Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 5)
Автор: Акула К.
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Трымаючы перад сабой накiраваны проста на Лявона наган, зь вельмi сур'ёзнай мiнай, Антось зiрнуў на Янука, мiргнуў левым вокам. Голас паважны, ледзь-ледзь жартаўлiвы, мо такi, якiм-бы дасьцiпны бацька вучыў сына пагаспадарску жыць.
      - Ну чаму-ж нi адказваеш? Праўду кажу, цi не? Ты-ж яго знаеш.
      - Праўда, такi ён ёсьць, - згадзiўся Янук.
      - Значыцца згода. А цяперака давай паразважаем. Прыпомнi сабе, што ён ужо пры тэй засмарканай Польшчы, гультай гэты, пачаў, як кажуць, у людзi лезьцi. Помнiш?
      - Ага, чаму-ж не, - буркнуў Янук.
      - Задумаў ён, значыцца, у людзi пайсьцi. З бядой напалавiну прабэкаў-прамэкаў тыя чатыры клясы, а тады што? Белага хлеба яму захацелася, от што. Так, так, Янучок браток, наш чорны хлеб пану Лявону Шпунту прыеўся, трыбух ягоны наравiць пачаў, яму беленькага захацелася. Простая кужэльная кашуля яму плечы муляла, зрэбныя штаны кастрой сьцёгны церлi. Крамнiны яму захацелася. А як-жа! I от гэты мужыцкi вывадака, нашай зямлi вырадак, каб яго зiмля нi насiла, пайшоў паном чужнiком служыць. I тут як тут, - нi пасьпелi добрыя людзi агледзiцца, - iзь сермяжнага мужыка Шпунта саўсiм нi благi драгомiшч зрабiўся. Справiў, значыцца, пан драгомiшч Леон "першожэнднэ буцiкi", штаны галiфэ, сурдут, пане тэго, i ходзiць ды нашых бедных мужыкоў па розных панскiх шарварках, каб ён скрозь зямлю правалiўся, ганяiць. Эгэ, каб ты адно, браток Янучок, тады гэтаму вялiкаму пану прыгледзiўся. Фу, як ён фанабэрыўся, як пры каждай аказii над нашым братам зьдзекваўся.
      Антось, здавалася, зусiм не глядзеў на Лявона, быццам той быў гэтта няпрысутны. А Шпунт стаяў i дрыжэў перад iм, трымаўся за правую, акрываўленую руку. Як бацька, iз кпiнкай у голасе, Антось спакойна, рэчова, зраўнаважана да юнака гаманiў. Янук ня ведаў як на ўсё гэта рэагаваць. За сьцяной у лесе сымфонiю птушкi вялi, лiлося праз адчыненыя дзьверы й вакно сонца й нейкай тупасьцю пазiрала шклянае вока ў ласёвай галаве.
      Лявонавы ногi зрабiлi крок. Гулкi, прарэзьлiвы стрэла глушыў пакой. Шпунт замёр на месцы i з жахам на Антося пазiраў.
      - Табе сказаў, сукiн сын, стаi й ня рыпайся! - пагрозьлiва паясьнiў Антосеў голас дзяцюку, што цяпер усiм целам тросься.
      Едкi смурод пораху стаяў у паветры. Дзяркач стрэлiў у падлогу ля Шпунтовае нагi.
      - Кажу, ня рыпайся, бо другi раз проста ў нагу дастанеш. Не сьпяшы на той сьвет, пакуль я скончу расказваць якая ты мошка гадкая!
      Антось борзда ўстаў з крэсла, умiг апынуўся ля Шпунта i ўзяўшы кашулю за прарэх каўняра, рвануў. Лявон пахiснуўся, але ўтрымаўся на нагах. Усё трымаючы рэвальвэр з прыцэлам у жывот, рвануў яшчэ раз кашулю й сьцягнуў рукаво з правае рукi. Уважна прыгледзiўся.
      - Эх ты, гнiда паршывая! Руку я табе прастрэлiў? Драпiнка малая а ты тут прытвараешся! - крыкнуў Антось i левай рукой наводмаш з усяе сiлы ўдарыў дзяцюка па твары. Той моцна пахiснуўся. Вiдаць, Дзяркач стукнуў у нос, бо адтуль пацякла кроў. Ён адскочыў назад i сеў на крэсла.
      Янук зьбянтэжыўся. Здавалася яму, што некалi гэты фанабэрысты, нахабны, грубы ў адносiнах зь людзьмi драгомiшч-актывiст кiнецца на Антося. Дарма. Той стаяў, чмыхаў носам, то бялеў, то чырванеў. А ў вачох яго, - гэта выразна вiдаць было, - зьзялi маланкi. Што ён у гэны час думаў?
      - Ну значыцца, ты, Янучок, помнiш пэўня якi з гэтага нiкчэмнiка драгомiшч быў. А цi ведаеш ты, якi зь яго дзяцюк нiпаседлiвы быў, як са сваёй загагулiнай за кажнай спаднiцай, што на вока пападзецца, ганяўся? Ён табе гэта ня тое, каб каторую добрую дзеўку ўважыў. О не! Яму нiякай нормы, абы бабе пад спаднiцу залезьцi. Колька гэты басяк добрым дзяўчатам нэрваў i жыцьця напсаваў...
      Янук прыгадаў летнi дзень, Лазоўскага каровы й Дуню з разарванай сьпераду блюзкай. Гэта тады атрымаў ад любай дзяўчыны такую ёмкую аплявуху. I за што?
      - Ён i Дуню раз хацеў у лесе ўзяць, - паскардзiўся Янук дрыжачым голасам.
      - I на Дуню тваю напаў? Ха-ха-ха! Дзiва што! Дуня-ж твая надта пекная дзяўчына. Дзiва што Дуню хацеў! Усю сям'ю Макатунiшыну байструкамi абдзялiў. От гэта дык нягоднiк. Цьфу!
      Трымаючы вока на Лявона, Антось паднёс свой наган, уважна яго абгледзiў, а пасьля нацэлiўся ў Лявонаву калматую галаву.
      - Антось, пажджы..., - адазваўся дрыжачым голасам Лявон.
      - Чаго маю ждаць? - трымаючы прыцэл, спытаў Дзяркач.
      Лявон намагаўся нешта сказаць, але голас ягоны заглох у дрыжачых вуснах. Жахлiвым перапалохам зьзялi на замазаным крывёй твары вочы. Антось апусьцiў рэвальвэр i спакойна прадаўжаў:
      - Алi што там гаварыць пра баб, над каторымi зьдзекваўся, бег за каждай спаднiцай i меры нi знаў. Але гэта, хоць, - каб пярун яго трэснуў! - i шкоды многа каму нарабiў, усётакi яно яшчо нi сама важнае. Бо сама найважнейшае, аказваецца, братка Янучок, было яшчо наперадзе. У гэтай нячыстай сiлы вунь якiя рогi вырасьлi, калi тыя праклятыя асвабадзiцелi прыйшлi, от калi. Тады ён свае дзярлiвыя кiпцi распусьцiў, паганай натуры поўню-паўнюсенькую волю даў, от калi. Тады яно пачалося, братка ты мой.
      Антось зiрнуў на стол.
      - Ты, Янук, можа есьцi хочаш, то бяры еш. Гэтаму гнiдзе й так гэтыя харчы ня трэба будуць.
      Янук глянуў на стол, памяркаваў, але ня рушыў зь месца. Заiнтрыгаваны тым, што Антось зробiць зь Лявонам, паднечаны, ён ня меў цяпер, здавалася, найменшага апэтыту.
      - Не, нi хачу, - адказаў.
      - Дык от аказваецца, што гэты нядошлы начальнiк, - працягваў далей спакойна Дзяркач, - калi пшэкi яго нядошлым начальнiкам, знацца цiвуном над нашымi сярмяжнiкамi паставiлi, дык ён толька што свае сiлы пробаваў. Але гэта трэба помнiць, што ў яго цяга да цiвунства была змалку, бо-ж мусiць нi адну бутэльку гарэлкi трэба было "жандовай уладзы" цi там якому задрыпанаму солтысу Паўлоўскаму, каб яго трасца, паставiць, каб хоць i такога засмарканага начальнiка дабiцца. Алi-ж тут нi сама важнае тое, якое начальства, знацца, праца гэна была задрыпаная, як кажуць, а важна тое, што вось такi шпуньцiк ужо змалку начальнiчаць над другiмi лез. Вось што сама важнае. Такая во, вiдзiш, вош, яна ўжо тады пялася на хрыбет свайму ўзьлезьцi i ў жывое цела ўпiцца. Ого, ты толька падумай, братка Янучок. Цi ня помнiш, як гэты бязьмен, надзеўшы адпрасаваныя свае порткi, кашульку, цi яшчо пад гальштук iз касьцюмам, ды сядзiць на той блiскучы свой ровар, грыву на бок, ды так адфраньцiўшыся фарсiць бывала... Помнiш? I гэта ўжо ня той нейкi замурзаны, - рукi ў мазылях ад гнаявых вiлаў цi ад касы, - Янук, а гэта яго вяльможнасьць, пан драгомiшч з ласкi тэй жэчыпаспалiтай нядошлай. От хто гэта быў! Алi, якiм ён тады вялiкiм, як яму здавалася, начальнiкам ня быў, усё-ж гэта былi толька цьвяточкi, а ягадкi вунь мелi яшчо наперадзе быць. Кумекаiш. Янучок?
      Янук чуўся нiякавата, што Антось такi ласкальны, як нiколi раней, тон да яго ўжываў. Праўда, - Янук добра разумеў гэта, - Антось па практыцы калiшняй, меў немалы запас майстэрства кпiнаў. Язычок, калi трэба, хлёстка, быццам брытвай, мог па мякацi чыйго самалюбства праехацца. А ўжо што й гаварыць, калi Антось пры гэтым жадаў вылiць злосьць назапашаную. Сьцеражыцеся тады, людцы мiлыя! А ўсё-ж квялiла гэнае няпрывычнае "братка Янучок".
      - Дык гэта, аказваецца, толька цьвяточкi былi. Яшчо ў гэтага, каб яго пранцы, нядошлага шпунта прагавiтасьць улады й нажывы толька што тады расьцьвiтала. Ну i ўжо вядома, што цьвяточак гэты пiрацьвiцiць а тады, людцы добрыя, вунь якi плод будзiць. Цешцеся, дабрадзеi любыя, спажывайце. Дык от i прыйшоў той час, калi з усходу новая нечысьць на нас навалiлася. I гэта-ж нi сакрэт быў, што й драгомiшчам будучы, труцень i паразiт гэты ўсякую бальшавiцкую брыду добрым людзям у рукi тыцкаў, усякую камунiстычную баламуту сваiм языком, каб ён яму яшчо тады адсох, мiж нашых пiрапрацаваных сiрмяжнiкаў пашыраў. I ўжо хто як хто, а ён, тады яшчо драгомiшч пан Шпунт, цьвёрда верыў, што прыйдзiць той для яго слаўны дзень, калi той, "хто быў нiчэм, той станiць фсем". Гэта-ж так у iнтэрнацыянале пяюць, нечысьць бязбожная! Дык от наш шпуньцiк верыў i чакаў, ну й дачалаўся. I ад радасьцi, як гэны дзень нарэшце прыйшоў, дык у нашага прагавiтага паразiта так сэрца з радасьцi ёкала, што чаго яму разрыву нi было. Ого, чаму-ж ня цешыцца! Цяпер от ён, Лявон Шпунт, адданы барэц за "iдэi вялiкага Ленiна й Сталiна", цяперака нарэшце ён, каб яго гаручка, раскашэлiцца!
      Антось спынiўся, зноў вельмi ўважна пачаў разглядаць свой рэвальвэр, цэлiцца ў Лявона. Шпунт, зьбялеўшы, заварушыў вуснамi, каб нешта сказаць, але Антось яго папярэдзiў:
      - Жыць хочаш, Лявон?
      Шпунт маўчаў. Жахлiва перапалоханы, паказелiў вочы на Дзеркача.
      - Пытаюся яшчо раз, цi хочаш жыць?
      - Хачу, Антось, браток...
      Яхiдная ўсьмешка шмыгнула па Антосевым твары. Ён адняў ад вока наган.
      - Чуеш, Янук, што ён сказаў? Ён хоча жыць. Ты чуў гэта?
      Антось падскочыў да Лявона.
      - Я табе, гадзюка ты бальшавiцкая, нiякi нi браток! - сыкнуў Дзяркач. Табе братамi начысьцiкi-паразiты, што на народнай сьпiне сядзелi, нашу кроў пiлi, з нашага поту жылi, во хто табе браток, жмiнда ты чырвоная!
      Правай рукой наводмаш ён сiльна ўдарыў Лявона па твары. Той пахiснуўся, але ўтрымаўся на нагах i засланiўся левай рукой, спадзяючыся, вiдаць, новага ўдару. Але Дзяркач плюнуў на Лявона.
      - Братам мяне называiць, басяк гэты, бальшавiцкая хлюндра. Я табе пабратаюся!
      Сеўшы, Дзяркач з пагардай пазiраў на Шпунта й прадаўжаў спакойна, быццам перад хвiлiнай ня было нiякага выбуху: - Ну што табе далей расказваць... Сам знаеш, як вось гэта нячыстая тройка, бальшавiцкiя гарлапаны,значыцца Сабакевiч Косьцiк, Павалiцкi Хвёдар i гэта вош пачалi людзей аграбаць, а тады бальшавiком памагалi людцаў у Сiбiр вывозiць, у цюрму садзiць. Гэта-ж яны даносiлi на ўсiх так званых "ворагаў народу". Гэта нячыстая ханжа лiчыла сябе "народнай уладай", нi абы чым. Кумекаiш? Улада ды яшчэ народная! Гэта iх нiбы народ выбраў, гэту хлюндру нядошлую, каб народу на сьпiну ўзьлезьлi й кроў ягоную пiлi. Ну а што табе расказваць, як гэта "народная ўлада" гаспадарыла? Ты-ж помнiш як у гумно да твайго бацькi прыйшлi ды зьдзеквалiся, а пасьля што, напiўшыся, у хаце выраблялi! А пасьля, нячысьцiкi, у бальшавiцкi калгас, значыцца ў прыгон гналi. I цi ты думаеш, што яны мала нашых добрых людзей у лапы бальшавiцкага энкавудэ аддалi, цi думаеш мала за iх на Сiбiры цi на Салаўках церпiць? Гэта-ж яны, нячыстая сiла, галадранцы, па ўсiм сельсавеце цi раёне гаспадарылi. Дык ты знаеш колька маглi нявiнных людзей загубiць?
      Янук запраўды толькi цяпер, прыслухоўваючыся да быццам спакойнага, але нацягнутага, як тугая струна, Антосева голасу, усьведамiў вялiчыню злачынаў Шпунта.
      - Станавiся на каленi! - гаркнуў збоку Антось. - Не, не перада мной, а перад Януком. Цялуй яму ногi, прасi, каб дараваў табе за сябе й за бацьку!
      Лявон зьбянтэжана пазiраў на юнака й дзяцюка.
      Голасны стрэл страсануў хату, напоўнiў пакой смуродам. Лявон прыгнуўся, ухвацiўся за левую нагу. Але, як i раней, Антось стрэлiў побач у падлогу. Вiдаць, што добра валодаў зброяй. Шпунт, зьбялеўшы, упаў на падлогу. Янук устаў.
      - Паўзi да Янука, цялуй яму ногi, прасi, каб прабачыў за сябе й за бацьку!
      Зьбянтэжаны Янука пазiраў то на Антося, то на Лявона. Перастаўляючы каленi, з жахам у вачох скоса пазiраючы на Дзеркача, Шпунт прыблiжаўся да юнака. Хлапец зiрнуў на свае карэлыя ногi й чакаў, што Антось загадае Лявону ўстаць. Але Дзяркач стаяў i маўчаў. Твар, якога Янук раней ня бачыў; зусiм ня той чалавек, якога ведаў даўно, як суседа; ня той гарэза, што дзяўчат забаўляў-сьмяшыў i ня той шчыры сябра, зь якiм яшчэ ўчора так паважна на мяжы ля крушнi каменьня гаварыў. Не. У гэтым твары пасялiлася пагардлiвая нянавiсьць, што сьцiснула вусны, звузiла вочы й самога Дзеркача ў гатовую да скоку пантэру замянiла.
      - Цалуй Януку ногi!
      Гаркнуў адрывiста. Не магло быць найменшага сумлеву, што зараз-жа бухне наступны стрэла, але гэтым разам, магчыма, не ў падлогу.
      - Калi ён табе даруiць то можа жывым пойдзiш. Калi не, застрэлю, баньдзюга!
      I тады Янук зусiм блiзка адчуў жар няроўнага дыханьня, пабачыў разiнутыя засьмяглыя вусны, закрываўлены нос, тупыя, жаху поўныя вочы, раськiнутыя блёнд валосы. Галава сьхiлялася перад iм. Хлапца страсло агiдай.
      - Цялуй Януку ногi! Прасi, каб дараваў!
      Няўцямны Янук дрыжэў, а дзьве Лявонавы рукi, як мядзьведзёвы лапы, агарнулi ягоныя ногi. Адчуў унiзе, пад раскiнутымi валосамi, няроўную хрыпату.
      - Янук, д-д-даруй... акхi, акхi. Гэта-ж нi я над тваiм бацькам зьдзекваўся, а Косьцiк...
      - Ты, сукiн сын, яшчо апрўдавацца будзеш?
      З гэтымi словамi Антось падскочыў да стоячага на каленях перад Януком Лявона й чаравiком з усяе сiлы заехаў яму ў жывот. Шпунт застагнаў, левай рукой схапiў жывот i круком сагнуўся перад Януком.
      - Кажу, брыда, апраўдавацца яшчо будзеш?
      - Янук, прашу, прасьцi мяне.
      Голас, як на дзiва, быў чысты й выразны.
      - Чуў, Янук?
      Бахмач зь няўцямнасьцю стаяў i пазiраў то на Антося, то на Шпунта, ашчаперыўшага ягоныя карэлыя ногi.
      - Цяпер цалуй яму ногi! - крыкнуў Дзяркач.
      Нашто ўжо перапалоханы выглядаў Лявон, як быццам у трасцы дрыжэў, але нейкая непераможная сiла, магчыма апошняя макулiнка чалавечае годнасьцi, не дазваляла яму нагнуцца колькi сантымэтраў i прылажыць вусны да карэлых юнаковых ног. Павярнуў спацелы твар набок i зiрнуў на Антося. У позiрку гнязьдзiлася роспач зьмешаная зь вялiкай нянавiсьцю.
      Антось нацэлiў рэвальвэр проста ў скроню.
      - Кажу астатнi раз: цалуй Януку ногi, абедзьве нагi! Болi паўтараць ня буду!
      У хаце запанавала поўная цiшыня. Янук, потам аблiты зь вялiкага паднечаньня й зьбянтэжаньня, чуў, як з грудной клеткi на волю рвалася сэрца. Млоснасьць гнула каленi. А збоку - сухi, шорткi Антосеў твар i нейкi джгучы голас.
      Перш на правай, а пасьля на левай ступнi адчуў гарачае, перарыванае дыханьне й мокрую мяккасьць. I гэта апошняя, як маладая жгучка, апякла юнака; ён хацеў iрвануцца, ўцячы, але ўчэпiстыя рукi трымалi ягоныя ногi. У той час агiда й нейкi жывёльны нясмак, навытлумачальная брыдота агарнула ўсю яго iстоту. Было-ж некалi, што Тапсiк яму ногi лiзаў i ён з гэтага цешыўся. Але гэтта, мусiць, ня сам фызычны стык так агiдна дзейнiчаў, як можа сьвядомасьць нiкчэмнасьцi й нiзкасьцi гэтага чалавека. Дый наагул, цi мог у той час Янук усьвядомiць, што запраўды дзеiцца? Цi не занадта раптоўна гэта ўсё прыйшло? Яшчо ўчора нiчога падобнага ня мог-бы ў сваей галаве ўявiць.
      Антось падняў сваю правую нагу, паставiў чаравiк на Лявонаву шыю.
      - Во так, ня стыдайся, басяк! Ты-ж - народная ўлада. Дык ты народу гэтаму, на чыей сьпiне ты, паразiт, сядзеў, цалуй цяпер ногi!
      Чаравiк нацiскаў. Лявонавы вусны прыцiснулiся цяпер да карэлае правае ступнi. Гэтага было зашмат. Янук iрвануўся i ў той час, як Антосеў чаравiк нацiскаў на Лявона, раптоўна скочыў, вызваляючы ногi зь мядзьвежых Шпунтовых абдымкаў. Бахмач адбегся ў кут. Зьдзiўлены раптоўным Януковым скокам, Дзяркач адыйшоўся ад Лявона.
      - Устань! - крыкнуў. - Адыйдзiся назад, да сьцяны!
      А тады зачарпнуўшы паветра, не сьпяшаючыся, пачаў лагодным бацькоўскiм тонам да Янука: - От вiдзiш, Янучок, якая гэта скацiна. Я нi дзiўлюся, што ты адскочыў, бо так брыдка. Ну алi што скажаш? Выбачыш яму, цi не?
      Пытаньне павiсла ў паветры. Зьбянтэжаны Янук пазiраў на Дзеркача й адно зь вялiкiм намаганьнем зiрнуў на абрыдзелага Шпунта.
      - Ты сабе падумай, цi, каб ён быў на тваiм месцы, што тады было-б? Выбачыў-бы ён табе, цi што?
      I запраўды, сьвет абкруцiўся й зiрнуў на Янука зусiм iншым, жахлiвым, бязьлiтасным бокам. Гэны зьненавiджаны дзяцюк у куце, цяпер зусiм стаптаны, панiжаны, гэта тойсамы, якi ў iншым часе й месцы вынырнуў бязьлiтаснай пачварай, што зь ягонага бацькi зьдзеквалася. I дрыжыкi жаху мурашкамi прабеглi па Януковым целе.
      - Гэты басяк, калi ён верх над людзьмi дзяржаў, саўсiм нi зь кiм ня лiчыўся. Ён быў проста што скацiна. Для яго нi Бога нi было, i нiякай увагi, нiякай спагады да свайго брата-сермяжнiка. Алi Бог усё вiдзiць. От прыйшоў i ягоны час за грахi расплачвацца. Ну але, Янук, ты сабе падумай: от цяперака наш над iм верх. А каб так сталася, што гэты галаварэз зноў над табой верх узяў, дык ён бы цябе памiлаваў? От ён цяпер, хоць, праўда, i пад прымусам, але-ж табе ногi цалаваў ды прабачэньня прасiў. Вiдзiш, што гэты паўзун робiць, абы толькi сваё нягоднае, паскуднае жыцьцё ўратаваць. Сам вiдзiш. Дый што тут вiдзiць? Ён i быдлам станецца, абы сваю прадажную, нягодную скуру выратаваць. А посьля, нi дай Божа, каб да цябе дабраўся, тады нi жывацей, ён табе спуску на ногаць нi дасьць. Гэта, Янучок, басяк гэты iз сама найгоршых падонкаў у нашым народзе. Лавiць iх трэба й душыць, як клапоў, каб i заваду ня было. Мы iз табой от судзiм гэтага клапа й я думаю, што табе ня трэба казаць якi ў нас будзiць прыгавор. Сам падумай.
      Антось устаў, пiльна зiрнуў на Лявона, што стаяў ля сьцяны, выняў зь кiшэнi патроны, адкiнуў у рэвальвэры барабанчык i, уважна трымаючы Шпунт на воку, ладаваў зброю. Лявон паварушыўся.
      - I ня думай, басяк! Нi ўдасца!
      Гатовы да стрэлу наган iзноў нацэлiўся ў Шпунтову галаву.
      - Зьдзявай боцiкi! - гаркнуў Дзяркач.
      Шпунт лыпаў вачмi, пазiраў то на Янука, то на Антося.
      - Ты чуў, цi не? Зь мёртвага-ж сьцягваць ня буду!
      I зноў грымнуў стрэл. Янук чхнуў ад смуроду пораху.
      - Сядзь i зьдзявай, клоп!
      Больш Лявона спанукаць не давялося.
      - Дык от, Янучок, ты будзь судзьдзя. Ты зробiш гэтаму чалавеку прыгавор. Добра?
      Януку здавалася, што навокал яго адбываецца нейкая недарэчнасьць Ды няпраўда. Нiкчэмнiк у куце, - тойсамы, што пад Антосевым прымусам ногi ягоныя цалаваў, - гэта-ж ня хто iншы, як калiшнi "драгомiшч-акцiвiст", той, пра каторага некалi вясковыя дзяўчаты казалi, што "не сваей сям'i вывадак". Вунь ён, нiкчэмненькi ў голасьцi сваей, жывёлiна з жывёл...
      - Ну дык як? Што скажаш?
      У Антосевым голасе гучэла нотка лагоднае нецярплiвасьцi.
      - Прыгавор? Як, якi гэта прыгавор? - з поўнай няўцямнасьцю спытаў Янук.
      Антось устаў, узяў з кута стрэльбу, хутка адчынiў замок i выкiнуў адтуль патрон. Ён нанава ляпнуў замком, увесь час ня зводзячы вачэй са Шпунта.
      - Прыгавор? Гэта значыць, што маем зрабiць з гэтым басяком, от што. Калi скажаш, што ён на сьмерць заслужыў, дык тут-жа яго й застрэлiш. А калi не... Ну дык як?
      Янук апусьцiў галаву. Антось сунуў яму ў рукi стрэльбу.
      - На, дзяржы.
      Янук аблапiў кодаўб стрэльбы, пазiраў перад сабой й нiчога ня бачыў. А думкi хаосам, адна другой наперагон, роiлiся ў галаве. "Як гэта от так забiць чалавека? Калi я скажу забiць дык i заб'ём..."
      Ён зiрнуў на Лявона. Няўжо лёс гэтага чалавека ў ягоных руках?
      - Я.., Я нi знаю.., - сказаў дрыжачым голасам.
      - Калi нi знаеш, дык прыпомнi колька гэты пацук, гэта камунiстычная ханжа нашых добрых людцаў у бальшавiцкiя крывавыя лапы выдаў, от як. Кумекаеш? Як цябе вош цi клоп грызець, дык ты што, яго можа шкадаваць будзеш? Так i гэтага во... Ён-жа ў народнае цела ўпiўся, кроў нашу ссаў...
      Янук навет ня бачыў, як няўклюдна, быццам гнаявыя вiлы, стрэльбу трымаў.
      - Стой, чаго ты стрэльбу так дзяржыш? Гэта-ж нi качарга табе! Во так, глядзi!
      Антось палажыў наган на стол, маланкавым рухам выхапiў ад Янука стрэльбу й нацэлiўся ў Лявона.
      - Во так, прыцiсьнi гэту качаргу да пляча, левай рукой падпiрай зьнiзу, а правай, значыцца ўказальным пальцам нацiскай на курок. Вiдзiш? - тлумачыў Дзяркач. - Цяпер тутака правым вокам глядзi на мушку й цаляй яму проста ў грудзi цi ў галаву. А як страляць дык толька правым пальцам курок нацiсьнеш i шлёп. Кумекаiш? Толька крэпка прыцiскай прыклад да правага пляча й левай рукой дзяржы моцна зьнiзу, бо як нацiсьнеш курок то можыць яна цябе моцна ў плячо таўхануць. Ну й каб куля пайшла куды цаляiш то трэба, каб стрэльба саўсiм нi здрыганулася. Вiдзiш? На.
      Стрэльба зноў апынулася ў Януковых руках i ён узяўся яе трымаць так, як раiў Дзяркач. Але зброя была прост-напраст непасiльна цяжкая, ледзь трымаў яе ў дрыжэчых руках.
      - Так во, роўна дзяржы! Чаго ў цябе рукi дрыжаць?
      Антось забег ззаду за Янука, усё з наганам напагатове, Лявона сочачы, выраўняў Януковы рукi, прылажыў яму прыклад да пляча, падняў рулю.
      - Во так, глядзi, роўна. Стань раўней на нагах, свабодна, расстаў ногi так, для раўнавагi. Ну а цяпер указальны палец на курку дзяржы. У замок я заладаваў патрон, так што табе толька пацiснуць i - бабах! - гэтага клапа на сьвеце ўжо ня будзiць. Роўна, роўна, ня дрыжы!
      Iмгла засланiла Януковы вочы. У шэрасьцi перад мушкай дрыжэла раськiданая Шпунтова чупрына, мiгцела ма замурзаным твары кроў. Бянтэжыў Дзеркачоў голас. Дзе тая раўнавага? Гэта, вiдаць, не сапраўднасьць, а сон. Жарам залiло Янукоў твар, мурашкi па сьпiне пабеглi. Пахiснулiся ногi. У гэны момант спацелы палец курчова ўчапiўся за курок, руля пахiснулася ўбок, страшна таўхануўу плячо прыклад i перад прыплюшчаным вокам грымнуў гулкi выбых. Янук быццам праз сон усьведамiў, што Лявон прысеўi паволi асунуўся на падлогу, а ў млявых руках апусьцiлася стрэльба.
      - Дурань! Ты-ж у яго нi пацэлiў! - раўнуў ля правага вуха Дзеркачоў скрыпучы голас. - От, разiнька, ну цябе!
      Голас пекануў Янука як джгучка-крапiва й ён вiнавата схiлiў галаву. Антось вырваў з рук стрэльбу й з размахам кiнуў яе на стол. Стрэльба перакулiла збан з малаком, што пакацiўся i з гулам упаў на падлогу. Цурком пацякло разьлiтае малако.
      - Нi цяпер цябе страляць вучыць. Можа другiм разам.
      Пасьля гэтых слоў Антось падбег да Лявона, што скорчыўшыся на падлозе сядзеў i, схапiўшы за рулю наган, з усей сiлы ўдарыў дзяцюка ручкай па галаве. Той схапiўся загалаву й са стогнам апоўз на падлогу. Тады Антось, быццам зусiм азьвярэўшы, нагой заехаў Лявону ў жывот. Адзiн, другi, трэцi раз. Зь бязладнага цела выходзiў прыдушаны стогн.
      - Здыхай нячысьцiк! Каб на цябе груганы, а ня людзi!
      Ён яшчэ раз ударыў нагой Шпунту ў жывот. Спынiўся й пазiраў на Янука.
      - Ну што? Прыстрэлiш, цi не?
      - А ён яшчо жывы? - спытаў Бахмач.
      - Няўжо-ж...
      Цi раз у будучынi згадваў Янук гэну часiну, калi ледзь тлеючае Шпунтова жыцьцё было ў ягоных руках. Адылi думка забойства чалавека, што некалi памагаў зьдзеквацца з бацькi й iншых, станула перад iм у сваей велiчнай злачыннай жахлiвасьцi. "Гэта грэх. Як гэта так?" - мiльганула ў галаве.
      - Ну дык? - насядаў нецярплiвы Антось.
      - Чаму ты хочаш, каб я яго страляў?
      - Вось табе й на. Колька часу сядзеў i ў галаву дзёўб што гэта за цаца такая, як з бацькi й другiх зьдзекваўся, а цяпер пытаiшся, чаму страляць...
      - А чаму ты яго нi застрэлiш?
      Антось спасьцярог у Януковым голасе калi ня зухаватасьць то нейкi выклiк. Ён зiрнуў на Лявона, што кучай гною расплыўся на падлозе, доўга i ўпарта ўглядаўся ў Януковы вочы. Вiдаць, што нешта думаў...
      - Можа лепi ня будзем, - сказаў вяла.
      - Дык i ты нi асьмелiшся застрэлiць? - зноў выклiкаў Янук.
      У вадказ на гэта Антось няпрыязна, амаль злосна зiрнуў на юнака, нiчогане сказаў, згроб свой наган, схаваў у торбу i ўзяў ў руку стрэльбу. Разглядаўся па пакоi. Лявон ляжаў нярухома. Рэдкiя кроплi разьлiтага малака капалi са стала на падлогу, быццам шматкроп'е па гэтай цiкавай сустрэчы стаўлялi.
      - Ён i так падохнiць! - тонам поўнага перакананьня сказаў Антось, зiрнуў на Лявонавы боцiкi ў куце. - Хочаш боты? Дык бяры.
      Янук падумаў, ботаў ня ўзяў. Антось плюнуў i адчынiў дзьверы. Спынiўся ля таўстой хвоi, палажыў тобу з наганам ля ног i зручным рухам выцягнуў са стрэльбы замок. Iз размахам яго далёка ад сябе мiж вершалiн дрэва, а патрэны з каробкi палажыў у кiшэню. Зiрнуўшы абыякава на Янука, што прыглядаўся гэткай дзеi, Дзяркач узяў за рулю стрэльбу i зь вялiкiм размахам стукнуў сярэдзiнай яе па таўстым камлi хвоi. Кодаўб трэснуў. Пасьля яшчэ двух удараў прыклад адляцеў ад рулi. Абодва кавалкi Антось адкiнуў у розныя бакi й выцер аб штаны рукi.
      - Чартоўскае прыладзьдзе! Як-бы гэта, каб бiзь яго людзi жыць маглi?!
      Пасьля гэтых слоў, ужо ня гледзячы на Янука, Антось накiраваўся схiлам да тэй сьцяжыны, якой прыйшлi сюды. Зьбянтэжаны такiм захаваньнем старэйшага дзяцюка, Янук зiрнуў уверх, дзе парз густыя вяршалiны дрэваў вызiрала засмужанае неба, яшчэ раз азiрнуўся на хату ды павольна пайшоў за Дзеркачом.
      11
      Спацелай рукой Янук камшыў кужэльную торбачку, тую самую, у якой некалi нябожчыца мацi смачныя сыры пад камянём выцiскала. У торбачцы таiўся сьцiплы набытак солi. Юнак намагаўся ўгадаць, цi бацька накiнецца на яго за тое, што такi, можа ня зусiм удалы гандаль зрабiў.
      На золаку яшчэ разбудзiў Пракоп сына. Калi хлапец ацерабiўся i ачухаўся, пазяхнуў раз-другi, пачаў усьведамляць зьмест ласкавага й роўнага бацькавага голасу:
      - ...у Глыбокае сягоньнiка... Гэта-ж сьвята вялiкае ёсьцiка, сьвятога Пятра, дык i людзей, пэўня, у царкву набярэцца. Мне й самаму карцiла-б зьезьдзiць, алi-ж кабылы шкода, хапаiць ей работы вуньдзiка беднай... Дый баюся, каб дзе Немiц па дарозе не схапiў; было-ж ужо й такое, людзi кажуць. А схадзiць назарэз трэба. У хаце, - во сам вiдзiш, - каб табе парашынка солi. Я табе, сынок, торбачку круп насыплю, кусок баранiны ўлажу. Зайдзiся да Iцака, знаiш таго самага, у каторага мы каляску з кабылай ставiлi, калi нам на рынак заяжджацца ня трэба было... Яны-ж, Жыды, там пры савецкiх крамах ацiралiся й iмi загадвалi, дык i соль у iх, пэўня, ёсьцiка, а есьцi то ў iх нiнадта што... От iм трэба пэўня, крупы й мяса. Калi Iцак сам солi нi маiць, дык ён ад другiх Жыдоў можа дастанiць. Толька-ж ты, сынок, глядзi, таргуйся, каб цябе нi ашукаў. Добра, сынок?
      Усё гэта бацька ледзь не адным дыхам сказаў. Янук усё зразумеў, апрач таго "таргуйся". Як таргавацца? Колькi солi трэба было-б узяць за тое дабро - крупу й леташнюю баранiну, - што бацькла нарыхтаваў у пуцатай торбе? Пракоп Бахмач на гэта адказаць ня змог.
      Лiшнiм было-б Янука ў дарогу спанукаць. Даўно рупiла яму ў Глыбокае, хоць i няблiзка гэта было. Але што юнацкiм гадом адлегласьць! Трывога-ж бацькава пра кабылу свае асновы мела. Колькi-ж разоў новыя гаспадары-гарлапаны ў сялянаў коней адбiралi, наскочыўшы дзе як каршун на кволую птушыную дробязь, iз пабоямi й траскучым незразумелым вэрхалам, ды на якую працу гналi. Галодныя, зьняможаныя, зьбiтыя, вярталiся сяляне дамоў з праклёнамi новых "вызвольнiкаў".
      I царква, i Iцак цяпер ззаду асталiся. У Януковай торбачцы солi ня больш кiляграмаў двух. А побач iшла вельмi-ж даўно, ад прыходу Немацаў прынамся, нябачаная Дуня.
      Дзьве пары босых ног паволi ступалi па мяккiм жоўтым пяску на абочыне гасьцiнцу, вымiналi, дзе трапляўся, шурпаты й колкi жвiр. Сонца ладне з паўдня схiлiлася, лагодны сухавей лашчыў твары й валосы. Па дарозе гуртамi йшлi людзi, рэдка тарахцела каляска. Расьсеюцца-рассыплюцца ў свае вёскi цi хутары па бочных дарогах i сьцежках гэтыя вернiкi, што сяньня вялiзарную царкву маленьнем гаманой поўнiлi. Адно Януку з Дуняй дарога найдаўжэйшая да далёкiх Лiтоўцаў дабрацца.
      Якая радасьць! Дзяўчына роўна, нiбы забаўляючыся, iзь ей аднэй свомай нейкай грацыяй крочыла побач. Песьцiў Януковы вушы мiлым шчэбетам лагодны Дунiн галасок. Пазiраў Янук на хвалiстыя, густыя, як сьветлы чэсаны лён, пабеленыя сонцам летнiм даўгiя Макатунiшчыны валосы, асмужаны загарам носiк i шчокi, пунсовыя й прыадчыненыя, калi маўчала, вусны, мерна дыхаючыя пад тонкiм шоўкам грудзi. Зусiм у меру, як-бы для закругленьня й завяршэньня сваiх цялесных прынаднасьцяў, Дуня папаўнела, сакавiтынм маладым нэктарам налiлася. Шчэбет пераказваў розныя дробныя прыгоды, што ў матчынай раднi летам дзяўчына мела.
      Сустрэлiся зусiм прыпадкова каля царквы. Пасьля зацяжнога торгу зь Iцкам, ад якога давялося горы жыдоўскага гора наслухацца, Янук на схiл сьвятой лiтургii трапiў. У зусiм перапоўненую царкву нельга было ўцiснуцца. Пасьля багаслужбы вернiкi паплылi шырокай ракой праз галоўныя дзьверы. Дробiлiся, на групы й сем'i дзялiлiся. Пад гоман узмужнеўшых ля тоўстых, аблупленых з тыну й вапны царкоўных сьценаў, жабракоў людзi раскладалiся зь емiнай на траве, пад дрэвамi, каб голад замарыць, пагаманiць, навiнамi замянiцца, адзiн аднаго пра здароўе распытацца ды ўжо пазьней нясьпешна па хатах расплывацца.
      Янук прыхiлiўся плячмi да мураванай сьцяны, жваў сухi й чэрствы, як жвiр, хлеб ды ашчадна, баючыся, што вось-вось скончыцца абкусваў маленькi кавалачак сала. Ад недалёкага, зялёнага з выгляду возера, нясло гнiльлю водарасляў i рыбнай луской. Цiхая гамана поўнiла вялiзны царкоўны двор. Вочы юнаковы вандравалi па каляровых хусьцiнках, розных кепках i магерках, а цi не мiльгане дзе знаёмы твар. З адлеглых за сьвет Лiтоўцаў рэдка калi тут людзi бывалi.
      - А госпадзе мой, людцы добрыя, каго-ж я гэттака бачу!
      Мiленькi галасок, даўно нячуты званочак. Колькi разоў пра яе думаў, кажны рух цела, зiрк вачэй, адцень голасу адтварыць намагаўся! Дзяўчына падыйшла так, што Бахмач спасьцярог яе толькi цяпер, калi твар ягоны гарачым дыханьнем аблiла. Правая рука паднялася, каб прыгарнуць яе, але ў пару апусьцiлася...
      - Дуня, як гэта! - прагаманiў зь нечаканасьцi амаль перапалоханы. Кончылася, цi, дакладней сказаць, пачалося няўклюдным жэстам рукi, поцiскам непаслухмянымi пальцамi дзяўчынiнага локця... Проста, здавалася, наскрозь празь цябе пазiралi незабытныя вочы-васiлькi. У iх гаспадарыла добра ведамая гарэзьлiвасьць. I выклiк. I абяцаньне. Шчодрая вымоўнасьць i недаказанасьць. I яшчэ нешта. Шмат большае. Штосьцi такое, што ўзбуджае пульс крывi й спанукае дыханьне, спараджае паскарэньне тэмпа ў скронях i аслабляе сiлу ў ваколiцы каленяў. Вочы-васiлькi пазiралi даступна-проста й прынадна. Здавалася, бачыш яе поўную, сокамi маладога хараства набрынялую грушу дасьпелую, бярозку стройную, а яна ўсё-ж астаецца нейкая ня зусiм даканца разгаданая, крыху таямнiчая. Чым больш прыблiжаешся тым больш загадак, выклiкаў...
      У роце засеў камяк несажванае жарствы хлебнае, кавалачак сала. Твар, здаецца, ад сораму гарыць, аж па кончыкi вушэй чырванее. Нешта ня тое... Не пазьбягаў-жа раней зрокам сваiм васiлькоў прынадных. Няўжо-ж ад доўгага нябачаньня перамена? Здавалася, што ля сьценаў гамана й мольбы жабракоў узмоцнiлiся. Заварушылiся паволi спынiўшыя перажоўваньне хлеба санкi й камяк хлебнай жарствы iз тэй сьцiплай скаромiнай шмыгнуў праз гарляк.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25