Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение (стр. 9)
Автор: Бёлль Генрих
Жанр:

 

 


      Пi, Роберт, гарбата стыне; вось цыгарэты; падыдзi сюды блiжэй: я мушу гаварыць зусiм цiха; нiхто не павiнен нас чуць, а перадусiм не павiнен нас чуць твой бацька; ён - дзiця, не ведае, колькi лiха ў гэтым свеце, як мала ў iм ёсць чыстых сэрцаў; а ён мае такое; цiха, нельга заплямiць гэткае чыстае сэрца; паслухай, ты можаш мяне вызвалiць: "мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн", i ты павiнен здабыць яго мне; з тэрасы, што на даху, я б магла яго ладна падстрэлiць; у нашай альтанцы трыста пяцьдзесят дзiрак; калi ён будзе наблiжацца на сваiм белым канi, заверне за рог вулiцы каля гатэля "Прынц Генрых", у мяне будзе досыць часу, каб добра пацэлiць; трэба глыбока ўдыхнуць паветра - я чытала пра гэта, - нацэлiцца i нацiснуць у патрэбны момант на курок; я выпрабавала гэта з Брунавым кiйком: калi ён заверне за рог, у мяне будзе дзве з паловай хвiлiны часу, але цi ўдасца мне таксама падстрэлiць i таго другога - я не ведаю; будзе сумятня, калi ён звалiцца з каня, i я не здолею другi раз спакойна ўдыхнуць паветра, навесцi i нацiснуць своечасова на курок; мне трэба толькi вырашыць, па кiм страляць: па настаўнiку гiмнастыкi цi па тым Нэтлiнгеры; ён еў мой хлеб, пiў маю гарбату, i бацька заўсёды называў яго "жвавым хлопцам". Паглядзi, якi жвавы гэты хлопец: iрваў авечак, лупцаваў цябе i Шрэлу бiзуном з калючага дроту; Фэрдзi заплацiў занадта дорага за гэты сцiплы вынiк - апёкi на назе настаўнiка гiмнастыкi, разбiтае люстэрка ў пярэднiм пакоi; не порах з кардонным карабком патрэбны, а порах з металам...
      Выпi нарэшце сваю гарбату, хлопча; цi яна табе не смачная? Што, тытунь у цыгарэтах перасох? Выбачай, але я нiколi не разбiралася ў гэтых рэчах; ты добра выглядаеш, табе да твару знешнасць саракагадовага мужчыны з сiвымi скронямi, можна падумаць, што ты нарадзiўся натарыусам; мяне разбiрае смех, калi я сабе ўяўляю, што ты напраўду калi-небудзь будзеш гэтак выглядаць; якiя ўсё ж спрытныя цяпер цырульнiкi!
      Hе будзь такi сур'ёзны: усё мiнецца, мы зноў пачнем ездзiць за горад, у Кiслiнген: бабуля i дзед, дзецi, унукi, увесь наш род; твой сын будзе спрабаваць лавiць рукамi стронгу; мы будзем есцi цудоўны манаскi хлеб, пiць iхняе вiно, слухаць вячэрняе набажэнства: "Rorate coeli decuper et nubes plurant justum"*; урачыстую перадкалядную службу; у гарах выпадзе снег, замерзнуць ручаi - выберы сабе пару года, хлопча, - каляды будуць найбольш даспадобы Эдыт; яна пахне калядамi: дзяўчына яшчэ не зразумела, што Госпад прыйшоў да нас як брат; манаскi спеў узрадуе яе адвентысцкае сэрца; i таксама ўзрадуе яе цёмны касцёл, пабудаваны калiсьцi тваiм бацькам; абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i ГёрлiнгерШтуль.
      * Акрыляйце, нябёсы, зверху, а воблакi хай пралiваюць праўду (лац.).
      Мне не было яшчэ i дваццацi двух гадоў, калi асвячалi абацтва; я яшчэ зусiм нядаўна прачытала "Падступнасць i каханне"; у мяне ў горле ўсё яшчэ сядзеў i лёгка вырываўся з яго падлеткаў смех; у зялёнай аксамiтавай сукенцы, купленай у краме Гэрмiны Горушкi, я выглядала так, быццам бы толькi што вярнулася з танцаў; ужо не дзяўчына, але яшчэ i не жанчына - не замужняя жанчына, а дзяўчына, якую спакусiлi; белы каўнерык, чорны капялюш; я была ўжо цяжарная i кожную хвiлю гатовая заплакаць; кардынал шапнуў мне: "Вам трэба было застацца дома; спадзяюся, што Вы вытрымаеце ўсё гэта". Я вытрымала, я хацела быць пры ўсiм; калi адчынiлi касцёл i пачалася цырымонiя асвячэння, мне зрабiлася непамысна; ён зусiм спалатнеў, мой малы Давiд, а я падумала сабе: цяпер яго смех прапаў; яны заб'юць яго сваiмi ўрачыстасцямi; ён на тое занадта малы i занадта малады; у яго замала мужчынскай паважнасцi ў мускулах; я ведала, што маю пекны выгляд - у зялёнай сукнi, чарнавокая, з белым, нiбы снег, каўняром; я вырашыла нiколi не забывацца, што ўсё гэта толькi гульня. Я смяялася яшчэ, калi згадвала, як настаўнiк нямецкай мовы казаў мне: "Буду пытаць Вас на пяцёрку", але я не здолела адказаць на пяцёрку; я думала ўвесь час толькi пра яго, называла яго Давiдам, малым з прашчаю, журботнымi вачыма i глыбока схаваным смехам; я кахала яго i штодня чакала хвiлiны, калi ён з'явiцца ў вялiкiм акне кабiнета; я глядзела яму ўслед, калi ён выходзiў з брамы друкарнi, употайкi прыходзiла на спеўкi iхняга хору, уважлiва ўглядалася, цi ягоныя грудзi таксама ўздымаюцца i апускаюцца ў гэтым сур'ёзным мужчынскiм спорце, ды пазнавала па яго твары, што ён не належаў да iх; я прасiла Бруну непрыкметна для iншых прыводзiць мяне ў клуб афiцэраў-рэзервiстаў, што збiраўся ў гатэлi "Прынц Генрых", каб згуляць у бiльярд; я прыглядалася да таго, як ён згiнаў i разгiнаў рукi, як белыя шары кацiлiся па зялёным i чырвоныя кацiлiся на зялёным, i там я адчула яго смех, схаваны глыбока ў iм унутры; не, ён нiколi не каштаваў бычынага прычасця, але было боязна, цi вытрымае ён апошняе, самае апошняе i самае цяжкое выпрабаванне - выпрабаванне вайсковай формай, у дзень нараджэння таго прыдурка, у студзенi: маршыроўка перад помнiкам каля моста, удзел ва ўрачыстым парадзе перад гатэлем, на балконе якога стаяў генерал; я пыталася ў сябе, як гэта будзе выглядаць, калi ён будзе шыбаваць там, унiзе, напампаваны гiсторыяй i балбатнёй пра "цяжар лёсу", у такт грукату барабанаў i лiтаўраў, пад гукi баявых ражкоў. Мне было боязна, вусцiшна, што ён будзе выглядаць смешна; я не хацела, каб ён быў смешны; я не хацела, каб яны калi-небудзь смяялiся з яго, хацела, каб ён смяяўся з iх; i я ўбачыла, як ён маршыраваў; мой Божухна, каб ты бачыў яго тады! Ён, здавалася, кожным сваiм крокам пераступаў праз кайзераву галаву.
      Пасля мне часцяком даводзiлася бачыць яго ў форме; гады лiчылiся цяпер павышэннямi ў званнi: праз два гады - обер-лейтэнант, яшчэ праз два гаўптман; я брала ў рукi яго шаблю i ўсяляк iмкнулася яе зганьбiць, апаганiць, саскрабала ёю бруд з жалезных завiткоў на парэнчах сходаў, iржу з жалезных лавак у садзе, капала ёю ямкi пад флянсы; толькi чысцiць бульбу ёй было занадта нязручна.
      Шаблi трэба кiдаць на зямлю i таптаць нагамi, як i ўсе прывiлеi; толькi дзеля таго яны iснуюць - гэта хабарнiцтва: Правая рука iх поўная дарункаў. Еш тое, што ядуць iншыя; чытай тое, што чытаюць усе, насi вопратку, якую носяць усе; тады ты найшчыльней наблiзiшся да праўды; шляхоцкасць абавязвае, яна абавязвае цябе есцi мякiну, калi яе ядуць астатнiя, чытаць ура-патрыятычны памёт на старонках мясцовых газет, а не выданнi для адукаваных людзей - Дэмеля* i iншых; не, Роберт, не прымай нiчога ад iх - нi паштэтаў ад Грэца, нi масла ад абата, нi мёду, нi залатых манет, нi рагу з заечага мяса: навошта-навошта-навошта, калi ў iншых таго няма; простыя людзi могуць спакойна есцi мёд i масла, ён не сапсуе iм нi страўнiка, нi мазгоў, але ты, Роберт, гэтага рабiць не можаш - ты павiнен есцi гэты брыдкi хлеб: вочы твае напоўняцца ад праўды слязьмi, i ты павiнен насiць вопратку з убогай тканiны - тады будзеш свабодны.
      * Рыхард Дэмель (1863-1920) - нямецкi паэт-iмпрэсiянiст.
      Я толькi адзiн раз пакарысталася сваёй прывiлеяй, адзiнадзiны раз - ты павiнен дараваць мне гэта; я не магла больш вытрываць i пайшла да Дрэшэра, каб дамагчыся табе амнiстыi; мы не маглi болей трываць: бацька, я i Эдыт; у цябе ўжо тады нарадзiўся сын; мы знаходзiлi ў паштовай скрынi вестачкi ад цябе, зусiм маленькiя, як паперкi ад парашкоў супраць кашлю; першы раз мы атрымалi вестачку ад цябе праз чатыры месяцы пасля таго, як ты знiк: "Hе турбуйцеся наконт мяне, я старанна вучуся ў Амстэрдаме. Цалую маму. Роберт". Праз тыдзень мы прачыталi другую цыдулку: "Мне патрэбны грошы, загарнiце ў газету i перадайце чалавеку, прозвiшча якога Гроль - кельнеру ў "Якары", Верхнi Порт. Цалую маму. Роберт".
      Мы аднеслi грошы туды: кельнер Гроль моўчкi паставiў нам пiва i лiманад, моўчкi ўзяў скрутак, моўчкi адмовiўся ад грошай "на чай"; здавалася, ён нас зусiм не бачыць i не чуе нашых пытанняў.
      Мы паўклейвалi твае маленькiя вестачкi ў нататнiк; новых доўга не было, потым яны пачалi надыходзiць часцей. "Грошы атрымаў усе: 2-га, 4-га i 6-га. Цалую маму. Роберт". А Ота раптам стаў зусiм не Ота, а нехта iншы; ён прывёў у дом Нэтлiнгера i настаўнiка гiмнастыкi; Ота... я зразумела, што гэта значыць, калi кажуць, што ад чалавека засталася адна абалонка; Ота быў цяпер толькi Отавай абалонкаю, якая хутка напоўнiлася iншым змесцiвам: ён не проста пакаштаваў бычынага прычасця, яно было яму прышчэплена; з яго выссалi былую кроў i ўлiлi яму новую: Отаў пагляд зрабiўся паглядам забойцы, i я са страхам хавала ад яго твае цыдулкi.
      Колькi месяцаў вестак ад цябе не было; я поўзала на каленях у сенцах, па падлозе, выкладзенай плiткамi, аглядала кожную шчылiну, кожную цалю халоднай падлогi, зняла завiткi з парэнчаў, пасаскрабала з iх увесь бруд, баючыся, што папяровыя скрутачкi могуць куды-небудзь завалiцца, што iх можа здзьмухнуць скразняком; па начах я адкручвала паштовую скрыню i разбiрала яе, а Ота вяртаўся, прыцiскаў мяне дзвярыма да сцяны, наступаў мне на пальцы, смяяўся: доўгiя месяцы я не магла нiчога знайсцi, прастойвала ночы за фiранкаю ў спальнi, чакала свiтання, пiльнавала за вулiцай i за дзвярыма ў дом, злятала ўнiз па сходах, калi паяўляўся паштар з газетамi; нiчога не было; я абшуквала папяровыя торбачкi з булачкамi, асцярожна пералiвала малако ў рондаль, адляпляла этыкетку ад бутэлькi; нiчога не было. Ад вечара мы хадзiлi ў "Якар", працiскалiся памiж мундзiраў у самы далёкi куток, за столiк, якi абслугоўваўся Гролем, але Гроль маўчаў, рабiў выгляд, нiбыта нас не ведае; толькi праз некалькi тыдняў, калi мы чарговы раз, чакаючы, сядзелi там, ён напiсаў на беражку кардоннай падстаўкi пад пiва: "Будзьце асцярожныя! Я нiчога не ведаю!", а пасля перакулiў кухаль з пiвам, размазаў разлiтае пiва так, што на месцы надпiсу засталася вялiкая чарнiльная пляма, прынёс нам новы кухаль, за якi не хацеў браць грошай, - Гроль, кельнер з "Якара", малады чалавек з вузкiм тварам.
      Мы ж, натуральна, не ведалi, што хлопец, якi кiдаў нам у паштовую скрыню вестачкi ад цябе, даўно быў арыштаваны, што за намi сачылi, а Гроль заставаўся на волi толькi з аднае прычыны - яны спадзявалiся, што ён загаворыць з намi; хто можа разабрацца ў гэтай вышэйшай матэматыцы забойцаў? I Гроль, i хлопец з вестачкамi ад цябе - абодва знiклi, Роберт; а ты ж не даеш мне карабiна, не вызваляеш мяне з гэтага заклятага замка.
      Мы перасталi хадзiць у "Якар", пяць месяцаў нiчога не чулi пра цябе; я першы раз скарысталася з прывiлеi: пайшла к доктару Эмiлю Дрэшэру, старшынi зямельнага ўрада; колiсь я разам з яго сястрою хадзiла ў школу, а з iм - на ўрокi танцаў; мы рабiлi разам паездкi за горад, ставiлi ў каламажкi бочачкi з пiвам, на лясным ускрайку выцягвалi бутэрброды з вяндлiнаю; таньчылi "лендлера" на свежапакошаных палянках; мой бацька дапамог Дрэшэраваму бацьку ўступiць у Навуковае згуртаванне, хоць у таго не было вышэйшай адукацыi але ўсё гэта лухта, Роберт: не вер у гэткiя рэчы, калi справа датычыць чагосьцi сур'ёзнага; я называла колiсь Дрэшэра "Эм" - гэта было скарачэнне ад "Эмiль", скарачэнне, якое ў тыя часы лiчылася асаблiва шыкоўным; а во цяпер, праз трыццаць год, я папрасiла далажыць яму пра мяне; я надзела шэры касцюм з фiялетавым вэлюмам, чорныя, са шнуркамi, чаравiкi; Дрэшэр сам сустрэў мяне ў пярэднiм пакоi, пацалаваў мне руку i сказаў:
      - Ах, Ёганна, называй мяне, як i раней, "Эм"!
      I я сказала яму:
      - Эм, мне трэба ведаць, дзе мой хлопец. Вам жа вядома, дзе ён!
      У гэтую хвiлю, Роберт, мне здалося, што пачаўся ледавiковы перыяд. Я адразу пазнала па iм, што ён ведаў усё, i адчула, як ён пасуровеў, зрабiўся афiцыяльны, яго тоўстыя губы заўзятага аматара чырвонага вiна ад перапуду сталi падобныя да танюсенькай нiтачкi; ён азiрнуўся, патрос галавою i шапнуў мне:
      - Учынак твайго сына быў не толькi заганны, але i надзвычай неразважлiвы з палiтычнага боку.
      А я адказала яму:
      - Куды вядзе палiтычная разважлiвасць - вiдаць па табе.
      Я хацела пайсцi, але ён затрымаў мяне i сказаў:
      - Божа мой, цi ж нам трэба ўсiм павесiцца?
      Ha што я адказала:
      - Вам - трэба.
      - Будзь усё ж разумнаю, - сказаў ён, - гэткiмi справамi займаецца палiцай-прэзiдэнт, а ты ж ведаеш, што твой сын прычынiў яму.
      - Ведаю, - адказала я. - Нiчога. На жаль, нiчога. Калi не лiчыць, што ён пяць гадоў запар выйграваў у яго ў лапту.
      Тут гэты баязлiвец прыкусiў губу i сказаў:
      - Спорт... спорт заўсёды да нечага прыводзiць.
      Тады, Роберт, мы не ўяўлялi сабе, што за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём: Вакера аддаў пад расстрэл польскага ваеннапалоннага, бо той падняў на яго руку; толькi падняў руку - нават не ўдарыў Вакеру.
      Пасля аднаго ранку я знайшла пад час снядання ў сябе на талерцы цыдулку, напiсаную Отам: "Мне таксама патрэбны грошы - 12. Можаце аддаць мне iх проста ў рукi". I я пайшла ў бацькаў кабiнет, узяла з сейфа дванаццаць тысяч марак - яны ляжалi там на той выпадак, калi ад цябе зноў пачнуць прыходзiць цыдулкi - i кiнула ўвесь пачак на стол перад Отам; я хацела ўжо ехаць у Амстэрдам i сказаць табе, каб ты не дасылаў нам болей нiякiх цыдулак: яны каму-небудзь ды каштуюць жыцця. Але ты ўжо тут; я звар'яцела б, калi б яны не далi табе амнiстыi; заставайся тут, хiба не ўсё адно, дзе жыць у гэтым свеце, у якiм за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём? Ты ведаеш варункi, якiя табе вытаргаваў Дрэшэр: нiякай палiтычнай дзейнасцi, а пасля заканчэння вучобы - адразу ў войска; я загадзя падрыхтавала ўсё, каб ты змог здаць экстэрнам iспыты на атэстат сталасцi, а пасля Клэм, прафесар статыкi, праверыць твае веды i залiчыць табе ва ўнiверсiтэце столькi семестраў, колькi ў яго атрымаецца; цi ты абавязкова хочаш вучыцца ва ўнiверсiтэце? Добра, як сабе хочаш; Эдыт вельмi радая. Падымiся да яе! Ну, iдзi! Хутчэй: хiба ты не хочаш убачыць свайго сына? Я аддала ёй твой пакой; яна чакае цябе наверсе; то iдзi ўжо.
      Ён падняўся па сходах, прайшоў праз бурыя шафы, пракраўся па маўклiвых калiдорах пад самае гарышча, дзе апошняя прыступка сходаў замяняла перадпакой каморкi; тут чуцён быў пах цыгарэт, патаемна выкураных санiтарамi. Пах вiльготнай пасцельнай бялiзны, развешанай на гарышчы; цiшыня прыгнятала, запаўняючы сабой каморку, падымаючыся вышэй i вышэй, нiбы дым у камiне. Праз акенца ў даху Роберт паглядзеў на тапалёвую алею, што вяла да аўтобуснага прыпынку: дагледжаныя градкi, цяплiца, мармуровы фантан, справа пад мурам каплiца: усё гэта рабiла ўражанне iдылii, было iдылiяй i пахла ёю; за агароджай, праз якую прапускаўся электраток, пасвiлiся каровы, свiннi капалiся ў адкiдах, каб самiм потым ператварыцца ў адкiды; работнiк вылiваў у карыта кублы тлустага булёну: чулася гучнае булькатанне; здавалася, што прасёлак вядзе ў бязмежжа цiшынi...
      Колькi ўжо разоў ён стаяў тут, на гэтай станцыi, куды яна зноў i зноў пасылала яго, каб не парушыць цэласнасцi сваiх успамiнаў? Ён зноў быў дваццацiгадовы Роберт, якi вярнуўся дадому, вырашыўшы маўчаць; ён павiнен быў паздароўкацца з Эдыт i са сваiм сынам Ёзэфам; Эдыт i Ёзэф - гэта быў сiгнал тае станцыi; яны абое былi чужыя яму, мацi i сын, i яны абое збянтэжылiся, калi ён зайшоў у iхнi пакой - Эдыт яшчэ больш за яго; цi ўвогуле яны калi-небудзь казалi адно аднаму "ты"?
      Калi яны прыйшлi пасля той гульнi ў лапту да Шрэлы, Эдыт паставiла на стол ежу: бульбу з нейкай незразумелай падлiўкаю i зялёную салату; пасля яна налiла слабай гарбаты, а Роберт не мог тады цярпець слабай гарбаты; ён уяўляў сабе, што яго будучая жонка будзе ўмець запарваць добрую гарбату; Эдыт вiдавочна таго не ўмела, i ўсё ж, калi яна ставiла бульбу на стол, ён ужо ведаў, што пацягне яе ў кусты, у Блесэнфэльдскiм парку, калi яны будуць вяртацца дамоў з Цонавай кавярнi; Эдыт была светлавалосая, выглядала на шаснаццаць год; але яна ўжо не смяялася без дай прычыны, як смяюцца падлеткi; у яе вачах, позiрк якiх цяпер адразу ж спынiўся на iм, не было фальшывага чакання шчасця; яна прамовiла малiтву, што чытаюць перад ежай: "Божа... Божа...", i ён падумаў: трэба есцi пальцамi; вiдэлец, што быў у яго ў руцэ, здаваўся яму недарэчным, лыжка - чужою, i ён упершыню ў жыццi ўсвядомiў, што такое ежа - блаславенне заспакаення голаду - i нiчога больш; толькi цары i беднякi ядуць пальцамi. Яны нiбыта не казалi адно аднаму, калi iшлi Блесэнфэльдскiм паркам да Цонавай кавярнi, i ён баяўся, даючы на яе руцэ клятву нiколi не каштаваць бычынага прычасця; глупства: ён баяўся, як пад час канфiрмацыi ў касцёле; калi ж яны вярталiся назад праз той самы парк, ён узяў Эдыт за руку, затрымаў яе, даў Шрэле адысцiся далёка ўперад, глядзеў, як яго цёмна-шэрая постаць знiкае на фоне вечаровага неба, i пацягнуў Эдыт у кусты; яна не баранiлася i не смяялася, а спрадвечнае веданне, як гэта трэба рабiць, ажыло ў яго вуснах, яго руках i рамёнах; у яго памяцi захавалiся толькi яе светлыя валасы, серабрыстыя ад летняга дажджу, вяночак срэбных кропляў на яе бровах - нiбы шкiлет нейкай мiнiяцюрнай марской жывёлiны, знойдзены на ржавага колеру ўзбярэжным пяску, у памяцi захавалiся абрысы яе вуснаў, што памнажалiся ў незлiчоныя хмаркi аднолькавай велiчынi, калi яна, прытулiўшыся да яго грудзей, прашаптала: "Яны цябе заб'юць!" Значыць, яны з Эдыт усё-ткi былi на "ты" там, у кустах, у парку, i назаўтра, пасля паўдня, у таннай мэбляванай кватэры; ён цягнуў Эдыт за сабою, трымаючы за запясце: iшоў па горадзе, нiбы сляпы, нiбы яго вяла чароўная палачка; iнстынктыўна ён знайшоў патрэбны дом, пад пахай у яго быў скрутак з порахам для Фэрдзi, з якiм яны павiнны былi спаткацца ўвечары. Тады ён зрабiў адкрыццё: яна ўмее ўсмiхацца; яна ўсмiхнулася, паглядзеўшыся ў люстэрка - самае таннае, якое здолела купiць у краме са стандартнымi цэнамi гаспадыня дома; Эдыт усмiхнулася, адкрыўшы i ў сабе тое спрадвечнае веданне; а ён ужо тады дапяў, што скрутак з порахам, якi ляжаў на падаконнi, - дурасць, якую трэба было зрабiць; розум не быў прыдатны нi да чога ў гэтым свеце, у якiм за жэст рукi можна было заплацiць жыццём; усмешка Эдыт на твары, нязвычным да ўсмешак, здавалася яму цудам, а калi яны потым сышлi ў пакой гаспадынi, Роберт здзiвiўся, як танна iм абышоўся пакой: ён заплацiў за ўсё марку i пяцьдзесят пфенiгаў, а гаспадыня адмовiлася ўзяць пяцьдзесят пфенiгаў, якiя ён хацеў пакласцi ёй "на чай":
      - Hе, шаноўны пане, на чай не бяру, бо не хачу нi ад кога залежаць.
      Значыць, ён усё ж быў на "ты" з тою жанчынаю, што сядзела тут, трымаючы на каленях дзiця - Ёзэфа: Роберт узяў хлопчыка, нязграбна патрымаў яго якую хвiлiну, паклаў дзiця на ложак, i спрадвечнае веданне зноў вярнулася да яго - у яго рукi, рамёны, губы. Яна так i не навучылася запарваць гарбату нават пасля таго, як яны займелi сваю кватэру з мэбляю, нiбы лялечнай, калi ён вяртаўся дамоў з унiверсiтэта альбо ў водпуск як унтэр-афiцэр сапёрных войскаў; ён вывучыўся на спецыялiста па выбухах, пазней сам рыхтаваў каманды выбухоўцаў, сеяў формулы, у якiх было якраз тое, чаго хацеў - руiны i прах, помсту за Фэрдзi Прогульске, за кельнера Гроля, за хлопца, што ўкiдаў яго цыдулкi ў паштовую скрыню. Эдыт з сеткаю на пакупкi, з кнiжачкай iльготных талонаў; Эдыт, якая гартае кухарскую кнiгу; яна давала хлопчыку бутэлечку з малаком, кармiла грудзьмi Рут; малады бацька, маладая мацi; яна прыходзiла з дзiцячым вазком па яго, пад браму казармы; яны разам прагульвалiся берагам ракi, iшлi праз футбольныя палi i палi для лапты; яны сядзелi каля запруды, на дамбах, пакуль Ёзэф забаўляўся на рачным пяску, а Рут вучылася рабiць першыя крокi; два гады яны гулялi ў гэтую гульню, што называлася "шлюб": ён нiколi не здаваўся самому сабе жанатым мужчынам, хоць разоў семсот, калi не болей, зайшоўшы дамоў, вешаў у пярэднiм пакоi фуражку i шынель, знiмаў кiцель, сядаў да стала; Ёзэф на каленях, а Эдыт тым часам чытала малiтву: "Божа... Божа..."; толькi нiякiх прывiлеяў, нiякай звышарыгiнальнасцi; фельдфебель сапёрных войскаў д-р Роберт Фэмель, з выдатнымi матэматычнымi здольнасцямi; ён еў гарохавы суп, калi суседзi прымалi з радыёпрыёмнiка бычынае прычасце; яго водпуск з часцi доўжыўся да пабудкi; першым трамваем ён вяртаўся ў казарму; пацалунак Эдыт каля дзвярэй i дзiўнае адчуванне, нiбыта ён зноў яе зганьбаваў - гэтую маленькую светлавалосую жанчыну ў чырвоным шлафроку; Ёзэф трымаўся за яе руку, Рут ляжала ў вазку; нiякай палiтычнай дзейнасцi - хiба ён калi-небудзь займаўся палiтычнай дзейнасцю? Амнiсцiравалi, даравалi яму ягоную юначую дурноту; ён належаў да найбольш здольных кандыдатаў на афiцэра; тупасць заварожвала яго, бо яна несла ў сабе формулы; ён сеяў наўкол прах i разбурэнне, убiваў у галовы формулы выбухаў. "Ад Альфрэда нiчога няма?" - Ён не ведаў, пра каго яна пыталася, забыўшы, што яе дзявочае прозвiшча было Шрэла. Час вымяраўся падвышэннямi ў званнi: праз паўгода яфрэйтар, яшчэ праз паўгода унтэр-афiцэр, праз паўгода фельдфебель, а яшчэ праз паўгода лейтэнант; потым атупелая, шэрая, зусiм бязрадасная маса пацягнулася да вакзала; нi кветак, нi смеху на ўзбочынах вулiц, нi кайзеравай усмешкi па-над iмi, нi пыхi пасля доўгага цiхамiрнага жыцця; раздражнёная, але тупа-пакорлiвая маса; ён пакiнуў свой лялечны пакой, дзе яны бавiлiся ў шлюб, i на вакзале зноў паўтарыў клятву нiколi не прымаць бычынага прычасця.
      Ад чаго ён мерзнуў - ад вiльготнай пасцельнай бялiзны цi ад вiльгацi муроў? Цяпер ён ужо мог пакiнуць станцыю - пост, якi яму вызначыла мацi. Пароль - "Эдыт, Ёзэф". Ён прытаптаў на падлозе цыгарэту, зноў сышоў унiз па сходах; павагаўшыся хвiлю, нацiснуў на клямку, убачыў, як яго мацi гаварыла па тэлефоне; яна рукой паказала яму маўчаць, гаворачы адначасна ў тэлефонную трубку: "Я вельмi цешуся, святы айцец, што вы можаце абвянчаць iх у нядзелю; мы сабралi ўсе паперы; цывiльная цырымонiя ўзяцця шлюбу адбудзецца заўтра".
      Цi ён сапраўды пачуў адказ пробашча, цi гэта ён прыснiў - "шаноўная панi, я буду надзвычай рады, калi гэтая крыўдная недарэчнасць будзе нарэшце лiквiдаваная".
      Эдыт не схацела ўбiрацца ў белыя строi i адмовiлася пакiнуць Ёзэфа дома; яна трымала яго на руках у тую хвiлю, калi святар запатрабаваў ад iх абаiх слова згоды на шлюб; граў арган; Роберт таксама не быў у чорным гарнiтуры; няма чаго перапранацца - час iсцi; шампанскага не было: бацька не любiць шампанскага, а бацька нявесты, якога ён бачыў толькi адзiн раз у жыццi, бясследна знiк, ад швагра ўсё яшчэ анiякiх вестак; яго шукалi за спробу забойства, хоць ён пагарджаў порахам у скрутку i хацеў не даць адбыцца замаху.
      Яна павесiла трубку, падышла да Роберта, паклала яму рукi на плечы, спыталася:
      - Якi цудоўны ў цябе сыночак, праўда? Пасля вяселля ты павiнен усынавiць яго, а я ўжо адпiсала ў тастаменце ўсё на яго карысць. Выпi яшчэ гарбаты; у Галандыi ж п'юць добрую гарбату; не бойся: Эдыт будзе добрай жонкаю; ты хутка здасi iспыты на атэстат, я абстаўлю вам кватэру, а ты не забывайся патаемна ўсмiхацца, калi пойдзеш у войска; паводзь сябе цiха i памятай, што на свеце, дзе за адзiн толькi жэст рукi можна заплацiць жыццём, гэткiя пачуццi нiчога ўжо не значаць; я абстаўлю вам кватэру, бацька будзе рады; ён паехаў у абацтва - быццам там можна неяк сябе суцешыць. "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; ах, мой хлопчык, яны забiлi таемную бацькаву ўсмешку; у ёй паламалася спружына - яна не магла вытрываць гэткага цiску; i тут ужо не дапаможа ладнае слоўца "тыраны"; бацька не здолее больш вытрываць у сваiм кабiнеце, а Отава абалонка страшыць яго; ты павiнен замiрыцца з Отам; прашу, паспрабуй зрабiць гэта; ну, калi ласка, iдзi ўжо.
      Спробы замiрыцца з Отам; ён шмат разоў рабiў iх, падымаўся наверх, стукаўся ў дзверы; гэты маларослы хлопец не быў яму чужы; вочы нават не глядзелi на яго як на чужака; за шырокiм бледным Отавым iлбом была ўлада, увасобленая ў найпрасцейшай формуле, улада над палахлiвымi школьнымi таварышамi, над прахожымi, што не вiталi iхняга штандара; улада, якая магла б нават кагосьцi ўзрушваць, калi б яна выяўлялася толькi ў прыгарадных спартыўных залах альбо на рагу вулiцы, калi б Ота хацеў атрымаць тры маркi за выйграны баксёрскi паядынак альбо - як пераможца - схадзiць у кiно з дзяўчынаю ў стракатай сукенцы i па дарозе цалаваць яе ў пад'ездзе; але ў Оты не было нiчога, што б каго-небудзь магло ўзрушыць - таго, што ён часам знаходзiў у Нэтлiнгеры; мэтай ягонай улады быў не выйграны баксёрскi бой i не дзяўчына ў стракатай сукенцы; нават у яго мазгу ўлада ўжо зрабiлася формулай, пазбаўленай карысцi, вызваленай ад iнстынктаў; у ёй амаль не было нянавiсцi, улада ажыццяўлялася механiчна: удар за ўдарам.
      Брат; вялiкае слова, Гёльдэрлiнава слова - гэткае агромнiстае, што, здаецца, нават смерць не можа напоўнiць яго, калi гэта была Отава смерць; нават вестка пра смерць не прынесла замiрэння: "Загiнуў пад Кiевам!" - у гэтых словах маглi прагучаць трагiзм, велiч, братэрства; гэтыя словы ў спалучэннi з Отавым узростам маглi б узрушваць, як словы надмагiльнага надпiсу: дваццаць пяць год, загiнуў пад Кiевам; але нiчога ў тых словах не прагучала для яго, i ён дарэмна спрабаваў памiрыцца з Отам пасля яго смерцi; "вы ўсё-ткi браты..." - казалi яму; сапраўды, яны былi братамi, згодна з запiсам у кнiзе актаў цывiльнага стану i паводле сведчання акушэркi; мажлiва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калi б яны напраўду былi чужыя адзiн аднаму, ды яны не былi чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п'е каву, гарбату, пiва; але Ота еў не такi хлеб, пiў не тое самае малако i каву, што ён; яшчэ горш было са словамi, якiя яны казалi адзiн аднаму: калi Ота гаварыў "хлеб", гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова "pain"*, пачутае першы раз, калi ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць - "хлеб"; сыны аднае маткi i аднаго бацькi, якiя нарадзiлiся i гадавалiся ў адным i тым доме, у адным доме елi, пiлi, плакалi, дыхалi адным паветрам, хадзiлi адной дарогай у школу; i разам смяялiся, гулялi; ён называў Оту "браткам", адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баiцца матэматыкi, дапамагаў яму, цэлымi днямi зубрыў з iм, каб пазбавiць таго страху, i тут ён здолеў вызвалiць братку ад страху - ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзiла на язык, не было праўдзiвым, не гучала, калi ён думаў пра Оту; i ён упершыню зразумеў тады, што сапраўды значылi словы Эдыт "пакаштаваць бычынага прычасця": Ота б выдаў катам родную мацi, каб яна iм спатрэбiлася.
      * Хлеб (франц.).
      А калi Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замiрыцца, калi ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: "Ну што?" Ён меў тут рацыю - сапраўды: што Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былi нават чужыя адзiн аднаму, дасканала ведалi адзiн аднаго: ведалi, напрыклад, што адзiн не любiць апельсiнаў, a другi аддае перавагу пiву перад малаком; яны ведалi, што хтосьцi з iх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькiя цыгаркi, а хтосьцi пакiдае закладкi ў календары Шота.
      Роберт зусiм не здзiўляўся, калi бачыў, як Бен Вакс i Нэтлiнгер падымалiся ў Отаў пакой, калi ён сустракаў iх у калiдоры, усвядомiўшы, што тыя абодва былi яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамi ўвесь час, а любой гадзiне дня i ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары - як, напрыклад, чыгуначнiкi; тыя абодва вызначалiся паблажлiвасцю: паляпвалi яго па плячы; Нэтлiнгер казаў: "Ну, хiба гэта не я даў табе ўцячы?" Яны паслалi на смерць Фэрдзi, паслалi Гроля i бацьку Шрэлы туды, дзе людзi без следу знiкаюць, але цяпер яны казалi: "Што было, тое было". Нiхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамiнаць iм таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыялiст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, iльготную ашчадную кнiжку i дваiх дзяцей. "Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нiчога не здарыцца..."
      Ну дык што? Цi гаварыў ты з Отам? Без вынiку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў i зноў; падыдзi блiжэй, цiха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на iм - праклён, чары - калi гэта табе больш даспадобы; i ёсць толькi адзiн спосаб вызвалiць яго: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Госпад кажа: "Помста мая", а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?
      Яна падышла да акна, выцягнула з кута памiж фiранкаю i акном дарожны кiй свайго брата, якi памёр сорак тры гады таму; ускiнула кiй да пляча, нiбы стрэльбу, i нацэлiлася, узяла на мушку Бена Вакса i Нэтлiнгера; яны ехалi па вулiцы конна - адзiн на сiвым, другi на гнедым жарабцы; кiй рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу - як быццам яе мерылi секундамерам; яны павярнулi за рог дома, праехалi паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалi да Мадэставай брамы, якая засланiла коннiкаў ад яе; апусцiўшы кiй, мацi сказала: "У мяне ёсць дзве з паловай хвiлiны часу". Зрабiць глыбокi ўдых, нацэлiцца, своечасова нацiснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нiдзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставiла кiй у кут.
      - Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплiвасцi, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкi з порахам, да пораху патрэбны свiнец: помста за апошняе слова, што вымавiлi нявiнныя вусны майго сына: "Гiндэнбург"; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлi; я павiнна сцерцi гэтае слова; хiба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны памiралi, маючы сем год, i выдыхалi апошняе слова "Гiндэнбург"? Я парвала лiсток з вершам i выкiнула шматкi паперы на вулiцу, а ён быў дысцыплiнаваны малы хлапчук ды прасiў мяне дастаць яму копiю; але я адмовiлася, не хочучы, каб тая лухта вымаўлялася яго вуснамi; у гарачцы ён спрабаваў аднавiць у памяцi радкi верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткi адно чула: "...Хай Госпад заўсёды будзе з табой"; я спрабавала спынiць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маiх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: "...Пакуль нямецкiм лясам стаяць, пакуль нямецкiм сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць - датуль яго iменi ў сэрцах жыць"; тое, з якiм нацiскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова "яго", амаль забiла мяне насмерць; я пазбiрала ўсе цацкi ў хаце, забрала ў цябе твае - i, не зважаючы на твой лямант, склала iх усе на Генрыхавай коўдры; толькi ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне... Генрых, Генрых! Я крычала, малiлася i шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краiну трызненняў, у якой для яго застаўся адзiны радок верша: "Гiндэнбург! Наперад! На бой!"; толькi той адзiн-адзiны радок верша жыў у iм; i апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: "Гiндэнбург".
      Я павiнна адпомсцiць за спанатраныя вусны майго сямiгадовага сыночка; няўжо ты гэтага не разумееш, Роберт? Адпомсцiць тым, што едуць конна паўз наш дом, да Гiндэнбургавага помнiка; за iмi нясуць гладкiя вянкi з залатымi, чорнымi i фiялетавымi стужкамi; я ўвесь час думаю: няўжо ён нiколi не памрэ? Няўжо мы будзем вечна бачыць на паштовых марках гэтага састарэлага буйвала, чыё iмя зрабiлася дэвiзам у сынавых вуснах? Цi ты цяпер дасi мне карабiн?

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19