Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Бёлль Генрих
Жанр:

 

 


Нават забiць мог бы. Я заўсёды яго трохi баяўся. I Вы таксама? Ах, дзiцятка, але ж ён Вам нiчога дрэннага не зробiць, будзьце разумныя. Хадзем, з'ямо чаго-небудзь разам, адсвяткуем гэткiм чынам Вашу новую пасаду i мой дзень нараджэння. Hе рабiце толькi нiякiх глупстваў. Калi ён ужо лаяўся па тэлефоне, дык нiчога больш не будзе. Шкада, што Вы не запомнiлi прозвiшча. Я i не ведаў, што Роберт падтрымлiвае зносiны з былымi школьнымi таварышамi. Ну, хадзем. Сёння субота, ён не будзе наракаць, калi Вы крыху раней скончыце работу. Адказнасць бяру на сябе.
      Гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына акурат адбiваў дванаццатую. Леанора хуценька пералiчыла канверты, дваццаць тры, склала iх у стос, узяла ў руку. Няўжо стары пан Фэмель прабыў тут усяго паўгадзiны? Якраз бомкнуў дзесяты з дванаццацi ўдараў.
      - Hе, дзякуй, - сказала яна. - Плашч не буду браць, i, калi ласка, толькi не ў "Пад iльвом".
      Усяго толькi паўгадзiны; друкарскiя машыны больш не грукаталi, але з дзiка ўсё яшчэ цякла кроў.
      2
      Для парцье гэта зрабiлася ўжо цырыманiялам, амаль што лiтургiяй, увайшло ў яго плоць i кроў. Кожны дзень дакладна а палове дзесятай зняць з цвiка ключ, адчуць лёгкi поцiск дагледжанай сухаватай далонi, што прымала гэты ключ, убачыць строгi бледны твар з чырвоным шнарам каля пераносся; потым задуменна, з лёгкаю ўсмешкай, якую здолела б заўважыць хiба толькi яго жонка, зiрнуць наўздагон Фэмелю, якi, не зважаючы на запрашальны жэст лiфцёра, падымаўся па лесвiцы да бiльярдавага пакоя, лёгка пастукваючы ключамi па масянжовых парэнчах: пяць, шэсць, сем разоў чуўся гэты гук - нiбы гук ксiлафона з адным-адзiным тонам; а праз паўхвiлiны прыходзiў Гуга, старэйшы з двух гатэльных служак - i пытаўся: "Як заўсёды?", i парцье пацвярджальна кiваў галавою, ведаючы, што Гуга пойдзе зараз у рэстаран па двайны каньяк, графiн вады, а пасля, да адзiнаццацi, будзе, не выходзячы, наверсе ў бiльярдавым пакоi.
      Парцье iнстынктыўна адчуваў нешта нядобрае ў гэтай звычцы - шторанiцы памiж паловай дзесятай i адзiнаццаццю гуляць у бiльярд у кампанii аднаго i таго гатэльнага служкi. Нядобрае альбо заганнае, супраць заганнага быў адзiн сродак: таемнасць; у яе была свая вартасць, свая крывая, таемнасць i грошы залежалi адно ад аднаго - як абсцыса i ардыната: хто браў у гэтым гатэлi пакой, той купляў сабе таемнае сумленне; вочы, якiя бачылi i адначасна не бачылi, вушы, якiя чулi i адначасна не чулi; але ад нядобрага абаранiцца не было як: не мог жа парцье не пускаць у дзверы кожнага патэнцыяльнага самагубцу, бо патэнцыяльнымi самагубцамi былi яны ўсе; з'яўляўся, напрыклад, мужчына, загарэлы, з тварам кiназоркi i сямю валiзамi, браў з усмешкай картку госця, i толькi гатэльны служка паспяваў перанесцi чамаданы ў пакой i выйсцi з яго, як мужчына выцягваў з кiшэнi плашча зараджаны i ўжо з апушчаным засцерагальнiкам рэвальвер i пускаў сабе кулю ў лоб; альбо з'яўлялася, нiбы з таго свету, iстота з залатымi зубамi, залатымi валасамi, у залатых чаравiках, ашчэрваючы зубы, нiбы чэрап: здань, якая дарэмна ўдае за раскошаю; яна замаўляла сабе ў пакой снеданне на палову адзiнаццатай, прычапляла звонку на дзверы шыльдачку: "Прашу не турбаваць", забарыкадоўвала дзверы знутры валiзамi i глытала капсулу з атрутай; задоўга перад тым, як у напалоханай да смерцi пакаёўкi падаў на падлогу паднос са снеданнем, па гатэлi ўжо кружлялi чуткi: "У дванаццатым пакоi ляжыць мярцвяк"; кружлялi яшчэ ўночы, калi апошнiя наведнiкi бара навобмацак прабiралiся да сваiх пакояў, а цiшыня за дзвярыма пакоя нумар 12 здавалася iм вусцiшнаю; былi такiя, што ўмелi адрознiць маўчанне сну ад маўчання смерцi. Нядобрае парцье адчуваў яго, калi Гуга ў 10.31 падымаўся па лесвiцы з вялiкiм кiлiшкам каньяку ў бiльярдавы пакой.
      Якраз у гэтыя хвiлiны парцье вельмi датклiва адчуваў адсутнасць гатэльнага служкi: на адмiнiстратарскiм прылаўку перапляталiся рукi - рукi, што чакалi рахунку, рукi, што бралi праспекты, - i ён увесь час якраз у гэтую хвiлiну - пару хвiлiн пасля паловы дзесятай - заўважаў, што робiцца няветлiвы: вось якраз да гэтай настаўнiцы, восьмай цi дзевятай, калi палiчыць, якая пыталася ў яго, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак; яе ружовы колер твару сведчыў пра тое, што яна паходзiць з вёскi, а рукавiчкi i плашч - не пра той узровень даходаў, якi належала чакаць ад гасцей гатэля "Прынц Генрых", i парцье пытаўся ў сябе, якiм гэта чынам яна магла трапiць у кампанiю экзальтаваных асоб, нiводная з якiх не лiчыла патрэбным пытацца пра кошт нумароў; а можа, тая, што цяпер збянтэжана скубе свае рукавiчкi, здзейснiць зараз "нямецкi цуд", за якi Ёхэн вызначыў узнагароду: "Дам дзесяць марак таму, хто пакажа мне немца, якi б спытаўся пра кошт хоць чаго-кольвечы". Hе, i яна не здабудзе для яго Ёхэнавай прэмii, парцье прымусiў сябе паспакайнець i ветлiва растлумачыў ёй, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак.
      Большасць гасцей патрабавала якраз таго гатэльнага служку, якi цяпер на паўтары гадзiны знiкаў у бiльярдавым пакоi; усiм хацелася, каб менавiта ён занёс iхнiя валiзы ў вестыбюль, да аўтобуса авiякампанii, да таксi, адправiў на вакзал; незадаволеныя турысты-валацугi, што, чакаючы сваiх рахункаў, размаўлялi ў вестыбюлi пра час прылёту i адлёту самалётаў, жадаючы менавiта ад Гугi лёду ў свае вiскi, агню, каб прыпалiць цыгарэту, наўмысна трымалi гэтыя цыгарэты ў роце незапаленымi, каб выпрабаваць Гугаву вымуштраванасць; толькi яму яны хацелi дзякаваць нядбалым жэстам далонi, толькi ў прысутнасцi Гугi iхнiя твары скурчвалiся ў таямнiчыя грымасы; нецярплiвасць была напiсана на тварах, уладальнiкi якiх не маглi дачакацца, каб як найхутчэй завезцi свой дрэнны настрой у найдалейшыя куткi свету; яны былi гатовыя да старту, каб у люстрах баварскiх альбо персiдскiх гатэляў вызначыць, наколькi задубiлася iх скура. Кабеты пранiзлiва крычалi, успомнiўшы пра нешта забытае альбо незнарок пакiнутае: "Гуга! Мой пярсцёнак...", "Гуга! Мае пальчаткi...", "Гуга! Мая памада..."; i ўсе яны чакалi, што Гуга зараз маланкаю кiнецца да лiфта, без анiякага шуму ўзляцiць наверх i ў пакоi 9, у пакоi 32, у пакоi 46 будзе шукаць пярсцёнак, касметычку альбо памаду; а тая старая бабiзна прыцягнула свайго дварняка, якi ўжо выхлябтаў малако, зжэр мёд, грэбуючы смажанымi яйкамi, i вось цяпер яго трэба было абавязкова весцi на вулiцу, каб ён мог справiць сваю натуральную сабачую патрэбу i аднавiць свой ужо зусiм слабы нюх пад сценамi вулiчных кiёскаў, каля стаянак аўтамашын, трамвайных прыпынкаў; вiдавочна было, што толькi Гуга мог дагадзiць стану сабачае душы; а тут зноў тая старая бабуля Блезiк, якая штогод прыязджае, каб пагасцяваць якi месяц у дзяцей i наведаць унукаў, колькасць якiх няспынна большае; вось яна, ледзь пераступiўшы парог гатэля, пыталася ўжо пра Гугу: "Цi ж ён яшчэ ў вас, той хлапчына з тварам псаломшчыка, той хударлявы, бледны, рудавалосы, з такiм сур'ёзным паглядам?" Гуга павiнен быў пад час яе снедання, калi яна ела мёд, пiла малако i не грэбавала смажанымi яйкамi, чытаць ёй уголас мясцовую газету: старая з захапленнем падымала вочы, калi пападалiся назвы вулiц, вядомыя ёй з маленства: няшчасны выпадак на Эрэнфельдскiм Кальцы; напад з рабункам на Фрызенштрасэ. "У мяне былi гэткiя доўгiя косы, калi я гойсала там на ролiкавых каньках - гэткiя доўгiя, мой даражэнькi..." Бабуля была вельмi далiкатная i ўпартая - хто ведае, можа, яна дзеля Гугi ляцела сюды праз вялiкi акiян?
      - Дык што? - спыталася яна з расчараваннем. - Гуга вызвалiцца толькi пасля адзiнаццацi?
      Падняўшы рукi, просячы гасцей да выхаду, у дзвярах-круцёлцы стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii, а ў касе яшчэ падлiчвалiся рахункi за надта ж складаныя сняданкi: там сядзеў, напрыклад, нейкi тып, што замаўляў сабе палову смажанага яйка i вельмi абураўся, атрымаўшы да аплаты рахунак, у якiм налiчана было за цэлае; ён з яшчэ большым абурэннем зрэагаваў на прапанову метрдатэля адлiчыць ад усяе сумы кошт паловы яйка, дамагаючыся таго, каб яму ў рахунку быў указаны кошт менавiта паловы яйка. "Прынцыпова настойваю!" казаў ён. Вiдаць, гэты госць рабiў сваё падарожжа вакол свету толькi дзеля таго, каб калекцыянiраваць рахункi, у якiх зазначана плата за палову смажанага яйка.
      - Калi ласка, - сказаў парцье. - Першая вулiца налева, потым другая направа, трэцяя - зноў налева, а пасля, шаноўная панi, вы ўбачыце шыльду: "Да рымскiх дзiцячых магiлак".
      Нарэшце шафёр аўтобуса авiякампанii здолеў сабраць усiх сваiх пасажыраў, нарэшце ўсе настаўнiцы ведалi, кудою iм iсцi, а ўсе тлустыя дварнякi былi выведзеныя на вулiцу, туды, дзе яны маглi справiць сваю патрэбу. Але госць у пакоi нумар адзiнаццаць усё яшчэ спаў, ужо шаснаццаць гадзiн, павесiўшы звонку на дзвярах шыльду "Прашу не турбаваць". Няшчасце цi то ў адзiнаццатым, цi то ў бiльярдавым пакоi; звыклы цырыманiял сярод iдыёцкага вэрхалу, выклiканага ад'ездам гасцей; зняць ключ з дошкi, адчуць дотык далонi, зiрнуць у бледны твар, на чырвоны шнар над пераноссем, пачуць Гугава: "Як заўсёды?", убачыць кiвок галавы: бiльярд ад паловы дзесятай да адзiнаццацi. Але гатэльная ўнутраная iнфармацыйная служба не магла яшчэ нiчога паведамiць пра магчымае няшчасце альбо нейкi грэх: гэты чалавек напраўду ад паловы дзесятай да адзiнаццацi гуляў у бiльярд, сам з сабою, пiў каньяк, ваду, казаў Гугу распавядаць пра сваё дзяцiнства, не злаваў нават, калi пакаёўкi цi прыбiральшчыцы, iдучы з бялiзнаю да лiфта, спынялiся каля адчыненых дзвярэй, заглядвалi ў пакой; заўсёднiк гатэля тады адрываў позiрк ад бiльярдавых шароў i ўсмешлiва паглядаў на iх. Hе, не, ён зусiм бясшкодны.
      Ёхэн, накульгваючы, выйшаў з лiфта, у руцэ ў яго быў лiст, якi ён падняў угару, трасучы галавой. Той самы Ёхэн, якi жыў пад самай галубятняю, побач са сваiмi крылатымi дружбакамi, якiя прыносiлi яму пасланнi з Парыжа i Рыма, Варшавы i Капенгагена; Ёхэн хадзiў у неверагодным мундзiры, што паказваў ранг прыблiзна памiж кронпрынцам i унтэр-афiцэрам, i гэты мундзiр немагчыма было скласiфiкаваць; ён быў трохi нечай правай рукою, трохi шэрым кардыналам; яму ўсе давяралi, ён разбiраўся ва ўсiм, не парцье i не кельнер, не кiраўнiк i не служка, i ўсё-ткi - i гэта перш за ўсё - нават гатаваць ён умеў не абы-як; менавiта ён быў аўтарам сентэнцыi, якую вымаўляў заўсёды, калi ўзнiкалi якiя-кольвечы сумненнi маральнага кшталту: "Навошта нам была б тая славутая гарантаванасць таямнiц, калi б мараль была зусiм непарушная якая карысць ад тых гарантый тайны, калi няма больш нiчога, што павiнна захоўвацца ў тайне?"; у iм было штосьцi ад спавядальнiка, штосьцi ад асабiстага сакратара i штосьцi ад звадыяша; Ёхэн, зласлiва ўсмiхаючыся, пальцамi, пакручанымi рэўматызмам, разрывае канверт.
      - Ты мог бы зберагчы тыя дзесяць марак; я б расказаў табе ў тысячу разоў болей - i задарма, - чым гэты плюгавы балбатун, Iнфармацыйнае бюро "Аргус". "Гэтым падаём жаданую Вам iнфармацыю, што датычыць пана архiтэктара, д-ра Роберта Фэмеля, якi жыве па Модэстгасэ, 7. Д-р Фэмель мае 42 гады, удавец, двое дзяцей. Сын: 22 гады, архiтэктар, жыве ў iншай мясцовасцi. Дачка: 19 год, навучэнка. Маёмасць д-ра Ф. значная. З боку мацi мае роднаснае дачыненне да Кiльбаў. Нiякiх адмоўных звестак наконт д-ра Фэмеля не знойдзена".
      Ёхэн iранiчна ўсмiхнуўся:
      - Нiякiх адмоўных звестак. Як быццам можна знайсцi нешта адмоўнае пра маладога Фэмеля, ды нiколi пра яго не будзе нiякiх адмоўных звестак. Гэткiх людзей няшмат, i ён адзiн з тых, за каго я гатовы ў любую хвiлiну пакласцi ў агонь, чуеш, во гэтую старую, прадажную, пакручаную раматусам руку. З iм ты можаш спакойна пакiдаць хлопца сам-насам, ён не такi - а нават калi б ён быў такi, я не бачыў бы прычын не дазваляць яму рэчаў, якiя дазваляюць педэрастам-мiнiстрам; але ж ён не такi: калi яму было дваццаць, ён ужо меў дзiця з дачкою нашага калегi, магчыма, ты прыгадваеш - таго Шрэлы, якi колiсь адзiн год тут працаваў. Hе ўспомнiў? Пэўна, цябе тут яшчэ не было. Хачу сказаць табе толькi адно: дай маладому Фэмелю спакойна гуляць у бiльярд. Гэта прыстойная сям'я. Сапраўды. Добрага роду. Я ведаў яшчэ яго бабулю, дзядулю, ягоных мацi i дзядзькоў: яны яшчэ гадоў пяцьдзесят таму гулялi тут у бiльярд. Кiльбы - ты, мусiць, гэтага не ведаеш - жывуць ужо трыста год на Модэстгасэ... жылi, бо цяпер нiводнага з iх не засталося. Мацi звар'яцела, страцiўшы двух братоў на вайне, i ў яе памёрла трое дзяцей. Яна не змагла стрываць усяго гэтага. А была цудоўная жанчына. Ведаеш, адна з цiхiх кабет. Яна не з'ела нi на грам больш за тое, што было вызначана ў прадуктовых картках, i дзецям больш не давала. З'ехала з глузду. Яна раздавала налева i направа ўсё, што ёй прыносiлi i прывозiлi, а гэтага было нямала: у iх былi сельскiя маёнткi, i абат са Святога Антонiя, што ў далiне Кiса, дасылаў ёй цэлыя бочкi з маслам, слоiкi з мёдам; але яна нiчога таго не ела i не давала нiчога таго сваiм дзецям: яны мусiлi есцi хлеб з пiлавiннем i з падфарбаваным мармеладам, у той час як мацi раздавала ўсё налева i направа - нават залатыя манеты; я сам бачыў, як яна - гэта было ў шаснаццатым цi семнаццатым годзе - выходзiла з дому з булкамi i слоiкам мёду ў руках. Мёд у 1917 годзе! Ты можаш сабе гэта ўявiць? Э-э, ды ў вас кароткая памяць, вы не можаце сабе ўявiць, што гэта значыла: мёд у тысяча дзевяцьсот семнаццатым i мёд зiмою сорак першага - сорак другога; альбо як яна пабегла на таварную станцыю i пачала там патрабаваць, каб яе вывезлi разам з жыдамi. Вар'ятка... Яны засадзiлi яе ў псiхлякарню, ды я не веру, што яна звар'яцела. Гэта жанчына, якiх можна цяпер убачыць хiба што на святых абразах у музеях. За яе сына хай мяне парвуць на кавалкi, i, калi яго тут не будуць абслугоўваць належным чынам, я тут учыню такое, чаго свет не бачыў; i няхай нават дзевяноста пяць старых баб будуць пытацца пра Гугу, а ён будзе патрэбны Фэмелю, дык ён застанецца ў Фэмеля. Iнфармацыйнае бюро "Аргус". Плацiць дзесяць марак гэтым iдыётам! Можа, яшчэ скажаш, што ты не ведаеш ягонага бацьку, старога Фэмеля, а? Вiншую, ты ўсё-ткi ведаеш яго, i табе нiколi не прыходзiла ў галаву, што ён - бацька таго, хто гуляе там наверсе ў бiльярд? Ага, старога Фэмеля ведае, мусiць, кожнае дзiця. Ён прыехаў сюды пяцьдзесят год таму ў перанiцаваным дзядзькавым гарнiтуры, маючы ў кiшэнi пару залатых манет - i гуляў тут у гэтым гатэлi ў бiльярд: ты яшчэ тады не ведаў, што такое гатэль. Во гэткiя вы, парцье! Пакiнь яго ў спакоi. Ён не зробiць нiякага глупства, не прычынiць шкоды, самае горшае, што ён можа ўчынiць, дык гэта таксама памалу з'ехаць з глузду. Ён лепш за ўсiх гуляў у лапту, лепш за ўсiх бегаў на сто метраў за ўсю гiсторыю нашага горада - быў цягавiты, а калi было трэба, i цвёрды як сталь; ён не мог трываць несправядлiвасцi; а таго, хто не трывае несправядлiвасцi, вельмi хутка зацягвае палiтыка; яго палiтыка зацягнула, калi яму было дзевятнаццаць; яму б адсеклi галаву цi кiнулi за краты гадоў на дваццаць, каб ён не выслiзнуў у iх з рук. Так, так, не глядзi гэтак на мяне: ён уцёк i тры цi чатыры гады быў за мяжой - не ведаю дакладна, як i што там было; нiколi не ведаў; мне вядома толькi, што ў гэтую справу ўблыталiся стары Шрэла i яго дачка, з якой пасля ён нажыў дзiця; ён вярнуўся дамоў, i нiхто нiчога яму не зрабiў; потым ён служыў у войску, у сапёраў; у мяне яшчэ стаiць перад вачыма, як ён прыехаў у адпачынак у мундзiры з чорнымi нашыўкамi. Hе вылупвай на мяне вочы, як дурань... Цi ён быў камунiстам? Hе ведаю - але нават калi i быў, дык што з таго? Кожны прыстойны чалавек калi-небудзь быў з камунiстамi. Ну, iдзi ўжо снедаць, я разбяруся тут з гэтымi бабулямi.
      Нядобрае альбо заганнае - штосьцi лунала ў паветры, але Ёхэн быў занадта дабрадушны; нiколi не прадчуваў самагубства i нiколi не верыў, калi занепакоеным гасцям здавалася, што за зачыненымi дзвярыма яны могуць адрознiць маўчанне смерцi ад маўчання сну; ён удаваў з сябе падкупнага i хiтрага чалавека, але ўсё-такi верыў у людзей.
      - А, хай будзе як будзе, - сказаў парцье. - Я iду снедаць. Толькi нiкога не прапускай да яго, яму гэта вельмi важна. Вось.
      Ён паклаў Ёхэну на прылавак чырвоную картку: "Я ёсць толькi для маiх мацi, бацькi, дачкi, сына i пана Шрэлы больш нi для кога".
      "Шрэла? - падумаў спалохана Ёхэн. - Хiба ён яшчэ жывы? Яны ж яго забiлi тады... а можа, у яго быў сын?"
      Гэты водар перабiваў пахi ўсiх гатункаў тытуню, што курылi ў вестыбюлi гатэля апошнiя два тыднi; гэты водар iшоў наперадзе, як штандар: вось iду я, значны чалавек, пераможца, перад позiркам якога не вытрывае нiхто; метр восемдзесят дзевяць ростам, русыя валасы, год пад сорак пяць, гарнiтур з матэрыялу, якi носяць мiнiстры; гэтак не апраналiся бiзнесмены, прамыслоўцы, артысты; гэта была ўрадавая элегантнасць - Ёхэн адчуваў гэта нюхам: той пан выглядаў на мiнiстра, пасла - кагосьцi, чый подпiс меў амаль заканадаўчую моц; гэты чалавек праходзiў, не затрымлiваючыся, праз абабiтыя скурай, сталёвыя, нiкеляваныя дзверы прыёмных, рассоўваў плячыма, нiбы агромнiстымi снегарыйнымi плугамi, усе перашкоды, выпраменьваў вытанчаную ветлiвасць, якая, тым не менш, як было вiдаць, не жыла ў iм ад нараджэння; ён саступiў дарогу старой, якая забiрала свайго брыдкага дварняка з рук Эрыха, другога гатэльнага служкi, i нават дапамог гэтай скелетападобнай iстоце падысцi да лесвiцы i ўзяцца за парэнчы. "...Няма за што дзякаваць, шаноўная панi".
      - Нэтлiнгер.
      - Чым магу быць карысны, пан доктар?
      - Я павiнен сустрэцца з панам доктарам Фэмелем. Неадкладна. Зараз жа. Па службовай справе.
      Ёхэн патрос галавою, ветлiва адмаўляючы госцю, круцячы ў руках чырвоную картку. Мацi, бацька, сын, дачка, Шрэла... Нэтлiнгер не згадваўся.
      - Але ж я ведаю, што ён тут.
      Нэтлiнгер? Я, мусiць, ужо чуў гэтае прозвiшча? У яго твар, якi павiнен мне нагадваць пра штосьцi, чаго б я не хацеў забыць. Я чуў гэтае прозвiшча, шмат гадоў таму, i я сказаў тады сам сабе: гэтага фацэта ты павiнен запомнiць, не забудзься пра яго; але цяпер я ўжо не магу згадаць, што я павiнен быў запомнiць наконт яго. Ва ўсякiм разе, аднак: увага! Ты б самлеў, каб ведаў, чаго гэты пан паспеў ужо нарабiць; цябе да скону твайго б ванiтавала, калi б ты мусiў глядзець фiльм, якi яму пакажуць у Судны Дзень фiльм яго жыцця; гэта адзiн з тых, што загадвалi выцягваць залатыя зубы ў нябожчыкаў i абразаць дзецям валасы. Нядобрае цi заганнае? Hе, тут пахне забойствам.
      I гэткiя людзi нiколi не ведалi i не ведаюць, калi трэба даць на чай; а толькi па гэтым можна пазнаць сапраўдны клас: цяпер, напрыклад, быў, можа, адпаведны момант, каб пачаставаць цыгарай, але не даваць "на чай", i ўжо ў нiякiм разе не так шмат "на чай": зялёная дваццацiмаркавая купюра, якую гэты пан, усмiхаючыся, паклаў на прылавак. Якiя ж яны дурнi, гэтыя людзi! Hе ведаюць нават самых прымiтыўных законаў абыходжання з людзьмi, найпрасцейшых правiлаў абыходжання з парцье; нiбыта ў гатэлi "Прынц Генрых" увогуле можна было прадаваць таямнiцы; быццам бы госця, якi плацiць за нумар сорак або шэсцьдзесят марак, магчыма было прадаць за зялёную "дваццатку", за "дваццатку" ад незнаёмага чалавека, адзiнае пасведчанне асобы якога - гэта яго цыгары i матэрыял ягонага гарнiтура. I вось такiя робяцца мiнiстрамi, дыпламатамi, хоць не маюць нават элементарнага ўяўлення пра найскладанейшае з усiх умельстваў - умельства падкупляць! Ёхэн змрочна страсянуў галавою i не дакрануўся да зялёнай купюры. "Правая рука iх поўная дарункаў..."
      Неверагодна, але каля зялёнае купюры адразу ж з'явiлася блакiтная; сума пабольшала да трыццацi марак, а проста ў твар Ёхэну патыхнула моцным водарам ад хмары цыгар "Партагас-Эмiнэнтэс ".
      Пыхай сабе колькi хочаш, дзьмухай мне ў твар дымам сваiх цыгараў па чатыры маркi штука i пакладзi яшчэ фiялетавую банкноту. Ёхэна не падкупiш. Hе пад сiлу гэта табе, нават за тры тысячы; няшмат людзей у сваiм жыццi я любiў, а вось гэтага хлопца люблю. Няўдала выйшла ў цябе, сябра з паважным тварам, з рукою, што прызвычаеная падпiсваць паперы; ты спазнiўся на паўтары хвiлiны. Ты ж павiнен быў унюхаць, што ў дачыненнi да мяне купюры - гэта найменш прыдатная рэч. У мяне ў кiшэнi нават ёсць натарыяльна завераны дакумент, згодна з якiм я да канца свайго жыцця маю права на маю каморку там, пад самым дахам, i на маiх галубоў; я магу замаўляць сабе на снеданне i на полудзень усё, чаго душа пажадае, i, апроч таго, атрымлiваю сто пяцьдзесят марак гатоўкаю - гэта ў тры разы больш, чым мне каштуе мой тытунь; у мяне ёсць сябры ў Капенгагене, у Парыжы, у Варшаве i ў Рыме - а каб ведаць табе, як сябруюць мiж сабою ўладальнiкi паштовых галубоў; але ж ты нiчога не ведаеш, ты думаеш, што за грошы можна мець усё; гэта - iсцiны, якiя вы самi сабе ўбiваеце ў галовы. Ну i вядома, гатэльны парцье гатовы зрабiць за грошы ўсё, што хочаш, за фiялетавую купюру прадасць табе сваю родную бабулю. Толькi адной рэчы, мой сябра, мне не дазволена тут рабiць, адно-адзiнае выключэнне абмяжоўвае маю свабоду: калi я на службе тут, унiзе, мне не дазваляецца курыць маю люльку; i я першы раз шкадую, што ёсць гэтае выключэнне: iнакш я насустрач дыму ад тваiх "Партагас-Эмiнэнтэс" пусцiў бы добрую чорную хмару... Можаш - кажучы ясна i выразна - пару сотняў ды яшчэ дваццаць сем разоў пацалаваць мяне ў с...! Фэмеля я табе не прадам. Няхай ён спакойна гуляе ад паловы дзесятай да адзiнаццацi ў бiльярд там, наверсе, хоць я прапанаваў бы яму iншы занятак, а менавiта: сядзець на тваiм месцы ў мiнiстэрстве. Альбо рабiць тое, што ён рабiў у маладыя гады: кiдаць бомбы, каб гэткаму, як ты, мяшку з г... нагнаць страху. Але калi ён ужо хоча ад паловы дзесятай да адзiнаццацi гуляць у бiльярд, дык няхай гуляе, а я тут дзеля таго i стаю, i гэта мой клопат, каб яму нiхто не замiнаў. А цяпер ты можаш забраць свае грошы назад i выцерцi пасля iх прылавак, а калi ты яшчэ зараз пакладзеш якую купюру, я не ведаю i не адказваю за тое, што тут будзе. Бестактоўнасцю я ўжо сыты па вушы i таксама безгустоўнасць цярплiва вытрываў тысячы разоў; запiсваў у свой спiс парушальнiкаў i парушальнiц шлюбнага закону i педэрастаў, адпэнджваў ашалелых жонак i рагатых мужоў - i ты не думай, што я дзеля гэтага прыйшоў на свет белы. Я заўсёды быў добрым хлопцам, прыслугоўваў да iмшы - як i ты, напэўна, спяваў у харавым гуртку песнi айца Кольпiнга i святога Алаiзiя; тады мне было дваццаць, i я ўжо шэсць год як працаваў у гэтай установе. I калi я не страцiў дагэтуль веры ў чалавецтва, дык гэта толькi дзякуючы таму, што ёсць на свеце колькi такiх людзей, як малады Фэмель i яго мацi. Схавай лепш свае грошы, выцягнi з рота цыгару i пакланiся ветлiва мне, старому чалавеку, якi бачыў грахоў i заганаў куды як больш, чым ты можаш нават сабе ўявiць, дазволь i вунь таму служаку прытрымаць для цябе дзверы-круцёлку i - кацiся адсюль.
      - Цi я правiльна пачуў? Ты хочаш размаўляць з метрдатэлем?
      Тут ён пачырванеў, а потым пасiнеў ад злосцi. Д'ябал! Я, вiдаць, зноў падумаў уголас i, мажлiва, нават голасна звярнуўся да цябе на "ты"? Гэта было б, вядома, вельмi прыкра, недаравальная памылка, бо такiм, як Вы, людзям я нiколi "ты" не кажу.
      Што я сабе дазваляю? Я стары чалавек, маю амаль семдзесят - i вось, падумаў сабе ўголас; у мяне крыху склероз, не ўсё ў парадку з галавою, i мяне баронiць пяцьдзесят першы параграф; я ж тут на ласкавым хлебе.
      Абароназдольнасць? Зброя? Толькi гэтага мне яшчэ не хапала. Да метрдатэля, калi ласка, налева па калiдоры, потым другiя дзверы направа; кнiжка скаргаў у саф'янавай вокладцы. А калi б ты аднаго разу замовiў тут сабе яечню, а я ў той момант быў на кухнi - дык я палiчыў бы за гонар асабiста плюнуць у патэльню тваёй высокай асобе. А пасля ты атрымаеш маё прызнанне ў любовi ў натуральным выглядзе, змяшанае з распушчаным маслам. Калi ласка, шаноўны пане!
      - Але ж я ўжо сказаў вам, пане. Вунь там налева, потым другiя дзверы направа, кабiнет метрдатэля. Кнiга скаргаў у саф'янавай вокладцы. Вы жадаеце папярэдняга паведамлення? Ахвотна зраблю. Камутатар... Калi ласка, пана дырэктара, гэта парцье. Пан дырэктар, тут адзiн пан... як гэта яго прозвiшча? Нэтлiнгер... прашу прабачыць, доктар Нэтлiнгер хацеў бы тэрмiнова з Вамi пагаварыць. Якая прычына? Скардзiцца на мяне. Добра, дзякуй. Пан дырэктар вас чакае. "...Так, ёсць, шаноўная панi, сёння ўвечары феерверк i шэсце, першая вулiца налева, потым другая направа, зноў трэцяя налева, i там Вы ўбачыце шыльдачку: "Да рымскiх дзiцячых магiлак". Няма за што, заўсёды рады памагчы. Вялiкi дзякуй". Адна марка; гэтай манетай нельга грэбаваць, калi яе дае рука гэткай пачцiвай старой настаўнiцы. Паглядзi, паглядзi, як я з усмешкаю прымаю зусiм маленькiя грошы i не бяру вялiкае сумы. Рымскiя дзiцячыя могiлкi - гэта ясная рэч. Удовiным грошам пагарджаць няможна. А грашы "на чай" - гэта душа нашае прафесii.
      - Так-так, вось там, за рагом... слушна.
      Яны яшчэ не паспеюць вылезцi з таксi, а я ўжо ведаю, цi буду мець дачыненне з чыёйсьцi нявернасцю ў шлюбе. Я гэта чую нюхам здалёк, арыентуюся ў самых заблытаных i складаных сiтуацыях. Бываюць гэткiя зусiм нясмелыя каханкi, па якiх усё адразу вiдаць, i хочацца iм сказаць: дзецi, не засмучайцеся так: гэта ўсё ўжо было, я працую парцье ўжо пяцьдзесят гадоў i буду намагацца не рабiць вам прыкрасцей. Пакой на дзве асобы; усяго пяцьдзесят дзевяць марак восемдзесят - разам з дадаткам "на чай"; за гэта вы можаце разлiчваць на крышачку зычлiвасцi; а калi вас ужо спапяляе юр, усё-ткi, калi магчыма, не пачынайце ўжо ў лiфце... У гатэлi "Прынц Генрых" людзi кахаюцца за падвойнымi дзвярыма... не будзьце такiя сарамлiвыя, не бойцеся; каб вы ведалi, хто толькi ў гэтых асвенчаных высокiмi коштамi пакоях не задавальняў сваю сексуальную нецярплiвасць: тут былi людзi набожныя i бязбожныя, дрэнныя i добрыя. Пакой на дзве асобы з ваннаю, бутэлька шампанскага ў нумар. Цыгарэты. Снеданне а палове адзiнаццатай. Усё як найлепш. Прашу, пане, падпiшыце тут... не, вось тут - i, спадзяюся, ты не такi дурань, каб напiсаць сваё сапраўднае прозвiшча. Гэтая папера сапраўды iдзе ў палiцыю, там на ёй ставяць пячатку; яна робiцца дакументам i мае сiлу доказу. Hе давярай гарантыям таямнiцы з боку ўладаў, дарагi мой хлопча. Чым iх болей, тым больш iм трэба корму. А можа, ты калi-небудзь быў камунiстам, тады варта быць удвая пiльнейшым. Я таксама колiсь быў камунiстам, i католiкам быў таксама. I гэта сядзiць глыбока. Я i сёння не дам нiкому i слова сказаць супраць пэўных людзей, а хто пры мне дазволiць сабе па-дурному пакпiць з Мацi Боскай альбо з бацькi Кольпiнга, таму я здолею паказаць, што да чаго.
      - Гатэльны! Нумар 42. Вунь там лiфт, калi ласка, пане.
      Такiх вось я якраз чакаў - такiх, што здраджваюць шлюбным повязям вераломна, нiчога не хаваючы, i хочуць усяму свету прадэманстраваць, якiя яны, маўляў, незалежныя. Але калi вам няма чаго хаваць, дык чаму вы робiце гэткiя нахабныя мiны i гэтак выстаўляеце сваё нежаданне-нiчога-хаваць. Калi вам i праўда хаваць няма чаго, дык i не трэба хаваць. Калi ласка, пане, распiшыцеся тут - не-не, вось тут. Ну, з гэтай дурнаватай гусыняю я нiчога б не хацеў хаваць. Не-не! Каханне - гэта як грошы на чай. Пытанне аднаго iнстынкту. Бо па жанчыне адразу вiдно, цi варта мець з ёю якую-небудзь супольную таямнiцу. З гэтай не варта. Можаш, хлопча, мне паверыць. Тыя шэсцьдзесят марак за ноч плюс шампанскае ў нумар, грошы на чай, плюс снеданне, i што ты там яшчэ мусiш ёй ахвяраваць, - не варта. To ад прыстойнай i сумленнай вулiчнай дзяўчыны, што ведае сваю работу, ты б за гэта атрымаў сёе-тое... Гатэльны! Пакой сорак тры для пана i панi. Божачка, якiя людзi неразумныя!
      - Слухаю, пан дырэктар, зараз iду... слухаю.
      Вядома, гэткiя людзi, як ты, створаныя, каб быць дырэктарамi гатэляў; гэта як у жанчын, што просяць выразаць сабе пэўныя ўнутраныя органы; тады ўжо нiякiх праблем няма, але што гэта было б за каханне без нiякiх праблем; а калi нехта выдаляе ў сябе сумленне, нават цынiка з яго не атрымаецца. Чалавек, якi няздольны засмучацца, перастае быць чалавекам. Я выхоўваў з цябе гатэльнага, чатыры гады трымаў у чорным целе; ты разгледзеўся ў свеце, наведваў школы, вывучаў мовы, прыслугоўваў у саюзнiцкiх i несаюзнiцкiх афiцэрскiх казiно пры варварскiх выкрыках п'яных пераможцаў i пераможаных; пасля гэтага ты адразу ж вярнуўся сюды, i першае, што ты - тлусты, гладкi i без усякага сумлення - спытаў, было: "Цi стары Ёхэн усё яшчэ тут?" Я тут, усё яшчэ тут, мой хлопча.
      - Вы абразiлi гэтага пана, Кульгамэ.
      - Я ненаўмысна, пан дырэктар, i, калi казаць шчыра, то не было абразы. Я мог бы назваць вам сотнi людзей, якiя б палiчылi гонарам для сябе, каб я звяртаўся да iх на "ты".
      Мяжа нахабнасцi. Немагчыма ў гэта паверыць!
      - У мяне неяк гэта проста вылецела, пан доктар Нэтлiнгер. Я стары чалавек i жыву як бы пад аховай параграфа 51.
      - Гэты пан жадае сатысфакцыi...
      - ...I як мага хутчэйшай. Прабачце мне, але я не лiчу за гонар, калi парцье ў гатэлi называе мяне на "ты".
      - Папрасiце ў пана прабачэння.
      - Прашу ў пана прабачэння.
      - Hе такiм тонам.
      - А якiм? Я прашу ў пана прабачэння, я прашу ў пана прабачэння, я прашу ў пана прабачэння. Вось тры тоны, якiмi я валодаю, i няхай пан доктар Нэтлiнгер выбярэ сабе такi, якi яму падыходзiць. Вы бачыце, я зусiм не хачу нiкога зняважыць. Магу ўкленчыць тут на дыване, бiць сябе кулакамi ў грудзi, я, стары чалавек, якi, мiж iншым, таксама чакае, што ў яго папросяць прабачэння. Спроба падкупiць мяне, пан дырэктар. На карту быў пастаўлены гонар нашага рэнамаванага гатэля. Прафесiйную тайну за няшчасныя трыццаць марак? Я ўспрымаю гэта як абразу майго асабiстага гонару i гонару гэтай установы, у якой я служу ўжо больш за пяцьдзесят год, а калi дакладней пяцьдзесят шэсць год.
      - Я прашу Вас скончыць гэтую прыкрую i смешную сцэну.
      - Калi ласка, праводзьце гэтага пана ў бiльярдавы пакой, Кульгамэ.
      - Hе.
      - Вы правядзеце яго ў бiльярдавы пакой.
      - Hе.
      - Мне было б непрыемна, Кульгамэ, калi б такi даўнi службовы стасунак, што звязвае Вас з гэтым гатэлем, быў спынены з прычыны Вашае адмовы выконваць звычайны загад.
      - У гэтым гатэлi, пане дырэктар, нiколi яшчэ не iшлi насуперак жаданню госця, калi ён хацеў, каб яго нiхто не турбаваў. Вядома, за выключэннем тых выпадкаў, калi ўмешвалiся найвышэйшыя сiлы. Гестапа. Тады мы нiчога зрабiць не маглi.
      - Прашу лiчыць гэты выпадак умяшаннем найвышэйшых сiл.
      - Хiба Вы з гестапа?
      - На гэткiя пытаннi не адказваю.
      - Прашу зараз адвесцi пана ў бiльярдавы пакой, Кульгамэ.
      - Цi Вы, пане дырэктар, першы хочаце заплямiць наш штандар гарантаванай таямнiцы?
      - Тады, пане доктар, я сам праводжу Вас у бiльярдавы пакой.
      - Толькi цераз мой труп, пан дырэктар.
      Трэба быць такiм прадажным, такiм старым, як я, каб ведаць, што iснуюць рэчы, якiх купiць немажлiва; грэх перастае быць грахом, калi больш няма дабрадзейства; а што такое дабрадзейства - няможна ўведаць, калi ты не ведаеш, што ёсць нават вулiчныя жанчыны, якiя адмаўляюць пэўным клiентам.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19