Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 9)
Автор: Акула К.
Жанр: Отечественная проза

 

 


Адчуваў Янук, навет дакладна разумеў, што магла бацьку iнтрыгаваць ягоная мова. Гэта быў нанос зь лекцыяў гiсторыi, якую ў школе вучыўся й мо недасягальная вышыня для чалавека, якi за жыцьцё сваё сотнi кiлямэтраў за поручнямi плуга й за бараной зрабiў. Але як накш выкажаш свае думкi? I адчуваў Янук, ведаў добра, што ня звычайная была з бацькам спрэчка. Навокал тварылася шмат большае за яго й бацьку. Зьвяруга вайна можа падхапiць i панесьцi яго ў сваей зьнiшчальнай плынi i кiнуць стоць у нейкi небясьпечны вiр.
      Янукоў нос пранюхаў гар дыму. Лагодна дзьмухнуў вецер i недзе ўверсе нудна скрыпнула надломанае дрэва. Прыслухоўваючыся, Янук паволi ступаў мiж бярозаў. Неўзабаве густая iх чарада ўступiла месца радзейшым кустом i воддаль мiж галiнаў Янук псасьцярог рэдкi сiняваты дымок. Непадалёк вялiкае, падоўжанае кучы хворасту й ацяробкаў на калодзе ля вогнiшча сядзеў чалавек. Па чырвоным, добра-ткi ўжо падношаным кажушку, кепцы, на правы бок галавы насунутай ды цёмных валосах Янук пазнаў Антося. Неадступным бярозавым кiем пароў ён вогнiшча.
      - А, гэта ты! - адвярнуўшыся, усьмiхнуўся дзяцюк. - Добра, што прыйшоў. Я сяджу во й думаю, што ты мог-бы й пабаяцца...
      - Во, а чаго? - бадзёра спытаўся Янук.
      - Ну дык як гэта чаго... Пра гэты-ж во, пра Марылiн Горб дык цi мала чаго навыдумлялi. Нiбы тутака самыя чэрцi рагатыя. Пэўне-ж i сам наслухаўся!
      - Чаму-ж не.
      - А ты знай, што чарцей людзi стварылi. Ня веру я ў iх ды людзi, на маю думку, страшнейшыя за чарцей бываюць.
      Нiколi не даводзiлася Януку на паважныя жыцьцёвыя тэмы з Антосем гаварыць i ня ведаў ён чаго спадзявацца ад Дзеркача пасьля ўчарашняга.
      - Нi стаi. Бяры во якую калоду ды сядай.
      Янук азiрнуўся, выцягнуў з кучы чурбан дрэва й сеў на iм ля вогнiшча, насупраць Антося.
      - Нехта тут во добра пры бальшавiкох паласаваўся. Бярвеньне сьцягнуў а суччо й ацяробкi пакiнуў.
      - Ага, - згадзiўся Янук.
      - Ды пачакай, нiхай во балота ўмерзьнiць, от сякеры й пiлы пойдуць у работу.
      - Думаеш?
      - Людзём трэба дрэва. Пакуль там хто агледзiцца... От увiдзiш...
      - Можа быць, - згадзiўся Янук. - Але-ж i прыгожы дзень.
      - Дзень нiшто сабе мы выбралi.
      Антось упарта ўглядаўся ў вогнiшча, дзе найбольш дымiў смаляк i тлела суччо, аддаючы прыемне цяпло. Дзяцюк пароў смаляк кiем. Дым iшоў амаль стоць уверх.
      - Вытрубiлi мы ўчора ў Паўлоўскага бутэльку сiвухi ды яшчо кмiноўкай паправiлi. Дык, халера, галава цяжкая сягоньнiка. Але трэба было.
      Гэнае "трэба было" нейкiм вiнаватым голасам сказаў i дзесьцi ўбок зiрнуў.
      - Во, я ня думаў, што ты п'янiца. Ды яшчо зь кiм? Зь дзiравым шляхцiцам! - абвiнавальна кiнуў юнак.
      - Чакай ты, паволi! - пагарачыўся Антось. - Ужо ты так адразу п'янiцу зь мяне робiш, а нiчога нi знаiш. Калi-б ня трэба было, дык я-б да гэтага самага шляхцюка дзiравага й на парог нагой ня ступiў.
      Пры апошнiх словах бразьдзей стукаў па смаляку ў вогнiшчы Антосеў кiй. Iскры падскаквалi ўверх.
      - Ты, гэта самае, чуў, што Немцы нашых восем чалавек у Глыбокiм расстралялi? I твайго дырэктара Якаўлева? Ды нашага войта Бабра?
      Янук анямеў. Што выпiўка лiтроўкi ў Паўлоўскага з гэтым супольнага мела? Цяпер згадалася ўчарашняе "надта важнае". Дырэктара ў школе некаторы час ня бачыў. Казалi, што захварэў, а ягоныя лекцыi зь геаграфii й матэматыкi вялi iншыя настаўнiкi.
      - Як гэта расстралялi? Калi й за што?
      Антось адказаў не адразу.
      - Найболi гэтых, якiх расстралялi, як кажуць, за камунiзм, дык гэта нашыя добрыя людзi. Некаторыя былi ў Грамадзе й Палякi iх судзiлi. А Немцы ў Гацях як вады ў рот набралi. Ад iх нiчога не даведаешся. Камунiсты капут, ды i ўсё! А было гэта зроблена так шыта-крыта й скора, што пакуль людзi спасьцераглi дык тых, найболi з Гацяў арыштавалi, адвезьлi ў Глыбокае й забiлi. I разам зь iмi надта важнага для нас чалавека, войта Бабра. Бандзiты! I толька таму, што наш Кастусь Падгайскi маiць у Гацях у палiцыi свайго чалавека, таму мы й знаем як i хто гэта зрабiў...
      - Паляч'ё? - спытаў Янук.
      - Ну а хто-ж...
      - От нячыстая сiла!
      Настала доўгае маўчаньне. Антось упарта пазiраў у тлеючае вогнiшча. Моцна сьцiснула бярозавую палку рука. Канец яе колькi разоў па смаляку ўдарыў, узьляцелi ўверх iскры.
      - От, братка ты мой. Пакуль мы агледзiлiся, дык паляч'ё нашых самых лепшых восем чалавек зьлiквiдавала. I то не сваймi, а нямецкiмi рукамi. Падумаць, падумаць толька! Усё, што нам астаецца, дык гэта сядзець, як старыя кажуць, ды "нiхай хоць сам чорт пануiць, абы добра жыць было". А нас па аднаму, па два, па пяць, па дзесяць так i выдушаць. I чорт панаваць будзiць на касьцях нашых!
      Нешта ня зусiм укладалася ў Януковай галаве. Былi складнiкi, але не атрымлiвалася сумы. "Немцы, - думаў ён, - гэта нашыя прыяцелi. А хто-ж гаспадарыў?"
      - Дык пры чым тут твая выпiўка зь дзiравым шляхцiцам?
      Трэба было бачыць у гэны час Антося, а асаблiва назiраць за ягонай бярозавай палкай. Нiколi Янук Дзеркача ў такiм сьвятле не разглядаў. Зямля ад зямлi. I нешта самабытнае, наскрозь здаровае, любоўю да роднага, жаданьнем справядлiвасьцi да людзей прасякнутае. Вясковы жартаўнiк, такi сабе, быццам просты дзяцюк, што, здавалася, нiкому вока не запарошыў. Людзi, вiдаць, ня зусiм яго разгледзiлi. Цяпер Янук быў упэўнены, што гэта ня хто iншы, а толькi Дзяркач той Шпунтоў лёзунг на вясковай школе спэцкаў ды бальшавiцкага гарлапана як на даланi людзям, ледзь не нагала разьдзетага, паказаў.
      - Пытаешся, пры чым тут выпiўка зь дзiравым шляхцiцам. Зараз увiдзiш, злосна скрывiўся Антось. - Гэта мне Кастусь Падгайскi расказваў, што гэты самы дзiравы шляхцiц да гэнай разбойнiцкай шайкi паляч'я належыць. А цi ты ведаеш, цi кумекаiш, што гэта за банда?
      Янук ня ведаў, што на гэта адказаць. Бярозавая палка зноў пачала заўзята бiць па смаляку. Адчуваў юнак, што яшчэ найважнейшае ня было сказана, што яно наперадзе. I ажно баяўся, дрэннае прадчуваў.
      - Аказваецца, што яны маюць зьвязь зь лёнданскiм урадам польскiм. А ўрад той, як вiдаць, галоце гэтай загадваiць як i што рабiць. Ты чуў такое? Галота наша маiць i iншыя зьвязi добрыя: людзi на паяздах машынiстамi й на зялезнай дарозе працуюць, дык празь iх зьвязаныя зь Вiльняй, Варшавай, а тамака з Варшавы ўжо яны неяк зь Лёнданам кантакт дзiржаць. Ды гэтыя-ж панкi, што ад бальшавiкоў i Немцаў за гранiцу паўцякалi, дык яны нашую зямлю сваей лiчаць. Дык тыя панкi й зрабiлi такую арганiзацыю, у iх кантакты й грошы. Пачынаючы во ад гэтай пiрды курвы Марыськi Закшэўскай, што пры самым каманданьце нямецкай i чорнай палiцыi ў Гацях прымасьцiлася, ды шпрэхаiць... Цi-ж гэта ня хiтра? Ноччу зь iмi ў пасьцелi, а пасьля разам нашых "камунiстаў" майструюць, заразы! Палiцыя ў iхных руках, дый другiя нямецкiя канторы абсаджваюць. Закружылi яны каля Немцаў, як мухi ля гною, от як... Ну й дзiва нiма, што нашых найлепшых людзей, як ваўкi авечак, цягаюць. Тут во й сядзi, рукi злажыўшы...
      Шмат болю. горкага як той смаляны дым з вогнiшча, было ў Антосевым голасе. Януку цэлы новы сьвет адкрываўся. Уяўленьне рысавала жахлiвую сытуацыю, тым больш, што што цi не самай галоўнай спрунжынай у польскай баньдзе быў каржакаваты забойца ягонае маткi.
      Антось, быццам злавiўшы Янукову думку, пiльна зiрнуў яму ў твар.
      - Ты можа каторы раз i думаў, навошта я цябе раз пазваў, каб расправiцца з тым ханжой Шпунтам, каторы памагаў Косьцiку твайго бацьку катаваць. А цяперака можа зноў думаеш, чаму я цябе сягоньнiка другi раз выклiкаў, дык можаш дагадацца. Чалавек, каторы стаiць як-бы ў самым цэнтры, а калi нi ў самым дык блiзка сярэдзiны гэтай банды басякоў i забойцаў, гэты чалавек...
      - ... забiў маю матку, - горкiм голасам дакончыў Янук.
      - Так. А цяперака ён iз сваей кумпанiяй нямецкiмi рукамi забiў нашых восем чалавек. I гэта, пэўне-ж, пачатак толька. Паглядзiш як гэта яны, як кажуць, у пер'е абрастуць, нажывай абсмакуюцца, за нямецкiмi плячмi разгуляюцца. Гэты басяк Бжончак пры Польшчы забiваў, дык яму нi навiна. Хто ведаiць цi яшчо да цябе й тваiх нi дабярэцца...
      - Да мяне й маiх? А за што?
      Антось засьмяяўся калюча-злосным сьмехам.
      - Якоя-ж ты дзiця! Бандыцкай натуры нi знаiш, от што... Бандыт, калi ён раз забiў, дык ягоная рука ўжо да крывi й цягнiцца. I бандыт нiколi таму нi даруiць, каторы на яго за што злосьць маiць. А цi-ж ён, ты думаеш, пра вас забыўся? Ён-жа во тут каго толька нi знаў, а вас найболi...
      Цi раз марыў Янук пра помсту. Мала, што марыў, але навет пастанавiў. Калi падрасьце... А гэтта, выглядае, справа ня так простая. Ён нiколi ня думаў пра пагрозу для яго сям'i з боку гэнага самага забойцы. Антось прадставiў небясьпечную сытуацыю. Бо й запраўды, калi падумаць, дык цi-ж можаш запярэчыць яму, што "забойцы рука да крывi цягнiцца"?
      - Я гэтак ня думаў, - сказаў цiха.
      - Як ня думаў? - спытаў Антось.
      - Ды што Бжончак можа на нас усiх паквапiцца.
      - Во, чаму-ж-бы не? Як вiдзiш, цяперака тут вайна. Яны, вiдаць, маюць свае пляны, гэта значыць, каб нашых людзей, каторыя за сваё стаяць, лiквiдаваць. Ну а калi Бжончак у iх там верх вядзець, дык, пэўне-ж, апроч агульных плянаў ён зробiць i свае парахункi. Гэта, братка, каб я з гэтага месца нi зыйшоў, напэўна так i будзiць.
      - Дык што-ж мне рабiць? Бацька мой, - сам знаеш нашых людзей - думаiць, што калi будзiць цiханька сядзець i за бараной i плугам хадзiць, дык нiкому на мазыль нi наступiць, дык i яму анiхто. Але я? Ты праўду гаворыш. Дык цi-ж мне чакаць, пакуль гэты бегамот да нас iз стрэльбай прыйдзiць?
      - Во цяпер ты добра думаеш, цяперака вiджу, што кумекаеш. А калi так, дык нам трэба добра падумаць, што рабiць. Адно ясна, што таўчыся на месцы, як тыя авечкi ды чакаць, пакуль воўк прыйдзiць i нас пацягнiць, мы ня можам. Дык што тады?
      У Януковай галаве хаос паўстаў. Там вучань школьны, а тут чорт ведае што... На нейкую вайну з Бжончкам iсьцi? I як ён, падлётак яшчэ, можа што зрабiць?
      - Згода, цi не? - спытаў Антось.
      - Гэта ты пра што?
      - Пра тое, што так сабе, рукi злажыўшы, сядзець ня трэба.
      - Згода. Але як i што? Трэба добра падумаць.
      - Падумаем.
      - Ды ты мне расказваў, што наш дзiравы шляхцiц да гэных пшэкаў галаварэзаў належыць. Гэта разумею. I як гэта нашы людзi яго, нiкчэмнiка, пашкадавалi, бальшавiком ня выдалi, каб ён да белых мядзьведзяў на Салаўкi паехаў... Алi гэта нi да рэчы. Ты мне ўсё-ж нi сказаў чаму ты ўчора зь iм столькi гарэлкi вытрубiў, хоць я знаю, што цябе да чаркi нi цягнiць. Нейкая-ж прычына была?
      - Ага, была. Вiджу, што кумекаеш. Дык от гэты самы Падгайскi Кастусь перасьцярог мяне. Ён, кажыць, гэты наш Паўлоўскi, ад сваей банды заданьне атрымаў, работу для iх робiць. А якая гэта работа? Ну падумай.
      - Даносы? - спытаў Янук.
      - Во, во, даносы. Ён маiць пра ўсiх нашых людзей iм даносiць, значыцца як, хто й што думаiць, што робiць, зь кiм руку дзяржыць. У iх пэўне сьпiсак ёсьць. Як толька што, дык яны тады Немцаў на цябе, што ты камунiст, значыцца. А Паўлоўскi-ж пэўне нi мяне аднаго на воку дзержыць. Гэта цi раз ужо ён са мной пра ўсякае цiкавае гутарку пачынаў. Як от, Антось, думаiш пра тоя й гэтае й так далей? Ну а я, - сам-жа ведаеш, - ня ўчора зь пялёнак. Думаю сабе, калi ты, басяк, хочаш мяне за язык пацягнуць, дык пэўне-ж прычыну маеш. Сам знаеш, што я ад Палякаў i бальшавiкоў высьлiзнуў, дык значыцца ня ёсьць ламака нейкi. А цi-ж Паўлоўскi гэтага ня вiдзiць? Ну але, чорт ты рагаты, прастытутка шляхоцкая, нi табе Дзiркача Антося абхiтрыць. Як я тваiх паноў абхiтрыў, дык цябе й пагатове. Дык як ён мяне за язык цягнуць узяўся, то я яму такiя жарцiкi й цымусы... Скулу, думаю, пазадак панскi, да майго нутра дабярэшся. Добра, аказваецца, рабiў, бо мне на днях тоесамае й Падгайскi раiў. I яшчо, казаў Падгайскi: пастарайся, кажыць, добрую руку зь iм дзяржаць, каб ён цябе за свайго чалавека лiчыў, каб на цябе ў яго нiякага падазрэньня нi было. Проста, кажыць, якога прыдурка Ваньку йграй. Я тое перадумаў, што Кастусь казаў, i ягоную праўду вiджу. Цяперака-ж, знаеш, мы нiякай сiлы ня маем, дык навошта на ражон лезьцi? Во, забыўся, чорт вазьмi, трэба палажыць, каб сьпяклiся!
      Антось выняў зь кiшэнi некалькi бульбiн, старанна разгроб прысак, паклаў туды бульбу й засыпаў жарам.
      - Пакуль мы з табой што скумекаем, дык i бульба сьпячэцца.
      Янук маўчаў, спакойна ўдыхаючы сьвежасьць ляснога паветра. Лянiва, у сьцюдзёных праменьнях сонца, драмаў лес.
      - Дык от, знаеш, братка, нiвялiкая мне пацеха да гэтага панскага брыды падмазвацца. Рука сьвярбiць, каб добра ў рыла чахнуць. Ну алi прыйдзiць яшчо й на маю нiву сьвята! Ды ты-ж знаеш, як гэты ёлупень пахвальбу любiць, якi зь яго нягоднiк i пусты фанабэра. Дык я яго i ўчора цi раз пахвалiў. Ты, кажу, Пятрусь, усё-ж маладзец, сваiм людзям пасабляеш. Табе ад iх павага й падзяка будзiць. Каб ты вiдзiў, як ён, брыда, падрос! Нi дай, Божа, якi басяк самалюбны. Ды я й давай на гэным яго самалюбii йграць. Адным словам, думаю, што ён мяне цяперака за свайго чалавека маiць. А мне толька гэтага й трэба, а тамака паглядзiм...
      - Нi знаю, што табе на гэта сказаць. - заўважыў Янук. - Так выглядаiць, што ты яму хочаш паддабрыцца.
      - Ну не, - запярэчыў Антось. - Я баяўся, што ты мяне нi зразумееш. Я-ж нi паддобрываюся яму, а толька хачу паказацца, - як табе сказаць гэта? - ну другiм, нi такiм як я ёсьцiка. Ты-ж от сам цяпер вiдзiш, што ёсьць два Антосi: адзiн такi няшкодны й вясёлы, цi, як нашы кажуць, - Антось прыдурак, а другi - гэта той, каторы з табой гаворыць. Ну праўда гэта, цi не?
      - Ага.
      - От вiдзiш. Дык мне тутака залежыць, каб Паўлоўскi, гэты вораг i басяк, катораму некалi трэба будзiць шыю скруцiць, каб ён мяне лiчыў за нейкага нiважнага дурня, якi ня вiдзiць, дзе што робiцца й хто ў што пальцы мачаiць. Ён падумаiць, што я няшкодны. Проста гаворачы, iдзець пра тое, каб ён нi знаў мяне такога праўдзiвага, сур'ёзнага, як ты знаiш. Тады мне ён нiдзе нагi нi падставiць, а значыцца й даносу на мяне ня зробiць, дык можа будзе нешта рабiць. Кумекаеш?
      - Усё гэта надзвычайна цiкава й я цяперака вiджу, што ты, за парадай Кастуся Падгайскага, добра робiш. Ты думаiш, што гэты самы ёлупень Паўлоўскi цябе нi прагледзiў?
      Антось падумаў.
      - Як табе сказаць? Я нi магу пабажыцца, цi прысягнуць... Думаю, што ён нi дагадваецца. Дурны ён ня ёсьцiка, але нiдаверлiвы, сукiн сын. Ну алi як мне быць? Каб от так раней ужо рот адкрыў, дык, - хто знаiць? - можа мяне ўжо зьбяёдалi-б... Таму я думаю, што тутака трэба час выйграць, ды можа, пакуль там якая трасца, i ў ласку да яго ўбiцца. Нiхай навiт думаiць, - i гэта я буду памалу яму ў вушы ўводзiць, - што я ў iх свой, што Палякам на руку... Кумекаеш?
      Антось устаў, налажыў на вогнiшча сухога хворасту, якi ўмiг заняўся буйным полымем. Янук адсунуўся ад вогнiшча й пазiраў на прагавiтыя чырвоныя языкi, што сквапна ахоплiвалi новую пажыву. I ў ягоным уяўленьнi полымя пашырылася, узбуйнела, вырасла, шугала й ахоплiвала вялiкiя прасторы роднай зямлi, пагражала ўсеагульным зьнiшчэньнем. А блiзка яго й ягонай сям'i спынiўся, напагатове, каржакаваты забойца.
      - Толька от што, Янук, - даляцеў да сьведамасьцi сухi голас зьверху, калi я, з патрэбы, завяду гэтае самае, якую дружбу з Паўлоўскiм, дык, сам знаеш, вясковыя языкi вярзiць пачнуць. Дык от тады не забывайся чаму я так рабiць буду. Калi што пра мяне пачуеш, нiчога нiкому нi расказвай. Язык за зубамi дзяржы. Кумекаеш? Ня выдай мяне. Добра?
      - Добра, - адказаў Бахмач.
      - Бо калi, нi дай, Божа, гэты басяк маю гульню спанатрыць, то мне капцы могуць быць. А нам-жа час трэба. Кумекаеш?
      - Кумекаю, - адказаў Янук Антосевым словам.
      Дзяцюк зiрнуў на юнака i ўсьмiхнуўся.
      - Я табе саўсiм давяраю. Калi-б нi давяраў, дык нi пазваў-бы на Марылiн Горб i нi расказваў-бы сваiх тайнаў. Глядзi-ж, каб апраўдаў сябе, бо мы ў аднэй лодцы й мусiм адзiн аднаму пасобiць.
      Антось разгарнуў прысак, перавярнуў бульбу, заўзята цягнуў носам.
      - Ужо пачынае прыпякацца. Але-ж i люблю запах такi!
      Гэты дзяцюк ня пераставаў зьдзiўляць юнака. Ажно нiякавата было. Той раскрыўся перад iм, як перад нiкiм iншым зь вёскi. Што гэта значыла? Мусiць ён, сын гаротнiка Пракопа, не апошнiм нулём быў. Халерная думка. Гэтта вось пад бокам, начупыраны, быццам iндык, ахарашваўся-зьвярэў у Гацях забойца ягонае маткi, зь якiм ужо некалi пастанавiў некалi рахункi зьвесьцi. Дзiва, што Антось яго выбраў, утаямнiчыў у свае сьцежкi-дарожкi, руку падаў. Калi так, што-ж у яго глыбей у думках гнязьдзiлася?
      - Антось, - пачаў нясьмела.
      - Га? - адвярнуўся той.
      - Дык ты можа да канца чаго нi даказаў, знаеш? Я цяпер ведаю ўжо пра гэтага дзiравага шляхцiца. Дзякую, што вытлумачыў. Ну але другое: Што рабiць з гэтым Бжончкам, што ты думаеш?
      - Забiць.
      Януку дыханьне заняло. Вось перад вогнiшчам, зь неразлучнай бярозавай палкай, порачы смаляк, стаяў бездапаможны, здавалася, вясковы дзяцюк. А ў Гацях, абкружаны сваймi галаварэзамi, запусьцiўшы сецi на ўлоў мясцовых "камунiстаў", валадарыў Бжончак-Бронхэр. У таго ў руках мясцовая ўлада, а ў гэтага - бярозавая палка. А на вуснах прыгавор - забiць! Сьветкамi касалапыя хвоi й стройныя бярозы. I Бахмач Янук.
      - Як? - спытаўся юнак.
      - Проста. Надта проста. Вiдзiш Янук, ты малакасос яшчо, многа чаго нi знаiш. А тутака нiма нiчога такога надта скамплiкаванага. Трэба табе ведаць, што кажны чалавек маiць свае слабасьцi й гэны брыда таксама маiць свае. Трэба iх толька нам знаць. I я пастараюся даведацца. Перш за ўсё трэба ведаць дзе фольксдойч Бронхэр гуляiць, як i колькi п'ець. Я пра яго многа чуў. Таксама ведаю, што ён iз гэтай курвай Марыськай Закшэўскай... Чуў, што гэныя "хлопакi" ягоныя з палiцыi ох якiя ахвотнiкi пагуляць. А калi так, дык недзе-ж яны гуляюць. I вось, знайшоўшы ўтоптаныя iмi сьцежкi, трэба падпiльнаваць. А тады... Адзiн момант, адзiн удар нажа, каб цiха, каб ня чуваць было, от так, здалёку.
      Антосева рука маланкава выхапiла з-за пазухi нешта прадаўгаватае i зьзяючае, i ня ўсьпеў Янук навет разгледзiць, што робiцца, як нож крывуляй сьвiснуўшы ў паветры, крокаў пятнаццаць воддаль уеўся ў камель бярозы. Антось падыйшоў да дрэва, выцягнуў нож, выцер зьзяючае лязо, ды зь любоўю, здавалася, паглядаў на яго й падаў Януку.
      - На, паглядзi. Цяпер кумекаiш?
      Янук трымаў i ўважна абглядаў паляўнiчы нож з прыгожымi касьцянымi чыранкамi.
      - Пекны нож. Знаеш, я некалi такi ў Лазоўскага вiдзiў. Ягоны?
      Антось не адказаў на пытаньне.
      - Спрабуй, пацэль так у дрэва, як я, - запрапанаваў дзяцюк.
      Янук паглядзеў на забойчую прыладу, памяркаваў, зiрнуў на Антося, нацэлiўся i зь вялiкiм размахам кiнуў нож у бярозу. Нож крутнуўся ў палёце, збочыў, бразнуўся аб камель i ўпаў.
      - Нi так лёгка, як здаецца, га? - суха ўсьмiхнуўся Дзяркач. Ён узяў прыладу зь Януковай рукi й пакуль юнак азiрнуўся, яна дакладна, як раней, сьвiснуўшы ёмка ў паветры, уелася ў камель дрэва.
      - Каб табе гусак на нагу наступiў! Як ты гэта робiш спрытна! - крыкнуў з захапленьнем Янук. - Навучы мяне.
      - Яно нi так проста, як выглядаiць. Трэба перш ацанiць адлегласьць, а як кiдаеш нож дык знаць яго цэнтар вагi; от кiдаеш ручкай i мусiць перакруцiцца, каб упiўся ў дрэва носам. Кумекаеш? Алi гэта найболi практыкi трэба. Мусiш ужо мець так руку набiтую, каб яна сама, як кажацца, пранюхала... вока глянула, ацанiла, а рука ўжо й знаiць як... от. Практыка вялiкая трэба.
      - А ты доўга кiдаў, пакуль навучыўся?
      - Эх, гадамi. I многа залежыць яшчо, што кiдаеш. От гэты нож я па вазе выбраў, якраз на маю руку. Знаеш, ты пэўня чуў, што Цыганы, Гiшпанцы й паўднёвыя народы, як Iтальянцы, яны ў гэтай штуцы вялiкiя майстры, добрыя, прыгодныя для кiданьня, паляўнiчыя нажы маюць.
      - А ў цябе яшчо болi такiх нажоў ёсьцiка?
      - Казаў табе: як многа будзеш ведаць то скора састарэешся.
      Янук зморшчыўся.
      - Ну ня крыўдуй на мяне, - усьмiхнуўся Антось, - што я пажартаваў. Пэўне-ж у мяне ёсьць яшчо... Калi-небудзь пакажу, калi цябе зiкавяць.
      Запахла печанай бульбай. Антось разгарнуў прысак, выхапiў бульбiну, памацаў яе, абцёр попел, разламаў.
      - Вяры, гатовая.
      Янук узяў бульбiну, пачаў хукаць на яе, абiраць ды сеў на чурбан дрэва.
      - От каб яшчо шчыпцi солi да гэтага.
      - А во, на, - выняў Антось зь кiшэнi закручаную ў шматцы соль. - Бяры на руку.
      Воддаль, на нязусiм яшчэ добра ўмерзлых, сьнегам прыцярушаных купiнах ля кустоў лазьняку нешта заварушылася. Янук спасьцярог яго першы. Гэта быў высокi, з шырокай, разьлеглай, сукаватай каронай лось. Ён спакойна разглядаўся.
      - Глянь, Антось, тамака, пад той стажок!
      - Iш ты яго! - захапiўся Дзяркач. - Даўна-ж я такога ня вiдзiў. От каб добрую дубальтовачку ў рукi!
      - I ты забiў-бы яго?
      - А чаму-ж не?
      - Шкада. Я такога першы раз на свае вочы вiджу. Раней толькi ў падручнiку прыроды з прыроды спатыкаў, - зьдзiўляўся Янук.
      Разгледзеўшыся ды, мусiць, наважыўшы, што небясьпекi зьнiкуль няма, лось паволi наблiзiўся да стага й пачаў скубсьцi сена.
      - Калi нi я дык нехта другi заб'ець. Цяперака, вайной, знаеш...
      Антось устаў, улажыў у рот пальцы й моцна сьвiснуў. Лось падняў галаву, зiрнуў у гэты бок i, не марудзячы, накiраваўся ў гушчар.
      16
      Пры яркiм сьвятле электрычнай лямпачкi Падгайскi пiльна прыглядаўся Антосю Дзеркачу, Здавалася, што пытаньне, павiслае ў паветры, адказам сьвяцiлася ў вачох агранома.
      - Дык як табе гэта ўдалося?
      Тыдзень перад тым, у глухую васеньнюю ноч, калi золь трымала людзей на запеччах, калi, згодна народнае мудрасьцi, "добры гаспадар скацiны на такую непагадзь ня пусьцiць", у ноч цёмную, "як пальцам у вока", нехта нарэшце справiўся з камандантам Бжончкам-Бронхэрам. Крывёю сьцёкшага, апруцянелага, знайшлi яго на сьцежцы ля жываплоту й прысадаў ля дому на водшыбе ад Гацяў. У кабуры - нязакрануты пiсталет, а пры трупе - нiякае прылады забойства. На мясцовым мэдпункце жандармэрыi вымяркавалi, што быў забiты ззаду, доўгай прыладай, якая спад левае лапаткi дастала да сэрца. Паводля пазыцыi, у якой ляжаў, сьледчыя вымяркавалi, што каманданта забiлi й неспадзеўна, бо пазыцыя, - тварам унiз, з аднэй падкорчанай рукой, - не паказвала, каб баранiўся ад нападу.
      Дом, ля якога скончыў няслаўны жыцьцёвы шлях "фольксдойч" Бронхэр, мяшчане называлi забягалаўкай, калi не хацелi папулярна-брыдкiм словам карыстацца. Паненкi забаўлялi там палiцыянтаў, а больш дападлiвыя пахатухi апавядалi, што шырока лiлiся там самагонка й шнапс, нiколi не бракавала шчодрай закускi. Ведама было таксама, што "гандэлькам" загадвала Бронхэрава мацi, удава, жанчына, ведама-ж, немаладая, узнагароджаная ў гэтым кiрунку, вiдаць, немалымi здольнасьцямi.
      Падчас нямецкае акупацыi такiя, нiколi нярэкламаваныя, дамы йснавалi навет у малых мястэчках, дзе было войска й палiцыя, згодна, вiдаць, старога гандлёвага права - дзе ёсьць патрэба там знойдзецца й тавар. Цывiльным ня было туды не патрэбы, нi доступу.
      У час, калi забiты быў Бжончэк-Бронхэр, ня iснавала яшчэ й ценю якое-небудзь небясьпекi ад чырвоных бандаў, а людзi ў мундзiрах, што сьцераглi "новага парадку", сьмела хадзiлi начамi, пераклiкалiся сваймi, адным iм ведамымi, паролямi. Нiкому з уладаў, вiдаць, ня прыйшло ў галаву, што самое палажэньне "дому пацехi", у якiм калiсьцi жыло "тоўстае" бальшавiцкае начальства, магло прадстаўляць нейкую небясьпеку. Часы забясьпечаныя цi абаронных пунктаў, калi ноч падпiльноўвала акупантаў, былi яшчэ далёка наперадзе. Дык нiхто, вiдаць, не зьвярнуў увагi на доўгую, аброслую жываплотам, клёнамi й бэзам дарожку, дзе глухой ноччу можна лёгка скрыцца й асачыць пажаданую ахвяру.
      Бронхэра з гонарамi пахавалi на мясцовым могiльнiку, а Немцы жандармы ня надта рупiлiся расшукаць забойцаў i задаволiлiся павярхоўным сьледзтвам. Чалавек быў "фольксдойчам" i за забойствы такiх, дзе няведама хто падняў на яго руку, ня ўжывалiся тады рэрэсii як за самых "обэрмэншаў". Палякi-ж, што абсадзiлi мясцовы гарнiзон палiцыi, трымалiся iншае думкi... I вось пра гэта цяпер адбывалася гутарка.
      Вечар дзёгцем чарнеў у вокнах. Падгайскi зусiм ня зьдзiвiўся, ведаючы ранейшыя Антосевы "прыгоды", калi той, цiха пастукаўшы ў дзьверы, зьявiўся на ягоным парозе.
      - Што-ж, умеючы нядоўга, - адказаў Дзяркач на тое пытаньне.
      Аграном прыкiнуўся зусiм абыякавым, адно пiльна зiрнуў Дзеркачу ў вочы i ўбачыў там пацьверджаньне. Так, вiдаць, навет ён не дацанiў гэтага праныры. Пакуль мяркаваў, як пазбавiцца зьненавiджанага легiянера, Дзяркач яго ўжо на той сьвет адаслаў. Устаў i завесiў фiранкi на вокнах.
      - Вып'ем? - спытаўся.
      - Налiвай, - адказаў Антось.
      Нямецкi шнапс аблiў Антося прыемнай гарачынёй. Забыўся пра зяб, што яго па дарозе праняў.
      - Ну як там твая Нiна? - зьмянiў тэму аграном.
      - Эт, нiчога сабе, - зiрнуў Антось таму пiльна ў вочы.
      - Жывеш зь ей?
      - А чаму-ж не..., - неахвотна адказаў Антось. Пра свае любошчы Дзяркач не жадаў расказаць дый мяркаваў, што яны ня надта цiкавiлi Кастуся.
      - Вось што, братка, - паволi, думаючы, гаварыў Падгайскi. - Зрабiў ты гэта на сваю руку, проста наперад нам забег. Ну але што-ж, добра. П'ю за тваё здароўе.
      Паднялi чаркi. Пiлi мала, адно вусны памачылi.
      - Раскажаш? - пытаўся гаспадар.
      - Як гэта? Падробнасьцi хочаш?
      - Як сам знаеш...
      У вадказ Антось вынуў з-за пазухi паляўнiчы нож, тойсамы, каторы некалi аглядаў на балоце Янук, ды палажыў яго на стол. Падгайскi асьцярожна, каб быццам крывёю не запэцкаць рук, падняў двумя пальцамi, прыглядаўся.
      - Пекны, што й казаць... I гэта ты зь iм цэлы час за пазухай ходзiш?
      - Чаму-ж, навошта...
      - Глядзi, баранi, Божа! Як задзержуць то абшукаюць.
      Антось маўчаў. Ён узяў нож i зручным рухам улажыў яго ў похву пад левай рукой.
      - От што... Паляч'ё цяпер пiльней нюхаць будзiць. Мне чалавек ужо даносiў. Праўда, яны камунiстаў падазраюць, але-ж сам ведаеш каго яны камунiстамi лiчуць. Дый тое, што аднэй брыды ў нас паменшала, нiчога нi вырашаiць. Нам трэба думаць, як iх усiх лiквiдаваць. Як ты з Паўлоўскiм?
      - Добра.
      - Зьмен нiма?
      - Нiчагусенькi. У домыслах ён губiцца. Дый можа зьверху яшчо наказу нi маiць.
      - А цi думаў ты, каб у палiцыю паступiць?
      Антось скрывiўся й няўцямна пазiраў аграному ў вочы.
      - Ты гэта што, кепiкi зь мяне строiш?
      - Ды не, я саўсiм паважна.
      Разумелiся з паўслова. Антось адразу вымяркаваў, чаму Падгайскi такую думку кiнуў. А можа яна ў яго й даўно нарадзiлася; меў-жа там некага свайго, пра якога адкрыта не гаварыў, значыцца пайменна не называў.
      - Агiдна! - плюнуў Антось. - Каб у сваю, дык яшчо-б...
      - Зробiм зь яе сваю. От ты паступiў-бы, там ужо нашых двух было-б. Сваiх болей цягнулi-б. А там зробiм нейкi плян. Трэба са сваймi ў другiх гарадох трымацца. Там-сям нашы верх узялi. Адзiн-аднаму памагаць трэба. Гадаўё, нашых людзей найлепшых вынiшчаюць. Каб мы верх узялi, дык табе цi каму другому ня трэба было-б пабандыцку ноччу падпаўзаць, а калi дзе якi мярзотнiк галаву падняў-бы, дык можна было-б яго легальна. Кумекаiш?
      - Ага.
      - Ну дык як?
      - Падумаю.
      - Падумай.
      - А цi прынiмаюць яны цяперака? - спытаўся Антось.
      - Нi чуваць каб... Як будуць, накажу.
      - Добра.
      Падгайскi ўстаў, выйшаў за дзьверы й па нейкай хвiлiне вярнуўся. На стале перад Антосем палажыў "Беларускую газэту".
      - Сьвежая?
      - Ага.
      - Ведаеш, што я пабеларуску слаба чытаю. Пры бальшавiкох трохi наламаўся.
      - Дык як умееш э, памаленьку, - адказаў аграном.
      "Вялiкая перамога нямецкай зброi" - паволi й з натугай прачытаў дзяцюк.. - Усё пра вялiкiя пiрамогi. Нешта цi нi захрасьлi яны пад Масквой. I тут многа прапаганды, - спасьцярог Дзяркач.
      - Вядома-ж, усей праўды ня скажуць. Але як паслухаеш з двух бакоў,дык сярэдзiну можна выбраць.
      - А ты чуеш з другога?
      - Чаму-ж не, - сьцiпла адказаў Падгайскi. - У мяне-ж радыё ёсьцiка.
      Антось дапiў сваю гарэлку, закусiў агурком.
      - Як гэта ёсьць? Загадалi-ж здаць, здаецца... А ты што, не баiшся? Ты галасьнiк маеш?
      - Галасьнiк. Адно здаў i квiт маю. А хто там знаiць, што ў мяне два былi...
      "I праўда, - думаў Антось, - проста й спрытна. Улада нi прычэпiцца, бо радыё здаў".
      - Дык можа паслухаем?
      - Падгайскi выцягнуў кiшэнны гадзiньнiк, зiрнуў на яго.
      - Яшчо Лёндан навiнаў папольску нi пiрадаець, ажно за гадзiну. А Маскву якi чорт будзiць слухаць. Пазьней.
      - Дык ты кажаш, што зь Лёндану папольску? Як-жа яны, гэтыя пшэкi чэрцi туды залезьлi?
      Аграном адказаў не адразу. На ягоным шэрым твары ледзь заўважна зарысавалася грымаса.
      - Ты, Антось, як цябе знаю, кемлiвы й спрытны, а гэттака як дзiця ўсёроўна. А чаму-ж зь Лёндану нi маюць папольску гаварыць? Англiя, сам знаiш, хаўрусьнiк Польшчы. Там i ўрад польскi, што адгэтуль уцёк, сядзiць. Народ-жа польскi пад акупацыяй...
      - Ну добра, добра, я пасьмяяўся, - спынiў Антось Кастуся. - Ведаю сам. Толькi раскажы што яны праз радыё гавораць. Цi гэтапраўда, як тутака пшэкi раструбiлi, што Сiкорскаму Сталiн у Расеi пазволiў польскую армiю зрабiць?
      Падгайскi ўстаў.
      - Хочаш чаго лепшага пiракусiць? Кiлбасы можа? А гарэлкi ў мяне ёсьцiка, нi бядуй. Нямчура прыпрэцца, каб iм то тога, то гэнага, дык гэтага дабра прывалакуць.
      - Ты-ж знаiш, што я за гарэлкай нi прападаю. А пiракусiць? У цябе-ж кiлбаса добрая, дык давай, - усьмiхнуўся Антось.
      Калi Падгайскi нарэзаў пахучай вэнджанай каўбасы, зноў выпiлi й закусвалi. Аграном паволi, паясьняючы пра дыплямацыю, расказаў Дзеркачу пра ўмову Сiкорскi-Майскi, на аснове якое творыцца ў Савецкiм Саюзе польская армiя для змаганьня зь Гiтлеравай Нямеччынай. Ён адказаў на некаторыя Антосевы пытаньнi i ў тых адказах назваў людзей i факты, пра якiя нiяк ня мог ведаць чалавек, што ня слухаў навiнаў з варожага да Нямеччыны боку. I слухаючы агранома, Антось аж зьдзiвiўся, што ён, - дарэчы, як i бальшыня мясцовых, - прост-напраст заглох, часта не разумеў таго цi iншага сьвету, пра якi гаварыў Падгайскi. Ледзь не два гады савецкае акупацыi, бесьперапынная барабанная савецкая прапаганда зрабiла сваё. Чалавек накш думаў. Перакруцiлi, сьвет дном уверх у галаве перакулiлi. Чалавек забыўся як тыя ў вольным сьвеце думаюць, якiмi катэгорыямi разважаюць.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25