Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Грабал Богумил / Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке) - Чтение (стр. 4)
Автор: Грабал Богумил
Жанр:

 

 


затое Оланак пекна паказаўся! мы вiншавалi яго на пляцы з пяцiдзясятымi ўгодкамi i пыталi, цi служыць яму здароўе? а Оланак выцягнуў сваё дзетародзтва, а як што быў папярэдне выпiўшы дзесяць лiтраў, дык сцыкнуў ажно на рэкляму Находзкай Ткацкай Фабрыкi, дакладна на першае "а", а пад гэтай дугой праходзiў пан натарыюс i вiтаўся з намi, потым мы зрабiлi спаборнiцтвы ў "Тэрасе", хто каго перасцыць? Оланак ужо загадзя адчуваў сябе пераможцам, але там сядзеў адзiн дзядзька, выглядам як жабрак з Марыяцэлу, i ён пытаецца, цi можа таксама ўзяць удзел? Оланак пагадзiўся з умовай, што будуць спаборнiчаць за лiтровую пляшку францускага каньяку, так што на стол паставiлi дзьве пляшкi, а па поўначы яны выйшлi перад "Тэрасай", той дзядзька быў першы, расшпiлiўся i паказаў клясу! там па другi бок вулiцы быў такi дамок i той дзядзька перасцаў дугою над дамком i было чуваць, як струмень цурчыць, падаючы за дамком у Лабу, Оланку не было чаго i пачынаць, i той дзядзька забраў абедзьве пляшкi, Вiт, якi ў флёце йграў на бубнах, сказаў скрыпачу Новаку, зайграйма яму "Вiялету"! i ўвесь горад паўзлазiў на лавы, а я потым дакiнуў "Султанава вясельле", а Оланак, каб падправiць сваю рэпутацыю, паказваў жывыя карцiны, стаяў на стале i сцаў на гасьцей, адна панюся потым мне сказала, добра вам так, сябруеце зь iм, дык вас яшчэ i ў суд зацягнуць, у Народным Доме сьпяваў Ярынак Посьпiшыл i запытаўся людзей у залi, а хто тут умее сьпяваць? а жанчыны паднялi вiскатню, каб я пайшоў паспаборнiчаць зь iм! славуты тэнар дапамог мне ўвайсьцi на сцэну i сказаў сядайце! а я адказваю, што не мягу, а Ярынак пад вялiкi шум пытаецца чаму? а я адказваю, што ў мяне квiток на стаячае месца! а бабы шалелi i лiкавалi, што я атрымаў перавагу ў канвэрсацыi, але фартэпiян ужо зайграў мой кавалак i я прасьпяваў "Цяжка нам расстацца", ну i потым узьняўся вялiкi вэрхал i гам, бабы ледзь не развалiлi той Народны Дом, а пра Ярынкаў сьпеў казалi, што хоць ён i разводнiк, але голас у яго ўвесь час як у салаўя, i што такiх людзей як Ярынак Посьпiшыл не павiнны пасылаць на вайну, каб народ не панёс страты, калi б яго забiлi, я з гэтым пагадзiўся, таму што за Аўстрыi я насiў шаблю капiтану Тонзэру, а нават меў шчасьце бачыць у аўтамабiлi фон Мантойфэля i гер фон Розэнэка, як яны сядзелi побач, два генэралы ў залатых пiкельгаўбах, што глядзелiся як начныя гаршкi, наверсе такiя шпiгулеты, як калiсьцi рабiлi вежы на кухонных шафах, я нават быў пры тым, як Аўфэнбэрг i Данкль давалi каманду да першай атакi, два маршалы з маноклямi, мне таксама пашэнцiла трымаць вуздэчку Конраду фон Гецэндорфу, гэта значыць, ягонай кабыле, старому чалавеку, але стройнаму як паненка, ягоны сын загiнуў пад Гарадэнкай у тамтэйшых балотах, але яны там мусiлi сядзець на заднiцах, бо што iншага маглi зрабiць? Конрад Гецэндорф належаў да кайзэравай сям'i, а як што быў эрцгерцагам, дык меў на шыi авечку, толькi што ў кайзэра яна была галавою ўверх, а ў Конрада фон Гецэндорфа галавою ўнiз, шмат разоў сьнiлiся мне малпы, а яны паволе соньнiку Анны Новакавай значаць цяжкую хваробу або шчасьце ў каханьнi, iншым разам сьнiўся мне нож, убiты ў грудзi, а гэта значыць каханьне з узаемнасьцю, падчас iмшы наш ксёндз-пробашч адварочваецца i пытае, а дзе касьцельны? чаму ён не прыслужвае i парушае багаслужбу, калi ўжо даўно павiнен быў прыйсьцi? а касьцельны заскочыў у карчму на гарэлiцу замест каб падсыпаць тры лыжачкi кадзiла ў кадзiльнiцу, каб ксёндз мог кадзiць у касьцеле, тое кадзiла ёсьць жывiцай аднекуль з Афрыкi, мiра i альяс, касьцельны вярнуўся трохi набраклы мятным лiкёрам, а ксёндз правiць багаслужбу i пытаецца, дзе вы былi? i вымае келiх з дараносiцы, а касьцельны кажа, што выходзiў пасцаць, а ксёндз адставiў келiх i лясь яго! i шарах яму! i крычыць, вы ня ведаеце, чалавеча, што падчас багаслужбы вы мой ад'ютант? а вам больш даспадобы пайсьцi на мятную гарэлку? i надаваў яму высьпяткаў, i натоўк яму нос псалтыром, потым узяў келiх i далей служыў iмшу, а бабы зьдзiўлялiся, што за новыя лiтургiчныя абрады ён паўводзiў, ну й бачыце, панны, пасьля таго выпадку касьцельны перастаў хвалiць Царкву i зрабiўся ўзорным сацыял-дэмакратам, раней людзi былi страшэнна нэрвовыя, калi каму прысьнiлася ўначы, што на яго сыплюцца зь мiскi агуркi, гэта значыла палкае каханьне, або калi вы бачылi ў снах старую бабу, гэта значыла, што твой дом абмiнуць заручыны, мой брат вучыўся на пекара ў Бэнды Валаха, а як што не дачуў, што яму сказалi, дык спытаўся што? i дастаў па мордзе, ажно абамлеў, а калi прачмухаўся, Бэнда яму кажа, у нас кажуць, прабачце, калi ласка, я не дачуў, але потым ён скацiўся, успадкаваў па мацi маёнтак i пачаў так пiць, ажно недзе замёрз, гэта бяда, усё роўна што даць дзiцяцi нож у руку, нашаму ксяндзу выпала бяда, калi ён засьпеў аднаго хлопца, як той габляваў дзеўку ля касьцёла ўначы, спачатку спалохаўся, што гэта быў вiкары, але i так мусiў данесьцi аб тым i да нас прыйшлi мiсiянэры, таму што ў краi заняпала маральнасьць, прыйшлi чатыры футбалiсты, тыя мiсiянэры так менавiта выглядалi, каптаны ў iх былi падперазаныя перавясламi, i яны так пачалi паляпшаць маральнасьць, што ажно мусiлi ўступiцца жандары, таму што сацыял-дэмакраты ставiлi падступныя пытаньнi адносна паходжаньня чалавека ад малпы, потым паспрачалiся, з чаго паходзiць курыца? ну дык зь яйка! а з чаго паходзiць яйка? ну дык з курыцы! i так адны на адных крычалi дзьве гадзiны вальнадумцы з мiсiянэрамi, ажно з апошнiх сiлаў выгукнулi, а з чаго паходзiць першае яйка? вальнадумцы вярэснулi, што з натуры, а мiсiянэры, што стварыў яго Бог, i пачалi адны адным даваць па мордах, так што жандары мусiлi ўмяшацца, таму што бабы прыбеглi па iх i сказалi, што бязбожнiкi абражаюць сыноў божых, а потым бабы пачалi кiдаць у вальнадумцаў каменьнем i пацэлiлi ў двух жандараў, таму што Бога нельга зачынiць у шкатулку, цяпер успомнiў! бачыць плуг на ворыве ў сьне значыць вясельле! а чыркаць запалкай, значыць закаханасьць, а паводле твора спадара Батысты, дваццацiгадовая красуня, пакуль ня станецца распуснай, дае мужчыну тое райскае адчуваньне, тую электрычнасьць, тым часам як дзеду такая дапамагае як мёртваму кадзiла, наш маёр сядзеў на жарабцы i рабiў агляд тае найпрыгажэйшае армii на сьвеце, глядзiць, а тут у жаўнера ўвесь плашч у крывi, адразу выцягнуў яго з шыхту i аблаяў сяржанта, што войска ў яго засьвiненае, гэта было дзiва, што за Аўстрыi бароны мелi ў стайнях люстры для коней, а стайнiкi i служанкi спалi на гарышчы, наймiты часам жылi горш за быдла, але затое людзi больш сьпявалi, каб адвесьцi душу песьняй, тым часам як сёньня нiхто ўжо не сьпявае за працай, маiм сябрам быў Рымскi, ён малацiў усiх, адразу паўкарчмы сморкалася юшкаю, муштрай у нас кiраваў паручнiк, ён скамандаваў Habacht! а Рымскi паварушыўся i паручнiк падбег i даў яму плазам шаблi ў жывот, ну й тут наступiў зорны момант для Рымскага, ён схапiў тую паручнiкаву шаблю i пераламаў яе аб калена, гваздануў паручнiку пад вуха i адным ударам звалiў яго на зямлю, капралы паразьбягалiся, а жаўнеры мелi з таго пацеху, князь Лiхтэнштайн меў сто маёнткаў, але каб не плацiць падаткаў i не заводзiць уласнага войска, ён спалучыў iх у дзевяноста дзевяць, але з другога боку яму не пашанцавала, бо дактары адрэзалi яму дзетародзтва i ўставiлi ў тое месца срэбную трубачку, так што бачыце, панна, багатыр, але тая штучка нямоглая, таму паводле твору спадара Батысты ўсё трэба агледзець загадзя, каб вы не куплялi ката ў мяху, бо потым маеце клопат, калi тое пачне вас падводзiць, так яно вядзецца, што адзiн мужчына можа нават скочыць на кабылу i нiчога яму ня станецца, а iншы схопiць хворасьць i пры найбольшай асьцярожнасьцi, адна скача з драбiны, каб выкiнуць дзiця, i нiчога, а iншая асьцерагаецца як можа i толькi трохi мацней высмаркаецца i ўжо выкiнула, нялёгкая справа таксама з тымi змовiнамi, шыкоўная дзяўчына дае аб'яву, што шукае беззаганны характар, а калi напрыклад я адкажу, дык тая дзеўка дзеля большай упэўненасьцi пасылае мяне на абсьледаваньне i распытвае ў суседзяў, цi гэты спадар ня бабнiк? i яшчэ пiша ў дэтэктыўнае бюро "Карлiк", каб выведаць падрабязную iнфармацыю, аёй, аднаго разу на манэўрах сталася бяда, адзiн спрытнюк замест марганцоўкi налiў у пляшачку дэнатурату, а другi прыйшоў ад дзевак i хацеў апаласнуцца той нiбыта марганцоўкай, дык накапаў сабе на штуку таго дэнатурату, а потым як выскачыць i як пабяжыць паўз казарму, а мычаў як цельная карова, тое самае сталася нашай бабулi з мазяй, якую лекар падрыхтаваў як пiтво, яно было карычневае i стаяла каля люстра, а ў нашага дога балела лапа i ён таксама дастаў карычневую мазь, абедзьве пляшачкi былi аднолькавыя i бабуля памылкова налiла сабе пiтво для дога, усьмiхалася шчасьлiвая, бо лек смакаваў як малiны, але калi яго каўтнула, дык трэба было яе ставiць на ногi i бегчы па доктара, а потым па ксяндза, адна прыгажуня папрасiла мяне безь людзкiх вачэй занесьцi ейную мачу для аналiзу, але доктар аблаяў мяне, бо, маўляў, яна мусiць прыйсьцi асабiста, даўней людзi вельмi мяне любiлi, так што казалi мне, ня йдзеце, пабудзьце яшчэ, ваша работа пацерпiць! або запрашалi мяне ўсюды на сьвяты, толькi напэўна прыйдзеце, каб мы мелi каму даць у морду! так жартавалi са мною, я трымаў адну красуню за руку i мы разам глядзелi з мосту на хвалi i захмаранае неба, а я ёй распавядаў пра тое, што ў нашым мястэчку трыццаць дзьве гасподы, а ў дваццацi васьмёх ёсьць дзяўчаты, што ўсё мястэчка звар'яцела на тэатральным мастацтве, бо ў iм было ажно пяць тэатраў, найлепшыя кавалкi аднак ставiлi ў Каталiцкiм Доме, дзе была суполка рамiзьнiкаў "Пшэмыслаў", найбольшы посьпех мела мэксыканская п'еса El Tigro, галоўную ролю ў той час iграў чаляднiк Капэцкi, якi аднак надарваўся перад прэм'ерай, накладаючы скошаную канюшыну на воз, расьцягвалi яго на драбiне, а перад самай прэм'ерай мусiлi моцна наступiць на яго, потым усё было прыгожа, толькi калi чаляднiк стаў на каленi прызнацца ў каханьнi, дык ужо ня змог устаць, затое сьпяваў El Tigro надзвычай задушэўна i пры тым у яго расшпiлiлiся нагавiцы, ну дзiва такое, што жанчыны не маглi ўгаманiцца яшчэ тыдзень пасьля спэктаклю, а ў Народным Доме iгралi бляхары i сьлесары, яны найбольш ахвотна выбiралi п'есы з арыстакратычных колаў, "Веер ледзi Вiнцiх" цi, можа, Вiнтэр, таго лорда iграў адзiн маляр, ды зноў, калi ён укленчыў, яму падцягнулiся ўверх нагавiцы ад фрака i паказалiся матузкi ад споднiкаў, а калi ён раскланьваўся i дзякаваў, дык ударыла яго заслона тым алавяным канцом i ён распластаўся на сцэне, а жанчыны шалелi, бо думалi, што тое належала да п'есы, а калi ў "Гальку" iгралi "Пэрлы панны Сэрафiнкi", пасьля перапынку рэжысэр выглядваў празь дзiрку ў заслоне, цi людзi ўжо на месцы, i падняў руку, а кулiсьнiк, якi напiўся малака ад шалёнае каровы, падняў заслону разам з рэжысэрам, рэжысэр зьляцеў з тае вышынi ў аркестар, а людзi цешылiся, што п'еса так файна пачынаецца, iншым разам, калi йгралi "Радуза i Магулену", гэты кавалак пачынаецца ў цемры, кулiсьнiк нi з таго нi зь сяго падняў заслону, а Радуз думаў, што заслона ўсё яшчэ нанiзе i запытаўся, Магулена, дзе ты? а Магулена з галiны адказала, у срацы! а людзi цешылiся, што п'еса будзе скаромная, з жыцьця, а той кулiсьнiк, калi ўбачыў, што нарабiў, пацягнуў за вяроўку, а яна абарвалася i заслона паляцела долу i прыплюснула Рагузаву галаву, а той кулiсьнiк запалiў сьвятло ў залi i крыкнуў, што парвалася вяроўка, ну, тая Магулена мела вялiзарны посьпех, але найбольшы посьпех меў "Сон у Купальскую ноч", калi яго ставiлi ў Каталiцкiм Доме, гралi толькi члены "Пшэмыслава", усе пагалiлiся, а тая, што iграла фэю, схапiла падагру, бо iгралi тую п'есу зiмою, а тыя русалкi, калi падскоквалi, лiчылi такты i сьвяцiлi лiхтарыкамi, а потым той, што iграў з асьлiнай галавой, упаў у пастку i крычаў ой-ёй-ёй! а людзi пляскалi пры паднятай заслоне, адзiн харунжы, мужычышча як Баўэр, той што мог падняць карову i пабiў Фрыштэнскага, той во харунжы кажа мне на муштры, каб я паводзiў сябе зь iм як з ворагам, а практыкавалi мы тады parade rechts! parade links! паядынак на штыхi з працiўнiкам, ну й калi паставiлiся, я доўга ня думаючы пырнуў яго штыхом! на ягоным кончыку была галушка, тым штыхом харунжаму пад бараду, а ён кульнуўся цераз галаву i басьнякi кiнулiся адходжваць яго, а паручнiкi верашчалi на мяне, ты яго ледзь ня ўходаў! а я iм, ён жа сам казаў мне, каб я паставiўся да яго як да ворага, але паручнiкi мне, што найперш трэба было зрабiць parade rechts! i parade links! а потым ужо einfacher stoss! а я iм кажу, а дзе там я буду бавiцца з ворагам у parade rechts цi parade links, я там адразу зраблю einfacher stoss! i я зноў быў герой, адна дзеўка ў нас называлася Кача Рыпава, велiканка ды вялiкая танцорка i аматарка пiва, падчас танцаў у кожнага жлукцiла пiва, адзiн спрытнюк налiў у кухаль ртуцi, а калi яна апаражнiла той кухаль, ён пусьцiўся зь ёю ў скокi, ну, гэта быў жах, а ў ейнай дачкi былi асаблiвыя прыхамацi, яна рабiла тое з мужам на падлозе, а iхныя дзецi прыглядалiся, я таксама бачыў, калi паслаў мяне да iх архiтэктар, але найбольш падабаўся мне рай магамэтанаў, на кожным паверсе iншая прыгажуня, так што магамэтанiн мае чым радавацца, тым часам як каталiк можа хутчэй за ўсё звар'яцець, бо калi ўжо патрапiць на сваё неба, дык увесь час будзе глядзець быццам на сонца, Сьвятая Багародзiца! сказаў паэт Бонды, калi адно дзiцятка выляцела яму з возiка, калi мы выйшлi з гасподы, Iсусе, як гэта дзеецца, што адзiн купляе кiляграм сьвiнiны за пяцьдзесят галераў, а я за лустачку хлеба плачу пяць сотняў? я выяжджаў са Штайнбруку, пасажырскi цягнiк ня йшоў, дык дзяжурны ўпiхнуў мяне ў хуткi i мною адразу занялася кандуктарка, фарсуня як панна Сiкорава, адразу пасадзiла мяне ў першай клясе, калi б каго iншага, дык прагнала б i яшчэ дала прабiвачкай па носе, а мне запрапанавала эгiпецкую цыгарэту, а тут пхаецца нейкi бамбiза, аброслы i чорны як чыгун, i да таго зь пiпкай, а тая кандуктарка кажа, пайшоў прэч, мужык! у вас жа трэцяя кляса, i прагнала яго, я кажу, што i ў мяне трэцяя кляса, а яна штурхае мяне каленам i шэпча мне на вуха, што як заедзем у Вену, дык пойдзем разам гульнуць, бо ведаеце, жанчыны назойлiвыя, асаблiва ў гэтым верхаводзяць полькi, адна прыселася на мой ложак у лязарэце i старэйшы лекар разьверашчаўся на яе, сьвiньня! распусьнiца! ейнае хроснае iмя было Ядвiга, яна любiла мужчын больш за ежу, жандары, калi я забаўляў гасподу, адстаўлялi карабiны, зьнiмалi дзягi i казалi мне, вы чаруеце як зводнiцкi махляр, а я, брывом не павёўшы, выцягваў штых i гастрыў аловак для афiцыянткi, як тое рабiў Чаплiн, калi я ўжо абыйшоў усе гасподы, вяртаўся ў бровар, дзе мяне нiхто не асьмелiўся i словам папракнуць, я пераскокваў мур як сокал i вяртаўся дадому, аднойчы прыйшлi купцы i заказалi вiно i лiкёры, а адзiн ваяка ўзьлез на бiльярд i паказваў жывыя карцiны, павесiў конаўку з вадою сабе на чэлес, ну, проста вiртуоз, бабы й па сёньняшнi дзень спрачаюцца на гэты конт, адзiн пачаставаў мяне вiрджынскай цыгарай, пасьля чаго мяне зблажыла i я звалiўся пад стол, палiцыянты адвезьлi мяне ў бровар возiкам, як лiнолеум, Канупак, той машынiст што йграў на гелiконе, гэта такi iнструмант з муштуком як начны гаршчок, у якi трэба пляваць, дык той Канупак, казаў, што клясычная музыка заморвае яго, што ад таго гелiкону горла ў яго стала як у быка, i што ягоны дзед, калi ехаў са сьвята, дзе йграў на гелiконе, як толькi выехаў зь лесу, вецер абярнуў той гелiкон на рамянi i дзед задушыўся, а злотнiк Дубоўскi хацеў ведаць, што робiць ягоная дачка з нарачоным, калi бацькi няма дома, дык прыкiнуўся, што йдзе ў кiно, а папраўдзе ўлез пад канапу i чуў, як ягоная дачка прыйшла з тым мужыком, убачыў ягоныя халявы, а потым яны селi на канапу, якая ўвагнулася i спружыны нацiснулi на пуза злотнiка Дубоўскага, а потым бачыў, як на падлогу падае вопратка i бялiзна, а потым як ногi высоўваюцца з ботаў з халявамi, але далей злотнiк ужо нiчога ня бачыў, бо спружына з канапы ўлезла яму ў карак i ён пачаў крычаць, але нiхто яго ня чуў, бо дачка з нарачоным таксама крычалi i толькi потым пачулi яго, адвалiлi канапу i выцягнулi тую спружыну з карка злотнiка Дубоўскага, якi хацеў расхiнуць заслону эўрапейскага рэнэсансу, паэт Бонды, калi зноў прыехаў з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзяцей, даверыўся мне, што цяпер пiша вершы толькi ў прыбiральнi, дзе сядзiць i трымае на каленях дошку, а на ёй сшытак, але i туды прыходзяць тыя дзецi i грукаюць у дзьверы, такога i Гётэ не стрываў бы, якi быў прызвычаены да ўсякай усячыны, дык вось, панна, я сядзеў на гiльзе гасiлкi "Мiнiмакс", шэсьць дзяўчат загарала i слухала, што я iм распавядаю, ксёндз-дэкан стаяў на вядры з рукамi перакiнутымi цераз плот i глядзеў на мяне як на зьявiшча, а я быў усяго толькi начытаўшыся "Сьветагляду" i Гаўлiчка, а таксама твору спадара Батысты аб полавай гiгiене...
      Сонца заходзiла, а панна Камiла стаяла на драбiне, ела чарэшнi i ўсьмiхалася старому ўнiзе, якi кожны дзень прыносiў ёй ружы, нарваныя ў чужых садох, якi абяцае ёй, як паляцяць яны разам у Вену i Будапэшт, i ён пакажа ёй усе тыя месцы, дзе ён бываў за Аўстрыi, як паедуць яны разам хуткiм цягнiком у Прасьцеева паглядзець на тую вялiзную чорную грабнiцу дворскага пастаўнiка Вайнлiха, у якога ён працаваў, як паедуць на аўтамабiлi ў Кокары, дзе ён пакажа ёй родны дом славутага Рымскага, якi не баяўся нiчога на сьвеце i такiм чынам уварваўся ў Божае каралеўства, глядзела i ўсьмiхалася старому, зь якiм ягоная сям'я мае клопат, бо ён ня мыецца, нават каб хоць трошкi апаласнуцца, i як толькi пачынаецца дождж, адразу даюць яму бiдон i пасылаюць у другi канец гораду па малако, якi ўжо не адрозьнiвае часу i кладзецца спаць адзеты, якi i цяпер у гэтай сьпякоце носiць трое нагавiц на цёплых споднiках, нанiзе зусiм абтрапаных, так што выглядае як тыя пухнатыя вуркатлiвыя галубы, якi ходзiць у заляпаных гразьзю чаравiках, да якiх заўсёды нацягвае адну шкарпэтку на другую так спрытна, што не прасьвечваюцца дзiркi, пра якога сям'я гаварыць, што ён бываў страшэнна нясьмелы, а нават палахлiвы, нейкi час зусiм непрылюдны, зь якога жанчыны толькi насьмiхалiся, але якi поўны да iх шляхотных пачуцьцяў i мiлы ў кампанii, што так як стаяла на драбiне ў заходным сонцы, а за ёй блiшчала рака, па якой жанчына ў чырвонай апратцы везла на пароме капiцу сена, што тая панна раптам узрадавалася добрай думцы, якая яе неспадзявана ўразiла, i сыходзiла долу, ступаючы па папярэчынах адной нагой за другою, ажно апынулася ў шортках сярод шасьцi кашоў чарэшняў, якiя нарвала надвячоркам, падыйшла да буды, узяла вядзерца, адсунула века студнi i выцягнула на круку поўнае вядзерца сьвежай вады, а потым падняла рукi, выцягнула блюзку апырсканую чарэшневым сокам, расшпiлiла гузiк у шортках i блюзка пайшла ўверх, а шорткi ўнiз, закруцiлася i выступiла з апратак i так голая пайшла i на палянцы ў засенi яблыняў уся ўмывалася, а стары, якi ўвесь надвячорак апавядаў, цяпер сядзеў як працяты маланкай, абхапiўшы сагнутае калена даланямi, i глядзеў паўзь яе, зьнямелы, насьцярожаны i тактоўны, пакуль яна дарыла яму тое, што толькi жанчына можа падараваць мужчыну, мыючыся ў поцемках для ягоных захопленых вачэй...

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4