Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение (стр. 19)
Автор: Бёлль Генрих
Жанр:

 

 


Ёзэф, выберы сабе якi-небудзь iншы, "1921 год" неблагi. Ну вось, добра, цяпер сядайце. Першы глыток вып'ем за пана М. - каб з ягонага твару нiколi не знiкла здзiўленне; другi глыток - за маю жонку: няхай Бог благаславiць яе памяць. Калi ласка, Шрэла, не маглi б Вы паглядзець, хто гэта там стукае ў дзверы?
      А, вядомы нам спадар Грэц жадае выказаць мне свае ўшанаваннi? Спадзяюся, ён не прынёс дзiка з сабою на карку? Hе? Дзякуй Богу. Калi ласка, Шрэла, скажыце яму, што прыняць яго не магу; цi, можа, ты мяркуеш, Роберт, што цяпер адпаведны дзень i адпаведны час, каб прыняць вядомага нам пана Грэца? Праўда, што не? Дзякуй, Шрэла. У гэты дзень i ў гэты час належыць адмовiцца ад непраўдзiвых суседскiх пачуццяў; два словы могуць каштаваць жыцця: "Грэх i ганьба", - сказала старая фраў Грэц; жэст рукi можа каштаваць жыцця, i адно няправiльна зразуметае прыжмурванне вока; ага, Гуга, прашу, далi мне вiна - спадзяюся, ты не пакрыўдзiшся, калi мы тут, у сямейным коле, ацэнiм i выкарыстаем набытае табою ўменне абслугоўваць клiентаў.
      Пастаў спакойна гэтыя вялiкiя букеты перад малюнкам абацтва, меншыя - з абодвух яго бакоў, на палiцу з планамi; ты можаш пазнiмаць i выкiнуць гэтыя скруткi: у iх нiчога няма, яны тут як дэкарацыi; хiба што сярод нас ёсць нехта, хто мае намер яшчэ выкарыстаць гэтую каштоўную паперу? Можа, ты, Ёзэф? Чаму ты гэтак нязручна сеў? Ты ўзяў сабе 1941 год - гэта зусiм танюткi стос, хлопча. 1945 год быў бы лепшы, заказы тады сыпалiся, нiбы град - амаль як у 1909 годзе, але я адмовiўся ад iх, хлопча. Слова "sorry" забiла ўва мне ахвоту займацца будаўнiцтвам. Рут, складзi вiншавальныя паштоўкi i тэлеграмы на маiм рысавальным стале; я распараджуся надрукаваць адказы з падзякай, а ты дапаможаш мне заадрасаваць iх; за гэта я куплю табе што-небудзь прыгожае ў фраў Горушкi; якi будзе тэкст гэтых адказаў? "Гэтым выказваю сваю самую сардэчную падзяку за Вашыя вiншаваннi з нагоды майго васьмiдзесяцiгадовага юбiлею". Можа, да кожнай падзякi далучыць уласнаручны малюнак - што ты думаеш наконт гэтага, Ёзэф? Якога-небудзь пелiкана цi вужакi - а што, калi б гэта быў бык? Калi ласка, Ёзэф, паглядзi, хто там яшчэ так позна хоча ўвайсцi?
      Чатыры супрацоўнiкi Кронэравай кавярнi? Прынеслi падарунак, ад якога, на тваю думку, я не павiнен адмовiцца? Добра, тады няхай заходзяць.
      Два кельнеры i дзве буфетчыцы асцярожна прайшлi ў дзверы, несучы з сабою прастакутную дошку, даўжыня якой была нашмат большая за шырыню; тое, што стаяла на ёй, было накрыта снежна-белым палатном; стары здрыгануўся: можа, труп? Цi тое, што тырчала, нiбы кiй, угару было носам нябожчыка? Яны неслi дошку асцярожлiва, нiбы гэта быў найкаштоўнейшы мярцвяк; запанавала поўная цiшыня; рукi Леаноры, якая складала букет, знерухомелi ў паветры; Рут трымала ў руках вiншавальны адрас з залатою аблямоўкаю, Марыяна забылася адставiць убок парожнi кош.
      - Hе, не, - цiха сказаў стары, - калi ласка, на падлогу ставiць не трэба; дзецi, прынясiце сюды дзве падстаўкi для планаў.
      Гуга i Ёзэф прынеслi з кута дошкi-падстаўкi, паставiлi iх пасярэдзiне кабiнета на стосы 1936-1939 гадоў; зноў запанавала цiшыня, пасля таго як абодва кельнеры i абедзве буфетчыцы паставiлi дошку з невядомым прадметам на падстаўку, потым сталi каля ўсiх чатырох яе вуглоў, узялiся за рагi палатна i па кароткай, рэзкай камандзе старэйшага кельнера паднялi яе.
      Стары пачырванеў, падскочыў да мадэлi з цеста, падняў рукi, як барабаншчык, што збiраецца пачаць адбiваць гнеўныя гукi марша, i нейкую хвiлю ўсiм здавалася, што ён расчаўпе кулакамi гэты салодкi твор мастацтва; але тут ён раптам апусцiў кулакi, рукi бяссiльна павiслi з абодвух бакоў цела; пасля стары цiха засмяяўся, пакланiўся дзяўчатам-буфетчыцам, потым абодвум кельнерам, а выпрастаўшыся, выцягнуў з пiнжака свой кашалёк i даў усiм чатыром па купюры на чай.
      - Калi ласка, - сказаў ён спакойна, - перадайце фраў Кронэр маю шчырую падзяку i таксама скажыце, што надзвычай важныя акалiчнасцi прымушаюць мяне адмовiцца ад маiх сняданкаў... важныя акалiчнасцi - каб ад заўтрага больш не снедаць у Вашай кавярнi.
      Ён перачакаў, пакуль кельнеры i буфетчыцы выйшлi з дому, а потым голасна прамовiў:
      - Ну, дзецi, а цяпер падайце мне вялiкi нож i талерку пад тарты!
      Ён адрэзаў кавалак ад вежы касцёла Святога Антонiя i перадаў талерку Роберту.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19