Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Драбы (на белорусском языке)

ModernLib.Net / История / Случанский Владимир / Драбы (на белорусском языке) - Чтение (стр. 16)
Автор: Случанский Владимир
Жанр: История

 

 


      - Адказвай! - паўтарыў свой загад Вiтаўт, i вочы яго заблiшчэлi як сталь.
      Сыч маўчаў, прыкметна хвалюючыся. У душы гэтага адважнага чалавека зараз iшла неймаверная барацьба - прызнацца цi не?...
      - Гэта ня ён, Ваша Высокасьць! - пачуўся супакойны голас Фёдара. - Гэта ня ён, i я таму сьведкай!
      Сыч з удзячнасьцю зiрнуў у бок Ваяводы ды йзноў апусьцiў галаву. Апрышкi, нiчога не разумеючы, прыглядалiся да свайго атамана.
      - Мы хочам ведаць, у чым справа! - раптам крыкнуў Князь Глiнскi.
      - Сапраўды! У чым ён вiнен яшчэ? - загулi Дастойнiкi Суда.
      Вiтаўт устаў, абвёў урачыста вачамi прысутных, i абвесьцiў:
      - Ён вiнен у сьмерцi Мацея Вадзянiка, перавожчыка з Прыпяцi, i цэлай яго сям'i! Мы верым сьведчаньню Ваяводы Фёдара, аднак, усёроўна, хочам пачуць, што скажа Сыч!
      Усе вочы ўпiлiся ў пахмурага Сыча. А ён стаяў бледны, зарослы барадой i нерухомы, утаропiўшыся ў зямлю.
      - Чаго-ж ты маўчыш, Сыч? Кажы! - ускрыкнуў абражаны Фёдар.
      Сыч нерашуча зiрнуў у яго бок, i, трасянуўшы галавой, як-бы страсаючы сон, прамовiў:
      - Мацея Вадзянiка забiў Ваявода Станiслаў з Крэва!...
      Нiхто не абазваўся ў адказ. Нiхто не запярэчыў гэтаму, нiхто й не пацьвердзiў. Чакалi.
      - Чым давядзеш? - недаверлiва спытаў Вiтаўт.
      Сыч iзноў на кароткi час задумаўся, а потым папрасiў:
      - Ваша Высокасьць, дазвольце мне пагутарыць з цырульнiкам?
      Нягледзячы на такую дзiвацкую прозьбу й недарэчную прозьбу, Гаспадар дазволiў. I пасьля некалькiх прыцiшаных слоў Сыча, цырульнiк моўчкi ўзяўся працаваць каля ягоных густых барады й вусоў.
      Дастойнiкi Суда чакалi. Вiтаўт нецярплiва церабiў залатую бахраму пры похве мяча. Ваявода Фёдар з палёккай i радасьцю сачыў за рухамi цырульнiка, а бачачы яго радасьць, радаваўся й Сенька з Пагосту, пераможна аглядаючыся на бакi, хаця роўна нiчога не разумеў.
      Але вось цырульнiк скончыў i адыйшоў убок. Вiтаўт, зiрнуўшы на падсуднага, спачатку анямеў зь неспадзеўкi.
      - "Пазнаў!" - здагадаўся Фёдар.
      А Гаспадар, ускочыўшы на ногi, крыкнуў, ды так, што аж груганьнё з гучным крумканьнем узьнялося ў паветра:
      - Якуб Вадзянiк!!!
      Так, гэта быў ён - Якуб, Мацея Вадзянiка старэйшы сын, якi невядома куды зьнiк пасьля пабоiшча на Прыпяцi. Лiчылi, што, будучы параненым, зсунуўся ў раку й патануў. Зараз-жа - ён жывы й здаровы, стаяў перад Гаспадарскiм Судом як правадыр апрышак, i быў абвiнавачаны, мiж iншым, у забойстве сваiх бацькоў, братоў, i самаго сябе.
      Сям'ю Вадзянiка ведаў шмат хто з прысутных на Судзе, ведалi й аб крывавай драме на перавозе, i цяпер кожны ня верыў уласным вачам. Надта-ж цяжка было паверыць, бо прызвычаiлiся за зiму да здарыўшагася, а тут - маеш табе!
      Князь Глiнскi, не адрываючы вачэй ад ператворанага Сыча, з боязьзю прашапацеў:
      - Можа, ён ваўкалака?... Цi мо' прывiд?...
      Сiла Вахрэмчык, Войт з-пад Лiды, хуценька перахрысьцiўся (на ўсякi выпадак) - дрэнныя тут жарты.
      I йзноў, толькi Сенька з Пагосту радаваўся шчыра й адчынена. Хаця ён i ня надта добра разумеў, што сталася, аднак, бачачы задавальненьне Ваяводы Фёдара, цешыўся сам. Яго барадаты твар адлюстроўваў такую радасьць, што, гледзячы на яго, пачалi рагатаць, адзiн за другiм, усе Дастойнiкi Суда.
      Вiтаўт зыйшоў з падвышэньня, i, наблiзiўшыся да Сыча (цi Якуба), абмацаў яго. Сумлiву не магло быць - гэта стаяў жывы Якуб, з плоцi й крывi, а ня прывiд. Абмацалi Сыча й усе Дастойнiкi Суда...
      Паступова зьдзiўленьне ўлеглася. Вiтаўт iзноў узыйшоў на падвышэньне й прамовiў:
      - Сыч з Пушчы неспадзявана абярнуўся ў Якуба Вадзянiка зь перавозу, - i, павярнуўшыся да Сыча, запытаў: - Чаго адразу не прызнаўся, хто ты?
      - Хацеў захаваць таямнiцу, Ваша Высокасьць, бо нiхто з нашага роду нiколi ня быў у апрышках цi ў якiх iншых беззаконьнях заблытаны!
      - Як-жа ты туды трапiў? - голас Вiтаўта гучэў ужо зусiм iнакш, чым у часе Суда. - Разказвай!
      Сыч, хвалюючыся ўсё болей i болей, падрабязна разпавёў пра загiбель сваёй сям'i. Пачаўшы з таго, як перавезьлi вечарам Ваяводу Станiслава праз Прыпяць, як начаваць прыйшлося ў хляву. Як ранiцай, панёсшы дровы ў хату, застаў там ксяндза, зьдзiраючага са сьценаў абразы. Як, грымнуўшы дравамi аб падлогу, кiнуўся на ксяндза й сапхнуў яго з лавы, на якой той стаяў. Як усьлед за гэтым - воi Станiслава кiнулiся зь мячамi, але, дзякаваць Богу, удалося выскачыць з хаты. Як пасьля кароткага бою, ён упаў, падбiты стралой. Больш нiчога ня бачыў, а калi прачухаўся, то быў у будзе ляснога прыхiльнiка Ярылы. Выдужаўшы, вырашыў знайсьцi й адпомсьцiць забойцу, аднак, ня будучы пасаваным Драбам, ня мог i думаць, каб выклiкаць яго на ўтаптаную зямлю, ды ў дадатак ня ведаў ягонага ймя. Таму й абраў такi шлях, на якiм, вандруючы, дапамагаў-бы пакрыўджаным людзям, i ў канцы спадзяваўся-такi спаткаць свайго ворага, што й сталася пад Камянцом, аднак злавiць яго не ўдалося...
      Вiтаўт, выслухаўшы гэтае апавяданьне, цяжка задумаўся: "Адпусьцiць Якуба на волю нiяк нельга, а пакараць - шкада..."
      Над пляцам iзноў запанавала цiша. Дастойнiкi Суда нецярплiва пазiралi на Гаспадара:
      - Што ён вырашыць?
      Нарэшце, Вiтаўт, павярнуўшыся да Князя Жыгiмонта Карыбута, нерашуча спытаў:
      - Як ты скажаш? Што зь iм рабiць?
      - Пусьцi яго да мяне ў Дружыну, Гаспадарэ, i не пашкадуеш! - паўтарыў сваю прозьбу Князь.
      - А ты, Князь Глiнскi, што ты скажаш?
      - Даруйце яму, Ваша Высокасьць! Адкупiў ён свае грахi, пад Камянцом... Хай iдзе куды хоча!
      - А ты?... - павярнуўся Вiтаўт да Пасаднiка Вiленскага.
      - Волю, Ваша Высокасьць! Дайце яму волю!
      - А ты, Сiла?
      - Волю, Ваша Высокасьць!
      I так, па парадку, усе Дастойнiкi Суда высказалiся за апраўданьне Якуба. Нi адзiн не прамовiў слова супраць. Толькi й чуваць было: Волю! Волю! Волю!...
      Вiтаўту й самаму хацелася адпусьцiць Якуба, але трэба было неяк абмежаваць яго волю, каб адчуваў, што за беззаконьнi свае кару нясе. I вось, прагучэў вырак:
      - У працоўныя Дружыны - на будову дарог, мастоў i ўмацаваньняў! Усiх! Сыча й апрышак! Да нашага наступнага загаду.
      Буйныя крыкi радасьцi заглушылi шчырую падзяку Якуба.
      Ваявода Фёдар зьбег з падвышэньня й абняў узрушанага былога атамана апрышак, а цяпер працоўнага дружыньнiка...
      Не падзяляў агульнай уцехi толькi адзiн чалавек - Прышынскi. Прымасьцiўшыся з тылу радаснай грамады апрышак, ён курчыўся ад праймаючага страху. Цэлую ноч, седзячы ў вязьнiцы, ён надумваў, што будзе казаць на Суду. Як давядзе сваю нявiннасьць, выставiць вiнаваўцам усяго Ваяводу Фёдара й Станiслава. Давядзе, што Крыжацкую Харугву здабыў у жорсткiм баю зусiм сумленна, а грошаў нiякiх i ня бачыў... Шмат плянаў перабраў ён у галаве, i ўсе яны былi адзiн аднаго лепшыя. У марах бачыў, як Вiтаўт ласкава падасьць яму руку, як верне назад у Камянец i прызначыць тамтэйшым Войтам. А Ваяводу Фёдара кiне ў падзямельле, закутага ў кайданы, i разам зь iм таго воя, што сьведчыў пра здарэньне пад Готэсвэрдэ. Разгулянае ўяўленьне малявала яму, што абвiнавачаны Ваявода Фёдар упадзе перад iм, Войтам Прышынскiм з Камянца, на каленi й будзе малiць аб лiтасьцi, а ён, горда адвярнуўшыся, са ўсяго размаху вытне яму нагой у твар i, зварочваючыся да Вiтаўта, прамовiць: "Няма лiтасьцi, i быць ня можа, над здраднiкам i йлгуном!"...
      Але, вось зараз, калi настаў час адказваць, Прышынскi здрантвеў i разгубiў усе пляны. Застаўшыся самотна на пляцоўцы падсудных, ня вытрымаў пад суровымi вачамi Гаспадара ды Высокiх Дастойнiкаў, i ўпаў на каленi зь енкам:
      - Лiтасьцi... Каюся...
      Канцлер iзноў выступiў уперад i прачытаў Скаргу. Яна была кароткая, але забойчая. I допыт, таксама, быў кароткi.
      Прышынскi ў адчаi прызнаў сваю правiну, спадзяючыся гэтым зьмякчыць вырак. Мiж iншым разказаў i пра Платона Скабеля, якому даваў прытулак у сваiм Замку, хаця й ведаў, што ён займаецца рабункам i душагубствам...
      Судзьдзi выслухалi яго споведзь моўчкi, з агiдай адвяртаючыся, каб не сустракацца зь яго молячым позiркам. На запытаньне Гаспадара, кожны з Дастойнiкаў станоўча прамовiў:
      - Сьмерць!
      Толькi Ваявода Фёдар, а за iм i Сенька з Пагосту, запрапанавалi пазбавiць яго маёмасьцi, ды "няхай iдзе куды хоча..."
      Прышынскi з надзеяй глядзеў на Вялiкага Князя...
      Вiтаўт устаў i прамовiў:
      - За здраду, за хлусьню, ты мусiш памерцi!
      - Не магу!... - закрычаў бядак. - Ваша Высокасьць, не магу!... Я жыць хачу... Лiтасьцi... - i папоўз к падвышэньню...
      - Ён ня можа сам! Занадта палахлiвы! - у гневе ўказаў на яго рукой Вiтаўт i, зiрнуўшы на варту, загадаў: - Узяць гэту брыдоту! Зьняць галаву й закапаць у гной!...
      Падхапiлi вартаўнiкi Прышынскага й пацягнулi прэч. Доўга яшчэ чулiся яго крыкi й маленьнi...
      Суд скончыўся. Гаспадар, аглядзеўшыся й прыкмецiўшы Кандрата й Кiрыма, знакам паклiкаў iх да сябе. I, калi абодва наблiзiлiся, прыветна прамовiў:
      - Кандрат Тур, ты ўжо другi раз паслужыў мне. А верную службу й адвагу трэба ўзнагароджваць спаўна, пагэтаму... Укленч!
      I, праз кароткi час, стары шукач прыгод Кандрат Тур цалаваў руку Вiтаўта, трымаючы залаты пас i шпоры. У дадатак пайшоў маёнтак у Быстрыцы.
      Кiрым з гонарам прыняў ад Гаспадара ўпрыгожаны самацветамi меч i залаты нашыйны ланцуг, але адхiлiў прапанову перайсьцi Сотнiкам у Татарскi полк пад каманду Хана Саладзiна, а зажадаў застацца пры Ваяводзе з Грозава ў якасьцi збраяносца[41].
      Мiколку, з волi Вiтаўта, прыгарнуў Архiрэй Цамбляк i паабяцаў у Наваградку аддаць да навукi. Хлапец з уцехi нават забыўся й падзякаваць.
      28. НА ВЯЧЭРЫ
      Васiль весела падганяе каня. У празрыстым палудзенным апары ўжо адзначылiся вежы й Царкоўныя купалы Полацку. Старадаўняя сiвая Сталiца купаецца ў зеленi прысадаў i зiхацiць золатам у праменьнях вяснавога цёплага сонца. Белакаменныя муры Замку й Сабораў, ласкава, i ў той-жа час паважна, клiчуць здалёк сваiм урачыстым хараством. Сталёвым бляскам прамянее магутная Дзьвiна, i як-бы пераконвае разгуляўшуюся Палату.
      Мiмаволi наплывае ў душу гордасьць i радасны ўздым. Крадком, Васiль кiдае позiрк на свае шпоры - як пышна яны блiшчаць. Здаецца, вось такая маленькая рэч - залатыя шпоры, а якога духу яны надаюць. Шчасьлiвы той, хто мае гонар iх насiць! Зь iмi прыходзяць: пашана, гонар, багацьце й упэўненасьць у самiм сабе. Васiль радуецца! А зь iм, здаецца, радуецца й увесь Сьвет.
      - Ну! - гукае ўбуджаны Драб з Копыля. - За мной! - i пускаецца ўскач з узгорка.
      Зь лязгатам i гiкам нясуцца сьледам: збраяносец, стрэмяны й поўтузiна вояў пачоту. Вiхурой праносяцца па слабадзе й выяжджаюць к беламу гарадзкому муру.
      Вартавыя ў браме пачцiва салютуюць. Дзясяцкi прыветна ўсьмiхаецца...
      Дарогу разпытваць ня трэба. Васiль ведае Полацак так, як свой родны Копыль. Таму, не затрымваючыся, кавалькада выносiцца на брукаваную вулiцу й заварочвае к Верхняму Замку. Прахожыя аглядаюцца ўсьлед запаленым коньнiкам, i сэрца Васiля напаўняецца яшчэ большым гонарам (ён яшчэ не прызвычаiўся да свайго новага стану). З вокнаў, час ад часу, высоўваецца прыгожая галоўка маладзiцы, i доўга махае хусткай белая ручка, усьлед усьмехненым воям. Хай бы цяпер забачыла...
      Вясна вакол, i ў грудзях кiпiць маладая кроў... Вясна!...
      Князь Брачыслаў Альгердавiч якраз адпачываў у парку, калi яму далажылi аб прыезьдзе ганца з Трокаў.
      - Вядзiце сюды! - пахмура прамовiў ён. - Тут i прыйму яго...
      Пасьля ад'езду Вiтаўта з Полацку, памiж iм i Князем Брачыславам устанавiлiся напружаныя адносiны. Ня мог Брачыслаў прабачыць Гаспадару за тое, што ён перадаў каманду над Дружынамi маладзейшаму векам Князю Жыгiмонту Карыбуту. Скрыўдзiўся Брачыслаў моцна, бо заўсёды й паўсякчас шанаваў Вiтаўта, ды служыў яму верай i праўдай.
      А Гаспадар, са свайго боку, адчуваючы насьцярожанасьць Брачыслава, i не здагадваючыся, чым яна выклiканая, з падозрай глядзеў у бок Князя Полацкага роднага брата Караля Ягайлы й, значыць, прэтэндэнта на Вялiкакняжы Пасад.
      Не дайшоўшы некалькi крокаў да Князя, Васiль ветлiва пакланiўся й, зьняўшы шолам, прамовiў:
      - Ад Гаспадара Вялiкага Князя Лiтоўскага, Вiтаўта Кейстутавiча, ушанаваньне табе, Княжа Брачыслаў Альгердавiч!
      - Што жадае ад мяне Гаспадар наш, Вялiкi Князь? - спытаў, гледзячы кудысь убок, Брачыслаў абыякавым голасам. Ён чакаў пачуць у адказ нешта непрыемнае, балючае, бо за гэты час, у думках, вытварыў перакананасьць, што Вiтаўт шукае сваркi, каб усунуць яго з Полацкага Пасаду.
      - Яго Высокасьць, Гаспадар Вялiкi Князь, жадае бачыць Вашу Сьветласьць у Троках. Не пазьней як за тры тыднi! - голас Васiля гучаў як загад.
      - Ну, я так i ведаў! - не ўтрымаўся Князь i, гнеўна зiрнуўшы на ганца, запытаў: - Цi ведаеш, для чаго гэта яму спатрэбiлася? Даў-бы ўжо супакой пад старасьць!...
      Васiль зразумеў, што робiцца ў душы гэтага слаўнага воя, бо чуў у Троках аб непрыязьнi Вiтаўта, i пасьпяшаў з адказам:
      - Яго Высокасьць хочуць чуць радаў Вашай Сьветласьцi на нарадзе!
      - Што?! - аж падскочыў ад неспадзеўкi Князь i, ня верачы сваiм вушам, загадаў: - Паўтары яшчэ раз тое, што ты толькi-што сказаў!
      - Яго Высокасьць хочуць чуць радаў Вашае Сьветласьцi на нарадзе!... усьмiхаючыся, паўтарыў Васiль.
      - Ты пэўны таго, што кажаш?... I ўсьмiхацца пакiнь, вялiкае вагi ты весткi прывёз! Давай граматы!
      - Зусiм пэўны, Ваша Сьветласьць! Вось граматы...
      - Гм... - толькi й прамармытаў Князь, прымаючы скрутак. Ён разгубiўся. Надта-ж неспадзявана прыйшлi гэтыя запросiны й захапiлi зьнянацку. Але сумневу не магло быць - ганец трымаўся пэўна, ды ў дадатак, усё гэта было вельмi падобнае на Вiтаўта, зь ягонымi маланкавымi рашэньнямi. Аднак, апроч радаснага ўсхваляваньня (старая крыўда ўжо забылася, здавалася ня вартай увагi) у душу Князя закралася падозра - а што, калi Вiтаўт рыхтуе нейкi страшэнны ўдар, якi скрышыць адным махам усе надзеi й самаго Брачыслава...
      - Дык калi, кажаш, Гаспадар жадае бачыць мяне?
      - Не пазьней трох тыдняў!
      - I дзеля чаго?
      - Прадбачыцца сустрэча з Каралём Ягайлам!
      Князь задумаўся - калi-б Вiтаўт задумаў якiя падкопы, дык пашто яму было прысылаць гэтага, такога шчырага на выгляд, Драба? I спатканьне з Каралём, а Брачыслаў брата ненавiдзеў...
      - Як цябе клiчуць? - раптам спытаў ён, пiльна прыглядаючыся да ганца.
      - Васiлём, Ваша Сьветласьць, Васiлём з Копыля...
      - Даўно пасаваны?
      - Нядаўна, Ваша Сьветласьць.
      - Добра! З моладу мала хто можа гэтым пахвалiцца... Будзь сёньня маiм госьцем. Чакаю цябе на вячэру, - i Князь рухам рукi даў ведаць, што хоча застацца сам, бо надта ўзрушальная была навiна. Яе трэба абмяркаваць.
      Адмовiцца ад такой ласкi, як вячэра за княжым сталом, Васiль не пасьмеў, хаця меў на вечар другi намер. Прыйшлося ўдзялiць рэшту дня на падрыхтоўку. Вопраткi запасной з сабой не захапiў, а купляць не хацелася, таму збраяносец i стрэмяны ўзялiся начышчаць i вытрэпваць тое, што было.
      К вызначанаму часу, Васiль выглядаў як малады перад шлюбам - блiскучы й сьвежы. Нават рубец на шчацэ сьвяцiўся па-сьвяточнаму i як-бы дадаваў большае мужнасьцi ягонаму й без таго суроваму й прыгожаму твару.
      Нарэшце, гук ражка абвесьцiў аб пачатку вячэры. Васiль накiраваўся ў грыднiцу, але адразу не ўвайшоў. Выгляд масыўных дзьвяроў, утыканых квадратовымi цьвiкамi й са стрэльчатымi завесамi, нагадаў, як яшчэ нядаўна суправаджаў сюды Ваяводу Фёдара на Гаспадарскую Нараду. Як гэта Нарада зьмянiла яго жыцьцё. Той раз iшоў просты купецкi сын, волей лёсу апрануты ў баявыя дасьпехi й прыстаўлены збраяносцам да Ваяводы, а цяпер iдзе Рыцар Пагонi - Драб Вялiкага Княства Лiтоўскага, уласьнiк Копыльскi й Княжы госьць. Зьмена вялiкая. Нават i паверыць цяжка. Цi ня сьнiцца ўсё гэта?
      - Чаго задумаўся, Васiлю? - данесься з тылу голас Князя. - Цi мо' на сэрцы якую тугу маеш? Адкiнь яе сёньня, весялiцца зараз пара...
      Схамянуўшыся, Васiль пасьпешна абярнуўся. Побач стаяў сiвы Князь Брачыслаў i некалькi дужых Полацкiх Драбаў - старых паплечнiк Альгерда Вялiкага.
      - Успамiны спынiлi мяне тут, Княжа, а тугi нiякай ня маю, пазбыўся... але тут Васiль скрывiў душой, i Брачыслаў гэта заўважыў. Сьвяткуючы сваё высьвячэньне ў Драбы, Васiль увесь час успамiнаў горкiя словы пагарды, кiнутыя гордай красуняй. Высiлкам волi давiў у сабе прылiвы роспачы й жалю, ды ўсiмi сiламi стараўся выкiнуць рэшткi разьбiтага каханьня. Аднак ня так лёкка гэта было зрабiць як сказаць, i вось зараз, чуючы за дзьвярыма вясёлы гоман гасьцей, раптам балюча сьцiснула сэрца.
      - Ну, як ня маеш нiякай тугi, то й добра! - усьмiхнуўся Князь. - Ты й мяне пазбавiў ад яе. Хадзем-жа й прамочым горла вiном, бо ад уцехi яно ў мяне нешта перасохла.
      Васiль моўчкi пакланiўся, прапускаючы Князя ўперад.
      У вялiзнай залi, так памятнай Васiлю, аж роiлася ад гасьцей. Вiднелiся панцыры Драбаў, кальчугi й нагруднiкi заможных баяраў, сьвiткi нялiчнае шляхты, сукенкi й каронкi жанчын.
      - Не вячэра, а сапраўдная бяседа! - падумаў Васiль, iдучы сьледам за Князем Брачыславам.
      Госьцi прывiталi Князя гучнымi крыкамi, былi гэта верныя падданыя Полацкага дому, загартаваныя ў баях i нягодах, ды гатовыя стаць на сьмерць за свайго Валадара.
      Музыкi ўдарылi ў медзяныя тазы ды жалейкi. Гулам, пiскам i звонам аддалося ў скляпеньнях рэха й пракацiлася па Замку...
      Васiль зь цiкавасьцю перабягаў вачамi з госьця на госьця. Час ад часу трапляўся знаёмы твар - цi то воя, цi то шляхцiца, i... раптам аж сэрца спынiлася ў грудзях - недалёка Княжага крэсла стаяла, як казка, чароўная Рэгiна Келябовiч. Залацiстыя яе валасы, аздобленыя срэбнай каронкай, аж прамянiлiся ў сьвятле сьвечкаў. Як вiшня чырвоныя вусны й бледна-ружовы тварык так i клiкалi, так i цягнулi, сваiм пяшчотным хараством. Гнуткi яе стан абцягнуты ярка-зялёнай сукенкай... Яна з грацыяй каралеўны махае белай ручкай Князю. Побач яе бацька - надзьмуты пыхай шляхцiц. Васiля яны ня бачаць, i яму захацелася павярнуць i ўцячы з залi. Пацягнула на прастор з духаты памешканьня, к вольнаму ветру, шуму пушчы, паху палёў... Але не пасьпеў ён як трэба разабрацца ў думках, як пачуўся голас Князя:
      - Драб з Копыля... Дзе-ж ён падзеўся? Гэй!... Сюды, сюды!... Ты мой госьць! Тут тваё мейсца!
      Воляй няволяй прышлося паслухацца, i заняць крэсла на высокiм канцы стала - праваруч Князя й у дзесяцi кроках ад яе...
      Пачырванеўшы да карэньня валос, Васiль з дрыжэньнем у голасе падзякаваў за гонар i нявесела ўтаропiў пагляд у стол, каб не спаткаць яе позiрк.
      Зараз уся ўвага гасьцей зьвярнулася на Васiля. Добрая сотня пар вачэй абмацвала яго волатаўскую постаць, нязграбна ўцiснуўшуюся ў крэсла. Усё гэта было-б нават i добра, каб не пякучы позiрк адной пары блакiтных, як само неба, вачэй, - яны пяклi, пранiзвалi, прыцягвалi, i прымушалi трапятаць душу...
      Рэгiна й Келябовiч адразу не заўважылi Васiля й старалiся з усiх сiлаў вiтаць Князя. Аднак пасьля таго, як Князь гукнуў яго да сябе й ласкава ўсадзiў побач, яны трохi разгубiлiся. I ня дзiва: ад iх вачэй ня ўкрылася паражаючая перамена ў Васiлёвай вопратцы, на якой жарам гарэў залаты Рыцарскi пас. Значыць: Васiль - Драб! Ад гэтага й разгубiлiся яны, але толькi на адзiн момант. Бо ня ўкрылася й тое, што Васiль пазнаў яе й надалей кахае... Хуценька перакiнуўшыся караценькiмi заўвагамi з бацькам, Рэгiна ўжо не адрывала сваiх вачэй ад свайго адрынутага паклоньнiка. "Яго трэба вярнуць!" - думала яна. "Трэба, каб ён забыўся пра крыўду апошняга спатканьня!..."
      Малады шляхцiц, упарта ўвiваўшыся перад гэтым каля Келябовiчанкi й карыстаючыся яе ласкай, цяпер адчуў рэзкую перамену. Яна больш не рагатала зь яго жартаў, адмахвалася ад яго паслугаў, не заўважвала яго прысутнасьцi. Скрыўджаны такiм абаротам справы й прасачыўшы яе позiрк, ускiпеў страшэннай ненавiсьцю да вiнаваўцы сваёй няўдачы, i рашыў адпомсьцiць яму пры першай-жа нагодзе. Пахмура засеў за стол, i, не дакранаючыся да вiна, зпадылба пазiраў на Васiля.
      Служкi, тым часам, разносiлi вялiзарныя мiсы ежы. Цалкам усмажаныя бараны й цяляты, вялiзарныя падвэнджаныя шынкi, гусi, цяцярукi, качкi... Смажанае й варанае горамi грувасьцiлася на сталох. Вiно, мёд, пiва - у цэбрах, бачурках, глечыках i збанках падносiлася ўпярамежку з квасам i сокам. Князь устроiў вячэру на славу, а госьцi не прымушалi сябе прасiць. Сьмех i гутаркi перамяшалiся з хрустам храшчоў i сочным чмяканьнем. Звон кубкаў зьлiўся зь пiскам валынак, громам бубнаў i сьвiстам дудаў...
      Чым даўжэй цягнулася бяседа, тым большыя горы абгрызеных косткаў расьлi пад сталамi, тым меней сусед прыслухоўваўся да суседа, заняты вiном, закускай i сваёй собскай гутаркай...
      Выкарыстаўшы агульнае вясельле, i не знаходзячы пакою пад упартым позiркам Рэгiны, Васiль памаленьку вылез з-за стала й выйшаў з залi. Малады шляхцiц, разпалены прагай помсты, пасьпяшаўся сьледам, паспрабаваўшы загадзя, цi лёкка вылазiць меч з похвы.
      Нiхто, акрамя Рэгiны, не заўважыў, як абодва зьнiклi за дзьвярыма, нават i сам Келябовiч...
      Васiль у задуме накiраваўся проста перад сабой, нiчога не шукаючы й нi ад каго не хаваючыся. Яму хацелася пабыць на самоце, удыхнуць начнога сьвежага ветру й разабрацца ў наплыве пачуцьцяў. Непрыкметна для самаго сябе, апынуўся на каменным памосьце муру, i, углядаючыся ў чорную ноч, цяжка задумаўся, абапёршыся аб мураваны зубец забарола. Унiзу цiха булькацела вада, квакталi жабы. Хвалямi даносiўся гоман бяседы...
      Раптам пачуцьцё небясьпекi пранеслася ў сьведамасьцi. Мiмаволi крута абярнуўся, зрабiўшы паўкроку ўбок. I ў гэты-ж мiг, стальное лязо мяча чырканулася аб зубец, высекшы сноп iскраў.
      Хапацца за зброю ўжо няма калi, i Васiль са ўсяго размаху задзялiў напасьнiку кулаком у скiвiцу, аж нешта храснула.
      Цёмная постаць напасьнiка захiсталася, i толькi зубец забарола, за якi ён ухапiўся, утрымаў яго на нагах, меч з жаласным звонам пакацiўся па каменных плiтах памосту. Васiль кiнуўся ўперад i, ня даўшы працiўнiку апамятацца, згроб яго ў ахапак.
      - Хто ты?... Чаго ад мяне хочаш?...
      Напасьнiк, яшчэ канчаткова не прачухаўшыся, iрвануўся, але Васiль сьцiснуў яго мацней, аж енк вырваўся з прыдушаных грудзей.
      - Хто цябе паслаў? - шыпеў далей, яму на вуха, Васiль, адчуваючы прылiў шалу й баючыся, каб нiхто не пачуў яго слоў i не перашкодзiў. - Кажы!... Князь Брачыслаў?... Цi хто iншы?... Кажы, бо прыдушу як пса!...
      - Пусьцi, нягоднiк! - iзноў iрвануўся напасьнiк. - Нiхто мяне не пасылаў... Выцягвай свой меч... тады пабачым, хто каго! Цi мо' баiсься?...
      - Ты ня варты гэтага гонару! - iзноў зашыпеў Васiль. - Той, хто нападае ззаду, той...
      - А той, хто крадзе чужых нарачоных, iншага й не заслугоўвае! - гнеўна перабiў шляхцiц. - Пусьцi!
      Ад гэтых слоў Васiль аж атарапеў, i на момант аслабiў уцiск. Гэтага якраз i хапiла. Шляхцiц крутнуўся i, як зьмяя высьлiзнуўшы з рук, падхапiў свой меч.
      - Чыю-ж нарачоную я ўкраў? - зьдзiўлена спытаў Васiль, выцягваючы свой меч.
      - Маю! I за гэта загiнеш! - кiнуўся ўперад шляхцiц, цэлячы мячом Васiлю ў чэрава.
      Васiль спрытна адвёў удар i, у некалькi заходаў, абяззброiў працiўнiка, выбiўшы яму меч з рук.
      Бачачы, што тут ня жарты, i апынуўшыся ў такiм бязвыхадным становiшчы, шляхцiц кiнуўся ўцякаць. Аднак не пасьпеў ён зрабiць i некалькi крокаў, як Васiль ухапiў яго ўпоперак i, падняўшы над галавой, перакiнуў цераз забарола ў непраглядную ноч. З гучным енкам бухнуўся бядак у цёмную ваду рова. Сьледам паляцеў меч.
      Узбуджаны й разьюшаны Васiль накiраваўся назад у залю, з намерам спытаць у Князя Брачыслава, што мае значыць гэты начны напад. Няўжо так сустракаюць Гаспадарскiх пасланцоў у Полацку?...
      У цемры абазначыўся вузкi праход у галярэю, вядучую з муру ў нутраныя пакоi Замку. У глыбiнi галярэi цьмяна сьвецiцца паходня, кiдаючы чырвоныя водблiскi...
      Раптоўна, нейкая цёмная постаць засланiла дарогу. Яна вырасла як з-пад зямлi - бязгучна, нечакана й таямнiча. Васiль уздрогнуў i, адступаючы на крок у тыл, выхапiў iзноў меч. Постаць не варухнулася. Яна, нiбы прывiд, маўклiва засланiла праход. Чырвонае сьвятло паходнi вандруючымi касмылямi перабягала ў яе за сьпiнай. Штось жудаснае, пякельнае, было ў гэтым вiдовiшчы. Мурашкi папаўзьлi па сьпiне, i на галаве заварушылiся валасы...
      - Хто ты? - глуха спытаў Васiль, заносячы меч. - Кажы!
      - Васiль, я ўсё бачыла... - пачуўся жаночы шопат. - Толькi, за радзi Бога, цiха!...
      - Рэгiна! Ты?... - ускрыкнуў уражана Васiль. - Што ты тут робiш?...
      Уся душа, здавалася, ускалатнулася ў няшчаснага Драба. Тысячы супярэчных пачуцьцяў, у адзiн момант, зблыталiся ў зачараваны клубок. Немагчыма стала разабрацца, дзе ненавiсьць, каханьне, агiда, дзе пяшчота, жаль, гонар, абраза, надзея, безнадзейнасьць... Хацелася ганарыста прайсьцi мiма, паказаць сваю пагарду, каб i яна адчула боль уражанага самалюбства. Але, з другога боку, так i карцела схапiць яе ў абдымкi, прыцiснуць да сябе яе хiсткую постаць, i цалаваць, цалаваць без канца й бяз краю... Упiвацца дурманам каханьня й забыцца пра ўсё на сьвеце... Але...
      - Што ты тут робiш? - нарэшце выцiснуў зь сябе Васiль.
      - Я ўсё бачыла й чула... Гэта ён пра мяне казаў. Я баялася за цябе, Васiль... Я... кахаю цябе... Толькi цябе аднаго! Яго я нiколi не хацела, гэта татусь мой настаяў...
      - Дык ты зару...
      - Маўчы! - засланiла яна рукой рот Васiлю. - Дай я скажу... Дай мне пакаяцца перад табой...
      - Ну?..
      - Я вiнаватая... Памятаеш, тады, перад тваiм ад'ездам?.. Ты паехаў скрыўджаны... Мы-ж кахалiся з табою, Васiлёк, з самага маленства... Пазьней я не магла сабе прабачыць. Прабач хоць ты?... Скажы, што кахаеш, што не забыў, i гэтага будзе досыць... Нявольнiцай тваёй буду... Васiль!... - яна ўхапiла яго за руку й паднесла яе да вуснаў.
      Галава пайшла колам у беднага Васiля. Дотык яе рукi, яе вуснаў, яе словы хмелем асядалi ў душы, блыталi намеры, i густой iмглой засьцiлалi розум. Ён адчуваў блiзiню яе трапёткага стану, адчуваў сваю ўладу над ёю i ўсё болей i болей губляўся. Рэгiна-ж па свойму зразумела яго маўчаньне. Яна ня вычула той неймавернай барацьбы, якая бушавала зараз пад сталёвым нагруднiкам i, баючыся выпусьцiць Васiля з рук, працягвала:
      - ...I заручыны, супраць маёй волi, татусь справiў зь iм. За багацьцем пагнаўся. Але я нiколi не хацела яго й не хачу... Вось глянь! - яна хутка сарвала з пальца пярсьцёнак i кiнула ў цемру...
      Гэты яе ўчынак разам прабудзiў у памяцi Васiля недалёкае мiнулае. Успомнiлася, як гэтак-жа бязьлiтасна, яна парвала зь iм самiм. З выглядам i пыхаю каралевы, абразiла яго, абразiла ягоны род, i бедную адзiнокую сiрацiну Марылю, ды дала зразумець, што болей не жадае бачыцца. I што-ж гэта раптам здарылася? Сама прызнаецца ў каханьнi, цалуе рукi, абяцае быць нявольнiцай?... Цi мо' яна сапраўды адумалася, цi мо' якая iншая прычына? Бядак забыўся, што зараз на iм блiшчыць залаты пас, а значыць, не абы якая маёмасьць. Забыўся, што ён сёньня першы госьць у Князя Брачыслава. I забыўся, што бываюць дробныя людзiшкi, ласыя на золата, i подлыя, здольныя апляваць найвышэйшыя пачуцьцi чалавека, за такое-сякое багацьце й дастатак. Ён ня мог-бы паверыць, што каханьне Рэгiны, так адчынена ёю выказанае, было не да Васiля, а да Драба з Копыля. Гатоў быў ужо прыгарнуць яе, але нейкая падсьведамая сiла ўтрымала, i прымусiла яшчэ раз задумацца над яе ўчынкам зь пярсцёнкам.
      - Васiль, - iзноў адазвалася Рэгiна - забудзь усё...
      - Так! Я забуду! - раптам рашыўшыся, станоўча прамовiў Васiль i, упэўнена адсунуўшы яе з праходу, закрочыў у глыбiню галярэi. Вырашыў: выкiнуць яе з сэрца й забыць назаўсёды. - Бывай!
      - Хам! - зашыпела яна ўсьлед. - Ня думай, што так лёкка ад мяне пойдзеш!... Я пастаўлю цябе на каленi!... I свае маёнткi зложыш ля маiх ног!...
      Вярнуўшыся ў грыднiцу, Васiль заспакоiў пачаўшага непакоiцца Князя, i з аблекчанай душой прымкнуў да агульнае вясёласьцi. Бачыў як прыйшла Рэгiна, бледная й з блiскучымi вачамi. Нешта доўга шаптала на вуха бацьку. Як той разгублена выйшаў i болей не вярнуўся...
      - Пайшоў шукаць зяця ў рову! - зларадна здагадаўся Васiль. - Ну хай сабе палазiць у вадзе! Шкурнiк!
      Музыкi весела высьвiствалi, госьцi грымелi кубкамi й нажамi. Гамонка й сьмех не змаўкалi да поўначы...
      А бедны шляхцiц, насёрбаўшыся досыць бруднае вады, i з выкручанай нагой, боўтаўся ў вадзе пад мурам, ухапiўшыся рукамi за вострую жалезiну, тырчашчую з-пад вады, аж пакуль яго не падабраў у човен пад'ехаўшы Келябовiч.
      Васiль прагасьцiў у Полацку цэлы тыдзень, i разам з Князем Брачыславам выехаў у Трокi. Страшэнна хацелася адведаць Слуцак, пабачыцца зь сястрой. Пацешыць яе радаснай навiной аб Гаспадарскай ласцы, ды ўзяцца за ўпарадкаваньне Копыльскага маёнтку й Замку. Ня ведаў, цi Вiтаўт адпусьцiць, але рашыўся прасiць.
      Час настаў трывожны. З аднаго боку ўзрастала Крыжацкая пагроза - чуткi аб вайне шырылiся. З другога боку, Кароль Ягайла намагаўся ўсiмi праўдамi й няпраўдамi накласьцi сваю руку на Вялiкае Княства Лiтоўскае. З трэйцяга, Масква павяла безьперапынныя йнтрыгi, iмкнучыся аслабiць сiлу Вялiкакняжай Улады. З Чэхаў, што раз то мацней, лунаў заклiк аб дапамозе. Няшчасныя Чэхi абязьсiльвалi ў няроўнай барацьбе за сваю свабоду, з гордамi Сьвяшчэннае Рымскае Ймпэрыi. Амаль уся Эўропа навалiлася на гордую й свабодалюбную Краiну, навадняючы яе абшары тысячамi рознанацыянальнага Рыцарства, прагавiтага да прыгодаў i нажывы. Дапамогi чакаць было неадкуль, толькi Вялiкая й Справядлiвая Лiтва, са сваiмi Драбамi й Мудрым Гаспадаром, магла выратаваць Краiну. Была яшчэ адна сiла, сiла брутальная, жорсткая й здраднiцкая - Масква, але лепей ужо паддацца хiжацкай Эўропе, зь яе iнквiзыцыяй, чым напаўазiяцкiм драпежнiкам Масквы.
      Настала трывожнае лета 1400 году...
      29. У ПАГОНЮ
      У Троках Ваяводы Фёдара ўжо не было. Ад Вiтаўта Васiль даведаўся, што Ваявода два днi таму выехаў у Слуцак.
      - А табе казаў, - усьмiхнуўся Вiтаўт, бачачы жаль, якi адбiўся ў вачах Васiля, - даганяць яго, калi хочаш. На Лiду пагнаў, а там на Наваградак.
      - А Ваша Высокасьць дазваляе? - ажывiўся Васiль. - Сястра ў мяне ў Слуцку... Амаль цэлую зiму ня бачылiся, i вестак нiякiх.
      - А ў Горадню, са мною, ня хочаш?
      - Воля Вашае Высокасьцi для мяне закон! Хоць на край Сьвету!

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17