Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Грабал Богумил / Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке) - Чтение (стр. 3)
Автор: Грабал Богумил
Жанр:

 

 


адзiн паляўнiчы мне казаў, ён ходзiць у лес назiраць за аленямi, колькi ў такiм старым аленi жарсьцi, калi заляцаецца да ланi-правiчкi, такi сон аб градцы цюльпанаў у тлумачэньнi значыць, што закахаесься ў гожае дзяўчо, але яно ня будзе ведаць аб тваiм каханьнi, адзiн паэт прозьвiшчам Бонды мне казаў, што ў людзей дзiкае ўяўленьне аб пiсаньнi вершаў, думаюць, што гэта ўсё роўна як iсьцi зь вядром па ваду або што паэт толькi падыме твар на нябёсы, а адтуль яму боская моц сiкае вершамi проста ў галаву, я яму кажу, гэта толькi ў Хрыста Госпада быў такi клёк, што прафэсары й па сёньня ня могуць надзiвiцца, што ён быў ня толькi сын божы, але й шампiён i атлет, што ён мог узяць бiзун i выхвастаць зь сьвятынi гандляроў жывёлай, i сказаў iм, што не прынёс мiр, але меч, гэта значыць шаблю, людзi гэтага й так не разумеюць, таму што разумныя памiраюць, а дурныя зноў нараджаюцца, адзiн чысьцiць нужнiкi, а iншы ёсьць доктарам, адна жанчына ўсё жыцьцё чытала б у пасьцелi раманы, а iншая зноў жа робiць тое, пра што ў тых раманах пiшуць, паэт Бонды, бедачына, калi ў гасподзе перавiваў двое сваiх дзiцянят у возiку, прынюхаўся потым да пальцаў i сказаў, тут недзе пачынаецца глыбокая фiлязофiя, а праз паўгадзiны адно дзiцятка зноў накакала ў тым возiку, дык Бонды мусiў падцiраць яго "Чэскiм Словам" i прытым наракаў, Iсусе, такое даняло б i карэйскага ката! у дзень Божага Цела мы ўрачыста ўвайшлi ў Пярэмышль, адна дзеўка ляжала ў рове, паказвала на сябе i крычала да жаўнераў, хадзеце адсьвяткаваць перамогу нашае зброi! але нiводзiн ваяка на яе не палакомiўся, бо была брыдкая як турэцкая ноч, а зрэшты, я нiколi ня быў падкi на такое, я перамагаў iнакш, у лязарэце апекавалiся мною баранэсы, а за рэспублiкi гожыя саколкi, сястрычкi, адна галiла мне жывот i рыхтавала да апэрацыi, бо папярэдняга дня галоўны доктар мне сказаў, будзем вас пароць, падпiшыце рэвэрс, калi б вы нам выпадкам сканалi пад нажом, такiм чынам мяне падбадзёрваў, а сам ужо надзяваў белы чапец як цукернiк, а сястрычкi нацягвалi яму пальчаткi, нiбыта якому дзiцяцi, i ўжо хацеў узяцца за мяне, як дзьверы адчыняюцца i зьяўляецца баба з кошыкам i пытаецца, дзе ляжыць ейны муж, бо прынесла яму сьвiнiны з капустай, а галоўны доктар, ростам як волат i заюшаны да бяспамяцi, хапiў тую бабу i як дасьць ёй высьпятка ў заднiцу, а потым аблаяў дзьвернiка, як тая баба змагла сюды пралезцi, калi ён праз момант мае пэцкацца ў маёй крывi i латаць мне грыжу? што за радасьць, калi выйдзеце са шпiталя i добра разгледзiцеся навокал, як у той песеньцы, як цудоўна i прыгожа на тваiм прыходзе, Божа, тра-ля-ля, Барнадак, каваль, мог лёгка выпiць дваццаць пяць лiтраў пiва, а калi потым яму конь не хацеў стаяць або натурыўся, Барнадак яго валiў на зямлю i падкоўваў лежма, ну й дастаў запаленьня лёгкiх, ягоная брушына прыляпiлася i быў яму каюк, я адзiн застаўся, гожая сястрычка прыносiла мне судно i пыталася, чаму я не ажанiўся, чаму пакiдаю такое прыгляднае цела ляжаць аблогай? а я замест адказу ўжо падымаўся з пасьцелi i хацеў вучыць яе танцаваць, ажно мяне сiламоц трымалi, бо пасьля такой апэрацыi чалавек мусiць ляжаць як Лазар, адна панюся, высачэнная, а пры тым красуня, купалася i клiкала, хадзеце, то дастанеце буськi! i я ўлез у Лабу ў адзеньнi, вада мне даставала пад шыю, але буську атрымаў, i зноў быў герой, хоць трэба было на беразе сушыць ня толькi вопратку, але й выплату, якую мне далi ў дзесяцiкронавых банкнотах, я стаяў у адных споднiках, увесь горад быў на дыбках, жанчыны сьпяшалiся над рэчку i глядзелi на мяне, як на Мантгомэры, пераможца з-пад Тобруку, вальнадумцы папракалi Царкву, што калi Хрыстос быў Богам, дык чаму ён зносiўся з блуднiцай? я кажу, што на гэта няма нiякай рады, перад прыгажуняй нiхта ня выстаiць, нават Госпад Хрыстос, якi на той час быў прыгажун, што Конар Толнэс, яму ж было трыццаць год, а бачыце, тая Марыя Магдалена, хоць i мела пасаду вяхоткi з бару, усё-ткi дабiлася сьвятасьцi i нябёсы яе ўпадабалi, ня здрадзiла Хрысту i выцiрала яму кроў валасамi, а ён, бедачына, вiсеў на крыжы, таму што прапаведваў сацыяльны прагрэс i што ўсе людзi роўныя, ягоная мацi заходзiлася ад плачу, а Марыя Магдалена лагодзiла ягоны боль, i я пытаюся, куды падзелiся ўсе колiшнiя прыгажунi? памерлi i нiчога ад iх не засталося, а Марыля Магдалена заўсёды будзе кранаць паэтычныя сэрцы, вось такi лёс прыгажуна, якi навучыўся рамяству, умеў пiлаваць бярвёны i дошкi i раптам кiнуў тое i пайшоў навучаць людзей, што дзейная любоў да блiзкага ня значыць кублавацца зь дзеўкай на канапе, але йсьцi памагаць таму, хто тут жа патрабуе дапамогi, ксёндз за тое, што я выдатна авалодаў катэхiзмам, даў мне абразок Хрыста, як трымае келiх, на той час у Аўстрыi было вельмi модна правяраць i дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто Сын, а хто Дух Сьвяты? аднаго ксяндза нават судзiлi, таму што сёстры Ульманавы не змаглi яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, i ксёндз пасадзiў iх голымi попкамi на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлi замуж, нiхто не хацеў мець зь iмi дачыненьнi, калi яны ня ведалi пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы нiхто гэтага толкам ня ведаў, але прыкiдваўся, што ведае, дык тыя сёстры сеялi сланечнiкi, у той час было страх колькi забойстваў i рабункаў, па глухаманях нанач зачынялi аканiцы i рыхтавалi сякеры й стрэльбы, адзiн млынар глухой ноччу ўбачыў у месячным сьвятле, як хтосьцi выпiлоўвае дзiрку ў дзьвярах, каб прасунуць руку i адсунуць засаўку, дык ён падкраўся пацiху зь сякерай, а калi рука прасунулася, дык ён чах! i адсек тую руку, потым жандары шукалi, але не знайшлi нiкога без рукi, дык ксёндз лаяўся, таму што мусiў пахаваць тую руку на могiлках i купiць дзеля таго маленькую дамавiну, Сьвятая Багародзiца! стаiць жаўнер на варце ў Оламоўцы i бачыць, што на могiлках нешта гарыць, бяжыць туды, адчыняе трупярню, а там далакоп пры катле, а з таго катла тырчаць чалавечыя рукi й ногi i сквiрчыць тлушч, тут яго й цапнулi жандары за тое, што адкопваў нябожчыкаў i варыў iх сьвiньням, потым шапачнiкi з Прасьцеева сьпявалi песеньку, у маёй нябогi, рукi адняло i ногi, або калi я аднойчы з адной красуняй выбраўся ў тамашаўскi лес, там ёсьць гаспода, а насупраць тае гасподы стаяць сем белых крыжоў, там адзiн нягоднiк падпiльнаваў вясельле i пазасякаў усiх вясельнiкаў сякерай, ну, страшны выпадак, таму я ня маю дзяцей, бо не хачу, каб мая кроў трывала ў вякох, дзе тая зарука, што дзiця было б ад мяне? жанкi мяне прабiралi, хто вам заплюшчыць вочы? а я iм кажу, гэтак бывала за Аўстрыi, калi людзi памiралi дома, а сёньня, як толькi чалавек пачне крыху недамагаць, прыяжджае хуткая дапамога, адвозiць вас i памiраеце за шырмай сам адзiн, сваякi сёньнячы зь нiкiм ня цацкаюцца, апантанасьць грашамi гэтаму вiною, найлепш было б, каб людзi па ўсiм сьвеце дамовiлiся i перасталi рабiць дзяцей, едуць у адпачынак i халтураць адно на адным, каб увялi адлiчэньне з зарплаты, за адно дзiця пяцьдзесят кронаў, за другое сто кронаў, а за пяцёра дзяцей абрэзаць палавiну зарплаты i адлупцаваць розгамi на рынку, самы ўжо час, каб мы зноў маглi хадзiць з прыгажунямi ў лес i пакланяцца эўрапейскаму рэнэсансу бяз страху, што талопiцца на нас шмат вачэй, сёньня ж людзi лягаюць адпачываць у лесе адзiн ля аднаго, як магiлы на могiлках, адна панi папрасiла мяне, каб я выгуляў ейнага сабаку, але я пайшоў з тым сабакам да дзяўчат у бары, ну й таго сабаку два наведнiкi праз памылку абасцалi, а калi мы вярнулiся, тая панi пагладзiла сабаку, панюхала пальцы i спытала, дзе вы былi? сабакi добрая рэч, але толькi каб пiльнаваць гаспадаркi, адзiн злотнiк меў бульдога, якога безь вiны адсьцябаў, а той бульдог гэта запомнiў i аднаго разу, калi злотнiк часаўся, сабака скочыў i запусьцiў зубы ў злотнiкава цела, а злотнiк, з сабакам на карку, давалокся да пiсьмовага столiка, выцягнуў рэвальвэр, але як страляў у таго бульдога ў люстры, нешта паблытаў i прастрэлiў сабе вуха, дзiва, што сябе не застрэлiў, потым неяк таго сабаку ўходаў, але зацiснутыя зубы яму трэба было расшчамляць качаргою, зноў жа iншы стаяў перад люстрам i выразаў сабе валаскi з носа перад патанцоўкай, i прарэзаў сабе нос, я дык усё рэзаў як скрыпач на скрыпцы, чуцьцём, а калi б вы бачылi пшэмысьлякаў, як яны йшлi на прызыўную камiсiю, вёска была добра адкормленая, браканьер пры браканьеры, адна краса, калi стараста iх вёў на прызыў, самыя стужкi i жычкi, i яны парэзалi ўсе навакольныя вёскi, загналi немцаў у бровар, а старасту на памятку ўсадзiлi нож у сьпiну, хапiла толькi паглядзець на iх крывавата, а зубы ў вас ужо выляталi праз заднiцу, але на парадзе гэта быў цьвет чэскага народу, рослыя мужыкi i злыя як чэрцi, мелi два аркестры, а на сьвяты i гасьцiны ўсё было ў кветках i стужках, уся вёска аздобленая i начышчаная да бляску, штохвiлi нехта нёс кiшкi ў вядры, бо ведаеце, за Аўстрыi шмат мужыкоў памерла ад мардабояў у карчме або па дарозе дахаты, або павесiлiся ад таго, што мелi шмат дзяцей, а тыя слаўныя пшэмысьлякi раз падпiльнавалi мяне, бо я хадзiў зь дзеўкай ад iх, але я адвярнуўся, выцягнуў рэвальвэр i бах! бабах! палiў па iх, а мужыкi як дубы валiлiся на зямлю, а я зноў стаяў як герой, як Том Мiкс з кольтам, у якога дым iшоў з дула, або зноў жа тая жудасьць з Анэжкай Грузавай, нашы людзi выдумалi, што гэта зрабiў Гiльзнэр, а яшчэ заявiўся адзiн прыдурак i сказаў, што бачыў, як Гiльзнэр стаяў у лесе каля Бжэзiны, гэты каронны сьведка адной рукой трымаў ровар, а другой тую штуку, каб адмачыцца, i так Гiльзнэра запраторылi ў турму, а жыды мусiлi вэк з Польнай, людзi сьпявалi песеньку, не купляйце ў жыда цукру, кавы i мукi, ён забiў нам дзеўку сiнявокую Анэжку, ну а бачыце, на сьмяротным ложы брат Анэжкi прызнаўся, што гэта зрабiў ён, дзеля грошай, якiя ў той час валадарылi над сьветам, аднаго разу йдзе жандарм на патруль, запыняецца ў гасподзе i заказвае сабе адбiўную, а як што яму пасмакавала, дык паўтарыў заказ, але карчмарка неяк доўга ня йшла, дык ён пайшоў яе пашукаць, яна была ў склепе, а тамака на круку вiсела ейная дачка, галюсенькая, а тая карчмарка выразала зь яе адбiўныя, Сьвятая Багародзiца! жандар яе ў наручнiкi i ў суд, пра такiя здарэньнi людзi апавядалi раней, калi самi сабе замянялi радыё i тэлевiзар, але мне найбольш падабалася шпацыраваць па горадзе, я хадзiў у ангельскiм гарнiтуры i лапатуне, такiм капелюшы з заломамi, было прыемна глядзець крамныя вiтрыны, такая напрыклад парфумэрыя ў Оламоўцы, поўна туалетнага мыла, якое пахла ляснымi фiялкамi, глiцэрынавае мыла маркi Lila Blanc i Violeta de Nice, экстралагоднае мыла маркi Rosa de Shiraz, аднаго разу мяне за казармамi Марыя-Шнэ перапынiў драгун i крыкнуў, грошы або жыцьцё! iншы б пэўна абамлеў, але я выцягнуў браўнiнг i кажу, калi хочаш жыць, дык дуй адсюль, а то прыстралю як сабаку, калi я прыехаў у госьцi да брата на чатырнаццаць дзён i застаўся там на трыццаць год, дык мне далi мэксыканку, такую стрэльбу, каб я пiльнаваў рамянёў за броварам, а калi ўначы йшоў тудою жандар, я зьняў стрэльбу з пляча i давай страляць, кулi адбiвалiся ад мосту i толькi сьвiсталi, бо я ня буду дапытвацца, а хто там iдзе? аўстрыйскi жаўнер мусiць страляць першы, каб перамагчы, у iншай парфумэрыi стаялi роўненька флякончыкi вады для пелегаваньня валасоў, вада маркi Cyrano, дзе на наклейцы выходзiла з возера вадзяная русалка з ружамi пры поясе, а за сабою мела некалькi сьветлячкоў цi мо зорачак, ну дзiва! як музыка Моцарта, аднойчы плылi лодкай тры швачкi ад Пiкаў, а мы ў плаўках папраўлялi студню ў бровары, i адна красуня паклiкала мяне, а я адразу кiнуўся ў ваду i пачаў ныраць пад iхнай лодкай, гэта была аўстрыйская галянтнасьць, нават i простыя людзi паводзiлi сябе так, быццам iхняе жыцьцё ўвесь час фiльмавалi або фатаграфавалi, у Славаччыне я дапамагаў у пякарнi развозiць печыва, там п'янае вясельле ўехала ў касьцёл i пачало частаваць сьвятых гарэлiцай проста з пляшкi, ксёндз уляцеў у касьцёл як самалёт-зьнiшчальнiк i верашчаў i лупiў i таўхаў нагою тую вясельную кампанiю, i прыгаворваў, арда татарская! то так прыходзяць у храм Гасподнi? прэч! вянчаньне будзе, калi прыедзеце крыху больш цьвярозыя або менш п'яныя! потым я выбраўся на Градзiска, дзе пiваварнiчаў, i вярнуўся дахаты ў поўнай славе, гарнiтур у палоску i мадэрны капялюш апошняга парыскага фасону, кiёк зь белай галушкай, iншага дык жандары вярталi ў родныя мясьцiны ў апратцы як бы яго карова жвакала, але я прыйшоў як кiназорка i прынёс сто залатых, аддаў доўг i купiў карову з Понiквы, якую мне нараiў гаспадар Тыатар, той, што са старога тэатру зрабiў карчму, а ягоная баба гадавала восемдзесят катоў, увесь дзень налiвала iм малако, у парфумэрыi я бачыў прэпарат маркi Калядэрма, потым фiрма Вольф i Сын з Карлсруэ дастаўляла на Мараву свой жэлятын i драбнюткую ружовую пудру для пелегаваньня скуры, на шкатулцы летуценная жаночая галоўка з ручкай пры скронi, абвiнутая лёгкай вуальлю, з вачыма ў далечынi, той каровы з Понiквы ўсе нам зайздросьцiлi, швэйцарская раса, зусiм белы асобнiк, каштавала цэлых восемдзесят залатых, але потым мы прадалi яе мясьнiку, бо аказалася ялавай, найвышэй з нашае сям'i зайшоў дзядзька, у войску быў камандзерам узводу i ўмеў пiсаць так, што ня можна было наглядзецца, атрымаў залаты крыж ад кайзэра, насiў залаты шнур i пiкэльгаўбу, мужчына высокi на мэтар восемдзесят, якi за свайго кавалерства быў паўкiдваў усiх з карчмы ў копанку, як Рымскi, што паходзiў з Кокараў, але калi дзядзька ажанiўся, дык спаважнеў, узяў сабе дачку лесьнiка i паставiў вiлу на Мараве, гадаваў iндыкi i быў вахмiстрам, адной красунi я купiў лiлёвы крэм на лагодную белую скуру маркi Steckenpferd, гэта была фiрма з Радэбойлю, потым Гавэрдавай Здэнцы я купiў далiкатны i гарантаваны сродак, уганараваны залатым мэдалём, "Сiнулiн", а яна засьмяялася i кажа, а што ты за гэта хочаш? а я адказаў, што хацеў бы, каб мы пайшлi на шпацыр i яна дастала сонечнага ўдару, а яна засьмяялася i кажа, чаму? а я адказваю, што паводле iнструкцыi першай дапамогi, калi хто дастаў сонечнага ўдару, найлепш расшпiлiць блюзку i абмываць грудзi летняй вадою, а тая Здэнка мне сказала, ты, бугай, зашмат сабе дазваляеш, так, гэты сьвет далей прыгожы, не таму, што ён такi ёсьць, але такiм я яго бачу, як яго бачыў у фiльме Пушкiн, бедачыне заўчасна пацэлiлi ў галаву i былi яму капцы, з дзiркi ад рэвальвэру выцяклi ў яго апошнiя вершы, ужо паводле фатаграфii я дайшоў да высновы, што Пушкiн належаў да эўрапейскага рэнэсансу, меў гожыя бакенбарды, ну, тыя бакi, якiя насiў нябожчык кайзэр Франта i кампазытар Штраўс, раз iду сабе над вадою, а тут на ровары Лiбушка i адразу наяжджае на мяне пярэднiм колам, калi я ёй зноў прынясу пук, то бок, букет ружаў? а я яе нi з таго нi зь сяго пацалаваў, як гэта рабiў Ганс Альбэрс на параплаве, а Лiбушка вiскнула, Хрысьце Пане! а я расьсьмяяўся i кажу, што я не Хрыстос, адно пан, а гэта насьмяшыла яе яшчэ болей i яна яшчэ мацней наяжджала на мяне пярэднiм колам, адчыняючы мне дзьверы да далейшае прыгоды, i я быў панам сытуацыi, гэта ў парфумэрыi я бачыў шэраг бутэлечэк са сродкам для буйнага росту валасоў маркi Peru Tanin, на пляшачках былi дзьве дачкi вынаходнiка з валасамi ажно па косткi, зразумела, Аўстрыя стаяла ня так на буйным росьце валасоў, як на буйных грудзях, у некаторых былi такiя, што яны мусiлi насiць заплечнiк, а ў iм цэглу, каб ня ўпасьцi дапераду, так тое цягнула, гэта было нешта, тыя вялiзазныя цыцкi, з самога раньня ўся Аўстрыя ня думала нi пра што iншае як толькi пра грудзi, жанчыны выпiхвалi iх, а ў сям'i была проста бяда, калi дачка ня мела грудзi як кухлi для пiва, цяпер гэта зноў уваходзiць у моду, жанчыны зноў у гэтых адносiнах як за аўстра-вугорскай манархii, на спартакiядзе я бачыў волатак, нашых дзяўчат, як яны йшлi ў калёнах у тэлевiзары, у майтках i кашульках, шпарылi як Марыя Тэрэза, мужчыны ад гэтага глядзеньня, ад гэтага параду нацыi былi пад вечар зусiм абнясiленыя, ноччу я нарваў ружаў у чужым садку, пералез цераз плот i незаўважна паклаў тыя ружы на вакно Лiбушкi, як робяць мэксыканцы i гiшпанцы, тая банда абiбокаў, якая нiчога iншага ня робiць, толькi езьдзiць верхам i сьпявае паннам пад гiтару, а на другi дзень Лiбушка паклiкала мяне праз фiранку, каб я прыйшоў да iх у госьцi, з майго боку гэта была дыпляматыя, дык потым я быў сьведкам, як яна скiдала чаравiчкi i сьцягвала панчохi, а потым лягла на канапу i спыталася, цi па мне ўжо бегаюць мурашкi? i кiдалася на той канапе, нюхала ружы i вырачвала на мяне вочы, а потым села i пачала распорваць блюзку, а калi скалечылася жылеткай, сказала, мiгам перавяжыце, а то дастану заражэньня крывi! а калi я завязваў ёй бiнт, запыталася, чаму я вам ня падабаюся так, як тыя дзяўчаты з бару? а я адразу суцешыў яе па-рыцарску, панна, вы маеце iншыя повабы, у вас шык i гожыя ножкi, яна акрыяла душой i мы разам панесьлi бялiзну ў прасавальню, а бабы шалелi ад рэўнасьцi, ну так, нам дык не пасобiць, я павучаў Лiбушку паводле соньнiка Анны Новакавай, прасаваць бялiзну значыць, што адкрыеш глыбокiя таямнiцы, а Лiбушка мне сказала, як рыхтуецца адсьвяткаваць свае дваццаць першыя народзiны, i дадала, што мяркуючы па маiх вачох, яна б баялася iсьцi са мною пад поўнач на выспу, а я ёй на тое, у вас, Лiбушка, гэта ўсё пройдзе, вы надта дзiкая, але як будзеце так доўга таргавацца, дык возьме вас нейкi ўдавец, гэта былi б фiглi-мiглi, або й жандар, адна панюся мне раiла, не гаварэце толькi, а завядзеце нас на зьмярканьнi на ўзьлесак, Гавэрдава Ўласта, якая ўмела йграць на пiянiне i гаварыць па-нямецку i якая ставала на руках на бiльярдзе, ажно сукенкi ёй ападалi як пялёсткi з кветкi маку, дык тая мне казала, бамбiза, ты мяне толькi пакручваеш тым, што мною не цiкавiсься, Наўрацiлка, калi мы разам пусьцiлiся ў эксцэнтрычныя скокi ў Каталiцкiм Доме, шаптала мне на вуха, зiрнеце, як уся заля глядзiць на нас, i мне захацелася дадаць адну фiгуру, як гэта робiць пара Фукса-Кашцялава, i мы паляцелi тым эскцэнтрычным махам пад стол, Ярмiлка хацела са мной рабiць у "Славii" тое, што бачыла ў Вялiкага Цыгфэльда, але ня вытрымала таго пераходу да фiгуры танга i, пераляцеўшы ў мяне над галавою, убiла сабе акуляры ў брыво, яна па сёньня можа ганарыцца прыгожым шнарам, аднак найбольш мне даспадобы была ўжо спомненая Гавэрдава Ўласта, яна была закаханая ў мяне да вяр'яцтва, я насiў яе на гершках па ўсёй карчме, а яна ад сьмеху пасiкалася i ўся гаспода шалела з гэтае нагоды, а потым недзе забiлася ў аўтамашыне з жаўнерамi, але Гавэрда мне казаў, што гэта няпраўда, наадварот, што яна жывая аж занадта, што яна стала мэдсястрою, ну дык гэтая мела такi тэмпэрамэнт, што яе ажно хiлiла ў манашкi, у даўнейшыя часы я сабе купiў праставач носа, насаджвалася тое на нос, як жанчыны закладаюць сабе трубачкi накручваць валасы, праставач дакручваўся шрубкамi, паводле таго, якi вы хацелi мець нос, я хацеў мець як у Рудольфа Валентына, стары Швэц, той што трымаў банк у дваццаць адно ў Гавэрдаў, на схiле свайго веку праходзiў каля касьцёла i кажа, я яшчэ там ня быў, што яны там увесь час робяць? i ўбачыўшы раз тую пышнасьць, стаў касьцельным вартаўнiком i шкадаваў, што ня зьведаў таго раней, Уласта ў той час кiнула пярсьцёнак пад ногi прыгожага млынара, я ёй нiколi нiчога не купiў, адно калi-нiкалi прыносiў ружу, а гэта жанчынаў даймае, адкразу ўсё кiдала й прысядалася да мяне, а я прыкiдваўся, што чытаю газэту, а Ўласта кажа, што так сядзiш як квактуха на яйках? а я як прыпёр яе да бiльярду, афiцыянт прыбег ёй на дапамогу, а я як даў яму высьпятка, ажно ён адляцеў як футбольная апука, а я пакланiўся як герой i пацалаваў яе, а ўся гаспода хадуном хадзiла, у парфумэрыях была прылада для паравога абмываньня твару маркi "Крынiца Маладосьцi", уганараваная залатым дзяржаўным мэдалём, у элегантнай упакоўцы, на вечку скрынкi была гожая галоўка паненкi, як трымае галаву ў такой кашолцы, куды вядзе нiкеляваная трубка з масянжовага апарату, на той паненцы кашуля, аздобленая брусэльскай карункай, а на кашулi вышыты надпiс: Застануся заўсёды маладой, адна красуня шапнула мне пры музыцы з грамафона на Жофiне, пойдзем разам на рандэву, толькi перш я адшаруюся i вазьму чыстую бялiзну, страшна тыя вядзьмаркi былi раўнiвыя i аднойчы хацелi падсыпаць атруты мне ў каву, са старым Жэпам мы ў той час развозiлi пiва валамi, але тыя валы ляглi на рэйкi перад вакзалам, абходчык ня мог апусьцiць шлягбаўму, а цягнiк мусiў стаяць, машынiсты пасаскоквалi з паравоза, а кандуктары накручвалi валом хвасты, але валы ляжалi далей, а цягнiк меў дзесяць хвiлiн спазьненьня, кiраўнiк цягнiка стаяў перад тою бядою i адно лiчыў хвiлiны на гадзiньнiку, а дзяжурны ляпаўкай на мухi даваў знакi валом, але валы далей жавалi, пакуль адзiн малочнiк не прыгадаў сабе, што найлепш ўвадначас тым валом упырснуць ваду ў вушы, ну й сапраўды, валы пазадзiралi хвасты i так гналiся й зразалi павароты, што мы пагублялi бочкi зь пiвам, а кiраўнiк нас аблаяў i так расстроiўся, што кажа, бярэце ровар i дуйце кумiльгам па эгiпецкiя, дык я ўзяў той ровар i павёў яго да тытунёвага кiёску, а калi прывёз пехатою тыя цыгарэты, кiраўнiк крычыць: дзе вы былi так доўга? а я кажу, што ня ўмею езьдзiць на ровары, а да бровару ўжо прыходзiла Здэнiчка, выстраеная як папа рымскi, i кажа, што хацела б са мною пагаварыць па душы, ну мы й пайшлi ў чалядню, а саладоўнiкi думалi, што Здэнiчка празь мяне ходзiць у адмененым стане, але я хацеў ёй паказаць толькi тую карцiну над ложкам, на якой нехта Атэла забiвае сваю каханую, аднак Здэнiчка ўжо закрывала вакно капай, дык кiраўнiк сказаў саладоўнiкам прынесьцi драбiну i асабiста палез заглядаць у чалядню на другiм паверсе, я бачыў ягоны твар над капай, за якiм на небе была хмара, абрамаваная залатым сьвятлом, а ўсярэдзiне чорная як сажа ў комiне, потым на тапчанiку я апавядаў Здэнiчцы, як Калужа i Галiж арыштоўвалi Лецыяна i як потым Лецыян стаяў на эшафоце i казаў кату, давай ужо, а то рукi ў цябе замёрзлi! а Здэнiчка мне сказала, што замужжа са мною мусiць быць раем, але я паволi вывеў яе з гэтай аблуды, кажучы, што для жанiцьбы я ня маю дастаткова разьвiтых злачынных схiльнасьцяў, i калi потым прыходзяць на сьвет дзецi, дык не абрацца ад бяды, нават сам кайзэр выскачыць уначы з пасьцелi, а такi кампазытар Шуман улез з гэтай прычыны ў студзёную ваду i гаварыў у фiльме да свае жонкi, людзi ёсьць марыянэткамi, гэта тое, што называецца натхненьнем, а калi твор ужо гатовы, дык можна пайсьцi на гарэлку i на шпацыр, Здэнiчка потым цiснула на мяне, угаворваючы мяне легчы, што хопiць i стокронавага банкнота, але я сказаў, што паводле твору спадара Батысты найлепш зносiцца зь дзявiцай, тое райскае адчуваньне ёсьць тады, калi двое аддаленыя ад сябе на адлегласьць буськi, нават мы, ваякi, ня ўлазiлi да дзевак праз вакно i ня гвалцiлi iх, як нас вучыў палкоўнiк Завада, пад якiм палi восем коней i трыццаць шэсьць маршавых батальёнаў, калi я распавядаў пра гэта адной паненцы, яна ўсё хiхiкала, ня дзiва, што па вайсковай лiнii мы правалiлiся на ўсiх франтох, бо мы былi армiяй дэгенэратаў, палкоўнiк Завада меў ваўкадавы i дзьве батарэi гарматаў, лес быў моцна абсаджаны i дрэвы выляталi ў паветра як запалкi, але палкоўнiк Завада глядзеў у мапы i пасылаў кулямёты на аслаблыя пазыцыi, у яго быў залаты каўнер, а на iм вялiзная зорка, мы ўвесь час мусiлi вучыцца, як атакаваць працiўнiка, палкоўнiк Завада браў мяне за падбародак i правяраў, цi я паголены, потым правяраў зброю i ўжо а трэцяй над ранам прыносiлi каву, а ў пяць iшлi зьмянiць жаўнераў на перадавой, першы пачынаў трубач, потым бубначы, афiцэры лёталi, Здэнiчка драпала па падлозе парасонам, перастаў iсьцi дождж, але кiраўнiк увесь час трымаў далонь над вачыма i глядзеў, што мы там вычвараем, але Здэнiчка мне сказала, каб я прыйшоў вечарам, тады яна пакажа мне крацястыя пярыны i новыя грамафонныя кружэлкi, "Срэбную папараць" i характэрнае iнтэрмэца "Млын у Чорным Лесе", потым пайшла дарожкай з бровару, а ў мужыкоў цякла сьлiна як у бэрнардынаў, калi яны праводзiлi позiркам тое дзiва прыроды, выпульхненае павабным мяскам, кiраўнiк глядзеў за ёю празь бiнокаль, а я тут жа закiнуў на плячо саладоўнiкаву лапату i пайшоў пералапацiць малады ячмень, думаючы пра Смэтану, якi ня быў нiякiм панам, а нявольнiкам, а калi ўрэшце памёр, дык у Ябкiнiцах у ягоныя ноты, якiх было два куфры, загортвалi каўбасы, вось што значыць упрыемнiць народу вольны час, як таго хацеў i Двожак, мясьнiцкi чаляднiк, але народу найбольш даспадобы нажлукцiцца i паслухаць "Гумарэску", калi Гаўлiчка павялi жандары, дык ягоная жонка Юлiянка амаль што не звар'яцела, сэрца магло разарвацца ў яе ад жалю, а Гаўлiчак жа меў мазгавешку, каб яго трасца, тыя ягоныя эпiграмы з эпiстоламi, Бонды, паэт, прыехаў раз да майго пляменьнiка з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзiцянятаў, i яны выпiлi тры конаўкi пiва, а як што зачынялi, дык яны прынесьлi сабе пiва нанач у тазе i далей вялi акадэмiчны дыспут, ажно пазасыналi ад яго, пляменьнiк прачнуўся, думаючы, што працякае вадаправод, але калi запалiў сьвятло, дык убачыў, што гэта бедачына Бонды высiкваў тыя дзьве конаўкi пiва проста на дыван, а потым звалiўся i зноў заснуў, i толькi над раньнем прабудзiлi яго тыя ягоныя дзецi, а калi ён ачомаўся i агледзеўся навокал, стаў нi з таго нi зь сяго крычаць, а! цяпер разумею! i цешыўся i скакаў па тым абасцаным дыване, людцы, крычаў ён, iдуць з намi ня толькi тыя, якiя з намi ня йдуць, але йдуць з намi i тыя, якiя йдуць супроць нас, таму што немагчыма адцурацца ад эпохi! дык бачыце, панна, гэта якраз тое захапленьне паэтаў п'янствам i мэдытацыяй, а калi ўжо яно робiцца ня ў змогу, расчыняюцца нябёсы i думку за ручку выцягваюць на сьвятло, а я перамешваў лапатай разброджаны солад, спачатку мне трэба было перакапаць яго Volgemut'ам, Сакрат i Хрыстос не напiсалi нi радочка, а пагляньце, iхнае вучэньне i па сёньняшнi дзень не прапала, тым часам як iншыя, чым больш выдаюць кнiжак, тым хутчэй забываюцца, гэта называецца змовай гiсторыi, я аднойчы спаборнiчаў з мылаварам у скоках на галаву зь бiльярду i перамог, вядома, на маёй галаве былi акуратныя сiнякi з гузакамi, потым мы паказвалi "Ўрачысты ўезд караля Фарука", усенькiя прыгажунi з бару ўдзельнiчалi ў тым паказе, хоць Оланак таму супрацiвiўся, той мярзотнiк, што гандляваў старой мэбляй i абразамi, аднойчы ён вёз абраз i пракалоў на iм вока Дзевы Марыi, дык потым узяў вока карпа, уставiў яго ў тую дзiрку, прыляпiў плястырам з другога боку i прадаў абраз мадзярам з двору, а яны павесiлi Дзеву каля печы i аднаго разу, калi малiлiся, выбягаюць з крыкам, што Дзева Марыя плача над iмi, а гэта ўсяго лопнула тое карпава вока, дык той мярзотнiк, Оланак, прывёў у "Тунэль" асла, а красунi распранулi мяне i нацягнулi якуюсьцi камбiнацыю, на галаву мне насадзiлi турбан, а твар размалявалi алейнымi фарбамi i езьдзiлi са мною на тым асьле па корчмах, выкiнулi нас з тым "Урачыстым уездам караля Фарука" якраз з "Гранду", дык потым Оланак, той мярзотнiк, даў таму аслу панюхаць перцу i ён мяне скiнуў, але я й так быў герой, ехаў я потым у заалягiчны садок, меў на сабе прыгожы гарнiтур, што ўспадкаваў па адным такiм, у якога былi так крывыя ногi, што ён мусiў шыць сабе нагавiцы на меру, але акрамя таго ўсё iншае пасавала мне як улiтае, i калi я так стаяў перад клеткай зь iльвом, той раптам усхапiўся на ногi i пырсь! выплюхнуў на мяне з паўлiтра сцакаў, як брыльянцiн на валасы, i яшчэ яму хапiла акрапiць дзьвюх славачак, тыдзень я мусiў парфумавацца, бо такi ад таго йшоў дух, прыгажунi ў "Сiты Бары" ўсё прынюхвалiся да мяне i стрыглi вушмi, а цi не хадзiў я куды да iншых? у той час не было тэлевiзара i людзi мусiлi ўсё рабiць самi, нават радыё, жылi ў страшнай цясноце, у бедакоў напрыклад пасьцель нiколi не халадала, часта бралi сукватарантаў для спаньня, адзiн быў дзьвернiкам у гатэлi i залазiў у цёплую пасьцель пасьля таго, якi йшоў працаваць удзень, аднойчы паклiкалi мяне трусаводы, каб я паказаў iм сьпеўнае мастацтва, дык падчас iхнай забавы я сьпяваў "На беразе вазёрным лiецца песьня салаўя", але мне перашкодзiў Оланак, якi намовiў музыкаў, каб зайгралi нешта iншае, ну й пачалася спрэчка, я хацеў iх перасьпяваць сваiм "На беразе вазёрным", а музыкi хацелi заглушыць мяне "Радаснай маладосьцю", а трусаводы лаялiся i потым сталi ў мяне кiдаць лятарэйнымi выйгрышамi, а потым кiнулi i адбiўную, але я й так быў герой, перабiраю я аднойчы бульбу ў брата, куды я прыехаў на чатырнаццаць дзён, а кiраўнiк кажа, а чаму гэты саладоўнiк ляжыць аблогай? i тут жа даў мне лапату i я паказаў яму высокую клясу пiваварства, як мяне навучылi ў бэнэшаўскiм бровары саладоўнiкi Алiварыюс i Шарлiнгер, ажно кiраўнiка агламазьдзiла! а потым ён мне кажа пайсьцi разгрузiць вагон, умееце гэта? пытаецца кiраўнiк, а я ўжо скочыў, узяў лом i барарам! ударыў па засаўцы i вугольле вывалiлася i пасыпалася кiраўнiку пад ногi, а ён як вярэсьне ў вугольлi па калена, чалавеча, што вы робiце?! а я ўжо ўпраўляўся з лапатай i праз тры гадзiны быў гатовы, а прыгажуня з бугальтэрыi мне кажа, ну вы далi! а я кажу, панна, гэта дробязь для мяне, таму што я прайшоў школу Рымскага, мацака з Кокараў, якi ў бойцы перабiў нагою пратэз паненцы i чатыры жандары памерлi ад таго ў шпiталi, гэта называецца талентам, адразу скочыць ворагу да горла i разарваць яму глотку, або садануць астраўскiм ключом мiж вачэй, потым кiраўнiк кажа, што дасьць мне ўзнагароду, пойдзем зь iм папчалярыць, i ён ўзяў сабе сетку i рукавiцы, такiя пчолы, калi выройваюцца, задаюць чалавеку клопату, тыя пчолы робяць такiя апукi на дрэве i трэба iх абразаць, а на гэта ня хоча згадзiцца той, каму належаць тыя дрэвы, i так узьнiкаюць суседзкiя сваркi, кiраўнiк кажа, саладоўнiчку, хадземце, я навучу вас са спадаром Ганькам як пераносiць вульлi, i такiм чынам мы сталi пасьвячанымi ў пчалярства, але спадар Ганька спатыкнуўся i адзiн вулей перакулiўся, мы адразу далi драла, але ўсё марна, бо пчолы пачалi джалiць нас куды папала, спадар Ганька ўпаў на каленi i просiцца ў тых пчолаў, што ў яго жонка i дзецi, але тыя пчолы жыганулi яго i ў чэлес, ажно яму набрыняў як булава, я мог пайсьцi ў бар толькi на трэцi дзень, Бобiнка, калi мяне ўбачыла, адразу запусьцiла грамафон з кавалкам "Ой вы могiлкi, могiлкi", потым завяла мяне наверх, а як што думала, што я яшчэ добра ня бачу, распранулася дагала i пайшла са збанком па ваду, а потым сказала мне, што мы ўжо маглi б пачаць практыкавацца пад вясельле, як гэта рабiў Гарды, але на калiдоры пачуўся крык, гэта прыдарыўся iнцыдэнт кавалю, якi быў так нажлукцiўся, што яму замест красунi падсунулi старую качаргу, але той каваль пасьвяцiў сабе лiхтарыкам i калi яе ўбачыў, дык выбег у споднiках на калiдор, ламаў балюстраду як абаранкi i крычаў, хто мне падаслаў тую лярву?! яна гадкая як акадэмiчная мастачка! i я пачаў зноў апранацца, бо быў я чалавекам пачуцьцёвым як i той каваль, iншага разу было, як аднаго каменяра прывучвалi да тайнiцы каханьня на бiльярдзе, але ён усё роўна быў слабы на розум, бо двойчы замураваў сябе ў печцы i трэба было даставаць яго адтуль кiркаю, i ён мусiў ставiць печку нанава, мяшчанскi дочкi i па сёньняшнi дзень дораць мне ружы i зьдзiўляюцца, дзе я навучыўся ўсiх тых адборных фокусаў?

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4