Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение (стр. 14)
Автор: Бёлль Генрих
Жанр:

 

 


"; а яе муж адказаў: "Напраўду, гэта ганьба, але, можа, на тое была Божая воля", а фраў Клошграбэ заўважыла: "Ёсць i такiя, што выконваюць волю д'ябла", - бацька засмяяўся, i амерыканскi афiцэр засмяяўся таксама; бацька быў з намi ласкавы, i, калi ён мусiў развiтвацца з намi, я першы раз бачыў, як ён плача; я нiколi не думаў, што ён умее плакаць; ён заўсёды быў цiхманы i не выказваў нiякiх пачуццяў - нават калi ён мусiў вяртацца з адпачынку i мы праводзiлi яго на вакзал, ён нiколi не плакаў; усе плакалi: мама, бабуля, дзядуля i мы, а ён - не. Вунь, - сказаў ён, паказваючы на дым ад паравоза, што вiсеў у паветры, нiбы сцяг, - яны толькi што прыбылi ў Кiслiнген.
      - Зараз дзядуля пойдзе ў кляштар i даведаецца пра тое, што ты яму павiнен быў бы сказаць сам.
      Я сцёр напiсаныя крэйдаю лiтары памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра, маленькi "iкс" у падвале прытулку пiлiгрымаў; ён iх нiколi не знойдзе, не ўбачыць i нiчога не даведаецца ад мяне.
      - Тры днi, - сказаў ён, - фронт праходзiў памiж Дэнклiнгенам i горадам, i мы з фраў Клошграбэ вечарамi малiлiся за дзядулю; потым ён прыехаў увечары з горада, быў бледны i сумны - такi, якiм я яго нiколi да тае пары не бачыў; ён хадзiў разам з намi памiж руiнаў абацтва, мармычучы ўвесь час тое, што мармыталi сяляне, што бабуля ўвесь час мармытала ў бамбасховiшчы: "Навошта-навошта, навошта?"
      - Напэўна, ён быў шчаслiвы ад таго, што ты дапамагаеш пры адбудове абацтва?
      - Што ж, - сказаў Ёзэф, - але цяпер я мушу пазбавiць яго гэтага шчасця; не пытайся - чаму, але мушу.
      Ён пацалаваў Марыяну, зачасаў ёй валасы за вуха i, растапырыўшы пальцы, пачаў вычэсваць з iх хваёвую iглiцу i пясчынкi.
      - Бацька хутка вярнуўся з палону i забраў нас у горад, хоць дзядуля быў супраць гэтага i казаў, што для нас было б лепей, каб мы гадавалiся не сярод адных руiн; але бацька сказаў: "Я не магу жыць на сяле i хачу, каб дзецi былi са мною, бо iх жа зусiм не ведаю". Мы яго таксама не ведалi i спачатку пабойвалiся, дый адчувалi, што i дзядуля яго таксама пабойваўся. У той час мы ўсе жылi ў бацькавым кабiнеце, бо наш дом быў непрыдатны, каб у iм жыць; а на сцяне ў кабiнеце вiсеў вялiзны план горада; усё, што разбурана, было заштрыхавана чорным; робячы ўрокi за дзядулевым рысавальным сталом, мы часта прыслухоўвалiся да размоў бацькi i дзядулi, iншых людзей - як яны збiралiся разам каля карты. Часта ўсе голасна спрачалiся, бо мой бацька заўсёды казаў: "Усё гэта - прэч... узарваць!" i пiсаў "iкс" каля чарговай чорнай плямы, а iншыя ўсё гаварылi: "Напрамiлы божа, мы ж не можам гэтага рабiць"; тады бацька казаў: "Зрабiце гэта раней, чым людзi вернуцца ў горад... Цяпер нiхто тут не жыве, i вам няма чаго лiшне забiваць сабе галаву: змяцiце ўсё гэта з паверхнi зямлi..." А яны зноў: "Гэта ж рэшткi аконнага проймiшча з шаснаццатага стагоддзя, а там вунь частка каплiцы з дванаццатага"; бацька кiдаў грыфель i казаў: "Добра, рабiце як хочаце, але, паверце, вы яшчэ пашкадуеце... рабiце як хочаце, толькi без мяне". А яны казалi: "Ну што Вы, шаноўны пане доктар, Вы ж у нас самы лепшы спецыялiст па выбухах, Вы не можаце адмовiцца дапамагчы нам"; на што бацька адказваў: "Але ж адмоўлюся, калi мне давядзецца азiрацца на кожную курасадню часоў Рыма; для мяне сцены - гэта ўсяго толькi сцены, i паверце мне, што сярод iх бываюць толькi дрэнныя i добрыя; да д'ябла гэтую дрэнь! Падарвiце ўсё i ўбачыце, колькi будзе вольнага месца". Калi яны пайшлi, дзядуля, пасмейваючыся, сказаў: "Божа мой, ты ж павiнен зразумець iх пачуццi", а бацька таксама засмяяўся: "Я разумею iх пачуццi, але не паважаю"; а пасля ён сказаў нам: "Хадзем, дзецi, купiм шакаладу". I ён выправiўся з намi на чорны кiрмаш, купiў сабе цыгарэт, а нам - шакаладу, i мы працiскалiся з iм у цёмныя, напалову разбураныя пад'езды дамоў, падымалiся па сходах, бо яму хацелася яшчэ купiць цыгарэт дзядулю; ён заўсёды купляў i нiколi нiчога не прадаваў; калi мы атрымлiвалi хлеб альбо масла з Штэлiнгена цi з Гёрлiнгена, ён прымушаў нас забiраць ягоную частку ў школу, i мы маглi самi вызначаць, каму ахвяраваць яе; i аднаго разу мы купiлi на чорным кiрмашы масла, якое перад гэтым падарылi; у скрутку была яшчэ цыдулка, напiсаная фраў Клошграбэ: "На гэтым тыднi, на жаль, толькi адзiн кiлаграм". Але бацька адно смяяўся i казаў: "Ну, што ж, людзям таксама патрэбны грошы на цыгарэты". Неяк да нас iзноў прыйшоў бургамiстр, i бацька паведамiў яму: "У руiнах кляштара францысканцаў я знайшоў бруд з-пад пазногцяў, што паходзiць з чатырнаццатага стагоддзя; не смейцеся; гэта даведзена: чатырнаццатае стагоддзе, бо ён перамяшаны з валаскамi ваўнянага прадзiва, якое, як дакладна вядома, выраблялася ў нашым горадзе толькi ў чатырнаццатым стагоддзi; гэта надзвычай рэдкае адкрыццё ў галiне гiсторыi культуры, пане бургамiстр"; той адказаў: "Гэта ўжо занадта, пане Фэмель", а бацька запэўнiў яго: "О, будзе яшчэ больш занадта, пане бургамiстр". Рут засмяялася: яна якраз сядзела побач i пiсала, робячы кляксы, хатняе заданне ў сшытак па арыфметыцы; яна гучна засмяялася, а ён падышоў к дачцэ, пацалаваў яе ў лоб i сказаў: "Твая праўда; гэта ўсё смеху варта, маё дзiця"; мне зрабiлася зайздросна, бо мяне бацька ў лоб яшчэ нiколi не цалаваў; мы любiлi яго, Марыяна, але ўсё яшчэ крыху пабойвалiся, калi, стоячы перад планам горада з крэйдай у руцэ, ён паўтараў: "усё прэч... узарваць..." Бацька быў вельмi патрабавальны што да маёй вучобы; ён заўсёды казаў мне: "Ёсць толькi дзве мажлiвасцi: альбо не ведаць нiчога, альбо ведаць усё; твая мацi не ведала нiчога; здаецца, што яна не скончыла нават пачатковай школы, а ўсё ж я не ажанiўся б з нiякай iншай жанчынаю; таму - вырашай". Мы любiлi яго, Марыяна, i калi я цяпер думаю, што яму тады было толькi крыху больш за трыццаць, дык не магу ў гэта паверыць, бо ён заўжды здаваўся мне нашмат старэйшым, хоць з выгляду гэткi ён не быў; часам ён бываў нават вясёлы, цяпер такога з iм не здараецца; калi мы ранiцай вылазiлi са сваiх ложкаў, ён ужо стаяў каля акна, голячыся, i крычаў нам: "Вайне - канец, дзецi", хоць вайна скончылася ўжо чатыры цi пяць год перад тым.
      - Нам трэба ўжо iсцi, - сказала Марыяна, - нельга, каб яны так доўга чакалi нас.
      - Хай сабе крыху пачакаюць, - адказаў ён. - Мне яшчэ трэба даведацца, што яны зрабiлi з табою, авечка. Я ж пра цябе амаль нiчога не ведаю.
      - Авечка... - сказала яна, - скуль ты гэта ўзяў?
      - Дык так, проста нешта прыйшло ў галаву, - адказаў ён. - Раскажы, што яны выраблялi з табою. Мяне заўсёды смяшыць твой додэрынгенскi акцэнт: ён табе зусiм не пасуе; мне вядома толькi, што ты хадзiла там у школу, але нарадзiлася ў iншым месцы; ведаю, што ты дапамагаеш фраў Клошграбэ пячы пiрагi, гатаваць ежу i прасаваць бялiзну.
      Яна паклала Ёзэфаву галаву сабе на каленi, заплюшчыла яму вочы i сказала:
      - Са мною? Ты хочаш даведацца, што яны зрабiлi са мною? Яны кiдалi на мяне бомбы i не траплялi, хоць бомбы былi такiя вялiкiя, а я - такая малая; людзi ў бамбасховiшчы запiхвалi мне ў рот ласункi, а бомбы падалi i не траплялi ў мяне; я чула толькi, як яны рвуцца i як асколкi з шумам ляцяць праз ноч, нiбы птушкi; нехта ў бамбасховiшчы сказаў: "Дзiкiя гусi шумяць уначы". Мой бацька быў высокi, цёмнавалосы, зграбны; ён насiў карычневы мундзiр з мноствам залатых нашывак i нешта накшталт блiскуча-срэбнага штылета на рамянi; ён стрэлiў сабе ў рот; не ведаю, цi бачыў ты калi-небудзь чалавека, якi стрэлiў сабе ў рот? Hе, не бачыў? Тады дзякуй Богу, што ён уратаваў цябе ад гэткага вiдовiшча. Бацька ляжаў на дыване, кроў сцякала на смiрнаўскiя ўзоры - гэта быў сапраўдны смiрнаўскi дыван, мой дарагi; а мая мацi была бялявая высокая жанчына ў сiняй унiформе, на галаве насiла шыкоўны капялюш; на рамянi ў яе не было штылета; i яшчэ ў мяне быў малы брат; ён быў нашмат меншы за мяне i светлавалосы; малы брат вiсеў на дзвярах з пятлёю на шыi, матляючыся ўзад i ўперад, а я смяялася... i ўсё яшчэ смяялася, калi мацi накiнула мне зашмаргу на шыю, мармычучы сабе пад нос: "Ён даў такi загад", але раптам увайшоў нейкi чалавек без формы, без залатых нашывак i без штылета, толькi ў руцэ ў яго быў пiсталет; ён нацэлiў гэты пiсталет у мацi, а я заплакала, бо на шыi ў мяне была пятля i мне дужа хацелася пагуляць у тую гульню, у якую было дазволена гуляць майму малому брату - "ён даў такi загад"', але чалавек зацiснуў мне рот, сцягнуў мяне ўнiз па сходах, зняў з шыi пятлю, пасадзiў мяне на грузавiк...
      Ёзэф паспрабаваў быў ссунуць яе рукi са сваiх вачэй, але яна трымала моцна, а праз хвiлю спыталася:
      - Hе хочаш слухаць далей?
      - Хачу, - адказаў ён.
      - У такiм разе хай вочы будуць закрытыя, i - дай мне цыгарэту.
      - Тут, у лесе?
      - Тут, у лесе.
      - Вазьмi ў мяне ў кашулi, у кiшэнi.
      Ён адчуў, як яна адшпiлiла ў яго кашулi гузiк на кiшэнi i, не адымаючы правай рукi ад яго вачэй, выцягнула запалкi i цыгарэты.
      - Давай i табе прыкуру, тут, у лесе, - сказала яна. - Я мела тады якраз пяць гадкоў i была такiм мiлым дзiцёнкам, што людзi лашчылi мяне нават на грузавiку: запiхвалi мне ў рот ласункi, мылi мяне з мылам, калi машына спынялася; грузавiк абстрэльвалi з гармат i кулямётаў, але ў нас не патрапiлi; мы ехалi доўга... не ведаю нават, як доўга, але не менш як два тыднi; а калi мы спынiлiся, чалавек, якi не дазволiў мне згуляць у гульню "Ён даў такi загад", узяў мяне да сябе, закручваў мяне ў коўдру i клаў побач на сена, на салому, часам - на ложак, кажучы: "Ану, скажы мне "тата"; я не ўмела казаць "тата": да мужчыны ў прыгожай форме я заўсёды звярталася "папа"; але я навучылася казаць: "тата"; трынаццаць год запар я казала гэтае слова чалавеку, якi не дазволiў мне згуляць у тую гульню; у мяне з'явiлiся ложак, коўдра i мацi, якая была строгая, але мяне любiла; i цэлыя дзевяць гадоў я жыла ў чыстым доме; калi я першы раз прыйшла ў школу, пробашч сказаў: "Паглядзiце, паглядзiце, хто да нас прыйшоў - несапсаваная i самая чыстая ў свеце паганачка"; а iншыя дзецi, з якiх нiхто не быў паганцам, пачалi смяяцца, пробашч тым часам дадаў: "Давайце раз-два - i зробiм з нашай малой паганачкi, з нашай добрай авечкi хрысцiянскае дзiця"; i яны зрабiлi з мяне хрысцiянскае дзiця. I авечка расла, жвавая i шчаслiвая, гуляла ў карагоды i ў бэрка, забаўлялася з мячыкам, скакала цераз вяровачку i дужа любiла сваiх тату i маму; i надышоў дзень, калi ў школе было пралiта трохi слёз, сказана колькi прамоваў, узгадана колькi разоў пра "этап у жыццi" i я пайшла вучыцца да краўчыхi, неўзабаве ўжо ўмела добра абыходзiцца з iголкай i нiткамi, ад мацi навучылася прыбiраць у хаце, пячы пiрагi, гатаваць стравы, а ўсе людзi ў вёсцы казалi: "Яна яшчэ выйдзе за прынца, не нiжэй..."; але аднаго разу ўвечары ў вёску прыехала вельмi вялiкая i вельмi чорная машына; барадаты шафёр спынiў машыну на дзядзiнцы i з кабiны спытаўся ў людзей: "Дзе тут жывуць Шмiцы?" А людзi адказалi: "У нас тут многа Шмiцаў, якiя вам патрэбныя?" Мужчына сказаў: "Тыя, што ўзялi дзiця на выхаванне". Тады людзi сказалi: "А, гэта Эдуард i яго жонка; яны жывуць там, у баку ад дарогi, за кузняй; перад iх хатаю расце самшыт". Мужчына сказаў: "Дзякуй"; машына паехала далей, i людзi рушылi за ёю ўслед, бо ад дзядзiнца да Шмiцавай хаты было самае большае пяцьдзесят крокаў; я сядзела на кухнi i ачышчала салату; я вельмi любiла гэты занятак, надрэзваць лiсце, потым дрэннае выкiдаць, а добрае класцi ў рэшата, дзе яна была такая зялёная i чысцюткая; а мая мацi якраз казала мне: "Hе засмучайся, Марыяна; то не iх вiна; калi хлопцам трынаццаць-чатырнаццаць год - а ў некаторых гэта пачынаецца нават у дванаццаць, - яны робяць гэткiя рэчы; гэта - прырода, Марыяна, а з прыродаю справiцца нялёгка"; а я адказала: "Праз гэта я зусiм не засмучаюся". "Тады праз што ўсё-ткi", - спыталася мая мацi. Я сказала: "Я ўсё ўспамiнаю свайго брацiка - як ён вiсеў на дзвярах, а я смяялася i не ведала, як гэта жахлiва... а ён жа не быў нават хрышчоны". I не паспела мая мацi адказаць на гэта, як дзверы адчынiлiся - а мы не чулi, каб хто-небудзь пастукаў, - i я яе адразу пазнала: яна ўсё яшчэ была светлавалосая, высокая, насiла шыкоўны капялюш, толькi блакiтнай унiформы на ёй ужо не было; яна, не марудзячы, падышла да мяне, намерваючыся абняць, i сказала: "Ты, напэўна, i ёсць мая Марыяна... табе нiчога не падказвае голас крывi?" На хвiлю ножык, што я трымала ў руцэ, застыў у паветры, а пасля я адказала, абрэзваючы наступны лiсцiк салаты: "Hе, голас крывi мне нiчога не падказвае". "Я - твая мацi", - сказала яна. "Hе, - запярэчыла я, - мая мацi - вунь яна. Мяне завуць Марыяна Шмiц"; памаўчаўшы нейкую хвiлю, я дадала: "Ён даў такi загад, i Вы накiнулi мне на шыю пятлю, шаноўная фраў". Я навучылася ў краўчыхi казаць гэткiм жанчынам "шаноўная фраў".
      Яна крычала i плакала, спрабавала абняць мяне, але я трымала нож перад сабою, вастрыём наперад; яна гаварыла нешта пра школу, пра ўнiверсiтэты, крычала i плакала, а я выбегла праз заднiя дзверы ў сад, пабегла праз поле да айца пробашча i ўсё яму расказала. Ён сказаў мне: "Гэта - твая мацi, а бацькоўскае права ёсць бацькоўскае права; пакуль ты не станеш паўналетняй, у яе застанецца права на цябе; гэта ўсё вельмi прыкра". А я адказала: "Хiба яна не страцiла таго права, гуляючы ў гульню "ён даў такi загад"? - "Ты увiшнае дзяўчо, запомнi гэты аргумент як след". Я яго запомнiла i паўтарала яго заўсёды, калi яны пачыналi гаварыць пра "голас крывi"; я казала ўвесь час: "Я не чую голасу крывi, я проста не чую яго". Яны гаварылi: "Гэтага не можа быць, гэта iдзе насуперак прыродзе". "Праўда, - адказвала я, "ён даў такi загад" - гэта было насуперак прыродзе". Яны казалi: "Але ж тое было больш як дзесяць год таму, i цяпер яна раскайваецца ў гэтым"; а я пярэчыла iм: "Ёсць учынкi, якiя нельга загладзiць раскайваннем". "Ты хочаш быць у сваiм прысудзе суровейшай за Госпада Бога?" - пыталiся яны. "Hе, - адказвала я, - я не Бог, i таму не магу быць гэткаю мiласэрнаю, як ён". Мяне пакiнулi ў маiх бацькоў. Але аднаму я не магла нiяк перашкодзiць: мяне сталi зваць не Марыяна Шмiц, а Марыяна Дростэ; я адчувала сябе, нiбы чалавек, якому штосьцi выразалi... Я ўсё яшчэ ўспамiнаю, - працягвала яна, - свайго малога брата, якога змусiлi гуляць у гульню "ён даў такi загад"... ты i надалей мяркуеш, што ёсць нешта горшае, такое дрэннае, што ты не наважваешся мне пра яго расказаць?
      - Hе, не, - адказаў ён. - Марыяна Шмiц, я раскажу табе пра ўсё.
      Яна адняла руку ад ягоных вачэй; ён выпрастаўся, паглядзеў на яе; яна намагалася не ўсмiхацца.
      - Чагосьцi такога кепскага твой бацька, напэўна, зрабiць не змог бы, сказала Марыяна.
      - Hе, - адказаў Ёзэф, - то не было гэтак кепска, ды ўсё-ткi досыць кепска.
      - Хадзем, - сказала яна, - раскажы мне пра ўсё ў машыне; ужо амаль пятая, i яны нас чакаюць; калi б у мяне быў дзядуля, я не прымушала б яго чакаць, а калi б у мяне быў такi, як у цябе, дзядуля, я рабiла б дзеля яго ўсё на свеце.
      - А дзеля майго бацькi? - спытаўся ён.
      - Я яшчэ не ведаю яго, - адказала яна. - Хадзем, i не круцiся, скажы яму, як толькi надарыцца мажлiвасць. Хадзем.
      Яна падняла яго за руку; ён абняў яе за плячо, i яны пайшлi да машыны.
      9
      Малады банкаўскi служка спачувальна паглядзеў на Шрэлу, калi той падсунуў да яго па мармуровым прылаўку пяць ангельскiх шылiнгаў i трыццаць бельгiйскiх франкаў.
      - Гэта ўсё?
      - Усё, - адказаў Шрэла.
      Малады служка пачаў круцiць ручку лiчыльнай машынкi - у малой колькасцi яе абаротаў ужо заключалася пагарда, - хутка напiсаў дзве цi тры лiчбы на бланку i падсунуў Шрэле пяцiмаркавую купюру, чатыры манеты па дзесяць пфенiгаў i тры пфенiгавыя манеткi.
      - Прашу, хто далей...
      - А ў Блесэнфэльд, - цiха спытаў Шрэла, -...цi яшчэ ходзiць туды адзiнаццаты, не падкажаце мне?
      - Цi ходзiць туды адзiнаццаты? Я ж не трамвайная даведачная, - адказаў малады служка, - i, апроч таго, я i праўда не ведаю.
      - Дзякуй, - сказаў Шрэла, укiнуў грошы ў кiшэнь, саступiў месца каля акенца наступнаму клiенту - мужчыне, якi паклаў на прылавак тоўсты пачак швейцарскiх франкаў; ён пачуў, ужо выходзячы, як лiчыльная машынка з павагаю накручвала абароты адзiн за адным.
      "Ветлiвасць - гэта самая дзейсная форма, у якую можна заключыць пагарду", - падумаў ён.
      Вакзальная пачакальня. Лета. Сонца. Вясёлы настрой. Канец тыдня. Гатэльныя служкi пхаюць валiзы да перона; маладая жанчына трымае высока падняты плакат "Тут збiраюцца тыя, хто ад'язджае ў Лурд". Прадаўцы газет, кiёскi кветак. Маладыя хлопцы i дзяўчаты з каляровымi ручнiкамi пад пахамi.
      Шрэла перайшоў праз вакзальную плошчу, спынiўся на пешаходнай выспачцы i пачаў вывучаць трамвайныя маршруты; адзiнаццаты па-ранейшаму хадзiў у Блесэнфэльд, i цяпер якраз чакаў пад святлафорам памiж гатэлем "Прынц Генрых" i саборам Святога Севярына; вось ён пад'ехаў да прыпынку, спынiўся, усе пасажыры павыходзiлi; Шрэла стаў у чаргу перад кандуктаравым бар'ерам, потым прайшоў на месца, сеў, зняў капялюш, абцёр пот з iлба i брывей, працёр шкельцы акуляраў i, калi трамвай рушыў, дарэмна чакаў з'яўлення нейкiх пачуццяў; нiчога такога; школьнiкам ён чатыры тысячы разоў ездзiў адзiнаццатым трамваем да школы i назад; запэцканыя чарнiлам пальцы, дурнаватая балбатня хлопцаў, што ехалi ў школу на тым самым трамваi; гэтая балбатня заўсёды была яму прыкраю, яны балбаталi пра сячэнне шара, плюсквамперфект, умоўны лад, бараду Фрыдрыха Барбаросы, якая прарасла наскрозь цераз стол; "Падступнасць i каханне", Лiвiй, Авiдзiй у шэра-зялёнай каленкоравай вокладцы: i чым далей трамвай ад'язджаўся ад цэнтра горада, тым цiшэйшаю рабiлася балбатня; ужо ў канцы Старога горада сыходзiлi тыя, хто ўмеў надаваць свайму голасу самы нiзкi тэмбр; яны расцякалiся па шырокiх вулiцах, на якiх стаялi салiдныя дамы; у канцы Новага горада сыходзiлi тыя, хто меў ужо не такi нiзкi тэмбр голасу; яны расцякалiся па вузейшых вулiцах, дзе было менш салiдных дамоў; заставалася толькi двое цi трое тых, хто ехаў да Блесэнфэльда, дзе было найменш салiдных дамоў; размова рабiлася нармальнаю, калi трамвай, пагойдваючыся, ехаў паўз малыя гародчыкi i жвiроўнi, наблiжаўся да Блесэнфэльда.
      - Цi твой бацька таксама бастуе? У Грэсiхмана даюць ужо чатыры з паловай працэнты скiдкi... маргарын стаў таннейшы на пяць пфенiгаў.
      Вось парк, у якiм летняя зелянiна даўно ўжо вытаптаная, дзе пясчаны грунт вакол невялiкай сажалкi ўзараны тысячамi дзiцячых ног, змяшаны з гразёю, смеццем, паперкамi, шклом ад бутэлек; Груфэльштрасэ, дзе сховы гандляроў старызнаю запаўнялiся бляхай, старымi анучамi, макулатурай i разбiтым шклом, дзе стаяў убогi лiманадны кiёск, у якiм паспрабаваў выявiць свае гандлярскiя здольнасцi схуднелы беспрацоўны, а неўзабаве ён раз'еўся, аббiў сваю будынiну нержавейнай сталлю, аздобiў шклом, паставiў блiшчастыя аўтаматы: ён нажэрся пфенiгамi, набыў панскi выгляд, хоць яшчэ два месяцы таму прынiжана скiдаў кошт шклянкi лiманаду на два пфенiгi, спалохана шэпчучы клiенту:
      - Ты ж глядзi, нiкому больш не кажы.
      Пачуццi так i не з'яўлялiся, хоць адзiнаццаты трамвай, пагойдваючыся, праехаў ужо Стары горад, Новы горад, прамiнуў гародчыкi i жвiроўнi; чатыры тысячы разоў ён чуў, як кандуктар выкрыкваў тыя назвы прыпынкаў: "Буасэрэштрасэ", "Паўночны Парк", "Блесэнскi вакзал", "Унутранае Кальцо"; яны гучалi адчужана, гэтыя назвы - нiбы са сноў iншага чалавека, якi беспаспяхова спрабуе пераказаць iх; яны гучалi як крыкi аб дапамозе з густой iмглой, а тым часам амаль пусты трамвай тым сонечным летнiм надвячоркам пад'язджаў да канцавога прыпынку. Там, на рагу Паркавай Лiнii i Ўнутранага Кальца, калiсь стаяла будка, дзе яго мацi спрабавала гандляваць смажанай рыбаю; ёй не пашанцавала, бо мела занадта мяккае сэрца: "Як я магу не даць кавалка рыбы згаладалым дзецям, калi яны так прагна глядзяць, як я яе падсмажваю? Як гэта мажлiва?" А бацька казаў: "Натуральна, ты не можаш не даць, але нам трэба спынiць гандаль: крэдыту больш няма; банкруцтва; гандляры не хочуць падвозiць там тавару". Выкачаныя ў сухарах кавалкi рыбнага фiле смажылiся ў гарачым алеi, а мацi тым часам клала адну, дзве, тры лыжкi бульбянай салаты на кардонную талерачку; сэрца мацi, спачуваючы, цвёрдым не заставалася; слёзы цяклi з яе блакiтных вачэй, суседкi перашэптвалiся: "Яна выплача ўсю сваю душу"; мацi больш нiчога не ела i не пiла; з мажнай, са здаровым колерам твару жанчыны яна ператварылася ў худую бледную кабецiну; нiчога ў ёй не засталося ад прывабнай буфетчыцы вакзальнага буфета; яна адно шаптала: "Госпадзе, Госпадзе", гартала пацёртыя сектанцкiя малiтоўнiкi, якiя абвяшчалi хуткi канец свету; а тым часам на вулiцы пыльны вецер развяваў чырвоныя сцягi, i тут жа неслi выявы Гiндэнбургавай галавы; крыкi, бойкi, стралянiна, фанфары, бiццё барабанаў. Калi мацi памерла, яна выглядала зусiм як слабенькая, бледная i хударлявая дзяўчынка; магiла такая ж, як дзесяткi iншых, на ёй некалькi астраў; тонкi драўляны крыж з надпiсам: "Эдыт Шрэла. 1896-1932"; душа выплаканая, прах перамешаны з зямлёю Паўночных могiлак.
      - Канцавы прыпынак, шаноўны пане, - абвясцiў кандуктар, вылез са сваёй каморы i, прыкурваючы бычок ад цыгарэты, прайшоў у перад вагона. - На жаль, вагон далей не iдзе.
      - Дзякуй.
      Чатыры тысячы разоў ён заходзiў i выходзiў з гэтага трамвая; канцавы прыпынак адзiнаццатага; заржавелыя рэйкi гублялiся сярод ямаў, што засталiся пасля экскаватараў i баракаў, якiя трыццаць год таму павiнны былi служыць будоўлi далейшага адрэзку трамвайнай лiнii; лiманадны кiёск: нержавейная сталь, шкляныя шары, блiшчастыя аўтаматы; акуратна, паводле гатункаў раскладзеныя плiткi шакаладу.
      - Калi ласка, мне - шклянку лiманаду.
      Зялёная вадкасць у бездакорна чыстай шклянцы мела смак марзаны.
      - Калi Вам, шаноўны пане, будзе няцяжка, укiньце рэшткi паперы ў сметнiцу. Смачна?
      - Дзякуй.
      Курыная ножка была яшчэ цёплая, як i мяккае мяса з-пад шыi, засмажаныя з корачкай у самым лепшым тлушчы, цэлафанавы пакуначак, зашпiлены спецыяльнаю шпiлькаю ад набору для пiкнiкоў.
      - Пахне знакамiта. Яшчэ шклянку лiманаду?
      - Дзякуй, не трэба. Дайце, калi ласка, шэсць цыгарэт.
      У растаўсцелай гаспадынi кiёска яшчэ можна было распазнаць прыгожую зграбную дзяўчыну, якой яна некалi была: блакiтныя дзiцячыя вочы, якiя пад час першай канфiрмацыi давалi нагоду летуценнаму каплану ўжываць эпiтэты накшталт "анёлападобная", "нявiнная", цяпер зрабiлiся застылымi, жарсткаватымi вачыма гандляркi.
      - За ўсё разам дзевяноста пфенiгаў, калi ласка.
      - Дзякуй.
      Адзiнаццаты трамвай, на якiм прыехаў Шрэла, якраз зазванiў да адыходу; ён занадта доўга раздумваў i цяпер мусiў на дванаццаць хвiлiн затрымацца ў Блесэнфэльдзе; ён курыў цыгарэту i, павольна дапiваючы рэшту лiманаду, спрабаваў пад каменна-ружовым тварам адшукаць iмя дзяўчыны, якой гаспадыня кiёска была даўней; распусцiўшы свае бялявыя валасы, яна гойсала па парку, крычала, спявала i, калi яе анёлападобнасць ужо знiкла, вабiла хлопцаў у цёмныя пад'езды; змушала iх ахрыплыя ад хвалявання горлы вымаўляць любоўныя клятвы; а яе брат, гэткi самы бялявы i гэтаксама, як яна, анёлападобны, марна заклiкаў хлопцаў з вулiцы да вялiкiх учынкаў; вучань сталяра, бягун на стометроўцы, за глупства пакараны смерцю на досвiтку.
      - Калi ласка, - сказаў Шрэла, - дайце ўсё ж яшчэ адну лiманаду.
      Ён паглядзеў на бездакорны прабор у валасах маладой дзяўчыны, што якраз нахiлiлася наперад, падстаўляючы шклянку пад сiфон; яе брат быў Фэрдзi, анёлападобны, а яе iмя ахрыплыя хлопцы-падлеткi перадавалi адно аднаму, як чароўнае слова, якое адкрывала дарогу ў рай; яна ратавала ад патаемных пакут, Эрыка Прогульске, i за гэта нiчога не брала, бо ёй гэта было даспадобы.
      - Мы ведаем адно аднаго?
      З усмешкай яна паставiла шклянку з лiманадам на прылавак.
      - Hе, - адказаў ён, усмiхаючыся, - здаецца, не.
      Толькi не трэба дазволiць, каб адталi ўспамiны, каб iльдзяныя кветкi не ператварылiся ў лянiвую брудную ваду; толькi не трэба аднаўляць даўнiх клятваў, чакаць вяртання суровых дзiцячых пачуццяў з размяклых душ дарослых людзей, каб не даведацца, што цяпер яна за гэта штосьцi бярэ; асцярожна, галоўнае не ўсчынаць размоваў.
      - Трыццаць пфенiгаў. Дзякуй.
      Сястра Фэрдзi Прогульске паглядзела на яго з дасведчанай прыязнасцю. I мяне таксама ты вызвалiла ад пакут i за гэта нiчога не ўзяла - нават плiтку шакаладу, што размякла ў маёй кiшэнi; то ж не была плата, а падарунак; але ты яго не ўзяла; я быў уратаваны спачуваннем твайго рота i тваiх рук; спадзяюся, ты не расказала пра гэта Фэрдзi; спачуванне iдзе заўсёды разам з таемнасцю; таямнiцы, ператвораныя ў словы, могуць несцi з сабою смерць; маю надзею, што ён не ведаў пра гэта, калi тым лiпеньскiм ранкам апошнi раз бачыў неба; я быў адзiн хлопец на Груфэльштрасэ, якога ён знайшоў здольным рабiць высакародныя ўчынкi; Эдыт тады яшчэ не лiчылася: ёй было ўсяго дванаццаць, i немагчыма было расшыфраваць мудрасць яе сэрца.
      - Мы i праўда незнаёмыя?
      - Hе, гэта дакладна.
      Сёння б ты прыняла ад мяне падарунак, тваё сэрца зрабiлася цвёрдым ды ўжо не спачувае iншым; праз якiя пару тыдняў тады ты ўжо страцiла нявiннасць дзiцячага граху, вырашыўшы, што будзе лепш забыцца на спачуванне; i табе было ўжо дакладна вядома, што ты нiколi не зробiшся плаклiвай бялявай цюхаю i не выплачаш дарэшты сваёй душы, - не, мы не ведаем адно аднаго, напраўду не ведаем; не будзем даваць раставаць iльдзяным кветкам. Дзякуй, да пабачэння.
      На другiм баку вулiцы ўсё яшчэ тая самая карчма "Блесэнскi куток", дзе бацька працаваў кельнерам; пiва, гарэлка, катлеты; пiва, гарэлка, тэфтэлi усё падавалася з адным i тым жа выразам твару, у якiм непаўторна спалучалiся лагоднасць i зацятая жорсткасць; твар летуценнiка, якому было ўсё адно, цi падаё ён у "Блэсенскiм кутку" пiва, гарэлку i тэфтэлi, цi ў "Прынцу Генрыху" амараў i шампанскае, цi нявыспаным прастытуткам у Верхнiм Порце - сняданак: пiва, катлеты, шакалад i "чэры-брэндзi": лiпкiя сляды гэтых сняданкаў бацька прыносiў дамоў на сваiх манжэтах, прыносiў таксама нядрэнна "на чай", апроч таго - шакалад, цыгарэты; але ён не прыносiў з сабою таго, што прыносiлi iншыя бацькi - вясёласць гадзiн пасля працы, якая гэтак лёгка вылiвалася ў крыкi i сваркi, у любоўныя клятвы i слёзы замiрэння; заўсёды адна i тая ж зацятая лагоднасць у выразе твару; заблуканы анёл, якi схаваў Фэрдзi пад пiўной стойкаю; палiцэйскiя выцягвалi хлопца з-пад трубаў, па якiх падавалася пiва, а Фэрдзi ўсё ўсмiхаўся, нават ведаючы, што яго чакае смерць; тады, як звычайна, з бацькавых манжэтаў яшчэ змылi лiпкiя плямы, накрухмалiлi яго кельнерскую кашулю, каб яна зрабiлася мулкай i асляпляльна белай; яны забралi яго толькi назаўтра ад ранiцы, калi ён выходзiў на працу, трымаючы пад пахаю загорнутыя ў паперу хлеб з маслам i чорныя лакiраваныя чаравiкi; яго пасадзiлi ў машыну, i ён назаўсёды знiк; анi белага крыжа, анi астраў па кельнеры Альфрэдзе Шрэле. Яго нават не забiлi пры спробе ўцячы ён проста назаўсёды знiк.
      Эдыт перамешвала крухмаль, начышчала да бляску запасныя бацькавы чаравiкi, мыла белыя гальштукi, а я тым часам вучыўся - вучыўся, нiбы гуляў: Авiдзiй i сячэнне шару, справы i намеры Генрыха Першага i Генрыха Другога, справы i намеры Тацыта, Вiльгельма Першага i Вiльгельма Другога. Генрых фон Кляйст i стэрэаметрыя; здольны, здольны, надзвычай здольны; дзiця з простай сям'i, я мусiў пераадольваць тысячы перашкод, каб змагчы навучыцца таму самаму, што i iншыя; апроч таго, я пакляўся аддаць сябе здзяйсненню высакародных учынкаў i меў нават сваё асабiстае ўпадабанне - Гёльдэрлiна.
      Яшчэ сем хвiлiн да адыходу наступнага трамвая. Груфэльштрасэ, дом семнаццаць; свежаатынкаваны дом, перад iм на стаянцы - аўтамабiль зялёнага колеру, ровар чырвонага колеру; два брудныя самакаты. Васемнаццаць тысяч разоў ён нацiскаў на гэты званок, на гэты жаўтлявы масянжовы гузiк; вялiкi палец да гэтае пары памятае яго; там, дзе раней была шыльдачка "Шрэла", цяпер напiсана "Трэсэль", а замест шыльдачкi "Шмiц" цяпер таксама iншая-"Гуман": новыя iмёны, толькi адно засталося ранейшае: Фруль; у яго можна было пазычыць кубак цукру, кубак воцату, кiлiшак алею... колькi было тых кубкаў, тых кiлiшкаў i пад якi працэнт? Фраў Фруль заўсёды напаўняла кубкi i кiлiшкi толькi да паловы, а пасля праводзiла рыску на дзвярным касяку, дзе было напiсана "М.", "Ц.", "В." i "А."; яна сцiрала рыску вялiкiм пальцам толькi тады, калi ёй вярталi поўны кубак альбо поўны кiлiшак; яна шаптала ў сенцах, у крамах i, сустрэўшыся з суседкамi, пад час размоваў пры яечным лiкёры i бульбянай салаце на папулярна-гiнекалагiчныя тэмы: "Божухна, да чаго ж яны дурныя!"; фраў Фруль ужо даўно прыняла бычынае прычасце, прымусiла сваiх мужа i дачку таксама прыняць яго; яна спявала ў калiдоры: "Дрыжаць спарахнелыя косцi". Нiчога, нiякiх пачуццяў, толькi скура на вялiкiм пальцы - калi ён дакранаўся да жаўтлявага гузiка - адчула нешта накшталт узрушэння.
      - Цi Вы каго шукаеце?
      - Шукаю, - адказаў ён, - Шрэлы... цi яны тут не жывуць?
      - Hе, - сказала дзяўчынка, - мне б гэта было напэўна вядома, калi б яны тут жылi.
      Яна была ружовашчокая, прывабная; трымаючыся рукой за сцяну, яна балансавала на самакаце, якi ўсё нахiляўся то на адзiн бок, то на другi.
      - Hе, яны нiколi тут не жылi.
      Дзяўчынка рэзка сарвалася з месца, праiмчалася на самакаце па тратуары, цераз рыншток i закрычала:
      - Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?
      Ён задрыжаў усiм целам; хто-небудзь мог сказаць: "ведаю", i ён бы мусiў падысцi, павiтацца, пачаць успамiнаць мiнулае: "Ага, Фэрдзi, яны... i твайго бацьку яны таксама!.. а Эдыт добра выйшла замуж..."; але ружовашчокая дзяўчынка дарэмна гойсала ад адной групкi людзей да другой, робячы смелыя павароты i выкрыкваючы: "Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?"
      Расчырванелая, яна зноў пад'ехала да яго, зрабiла элегантны паварот, перш чым спынiлася перад iм.
      - Hе, шаноўны пан, iх нiхто тут не ведае.
      - Дзякуй, - адказаў ён усмiхаючыся, - даць табе дзесячок?
      - Ага, - i з тварам, асветленым радасцю, дзяўчынка з шумам паiмчала да лiманаднага кiёска.
      - Я саграшыў, цяжка саграшыў, - мармытаў з усмешкаю Шрэла, вяртаючыся да трамвайнага прыпынку, - я запiў танным марзанавым лiманадам з Груфэльштрасэ курыцу з гатэля "Прынц Генрых"; я пакiнуў успамiны некранутымi, не дазволiў растаць iльдзяным кветкам; у вачах Эрыкi Прогульске я не схацеў убачыць iскрынак; не даў ёй пазнаць мяне, не схацеў пачуць з яе вуснаў iмя Фэрдзi; толькi скура на маiм пальцы захавала ўспамiны, пазнала гузiк званка з жаўтлявага мосенжу.
      Ён iшоў, нiбы цераз шэрагi салдат са шпiцрутэнамi: яго з абодвух бакоў працiналi позiркi параў вачэй, што сачылi за iм з тратуараў, з вокнаў i пад'ездаў пад летнiм сонцам, атрымлiваючы асалоду ад суботняга вечара; няўжо сярод iх не было нiкога, хто б мог пазнаць яго акуляры, яго хаду, характэрнае прыжмурванне вачэй, няўжо нiхто не пазнае пад замежным палiтом мiшэнь бясконцых кпiнаў - аматара паэзii Гёльдэрлiна, за якiм услед ляцела насмешлiвая песенька: "Шрэла, Шрэла, Шрэла вершыкi чытае..."?

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19