Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение (стр. 17)
Автор: Бёлль Генрих
Жанр:

 

 


.. ах, будзе яшчэ нейкая ўрачыстая вячэра - рады па нагляду за дзейнасцю Таварыства "Сас'етас"; у чырвонай зале, шаноўны, пане; ва ўсiх аднолькавыя твары, i ўсе будуць есцi на закуску амары пад маянэзам - i левыя, i правыя, i рада па нагляду; Моцарт - да закускi, Вагнер - да галоўных страў з густой падлiваю, джаз - да дэсерту; але, у чырвонай зале, шаноўны пане; чуццё Ёхэна не падманвае што да грамадскай прыналежнасцi, але ў iншых выпадках яно яму здраджвае. Калi ў гатэль першы раз прыйшла авечая капяланка, ён шапнуў: "Увага, гэта найвышэйшы клас", а калi потым прыйшла тая маленькая бледная дзяўчына з ускудлачанымi валасамi i толькi з сумачкай у руцэ i кнiжкай кiшэннага фармату пад пахай, Ёхэн сказаў: "Звычайная шлюндра": на што я адказаў: "Яна i праўда робiць гэта з кожным, але нiчога за гэта не бярэ значыць, яна не шлюндра"; Ёхэн запярэчыў: "Яна робiць гэта з кожным i бярэ за ўсё грошы" - i тут была яго праўда. Затое ў Ёхэна няма чуцця на бяду: калi потым аднаго разу да нас прыехала зiхатлiва-вясёлая бландзiнка з трынаццаццю валiзамi, я сказаў яму, калi яна заходзiла ў лiфт: "Паспрачаемся, што жывую мы яе ўжо не ўбачым", а Ёхэн не згадзiўся: "Ды ну, лухта, проста яна на некалькi дзён уцякла ад мужа", i хто, думаеце, меў рацыю? Я! Пiгулкi для сну i шыльдачка "Прашу не турбаваць" на дзвярах; яна спала дваццаць чатыры гадзiны, а потым у гатэлi пачалi шаптацца: "Нехта памёр... памёр у сто васемнаццатым нумары"; нiшто сабе гiсторыя, калi прыкладна а трэцяй дня тут паяўляецца крымiнальная палiцыя, а праз дзве гадзiны адсюль выносяць труп; нiшто сабе гiсторыя!
      Фу, а гэта чыя такая пыса?! Шафа з аблiччам дыпламата, сто кiло жывой вагi, хада, нiбы ў ямнiка, i гарнiтур! Папахвае важнай асобай; ён трымаецца крыху ззаду, а дзве менш важныя асобы падыходзяць да прылаўка:
      - Нумар, зарэзерваваны для пана М., калi ласка.
      - Ах, зразумела: нумар дзвесце адзiнаццаць. Гуга, хадзем, завядзеш шаноўных паноў наверх.
      I ўсе трое, тры цэнтнеры жывой вагi, спавiтыя ў ангельскае сукно, бясшумна паднялiся ў лiфце наверх.
      - Ёхэн, Ёхэн, напрамiлы Бог, дзе ты быў аж да гэтай пары?
      - Прабач, - адказаў Ёхэн, - ты ж ведаеш, што я амаль нiкуды i нiколi не пазнюся; асаблiва калi ведаю, што цябе чакаюць жонка i дзецi; але бачыш, калi справа датычыць галубоў, маё сэрца рвецца памiж абавязкамi сябра i абавязкамi заўзятага аматара галубоў; калi ўжо я выпусцiў у дарогу шэсць птушак, дык, натуральна, хачу, каб усе шэсць да мяне вярнулiся; але толькi пяць прыляцелi ў вызначаны час, a шосты вярнуўся толькi праз дзесяць хвiлiн, зусiм зняможаны; бедная iстота; ну, iдзi ўжо, калi хочаш яшчэ захапiць добрыя месцы глядзець феерверк, самая пара; ага, ужо бачу: левая апазiцыя ў блакiтным пакоi, правая апазiцыя ў жоўтым пакоi, рада нагляду за дзейнасцю Таварыства "Сас'етас" у чырвоным пакоi; яно ж вядома, канец тыдня; гэта куды менш цiкава, чым калi збiраюцца фiлатэлiсты альбо пiўныя магнаты; не бойся, з iмi ўжо неяк разбяруся, не буду занадта даваць волi сваiм пачуццям, хоць левай апазiцыi я з ахвотаю надаваў бы кухталёў, а правай апазiцыi i сябрам рады нагляду панапляваў бы ў закуску; ну, ты ж не хвалюйся: трымаць штандар фiрмы я буду высока; i тваiмi кандыдатамi ў самазабойцы таксама займуся; слухаю, шаноўная фраў, прыслаць Гугу а дзевятай гуляць у карты? Вядома ж, ён прыйдзе; ага, пан М. ужо тут? Гэты пан М. мне не падабаецца, хоць я яго яшчэ не бачыў; слухаю, шаноўны пане, шампанскае ў дзвесце адзiнаццаты i тры цыгары "Партагас Эмiнэнтэс"; пах цыгар дасць Вам магчымасць пазнаць iх! Божухна, а вунь iдзе ўвесь род Фэмеляў!
      Дзяўчына, дзяўчына, што з табой зрабiлася! Калi я ўбачыў цябе першы раз пад час парада з нагоды кайзеравага вiзiту, маё сэрца забiлася iмклiвей, хоць я i ведаў, што гэткiя кветачкi не растуць дзеля такiх, як я; я прынёс чырвонае вiно ў нумар, дзе ты сядзела разам з татусем i мамуляю; дзетка, дзетка, хто б тады падумаў, што калi-небудзь ты зробiшся самай сапраўднай бабуляю з серабрыстымi валасамi, зусiм зморшчанай? Я б мог цябе адной рукою занесцi ў пакой i, далiбог, зрабiў бы гэта, калi б мне далi дазвол, але дазволу ў мяне няма, даражэнькая старая дзяўчына, а шкада, ты i сёння яшчэ прыгожая.
      - Пане тайны радца, мы зарэзервавалi нумар 212 для Вас i Вашай шаноўнай жонкi... пардон, для Вашай шаноўнай жонкi i для Вас; багаж на вакзале? Hе? Што-небудзь прывезцi з Вашае кватэры? Таксама не трэба? Ах, толькi на дзве гадзiны, пакуль доўжыцца феерверк i парад "Саюза змагароў"? Вядома ж, у нумары будзе досыць месца шасцi асобам, вялiкi балкон, i, калi жадаеце, мы можам пасастаўляць разам ложкi. Hе трэба? Гуга, Гуга, завядзi шаноўных спадароў у нумар 212 i вазьмi з сабою картку вiн; маладых пана i паненак я правяду ў Ваш нумар сам; само сабою, пан доктар, бiльярдавы пакой зарэзерваваны для Вас i для пана Шрэлы; на гэты час я пашлю да Вас Гугу; напраўду, ён добры хлопец: палову дня вiсеў во на тэлефоне, накручваў ды накручваў Ваш нумар; мяркую, што ён ужо нiколi не забудзе анi Вашага нумара, анi нумара пансiяната "Мадэрн"; а чаму сёння ў "Саюза змагароў" парад? Дзень нараджэння якога-небудзь маршала - здаецца, героя Гузенвальда; мы зноў пачуем цудоўную песню: "Айчына, хiстаюцца ўсе твае апоры..."; ну, няхай сабе хiстаюцца, пане доктар. Што? Заўсёды хiсталiся? Калi б Вы мне дазволiлi выказаць мой асабiсты палiтычны погляд, я б сказаў: увага, калi апоры зноў пачнуць хiстацца; увага!
      - Я ўжо калiсьцi тут стаяла, - прамовiла яна ледзь чутна, - i глядзела, як ты маршыруеш там, унiзе; то быў парад з нагоды прыезду кайзера ў студзенi 1908 года; надвор'е было як замоўленае кайзерам, даражэнькi: траскучы мароз - гэтак, здаецца, пiшуць у вершах; я дрыжала, хвалюючыся, цi вытрымаеш ты апошняе i самае цяжкае выпрабаванне - выпрабаванне вайсковай формай; на суседнiм балконе стаяў генерал i разам з бацькам, мацi i мною падымаў свой келiх; тады ты вытрымаў выпрабаванне, стары; не глядзi на мяне так пiльна... менавiта пiльна; ты гэтак нiколi яшчэ на мяне не глядзеў; пакладзi галаву мне на каленi, запалi цыгару i прабач мне, што я вось дрыжу: мне боязна... цi бачыў ты твар таго хлопца? Хiба ён не мог быць братам Эдыт? Мне боязна, i ты павiнен зразумець, што я яшчэ не магу вярнуцца ў нашу кватэру, магчыма, нiколi ўжо ў яе не вярнуся; не магу зноў увайсцi ў гэтае кола... мне боязна, куды больш, як даўней; вы, вiдавочна, папрывыкалi ўжо да гэтых твараў, а я пачынаю сумаваць па маiх цiхiх вар'ятах; хiба вы сляпыя? Хiба вас так лёгка можна падмануць? Яны заб'юць вас нават не за нейкi жэст рукi, не за кавалак хлеба з маслам - проста так! Hе трэба нават быць цёмнавалосым цi бялявым, не трэба нават паказваць метрыкi хрэсьбiнаў тваёй прабабкi... яны вас заб'юць, бо iм не спадабаюцца вашыя твары; хiба ты не бачыў плакатаў, якiмi залеплены сцены? Хiба вы паслеплi? Кажу табе, мой даражэнькi, яны ўсе пакаштавалi бычынага прычасця; дурныя як бот, глухiя як пень i страшэнна нявiнныя, як апошняе ўцелясненне быка; прыстойныя, прыстойныя... мне боязна, стары: нават у трыццаць пятым цi ў сорак другiм годзе я не пачувала сябе такою чужою сярод людзей; мажлiва, мне патрабуецца час, але ж не хопiць i стагоддзяў, каб прызвычаiцца да гэтых твараў; прыстойныя, прыстойныя - i нiзвання смутку на твары; што гэта за людзi, зусiм без смутку? Дай мне яшчэ кiлiшак вiна i не глядзi падазрона на маю сумачку: вы ведалi лекi, але ўжыць iх мушу я сама; у цябе чыстае сэрца, i ты не можаш сабе ўявiць, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; а я патрабую сёння ад цябе яшчэ адну вялiкую ахвяру: не праводзь сёння ўрачыстае вячэры ў Кронэравай кавярнi, разбуры гэту легенду, не заклiкай сваiх унукаў апляваць твой помнiк, а зрабi так, каб помнiка не было; сыр з папрыкай табе ж нiколi не быў смачны... няхай кельнеры i пасудамыйкi сядуць за святочны стол i зжаруць тваю святочную вячэру; мы застанемся тут на балконе, атрымаем асалоду ад летняга вечара ў сямейным коле, вып'ем вiна, паглядзiм феерверк i парад "змагароў"; супраць чаго яны змагаюцца? Цi магу я патэлефанаваць у Кронэраву кавярню i адмовiцца ад святочнай вячэры?
      Перад парталам сабора Святога Севярына збiралiся людзi ў блакiтнай форме; яны стаялi групамi, курылi цыгарэты; у iхнiх руках былi блакiтна-чырвоныя харугвы з вялiкай чорнай лiтарай "К"; духавы аркестр ужо рабiў рэпетыцыю песнi "Айчына, хiстаюцца ўсе твае апоры"; кiлiшкi для вiна цiха звiнелi на балконах, вядзерцы з шампанскiм пазвоньвалi металам, коркi стралялi ў вячэрняе блакiтнае неба, званы Святого Севярына абвясцiлi без пятнаццацi сёмую; трое паноў у цёмных гарнiтурах выйшлi на балкон дзвесце дванаццатага нумара.
      - Вы сапраўды думаеце, што яны могуць нам прыдацца? - спытаў М.
      - Я ўпэўнены, - адказаў другi.
      - Няма нiякiх сумненняў, - дадаў трэцi.
      - Але цi не адпалохаем мы больш выбаршчыкаў, чым iх здабудзем, дэманструючы гэтым свае сiмпатыi?
      - "Саюз змагароў" не лiчыцца гэткiм ужо радыкальным, - сказаў другi мужчына.
      - Прайграць Вы нiчога не прайграеце, - сказаў трэцi, - а выйграць можаце.
      - Колькi гэта будзе галасоў у найлепшым i ў найгоршым выпадку?
      - У найлепшым - каля васьмiдзесяцi тысяч, а ў найгоршым - недзе пяцьдзесят тысяч. Давайце вырашайце.
      - Канчаткова я яшчэ не вырашыў, - адказаў М., - чакаю ўказанняў ад пана К. Як, на Вашу думку, цi ўдалося нам пакуль што пазбегнуць увагi газетчыкаў?
      - Удалося, пане М., - адказаў другi.
      - А персанал гатэля?
      - Тут будзе ўсё абсалютна сакрэтна, пане М., - адказаў трэцi. Указаннi ад пана К. павiнны надысцi неўзабаве.
      - Hе люблю гэтых хлопцаў, - сказаў пан М. - Яны яшчэ ў нешта вераць.
      - Восемдзесят тысяч галасоў могуць сабе спакойна ў нешта верыць, пане М., - адказаў другi.
      Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў. Тэлефонны званок.
      - Ага. М. каля тэлефона. Цi так я зразумеў? Выказаць сваю сiмпатыю? Добра.
      - Пан К. прыняў станоўчае рашэнне, панове, давайце паставiм стол i крэслы на балкон.
      - А што падумаюць за мяжой?
      - Няхай сабе думаюць. Усё адно яны думаюць не тое, што трэба.
      Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў.
      - Я сыду на вулiцу i скажу кiраўнiку парада, каб яны звярнулi ўвагу на Ваш балкон, - сказаў другi пан.
      - Hе, не, - сказаў стары, - я не хачу класцi галаву табе на каленi, не хачу глядзець на блакiтнае неба; цi сказала ты ў Кронэравай кавярнi, каб яны прыслалi Леанору сюды? Яна будзе зусмучоная; ты ж яе не ведаеш, гэта Робертава сакратарка; мiлае дзiця, i я не хацеў бы, каб гэтая ўрачыстасць з яе ўдзелам не адбылася; не, ува мне няма чыстага сэрца, i я добра ведаю, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; я адчуваю сябе чужанiцам, яшчэ большым чужанiцам, чымся тады, калi мы хадзiлi ў "Якар", што ў Верхнiм Порце, i насiлi грошы кельнеру, прозвiшча якога было Гроль; там, унiзе, яны становяцца ў шыхты для парада - цёплы летнi вечар, сутонее; аж сюды далятае смех - табе дапамагчы, мая дарагая? Ты, вiдаць, забылася, што ў машыне паклала сваю сумачку мне на каленi; яна цяжкая, але не досыць цяжкая - што ты, уласна, хочаш з гэтым зрабiць?
      - Хачу застрэлiць таго тоўстага на сiвой клячы. Бачыш яго, пазнаеш?
      - Думаеш, я магу яго забыць? Гэта ён забiў ува мне смех, паламаў схаваную спружыну ў схаваным гадзiннiкавым механiзме; ён загадаў знiшчыць бялявага анёлка, забраць бацьку Эдыт, Гроля i хлопчыка, чыйго iмя мы так i не ведаем; ён навучыў мяне, што адзiн жэст рукi можа каштаваць жыцця; ён зрабiў з Отам тую яго абалонку - i ўсё ж... я не стаў бы забiваць яго. Я часта пытаўся ў сябе самога: дзеля чаго я прыехаў жыць у гэты горад - можа, каб разбагацець? Hе - i ты ведаеш гэта? Дзеля таго, што я цябе кахаў? Hе, тады я цябе яшчэ не ведаў i не мог кахаць. Можа, у мяне былi амбiцыi? Hе. Мяркую, што я хацеў адно пасмяяцца з людзей, крыкнуць iм напрыканцы: "Гэта ж было несур'ёзна". Можа, я хацеў мець дзяцей? Хацеў. I ў мяне яны былi: двое памерла ў маленстве, адзiн загiнуў - i ён быў мне чужы, чужэйшы за тых вунь маладых паноў, што ўнiзе падымаюць свае харугвы. А другi сын? "Як маешся, бацька?" - "Добра, а ты?" - "Добра. Дзякуй, бацька". - "Цi магу я што-небудзь для цябе зрабiць?" - "Hе, дзякуй; нiчога не трэба..." Абацтва Святога Антонiя? Прабач, што я смяюся, дарагая. Усё гэта - пыл, не абуджае ўва мне нават сентыментальнасцi, тым больш - нiякiх пачуццяў; цi хочаш вiна?
      - Налi, калi ласка.
      Я аддаюся на мiласць пяцьдзесят першаму параграфу; законы гнуткiя... паглядзi: там, унiзе, наш стары сябар Нэтлiнгер; у яго досыць розуму на тое, каб нацягнуць на сябе гэтую форму, але ўсё ж ён паявiўся, каб пацiскаць руку, паляпаць па плячы, памацаць харугвы; ужо калi каго i застрэлiць, дык, можа, лепей гэта Нэтлiнгера - але яшчэ падумаю; можа, не буду страляць па гэтым музеi, што там унiзе, на вулiцы; забойца майго ўнука сядзiць побач на балконе - бачыш яго? У цёмным гарнiтуры, прыстойны, прыстойны; гэты мыслiць iначай, дзейнiчае iначай, плануе iначай i сяму-таму ўжо навучыўся: вольна гаварыць па-французску i па-ангельску, ведае лацiну i старажытнагрэцкую i назаўтра паклаў ужо закладку ў адпаведнае месца хрысцiянскага календара Шота: пятнаццатая нядзеля па Сёмусе: якая ўсхваляльная малiтва сёння? Крыкнуў ён сваёй жонцы ў спальню. Hе, я не буду забiваць гэтага тоўстага мяшка на сiвой клячы; не буду страляць па гэтым чалавеку-музеi... толькi крыху павярнуць i - будзе ўсяго шэсць метраў, абсалютная гарантыя, што не прамахнуся; на што яшчэ можа прыдацца маё сямiдзесяцiгадовае жыццё? Забойства не тырана, а прыстойнага чалавека; смерць верне на ягоны твар вялiкае здзiўленне; хадзем, не трэба дрыжаць, мой даражэнькi; я хачу заплацiць выкуп; гэта будзе для мяне забава; дыхаць спакойна, нацэлiцца, разлiчыць, калi нацiскаць на курок... можаш не затыкаць сабе вушэй, мой дарагi; стрэл не будзе надта гучны: проста нiбы лопне шарык з паветрам; пярэдадне пятнаццатай нядзелi па Сёмусе.
      13
      У аднае дзяўчыны валасы былi бялявыя, у другой - каштанавыя; абедзве былi танклявыя, зграбныя; абедзве ўсмiхалiся, абедзвюм добра пасавалi касцюмы з чырванавата-карычневага твiду, у абедзвюх ладныя шыйкi падымалiся са снежна-белых каўнерыкаў, нiбы сцяблiнкi кветак; абедзве добра, зусiм без акцэнту, гаварылi па-французску i па-ангельску, па-фламандску i па-дацку; абедзве добра i без нiякага акцэнту гаварылi на сваёй роднай, нямецкай, мове; гэта былi гожыя законнiцы неiснуючага баства; яны авалодалi таксама лацiнай; i цяпер у асобным пакойчыку паблiзу касы яны чакалi, пакуль каля бар'ера збяруцца групы па дванаццаць чалавек; вось яны танюткiмi абцасамi чаравiкаў пагасiлi недакуркi цыгарэт, спрактыкаванымi рукамi падмалявалi сабе губы i, выйшаўшы за бар'ер, пачалi высвятляць нацыянальнасць наведнiкаў; з усмешкай, без анiякага акцэнту, яны пыталiся пра краiну, адкуль госцi прыехалi, i пра мовы, якiмi яны валодаюць; турысты адказвалi на пытаннi, падымаючы палец: сямёра гаварылi па-ангельску, двое па-фламандску, трое - па-нямецку; потым яшчэ вясёла заданае пытанне: хто валодае лацiнай? Рут, вагаючыся, падняла палец; толькi адзiн чалавек? Лёгкi цень шкадавання на прыгожым твары - з прычыны гэткай малой колькасцi экскурсантаў з гуманiтарнай адукацыяй; толькi тая адзiная паненка належным чынам здолее ацанiць дакладнасць, з якой дзяўчына задэкламуе вершаваныя надпiсы надмагiльных камянёў? Усмiхаючыся, схiлiўшы лiхтар на кiйку, нiбы шаблю, дзяўчына пачала першая спускацца па сходах; пахла муравальным растворам i вапнаю; потым стаў адчувацца пах магiльнага склепа, хоць лёгкi шум выдаваў, што тут дзейнiчае вентыляцыя; без нiякага акцэнту гучалi ангельская, фламандская i нямецкая мовы; турыстаў iнфармавалi пра памеры шэрых блокаў, пра шырыню рымскай вулiцы - вось сходы з другога стагоддзя, вось тэрма - з чацвёртага; паглядзiце, вунь там знуджаныя ахоўнiкi, надрапаўшы на блоку з пясчанiку квадраты, гулялi ў "млын" (як казаў кiраўнiк курсаў, "заўсёды падкрэслiваць агульначалавечыя, побытавыя дэталi"); вось тут рымскiя дзецi гулялi ў каменьчыкi; звярнiце ўвагу на тое, што камянi брукаванкi бездакорна дапасаваныя адзiн да аднаго; вадасцёк, па iм у часы Старажытнага Рыма сцякала брудная вада, пасля мыцця рымскага посуду, пасля мыцця рымскай бялiзны; рэшткi маленькага прыватнага храма Венеры, якi загадаў пабудаваць для сябе пан рымскi консул; у неонавым святле былi вiдны ўсмешкi турыстаў: фламандскiя, ангельскiя ўсмешкi; цi трое маладых немцаў i праўда нi разу не ўсмiхнулiся? Чым растлумачыць глыбiню закладкi падмурка? У тыя часы глеба, на якой вялася будоўля, была яшчэ забалочаная, зялёныя грунтавыя воды, якiя напаўнялi раку, булькаталi ў шчылiнах скалiстай пароды. Цi чуеце вы праклёны германскiх нявольнiкаў? Пот сцякаў са светлых броваў на белыя твары, рабiў вiльготнымi светлыя бароды; з вуснаў варвараў выходзiлi поўныя алiтэрацый праклёны: "З ран i гора, прынесенага праклятымi прыхаднямi, народзiцца выснаваная Вотанам помста-адплата - гора iм, гора iм, гора!"
      - Крыху цярпення, шаноўныя панi i панове, яшчэ некалькi крокаў; вось тут - рэшткi будынка суда, а вось i яны - рымскiя дзiцячыя магiлкi.
      ("Тут, - казалi на курсах, - вы павiнны першыя моўчкi спынiцца i пачакаць з тлумачэннямi, пакуль у iх пройдзе першае хваляванне; гэта ўжо выключна залежыць ад вашага чуцця, як доўга варта працягваць маўчаць, засведчваючы гэтак вашую ўзрушанасць; напэўна, гэта залежыць ад складу групы; i прашу не ўвязвацца ў дыскусiю наконт самiх рымскiх дзiцячых магiл што гэта зусiм не рымскiя дзiцячыя магiлы, а толькi надмагiльныя камянi, прычым знойдзеныя зусiм у iншым месцы...")
      Надмагiльныя каменныя плiты, абапёртыя аб шэрыя муры, утваралi паўкола. Калi прайшло першае хваляванне, здзiўленыя госцi пачыналi глядзець угору: па-над неонавымi лямпамi вiднелася цёмна-блакiтнае неба: цi гэта на iм ужо паблiсквала ранняя зорка, а можа, гэта проста быў водблiск пазалочанага цi пасрэбранага шарыка агароджы, якi, мякка адбiваючыся, уваходзiў у круглы калодзеж, складзены з пяцi вянцоў?
      - На ўзроўнi першага вянца - бачыце белую рыску на бетоне? - прыкладна праходзiла вулiца ў часы Рыма; на ўзроўнi другога вянца - там таксама вiдна белая рыска на бетоне, бачыце? - праходзiла вулiца ў часы Сярэднявечча, i, нарэшце, на ўзроўнi трэцяга вянца - белай рыскi вам, напэўна, паказваць ужо не трэба - праходзiць вулiца сёння; а цяпер, шаноўныя панi i панове, зоймемся надпiсамi.
      Твар дзяўчыны зрабiўся зусiм каменны, нiбы твар багiнi; сагнуўшы локаць, яна падняла лiхтар, нiбы рукаятку паходнi:
      Dura quidem frangit parvorum morte parentes
      Condicio rapido praecipitata gradu
      Spes aeterna tamen tribuet solacia luctus...
      Яна ўсмiхнулася Рут - адзiнай, што магла належным чынам ацанiць велiчнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукi дзяўчына паправiла каўнерык твiдавага касцюма; потым яна крыху апусцiла лiхтар i прадэкламавала пераклад надпiсу:
      I хоць фатальны лёс бацокоў спасцiгае,
      Калi iх дзiця гэтак хутка, раптоўна
      Памiрае,
      Ды ў смутку над жыццём яго, зусiм юным,
      Што цяпер толькi раю належыць,
      Адно вечная надзея нас суцяшае.
      Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў меў ты, Дэзiдэратус,
      Калi быў пахаваны пад гэтым магiльным пагоркам.
      Смутак семнаццацi стагоддзяў адбiўся на тварах турыстаў, запаў у iх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя скiвiцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусцiўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкi куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклi слёзы, Ёзэф сцiснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гiд з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:
      Hard a fate meets with the parents...
      Небяспечны момант, калi з цёмнага сутарэння госцi зноў выбралiся наверх, на святло, на свежае паветра, у летнi вечар; калi старадаўнi смутак смерцi глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямi любоўных мiстэрыяў багiнi Венеры, калi самотныя турысты выплёўвалi жавальныя гумкi перад касавым акенцам i спрабавалi прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлi "Прынц Генрых"; праходка разам па горадзе, вячэра - a lonely feeling*, фройляйн; i тут трэба было паводзiць сябе, як гэта рабiла вясталка: не дазваляць нiякiх заляцанняў i рашуча адмаўляцца ад усялякiх запрашэнняў; "прашу не дакранацца да мяне; толькi глядзець: No, Sir, no"**, - i ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным iншаземцам, якiя, патрэсваючы галовамi, мусiлi iсцi наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багiня Венера i, добра разбiраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках i марках.
      * Пачуццё самоты (англ.).
      ** Hе, сэр, не, не (англ.).
      Касiр адрываў бiлеты ад скрутачка, нiбыта вузкiя ўваходныя дзверы вялi ў кiно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабiць адну-дзве зацяжкi цыгарэты, адкусiць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу i кожны раз вырашаць складаную праблему: цi прыберагчы недакурак да наступнага разу, цi пагасiць яго танюсенькiм абцасам; яшчэ адна зацяжка i яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкi, i ў гэтую хвiлю касiр ужо ўсунуў галаву праз дзверы:
      - Дзiцятка, дзiцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся - рымскiя дзiцячыя магiлкi - найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.
      Дзяўчына з усмешкай iзноў выходзiла да бар'ера; зноў пытаннi пра нацыянальнасць i родную мову: чацвёра размаўлялi па-ангельску, адзiн па-французску, адна - па-галандску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; лiхтар на кiйку, нiбы шпага; яна зноў сыходзiла ў цёмны магiльны склеп, каб яшчэ раз распавесцi пра старажытны культ любовi, расшыфраваць старадаўнi смутак смерцi.
      У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялi слёзы, калi ўсе выйшлi на вулiцу i якраз праходзiлi праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, ангельцы i галандцы iмкнулiся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлiвая таямнiца хавалася там унiзе, у цёмных сутарэннях? Цi хто-небудзь чытаў такое - каб помнiкi культуры прымушалi людзей пралiваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенiгаў гэткая вялiкая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кiно только пасля вельмi дрэнных i пасля вельмi добрых фiльмаў? Цi камянi напраўду могуць расчулiць да слёз аднаго чалавека, у той час як iншыя флегматычна запiхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб'ект для кадра - о, франтон жылога дома мешчанiна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк - i вось франтон дзякуючы пэўнаму хiмiчнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.
      - Памалу, памалу, шаноўныя госцi! - выкрыкнуў касiр праз сваё акенца. З прычыны надзвычай вялiкага наплыву экскурсантаў мы вырашылi павялiчыць групы наведвання з дванаццацi да пятнаццацi чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргi падысцi; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.
      Яны ўсё яшчэ iшлi ўздоўж чаргi, што выцягнулася каля сцяны i канчалася аж на рагу вулiцы; на Марыянiным твары ўсё яшчэ былi слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, якi моцна сцiснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.
      - Нам трэба спяшацца, - сказала Рут, - ужо без дзесяцi сёмая, i мы не павiнны прымушаць iх чакаць.
      - Праз дзве хвiлiны мы будзем ужо на месцы, - адказаў Ёзэф, -... не спознiмся; але i тут мяне не абмiне гэты пах: вапна i муравальны раствор; мiж iншым, цi вядома вам, што за гэтае адкрыццё яны павiнны дзякаваць выключна бацькавай гарачай любовi да выбухаў? Калi падрывалi старую вежу-вартоўню, унiзе абрынулася нейкае скляпенне i была расчышчаная дарога да гэтай старызны; няхай жыве дынамiт... як, дарэчы, табе падабаецца наш новы дзядзька, Рут? Цi ў табе загаварыў голас крывi, калi ты ўбачыла яго?
      - Hе, - адказала Рут, - голас крывi ўва мне не загаварыў; але ён здаецца мне добрым чалавекам; трохi сухаваты, трохi бездапаможны... Цi ён будзе жыць у нас?
      - Падобна на тое, - адказаў Ёзэф, - цi будзем i мы там жыць, Марыяна?
      - Ты хочаш пераехаць у горад?
      - Ага, - адказаў Ёзэф. - Я хачу вывучаць статыку, каб потым працаваць у шаноўнай фiрме майго бацькi, хiба табе гэта не даспадобы?
      Яны перайшлi цераз ажыўленую вулiцу i выйшлi на спакайнейшую; Марыяна затрымалася каля адной вiтрыны i, вызвалiўшыся ад рук Ёзэфа i Рут, пачала насоўкай выцiраць слёзы на твары; тым часам Рут прыгладзiла рукою валасы, абцягнула на сабе швэдар.
      - Цi мы ўбраныя досыць святочна? - спыталася яна. - Я не хацела б пакрыўдзiць дзядулю.
      - Вы ўбраныя зусiм па-святочнаму, - запэўнiў яе Ёзэф. - Як табе падабаецца мой план, Марыяна?
      - Мне зусiм не ўсё адно, чым ты займаешся, - адказала яна, - вывучаць статыку - гэта, вядома, добра, вось толькi пытанне: якi ўжытак ты хочаш потым зрабiць з гэтай сваёй навукi?
      - Будаваць або падрываць - дакладна яшчэ не ведаю, - сказаў Ёзэф.
      - Дынамiт, напэўна, ужо занадта стары сродак, - сказала Рут, - вядома ж, ёсць куды навейшыя i лепшыя; цi ты памятаеш, як цешыўся бацька, калi яму яшчэ дазвалялi падрываць? Такi сур'ёзны ён зрабiўся толькi з тае пары, калi не стала чаго падрываць... што ты можаш сказаць пра яго, Марыяна? Цi падабаецца ён табе?
      - Ага, - сказала Марыяна, - ён мне дужа падабаецца; я ўяўляла, што ён горшы, халаднейшы, i я амаль баялася яго, перш чым з iм пазнаёмiцца; але цяпер думаю, што боязi перад iм адчуваць якраз няма чаго; вы будзеце смяяцца, але ў яго прысутнасцi я адчуваю сябе ў бяспецы.
      Ёзэф i Рут смяяцца не сталi; разам з Марыянай - яна iшла ўсярэдзiне рушылi далей; усе спынiлiся каля ўвахода ў Кронэраву кавярню; абедзве дзяўчыны яшчэ раз агледзелi сябе ў дзвярным шкле, абабiтым знутры зялёным ядвабам, яшчэ раз прыгладзiлi свае валасы, перш чым Ёзэф з усмешкай адчынiў дзверы.
      - Божухна, - сказала Рут, - я так хачу есцi; напэўна, дзядуля замовiў нам што-небудзь самае лепшае.
      Фраў Кронэр, падняўшы абедзве рукi, iшла да iх паўз пазасцiланыя зялёнымi абрусамi сталы, па зялёным ходнiку; яе серабрыстыя валасы крыху растрапалiся, на твары была напiсана бяда, вадзянiстыя вочы паблiсквалi вiльгаццю, голас дрыжаў ад непадробнага хвалявання.
      - Значыць, вы яшчэ нiчога не ведаеце? - спытала яна.
      - Hе, - адказаў Ёзэф, - а што такое?
      - Мусiць, здарылася нешта жахлiвае: колькi хвiлiн таму Ваша бабуля па тэлефоне адмовiлася за ўсiх ад урачыстай вячэры; вас просяць зайсцi ў гатэль "Прынц Генрых", нумар 212. Я не толькi сур'ёзна занепакоеная, але i вельмi расчараваная, пане Фэмель; я сказала б нават - абражаная, калi б не думала, што на тое ёсць важкiя прычыны; для нашага сталага, на працягу пяцьдзесят аднаго года, клiента, мы, вядома, рыхтавалi неспадзяванку - сапраўдны твор мастацтва... я зараз Вам гэта пакажу; а што я маю сказаць газетчыкам i карэспандэнтам радыё, якiя павiнны з'явiцца тут недзе а дзевятай - пасля святкавання ў вузкiм сямейным коле?.. Што я скажу iм?
      - Цi бабуля Вам выразна не растлумачыла прычыну?
      - Нездароўе... не ведаю, цi трэба гэта разумець як... э-э-э... хранiчнае нездароўе Вашае бабулi?
      - Мы яшчэ нiчога не ведаем, - адказаў Ёзэф. - Цi Вы б не былi так ласкавыя, каб пераслаць падарункi i кветкi нашаму дзядулю?
      - Вядома ж, з ахвотаю; але цi не хацелi б Вы, прынамсi, пабачыць нашу неспадзяванку?
      Марыяна цiхенька падштурхнула Ёзэфа, Рут заўсмiхалася, а Ёзэф сказаў:
      - З вялiкай ахвотаю, фраў Кронэр.
      - Я была яшчэ зусiм дзяўчынкай, чатырнаццаць год, калi Ваш дзядуля прыехаў у наш горад, i практыкавалася тут, у буфеце; пазней я навучылася падаваць на стол, i вы можаце сабе ўявiць, як часта мне даводзiлася накрываць яму пры снеданнi - як часта я забiрала з яго стала келiх для яек i падстаўляла яму мармелад, i, калi я нахiлялася, каб забраць сподак з-пад сыру, заўсёды зазiрала ў яго эскiзны альбомчык; Божачка мой, чалавек жа заўсёды бярэ нейкi ўдзел у жыццi сваiх клiентаў; не думайце, што мы, людзi iнтарэсу, пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў; i што Вы думаеце, я забылася пра тое, як ваш дзядуля за адзiн вечар зрабiўся славуты, атрымаўшы вялiкi заказ; мажлiва, наведнiкi думаюць, што вось так iдуць у Кронэраву кавярню, замаўляюць сабе штосьцi, плацяць за гэта i сыходзяць, але не думайце, што iх лёс не пакiдае ў нас нiякага следу...
      - Ну, пэўна ж, - сказаў Ёзэф.
      - О, я ведаю, пра што Вы думаеце - няхай старая дасць нам святога спакою: але цi напраўду я патрабую шмат, просячы, каб вы ўбачылi маю збянтэжанасць i перадалi дзядулю, што я была б дужа ўсцешаная, калi б ён прыйшоў сюды паглядзець на ўсё? Фатаграфii ў газету ўжо зробленыя.
      Яны павольна пайшлi ўслед за фраў Кронэр, па зялёным ходнiку, пасланым памiж накрытых зялёнымi абрусамi сталоў; спынiлiся, калi спынiлася гаспадыня кавярнi, а потым мiжвольна абступiлi з усiх бакоў вялiкi чатырохкутны стол, засланы палатном; пад палатном нейкi прадмет няправiльных памераў.
      - Вельмi добра, - сказала фраў Кронэр, - што нас чацвёра; вазьмiце, калi ласка, кожны за рог палатна i, калi я скамандую "падымайма", акуратна падымайце яго ўгору.
      Марыяна падпiхнула Рут да яшчэ не занятага левага рога палатна, кожны ўзяўся за свой рог, фраў Кронэр сказала: "Падымайма!", i яны паднялi палатно;абедзве дзяўчыны сышлiся, склалi свае рагi палатна, а фраў Кронэр беражлiва згарнула яго.
      - О Божа! - ускрыкнула Марыяна. - Гэта ж дакладная копiя абацтва Святога Антонiя.
      - Праўда? - спыталася фраў Кронэр. - Паглядзiце, нават пра мазаiку над галоўным уваходам мы не забылiся; a вось тут вiнаграднiкi.
      Мадэль мела не толькi дакладныя прапорцыi абацтва, але i адпаведныя колеры: цёмны касцёл, светлы гаспадарчы будынак, чырвоны дах прытулку пiлiгрымаў, каляровыя вокны рэфекторыя.
      - Усё гэта, - сказала фраў Кронэр, - зроблена не проста з цукру альбо з марцыпану, а з цеста: наш падарунак да дня нараджэння пана тайнага радцы; гэта самае лепшае пясочнае цеста. Як Вы мяркуеце, цi не змог бы Ваш дзядуля зайсцi сюды i агледзець гэты торт, перш чым мы завязём яго ў ягоны рабочы кабiнет?
      - Напэўна, - адказаў Ёзэф, - ён зойдзе i агледзiць торт; дазвольце мне напачатку ад яго iмя падзякаваць Вам; павiнны быць сур'ёзныя прычыны, якiя змусiлi яго адмовiцца ад урачыстае вячэры, i Вы нас, канечне, зразумееце...

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19