць купiць цукеркаў, а каханьне як дрот, iду я сабе з настаўнiкавай дачушкай, а яна мне кажа, што хацела б за гэта булачку або абаранак, а я кажу, што нiчога ня маю, адно гэты жаўнерскi хлеб, а яна пацалавала мяне ў руку, а я ёй распавёў за гэта, як аднойчы вартаваў у Сплiце стары вагон, поўны экразыту, таго, што падрывае масты, i што той экразыт выглядае як лепiшча на мухi або як парашок з аптэкi, потым я ёй чытаў з соньнiку, што з паненкай у сьне балакаць значыць рызыкоўную спэкуляцыю, а з жанчынай уначы жартаваць, ня дай зьвесьцi сябе падманлiвай размовай, а ўрэшце я сказаў той настаўнiкавай дачушцы, што паненка ладне выглёнда, а яна мне, што пан тэж, i зычыла мне, каб ужо хутчэй было перамiр'е, а як што я заўсёды быў гжэчны кавалер, пiсалi мне найпрыгажэйшыя жанчыны Эўропы, у Цыгенгальсе я схiлiў да сябе сэрцайка дачкi аднаго фабрыканта, яна мела на сабе жоўтую бялiзну i сiнюю сукенку, я катаў яе лодкай па лясной азярыне i сьпяваў Mein Herz ist ein Bienenhaus, а потым лодка пачала тонуць, дык я выратаваў паненку, бо там было мала вады, яна называлася Анна Герынг i слала мне ружовыя лiсты, цэлае мястэчка ня спала ад цiкаўнасьцi, з кiм я перапiсваюся, аднаго разу яна мне прыслала парфуму "Маёвы чар", яна пахла як ландыш, а я, каб пазбавiцца ад вайсковай службы, курыў вiрджынскiя цыгары, мочаныя ў шафране, трэба было халерна зважаць, каб ня мець пажоўклых пальцаў, дык я абкусваў iх да крывi, гэта ўсё роўна што абылгаць прыгожую жанчыну, абдурыць словам, нават нябожчык стараста, якi прыйшоў у бар скантраляваць, цi ў баравых прыгажуняў спраўныя лыткi, нават той стараста прызнаў, ну ясна, за грошы дык абы дурань зможа, але так як вы, задарма, гэта геройскi подзьвiг! i я зноў перамог, таму што я браўся за справу такой самай тэхнiкай, што й афiцэры, хлопцы, казаў паручнiк Гаворка, з такой трэба далiкатненька, як быццам вы гастрылi аловак, гэтак на жанчын лепш дзейнiчае, чымсьцi калi б вы на iх выцяглi штых, дык i я зашмат не гаварыў, больш назiраў, якiя ў дзяўчыны злачынныя схiльнасьцi, чакаючы, пакуль сама ня выгаварыцца, што любiць цыгарэты i вiно, а я ёй тады казаў, што я не! а што вы любiце? пыталася яна, а я адказваў, панна, я аматар прыгожых паненак, а яна заяўляла, дык з вас неблагая сьвiньня, i кiдала ў мяне пантофлiкам, раз нават выпаў мне гонар паехаць да артылерыйскiх казармаў на Iдунi, генэральскай кабыле, гэта была красуня, гнедая зь белай зорачкай на лобе, як кiназорка, зорка была падобная на прастрэленую дзiрку ў хустачцы, а калi мы так ляцелi галёпам, тая Iдуня i я на ёй верхам, дык чапiлi бабу, баба кульнулася дагары нагамi, я спужаўся, цi Iдуня не павярэдзiла сабе капыта, бо тады генэрал паставiў бы мяне перад вайсковым судом, i мы так ляцелi цераз Оламоўц, Iдуня праскочыла праз браму, я пахiлiў галаву i трымаўся за шыю, i гэта быў мой шанцунак, таму што яна ўляцела адразу ў стайню, потым я пайшоў выпiць шклянку малiнавага соку ў кантыну, тады мелi там гожую дзеўку, звалi яе Цылькай, яна адразу пусьцiлася са мною ў танцы, а кiраўнiчка была раўнiвая, таму адразу: Цылечка, йдзi на кухню! i пачала сама лашчыцца да мяне, а Цылька чысьцiла нажы i паказвала за сьпiнай свае кiраўнiчкi, як бы яе з ахвотай пырнула, а кiраўнiчка мне сказала, жаўнерык, ты выглядаеш тэмпэрамэнтным чалавекам, а я ёй адказаў, што калi б ёй прысьнiлася, што яна ловiць фазана, дык неўзабаве каханьне загасьцюе ў ейным сэрцы, а кiраўнiчка адразу сунула мне сотню эгiпецкiх у кiшэню i папрасiла, каб я працягваў, а Цылька ў кухнi паказвала, як бы яна сваiм нажом падрэзала глотку сваёй кiраўнiчцы, якой я сказаў, што найлепшы сон гэта калi бачыць добра нагрэты пакой, бо гэта значыць каханьне дзьвюх асобаў, а кiраўнiчка круцiлася на крэсьле, а я ёй яшчэ шапнуў, што самы прыемны сон, калi бадаюцца два валы, бо гэта сапраўднае шчасьце ў каханьнi, i тут жа дадаў, што я гэтым паплацiўся, бо схапiў з гэтага брыдкую хворасьць i быў на лекаваньнi ў Брзадынi, кiраўнiчка адразу адсунулася ад мяне i палезла мне ў кiшэню па тыя эгiпецкiя, але я ёй сказаў, хто дае й забiрае, той рана памiрае, а яна прызнала мне рацыю i дала мне на дарогу кiлiшак гарэлкi, i дзякавала, што я ёй загадзя сказаў праўду, бо яна такую немач ужо мела, а я пайшоў ва "Ўранiю" з адной малачаркай, гралi там жыдоўскую п'еску аб узьнёслых памкненьнях, аб пакутах нейкага Агасфэра, тая малачарка ўвесь час абсьлiньвала мне вушы i пыталася, цi я зь ёю ажанiўся б, чаму не, кажу, але я яшчэ перад войскам, а прытым слабы ў грудзях, i кажу, што маю сны, у якiх мне сьнiцца канарэйка, замкнёная ў клетцы, а гэта паводле Анны Новакавай значыць, што я назаўжды пранiкнуты тугою па свабодзе, а тая малачарка мне шаптала, о так, з вамi мне было б прыемна! а ейныя валасы пахлi малаком i ванiляй, на трэцi дзень пасьля таго я паехаў у Югаславiю да мора, ах, якая там была навальнiца, шаленства прыроды, якое калi ўсьлiзгнецца мужчыну ў нагавiцы, дык ён стае пiсьменьнiкам, хвалi як наш дом, лодкi дык аж на дарогу выкiдвалi, грымелi па камянёх i крышылi скалы, такая марская бура можа перакулiць i вагон, занесьцi ў мора людзей разам з асламi, калi вяртаюцца зь вiнаграднiкаў, робяцца такiя слупы вады як вежы, а мы, жаўнеры, цярпелi бяду i голад, Сьвятая Багародзiца! жэрлi здохлую рыбу i дух у армii ўпаў да таго, што мы хадзiлi жабраваць, на казармах быў залаты надпiс "Ваярня Караля Юсупа", але паручнiк вышкрабваў кацёл пасьля кукурузы, калi б гэтага паручнiка ўбачыў генэрал Зэлiкоўскi, дык выцяў бы яго прутком, адзiн фарсiсты жыдок падперазаўся лякаваным паскам, даў мне залатоўку, каб я вычысьцiў яму карабiн, i кажа, што йдзе ў горад завязваць мiжнародныя зносiны, потым прыходзiць сяржант Брчул, бамбiза два мэтры i злосны як сабака, i пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм тi бога i курэц надробно, i кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забаранiў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапiўся i надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвiваўся на зямлi ў выхадным мундзiры, i адразу мусiў iсьцi на варту, а калi я пайшоў зьмянiць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесiўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такiя рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лiбэнi, але кiроўцы сьмяялiся зь мяне i бралiся навыперадкi сваiмi стоадзiнаццаткамi з узгоркў ў Гарларэзах, калi зьяжджалi ўнiз, была субота папоўднi, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, i якраз пiхаў ключ у замок свайга кабiнэта, але ў адной стоадзiнаццаткi лопнула рысора i машына наляцела на кабiнэт i адвалiла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў i ўвесь час трымаўся за той ключ, калi б гэта толькi бачыў граф Зэлiкоўскi, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Мiхаховiч, якi выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале i прыцiскаў iх каменчыкамi, каб вецер не пазьдзiмаў, ён заадно нас i перасьцерагаў, каб мы не прапiлi тыя грошы адразу, але каб купiлi сабе гузiкi, вазэлiну i нiткi, а ваколiца была прыгожая, рамантыка як у Ерусалiме, тыя дарогi пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзi жывiлiся аўсянымi блiнамi, вiнаграднiкi цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаiку й пасьвiла авечкi, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калi я кiўнуў, тут жа прыселася да мяне i пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьцi практыкавацца з новымi гранатамi, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьцiка тырчыць вяровачка, камандзiр узводу вучыў нас на iмiтацыi, пацягнуць за вяровачку, палiчыць да дванаццацi, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбiральню, а нейкi спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, i калi мы паўтаралi практыкаваньне, дык бабах! узводнаму адарвала руку i тая рука вылецела праз вакно i дала поўху капiтану Тонзэру, якi праяжджаў на канi i казыраў, нешта такое прыдарылася i ўласьнiку летняга кiнатэатру, у якога была жалезная рука, i калi хлопцы сядзелi на дрэве i глядзелi фiльм задарма, дык уласьнiк ставаў на крэсла i лупцаваў iх той жалезнай рукою, ажно ляцелi пасечаныя галiнкi, а калi дома хацеў даць той рукою i сыну, пратэз сарваўся з завесаў, вылецеў праз вакно i зьбiў з ног палiцыянта, якi акурат гастрыў аловак, каб выпiсаць штраф, а вось што мне прыдарылася падчас рапарту, калi чыталi iмёны палеглых i прачыталi маё, нават дата нараджэньня супадала, але ж я жывы! крыкнуў я, паслалi мяне дакладваць i далi мне пятнаццаць дзён арышту за тое, што я адазваўся пры рапарце палеглых, хлопцы казалi, панове, калi б такое пачуць, дык можна было б пайсьцi дахаты i легчы ў пасьцель, а калi скончыцца вайна, можна будзе сьцерцi сваё прозьвiшча з помнiка палеглым, але мне падабалася любавацца сабою ў люстры, мяне ажно страпянула, калi я ўбачыў, як мне падыходзiць мундзiр, як быццам сонейка выйшла на прагулку, калi я йшоў на шпацыр, ясна-блакiтная блюза, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, лякаваны пасак i нiкеляваны штых, шапка з залатым абадком, а пад той шапкай ня сечка, а таз першаклясных мазгоў, самыя складкi й зьвiлiны як у Эдысана, ах, той Эдысан, што вынайшоў прыладу, каб людзi ня мусiлi хадзiць у тэатар або на канцэрт, а маглi дома паслухаць у пантофлях, гэта той фанограф, нешта, чаго не было раней, сядзеў бедачына тры днi на крэсьле i думаў пра тыя слухаўкi на вушы, ну бо ведаеце, панна, нават найпрыгажэйшая жанчына ня можа дараўняць славутаму мужчыну, у Кракаве адна панi доктарка сказала мне распрануцца i лягла на мяне паслухаць, цi б'ецца маё сэрца, мела халоднае вуха i кажа мне, цо сен пан так руша? а я ёй распавёў пра эўрапейскi рэнэсанс i што сапраўдны мужчына трымцiць як пасоленая жаба, калi бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пiсьменьнiкаў вар'яцее ад мастацтва, бо калi хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў iх як пацяруха, i нiхто ўжо не пазьбiрае яго ў кучу, сымфанiст Iштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамi меў шкляны столiк, каб яму не замiнала зямное прыцягненьне, а тут прыходзiць прыгожая нарачоная, калi яму пасьля сьмерцi адчынiлi чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбiтка вываражыла з картаў, што калi б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьнiў вялiкiя рэчы, ня толькi для свайго народу, але i для ўсяго чалавецтва, варажбiтка працягнула да мяне рукi, а я адхiлiўся ў крэсьле-качалцы i вылiў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай панi доктарцы, а яна лягла на мяне i запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнiк Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьнiць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася i кажа, выберце сабе нейкi лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбiлейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапiла б, i пусьцiла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, iлюзiянiст i гiпнатызэр, якi сам сабе ставiў пячаткi на дазволах на выступы, бо як толькi зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалi драла, каб iх не загiпнатызаваў, у той час я меўся выступiць на эстрадзе, засьпяваць "Балалайку" ў мундзiры афiцэра гвардыi, на сцэне былi самыя дзьверы зь дзiркамi для ключоў, а я сьпяваў "Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь", на мяне сьвяцiлася фiялетавае сьвятло, калi я сьпяваў, "Балалайка, грай песьню з усiх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найблiжэйшую, аб тым, што я кахаю", i пабiў усiх высокiм "до", гэтага нiводзiн гарладзёр з хору ня мог даказаць, кожны мычаў як карова, калi целiцца, тым часам як я, тэнар як Ярынак Посьпiшыл, ачараваў усiх нашых дзяўчат як гiпнатызэр Марыён, калi б вам захацелася, вы б маглi таксама выступiць, адна панна будзе йграць тую вялiкацарыцу, але мусiць мець фальшывы поваб, вы б маглi яе йграць, таму што ня ўсе царыцы былi прыгожыя, я буду йграць папа i буду трымаць у руках тую чару, а пад канец адстрэляць жырандоль, аднак найбольш ахвотна я зайграў бы Барона, iдзецца толькi пра тое, як завесьцi жарабца на сцэну? хiба што абматаць яму капыты анучкамi, каб не паабiваў сходаў, галоўным чынам трэба зьвяртаць увагу, каб той жарабец не спужаўся музыкi i ня зьляцеў на аркестар, парасятнiка зайграў бы Руда Турак, обэрлейтэнант, карак у яго быў, што ў швайцарскага быка, у Каталiцкiм Доме я з адной прыгажуняй хацеў зрабiць шпагат i дастаў грыжы ад натугi, у мужчыны дык нiчога, яму ўсё сыдзе, але такая жанчына, калi носiць пояс супроць грыжы i разагрэты мужчына яго намацае, халодны пояс зь нiкеляванымi спружынамi, дык iдэалы адразу развальваюцца, а цялесныя пажады даюць назад, Хрыстос Госпад аднаго разу, калi яго запрасiлi на вясельле, дзе моцна жлукцiлi, абярнуў iм вiно ў ваду, гэта быў той цуд у Кане Галiлейскай, у тых часох мне сьнiлiся такiя сны, перабiраць у сьне косьцi нябожчыка, вялiкая радасьць iдзе табе насустрач, гэта ўвогуле цiкава, што маладыя паэты думаюць пра сьмерць, а старыя пердуны пра непаўналетнiх дзевак,

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4